11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

Мне не дазваляюць лаяцца, а я ўсё роўна.

I я лаюся. Гайда да ручая.

Дзяўчаты таксама знаходзiлi сабе сябровак i бянтэжлiва расказвалi пра свае поспехi i надзеi. Жанчыны ўвiхалiся каля вогнiшчаў, спяшалiся накармiць сям'ю. Калi ў iх быў запас грошай - свiнiнай з бульбай i цыбуля; праснакамi з жароўнi цi пшанiчнымi пампушкамi са шчодрай падлiўкай; смажанай грудзiнкай цi адбiўной i чорным гаркаватым чаем у бляшанцы з-пад кансерваў. Калi з грашыма было туга - маiсавымi блiнамi, румянымi, хрумсткiмi, залiтымi салам, у якiм яны смажылiся.

Сем'i, што мелi запас грошай цi проста пускалi грошы на вецер, елi кансерваваныя бабы i персiкi, куплёны хлеб i кексы. Але яны ласавалiся гэтым у сваiх палатках, бо есцi такiя смачныя рэчы на людзях нягожа. Зрэшты, дзецi, жуючы свае маiсавыя блiны, усё роўна чулi пах гарачых бабоў, i iм было крыўдна.

Толькi паспявалi павячэраць, памыць i выцерцi посуд, наставала начная цемра, i мужчыны прысаджвалiся на кукiшкi пагутарыць. Гаварылi пра зямлю, якую яны пакiнулi. Што будзе далей, невядома, казалi яны. Сапсавалася наша краiна.

З часам усё паправiцца, толькi нас там ужо не будзе.

Вiдаць, яны рашылi, што мы што-небудзь парушылi, самi таго не ведаючы.

Адзiн чалавек мне казаў, блiзкi да ўрада, i ён мне казаў: вас яры даканалi. Блiзкi да ўрада чалавек. Калi б, кажа, вы ўпоперак контураў аралi, тады ў зямлi яроў не павымывала б. Але праверыць мне не давялося. А прышлыя гэтыя таксама ўпоперак не аруць. Як павядуць баразну, дык мiлi на чатыры без спыну i нiдзе ўбок не звернуць, хоць бы там сам бог стаяў.

Яны цiха расказвалi пра свой дом. У мяне склеп быў пад ветраком. Ставiлi там малако на смятанку, кавуны трымалi. Залезеш туды, бывала, у поўдзень, у самую спёку, а там халадок на любы густ. Разрэжаш кавун - такi халодны, аж зубы заходзяцца. А з бака вада кап-кап...

Расказвалi пра свае трагедыi. Быў брат у мяне, Чарлi. Валасы жоўтыя, што тая кукуруза. Дарослы ўжо хлопец быў. На акардэоне цудоўна iграў. I вось баранаваў ён аднойчы ў полi, нахiлiўся пастронак выслабанiць, а тут змяя грымучая як зашыпiць! Конi памчалi, i барана прайшла па Чарлi, прапарола зубамi жывот, вырвала кiшкi, знявечыла твар... Ох, госпадзi!

Гаварылi i пра будучыню. Цiкава, як там будзе, у Калiфорнii?

На малюнках усё так цудоўна - залюбавацца можна. Я бачыў адзiн - гарачае сонца, прыгажосць наўкол, дрэвы арэхавыя, ягаднiкi, а ззаду, зусiм блiзка, проста рукой падаць - высокiя горы са снежнымi вяршынямi. Вачэй не адарваць.

Толькi каб работу знайсцi, i ўсё будзе добра. Халадоў зiмою там не бывае. Дзецi па дарозе ў школу не замерзнуць. Сам я ўмею чытаць, але мне з гэтага няма радасцi, не прывык я чытаць, як iншыя.

А iншы раз хто-небудзь выходзiць з палаткi з гiтарай. Садзiцца на скрыню каля ўвахода, i людзi з усяго лагера няспешна падыходзяць да яго, быццам iх нечым прыцягвае. Шмат хто брынкае на гiтары, але гэты, здаецца, умелец. Ёсць што паслухаць - акорды густыя, мерныя, рытмiчныя, а мелодыя бяжыць па струнах лёгкiмi крокамi. Цяжкiя, грубыя пальцы ходзяць па ладах. Чалавек iграў, а людзi паволi падыходзiлi, пакуль не абступалi яго цесным колам, i тады ён зацягваў: "Бавоўна па дзесяць, а мяса па сорак". I людзi падхоплiвалi словы. Ён спяваў: "Навошта, дзяўчаты, вы косы рэжаце?" I людзi падцягвалi. Ён з надрывам спяваў: "Пакiдаю я родны Тэхас" - жудасную песню, якую спявалi яшчэ да прыходу гiшпанцаў, толькi словы тады былi iндзейскiя.

Гэта згуртоўвала людзей, яднала, i ў цемры позiркi iх скiроўвалiся ўсярэдзiну, думкi адбягалi назад, у мiнулае, i сум, якi апаноўваў iх, быў адпачынкам, выратавальным сном. Чалавек спяваў "Блюзы Макалестара", а потым, каб дагадзiць старым, - "Мяне гасподзь наш клiча да сябе". Музыка навявала на дзяцей дрымоту, яны iшлi ў палаткi спаць, але песнi ўваходзiлi ў iхнiя сны.

Нарэшце гiтарыст падымаўся i пазяхаў. Добрай ночы, людзi, казаў ён.

I чуўся шэпт у адказ: добрай табе ночы.

I кожнаму хацелася самому ўмець iграць на гiтары - гэта ж так прыемна. Людзi разыходзiлiся, клалiся спаць, лагер зацiхаў. А над палаткамi насiлiся совы, удалечынi гаўкалi каёты, у лагер пракрадвалiся скунсы, шукаючы, чым пажывiцца, - расхаджвалi ўперавалку, нахабныя, дзёрзкiя смярдзючкi.

Мiнала ноч, i з першым проблiскам зары жанчыны выходзiлi з палатак, распальвалi вогнiшчы i варылi каву. Следам выходзiлi мужчыны i цiха перамаўлялiся мiж сабой у перадсвiтальным сутоннi.

Пераедзеш раку Каларада, а далей, кажуць, пустыня. Сцеражыся пустынi. Глядзi, не засядзь там. На ўсякi выпадак вазьмi як больш вады.

Цераз пустыню я паеду ноччу.

I я. Яна з каго хочаш дух выб'е.

Таропка снедалi, мылi i выцiралi посуд. Разбiралi палаткi. Усе спяшалiся хутчэй рушыць у дарогу. I калi сонца выплывала над гарызонтам, на стаянцы ўжо было пуста, толькi дзе-нiдзе валялася пакiнутае людзьмi смецце. Але мясцiна гатова была прыняць новых падарожнiкаў наступнай ноччу.

А машыны перасяленцаў, як кузуркi, паўзлi па шашы, i перад iмi вузкай стужкай распасцiралiся мiлi i мiлi бетону.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Сям'я Джоўдаў паволi рухалася на захад, па гарах Нью-Мексiка, мiма востраканечных скал i пiрамiдальных вяршынь. Яны ўзабралiся на Арызонскае нагор'е i цераз прасветлiны мiж уцёсаў зазiралi ўнiз, на Каляровую пустыню. Iх спынiў пагранiчны iнспектар.

- Куды едзеце?

- У Калiфорнiю, - адказаў Том.

- Колькi часу прабудзеце ў Арызоне?

- Пакуль не праедзем.

- Раслiны з сабой везяце?

- Раслiн няма.

- Трэба праверыць.

- Кажу ж вам, раслiн нiякiх няма.

Iнспектар наляпiў на ветравое шкло ярлычок.

- Добра. Едзьце, толькi не спыняйцеся.

- А мы i не збiраемся.

Яны падымалiся па схiлах, на якiх раслi крывыя карлiкавыя дрэвы. Холбрук, Джозеф-Сiцi, Уiнслаў. Дрэвы тут былi ўжо высокiя. Вывяргаючы дым, абедзве машыны адольвалi пад'ёмы. I вось ужо Флагстаф - самы высокi пункт. Ад Флагстафа дарога пабегла ўнiз, з аднаго шырокага плато на другое, i нарэшце знiкла ўдалечынi. Вады не хапала, яе даводзiлася купляць па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць цэнтаў за галон. Сонца высмактала ўсю вiльгаць з бязводнага скалiстага краю. Наперадзе завiднелiся няроўныя, вострыя выступы гор - заходнi вал Арызоны. Цяпер ужо Джоўды ўцякалi ад сонца i сушы. Ехалi ўсю ноч i ноччу заехалi ў горы. У цемры машыны паўзлi мiж зубчастых скалiстых бастыёнаў, i слабае святло фар цьмяна мiгацела на шэрых каменных сценах абапал дарогi. Перавал адолелi ў цемры i глыбокай ноччу пачалi паволi спускацца сярод бязладнага россыпу каменных абломкаў каля Оўтмена. На золку ўбачылi ўнiзе раку Каларада. Даехалi да Топака, пастаялi каля моста, пакуль iнспектар змываў ярлык з ветравога шкла. Тады пераехалi мост i апынулiся ў няроўнай камянiстай пустынi. I хоць усе страшэнна стамiлiся i ўсё мацней прыпякала ранiшняе сонца, падарожнiкi спынiлiся пасярод дарогi. Бацька выгукнуў:

- Прыехалi!.. Вось яна, Калiфорнiя!

Усе тупа пазiралi на каменныя глыбы, што блiшчалi на сонцы, i на страшныя цвярдынi Арызоны за ракой.

- Перад намi пустыня, - сказаў Том. - Трэба дабрацца да вады i трохi адпачыць.

Дарога цягнулася ўздоўж ракi, i познiм ранкам машыны з перагрэтымi маторамi дабралiся да Нiдлса, дзе рака iмклiва несла свае воды мiж зараснiкаў чароту.

Джоўды i Ўiлсаны з'ехалi да берага i, седзячы ў машынах, скiравалi позiркi на празрыстую ваду, што праплывала мiма, i на зялёны чарот, якi паволi пагойдваўся ў плынi. Каля самай ракi на залiўным лужку, зарослым сакавiтай травой, быў невялiкi лагер - адзiнаццаць палатак. Том высунуўся з кабiны.

- Нiчога, калi мы тут станем?

Поўная жанчына, якая мыла ў вядры бялiзну, падняла галаву.

- Мы тут не гаспадары, мiстэр. Станавiцеся, калi хочаце. Пазней да вас палiсмен прыйдзе. - I яна зноў пачала церцi бялiзну на самым санцапёку.

Абедзве машыны заехалi на свабоднае месца на густой траве. Адразу ўзялiся за палаткi - паставiлi палатку Ўiлсанаў, навесiлi на вяроўку брызент Джоўдаў.

Уiнфiлд i Руцi няспешна пайшлi праз вербалоззе да зараснiку чароту. З цiхай радасцю Руцi сказала:

- Калiфорнiя. Вось мы i прыехалi ў самую Калiфорнiю!

Уiнфiлд надламаў чарацiнку, пакруцiўшы, адарваў яе i, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлi ў ваду па лыткi.