11852.fb2
- Добрай вам ранiцы, мэм, - сказала яна. - Добрай ранiцы i хвала госпаду богу.
Мацi азiрнулася.
- Добрай ранiцы, - адказала яна.
Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент i нахiлiла галаву над бабкай.
- Мы чулi, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесцiся да госпада. Хай славiцца iмя яго!
Твар у мацi стаў жорсткi, вочы - калючыя.
- Яна стамiлася, толькi i ўсяго, - сказала яна. - Ад дарогi i спёкi. Яна проста змучылася. Крыху адпачне i ачуняе.
Жанчына нахiлiлася да самага твару бабкi - здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да мацi i хутка пакруцiла галавой, шчокi яе затрэслiся i захiсталiся губы.
- Добрая душа iмкнецца да госпада, - сказала яна.
Мацi закрычала:
- Няпраўда!
Жанчына зноў пакруцiла галавой, цяпер ужо не так хутка, i паклала азызлую руку на лоб бабцы.
- Гэта праўда, сястра, - сказала яна. - У нас у палатцы шасцёра вернiкаў. Зараз я iх паклiчу сюды, i мы наладзiм малiтоўны сход - памолiмся i звернемся да мiласцi боскай. Усе iегавiсты. Са мной шэсць. Пайду прывяду iх.
Мацi ўся напялася.
- Не, не! - сказала яна. - Не трэба. Бабка змучылася, малiтвы не вытрывае.
Жанчына сказала:
- Не вытрывае малiтвы? Не вытрывае салодкага дыхання госпада нашага? Што ты гаворыш, сястра?
Мацi сказала:
- Не. Тут нельга. Яна змучылася.
Жанчына з дакорам паглядзела на мацi.
- Вы няверуючая, мэм?
- Не, мы людзi набожныя, але бабка вельмi змучылася. Мы ўсю ноч былi ў дарозе. Нам не хочацца турбаваць вас.
- Якiя ж гэта турботы? А калi нават i так, мы ўсё зробiм для душы, што iмкнецца далучыцца да бязгрэшнага ягняцi.
Мацi прыўзнялася з зямлi i стала на каленi.
- Дзякуй вам, - сказала яна холадна. - Мы не хочам, каб у нашай палатцы быў малiтоўны сход.
Жанчына доўга пазiрала на яе.
- Што ж, але мы не адпусцiм сястру нашу без малiтвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. I няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць.
Мацi зноў апусцiлася на зямлю i павярнулася да бабкi тварам, з якога не сыходзiлi цвёрдасць i суровасць.
- Яна змучылася, - паўтарыла яна зноў. - Проста змучылася.
Бабка кiдалася галавой па падушцы i нешта ледзь чутна мармытала.
Жанчына пагардлiва выйшла з-пад брызенту. Мацi не зводзiла вачэй са старэчага твару.
Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямi. Сказала:
- Ма!
- Што?
- Чаму ты не дазволiла iм тут памалiцца?
- Сама не ведаю. Наогул iегавiсты - людзi добрыя. Але, молячыся, завываюць i скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сiл маiх не хапiла б.
Аднекуль зблiзку данеслiся гукi малення - манатонныя распевы пропаведзi. Слоў было не разабраць, чуўся толькi матыў. Голас то сцiхаў, то набiраў сiлу, i кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведнiку адказалi iншыя галасы, i яго голас набыў урачыстасць i ўладнасць. Тон усё павышаўся, i ў паўзах гукi падхопу паступова перайшлi ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзi рабiлiся ўсё карацейшымi, адрывiстымi, як каманды, i ў галасах, што на iх адгукалiся, загучалi жалобныя ноткi. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскiя i жаночыя галасы гучалi суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзiн жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь i вылiўся ў роспачны крык, дзiкi i шалёны, як звярыны; яму пачалi ўторыць больш нiзкi жаночы голас, перарывiсты, як брэх, i мужчынскi, якi паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малiтвы абарвалiся, i з палаткi чулiся толькi жалобнае завыванне i тупат ног па зямлi. Мацi кiнула ў дрыжыкi. Ружа Сарона дыхала цяжка i перарывiста, а дзiкi лямант не змаўкаў, i здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкiя.
Мацi сказала:
- Нервы не вытрымлiваюць. Нешта са мною сталася.
Раптам высокi голас перайшоў у iстэрычны вiск, як завыванне гiены; тупат зрабiўся гучнейшы. Галасы ламалiся i зрывалiся, i нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, i чулiся толькi рыданнi i хрыплыя стогны, гукi ўдараў па целе i прытупванне па зямлi; потым рыданне перайшло ў цiхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля мiскi з ежай.
Знерваваная Ружа Сарона цiха плакала. Бабка раптам збiла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкi, i таксама заскуголiла пад такiя ж гукi, што даносiлiся з палаткi iегавiстаў. Мацi зноў прыкрыла ёй ногi занавескай. I тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае i свабоднае, прыплюшчаныя павекi перасталi пацепвацца. Старая заснула моцным сном i, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы iегавiстаў рабiлася ўсё цiшэйшым i нарэшце зусiм сцiхла.
Ружа Сарона зiрнула на мацi поўнымi слёз вачамi.
- Дапамагло, - сказала яна. - Бабцы дапамагло. Яна заснула.
Мацi сядзела прысаромленая, апусцiўшы галаву.
- Я, можа, дарэмна пакрыўдзiла добрых людзей, - сказала яна. - Бабка спiць.
- Можа, табе схадзiць пакаяцца прапаведнiку нашаму?
- Пайду... Толькi ён нейкi дзiўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволiла тым людзям памалiцца тут. Прапаведнiк наш думае: што людзi нi зробяць, усё добра. - Мацi паглядзела на свае рукi. - А цяпер спаць, Разашарна. Калi паедзем ноччу, дык трэба выспацца. - Яна выцягнулася на траве каля матраца.
Ружа Сарона запыталася:
- А бабку не трэба абмахваць?