11852.fb2
Чалавек у лахманах выпрастаўся.
- Я хацеў перасцерагчы вас, людзi, - сказаў ён. - Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсiм гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў i жонку, i толькi тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылi ў свой час. Хiба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымi жыватамi, а самi - скура ды косцi, дрыжаць i скавычуць, як шчанюкi, а я бегаю, работы шукаю... не за плату, не за грошы! - выкрыкнуў ён. - Госпадзi, хоць за кубак мукi i лыжку здору! А потым прыходзiць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасцi, кажа. Так i запiсаў. Iх калацiла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.
Навокал яго ўсе маўчалi, трохi раскрыўшы раты. Амаль стаiўшы дыханне, пазiралi на чалавека ў лахманах.
Ён абвёў позiркам кола твараў, павярнуўся i шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, i фары яе на мiг вырвалi з цемры постаць чалавека: ён iшоў, валакучы ногi, нiзка апусцiўшы галаву, засунуўшы рукi ў кiшэнi чорнага пiнжака.
Людзi каля ганка неспакойна заварушылiся. Нехта прамовiў:
- Ну што ж, час ужо познi. Трэба спаць класцiся.
Гаспадар сказаў:
- Лайдак нейкi. Цяпер па дарогах шмат такiх бадзяецца. - I змоўк. Адкiнуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.
Том сказаў:
- Зайду на хвiлiнку да мацi, а тады крыху далей ад'едзем.
Джоўды пайшлi ад ганка.Бацька сказаў:
- А што, калi ён праўду казаў?
Яму адказаў прапаведнiк:
- Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нiчога не выдумляў.
- А мы як? - запытаўся Том. - Для нас гэта таксама праўда?
- Не ведаю, - сказаў Кейсi.
- Не ведаю, - сказаў бацька.
Яны падышлi да палаткi - перакiнутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзiне было цёмна i цiха. Калi яны падышлi блiзка, нешта шэрае заварушылася на зямлi каля ўвахода i паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта мацi выйшла iм насустрач.
- Усе спяць, - сказала яна. - I бабка нарэшце задрамала. - Тут яна ўбачыла Тома i занепакоена запыталася: - Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчаслiва?
- Наладзiлi, - адказаў Том. - Можам ехаць далей разам з вамi.
- Дзякуй богу, - сказала мацi. - Мне ўжо тут не сядзiцца. Хутчэй бы туды, дзе зелянiна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.
Бацька адкашляўся.
- А тут адзiн расказваў...
Том таргануў яго за локаць.
- Ага, цiкава было паслухаць, - сказаў ён. - Народу туды, кажа, едзе процьма.
Мацi прыглядалася да iх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула i засапла ў сне Руцi.
- Я iх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапiла. I вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.
- Усе на месцы? - запытаўся бацька.
- Усе, акрамя Конi з Разашарнай. Захацелi спаць на паветры. Сказалi, горача пад брызентам.
Бацька прабурчаў:
- Гэтая Разашарна дужа капрызная стала i пераборлiвая.
- Першае дзiця, - сказала мацi. - Яны абое проста трасуцца над iм. Ты сам такi быў.
- Ну, мы паехалi, - сказаў Том. - Збочым з дарогi дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.
- А Эл застаецца?
- Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намi. Добрай ночы, ма.
Яны прайшлi праз сонны лагер. Каля адной палаткi няроўным агнём гарэла маленькае вогнiшча, ля кацялка, у якiм варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолi.
- Вось каб з'есцi талерачку, - далiкатна прамовiў Том, праходзячы мiма.
Жанчына ўсмiхнулася:
- Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.
- Дзякуй, мэм, - адказаў Том.
Ён, Кейсi i дзядзька Джон прайшлi паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваiм крэсле, лiхтар шыпеў i час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да iх тварам.
- Бензiн канчаецца, - зазначыў Том.
- Ага, час ужо закрываць.
- Манеткi па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, - сказаў Том.
Ножкi крэсла грукнулi аб насцiл ганка.
- Ты кiнь задзiрацца. Я цябе запомнiў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.
- Трапiў у самую кропку. Я - бальшавiк.
- Дужа многа вас развялося апошнiм часам.
Том засмяяўся i, выйшаўшы разам з Кейсi i дзядзькам Джонам за вароты, палез у "додж". Сядаючы, ён прыхапiў камяк зямлi i кiнуў яго ў святло. Яны пачулi, як стукнула па сцяне, убачылi, што гаспадар ускочыў з крэсла i пачаў узiрацца ў цемру. Том уключыў запальванне i выехаў на шашу. Ён уважлiва прыслухоўваўся да работы матора - цi не стукае. Шаша бегла перад iм, ледзь бачная ў слабым святле фар.