11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 56

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 56

- Яна спiць. Кладзiся, дачушка.

- Куды гэта Конi дзеўся? - незадаволена сказала Ружа Сарона. - Ужо колькi часу яго не бачыла.

Мацi сказала:

- Ш-ш... Паспi.

- Ма, Конi будзе вучыцца вечарамi i ў людзi выйдзе.

- Ага, ты мне ўжо казала. Кладзiся спаць.

Ружа Сарона прымасцiлася з краю бабчынага матраца.

- Конi ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць i майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе?

- Што?

- Лёд... колькi душа пажадае. Купiм ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нiчога псавацца не будзе.

- Конi ўвесь час думае, - усмiхнулася мацi. - Вось i добра, а цяпер спаць.

Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Мацi павярнулася на спiну i падклала рукi пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкi i дачкi. Махнула рукой, каб прагнаць муху з iлба. Лагер зацiх пад пякучым сонцам, i гукi, якiя даносiлiся з нагрэтай травы, - строкат конiкаў, гудзенне мух - толькi падкрэслiвалi цiшыню. Мацi глыбока перавяла дыханне, пазяхнула i заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьцi крокi, але прачнулася не ад iх, а ад моцнага мужчынскага голасу.

- Тут хто ёсць?

Мацi хуценька адарвала спiну ад зямлi, села. Нейкi мужчына з моцна загарэлым тварам нахiлiўся i зазiрнуў пад брызент. На iм былi высокiя шнураваныя чаравiкi, штаны колеру хакi i такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеi вiсела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулi была прышпiлена вялiкая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккiм верхам была ссунута на патылiцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, i той загуў, як барабан.

- Тут ёсць хто-небудзь? - настойлiва паўтарыў ён.

Мацi запыталася:

- Што вам трэба, мiстэр?

- А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць.

- Тут нас трое: я, бабка i дачка мая.

- А мужчыны дзе?

- Пайшлi пакупацца. Мы ўсю ноч ехалi.

- Адкуль вы?

- З-пад самага Салiса ў Аклахоме.

- Тут вам заставацца нельга.

- Мы сёння позна вечарам паедзем далей, мiстэр, праз пустыню.

- I добра зробiце. Калi заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такiм не дазваляем тут надоўга спыняцца.

Твар у мацi пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногi, падышла да скрынi з кухонным начыннем i выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

- Мiстэр, - сказала яна, - у вас бляшаная цэшка i рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такiя, як вы, голасу не павышаюць. - Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпiлiў кабуру. - Страляй, - сказала мацi. - Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкi разадралi. У нашых краях такiя, як ты, не вельмi плешчуць языком.

Чалавек адступiў назад на два крокi.

- Краi вашы засталiся далёка. Цяпер вы ў Калiфорнii, i ўсякiм Окi мы не дазволiм тут затрымлiвацца.

- Окi? - цiха перапытала мацi. - Окi?

- Ага, Окi! I калi я заўтра вас тут застану, не мiнуць вам турмы. Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткi i паляпаў далонню па брызенце:

- Ёсць тут хто-небудзь?

Мацi не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволi апусцiлася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкi сачыла за ёю. Убачыўшы, што мацi стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы i прытварылася, што спiць.

Сонца ўжо добра схiлiлася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногi i пайшоў да берага. Скiнуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькi вада абняла яго, смага знiкла. Ён лёг на мелкiм месцы, упёршыся локцямi ў пясчанае дно, i цела яго плавала ў вадзе. I так ён ляжаў, пазiраючы на пальцы ног, якiя пагойдвалiся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту i хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, i, як хахуля, паплыў, пакiнуўшы толькi вочы на паверхнi. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за iм сочаць. Хлопчык кiнуў сваю гульню i сеў на дно.

Том сказаў:

- Хэло!

- Хэло!

- У хахулю гуляеш?

- Ага. - Хлопчык пасоўваўся ўсё блiжэй да берага, быццам проста так, незнарок, i раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне i знiк у вербалоззi.

Том цiха засмяяўся i раптам пачуў рэзкi крык:

- Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно i свiснуў праз зубы, пранiзлiва, з хвацкiм прысвiстам у канцы. Кусты варухнулiся, i з iх выйшла Руцi. Спынiлася, пазiраючы на яго.

- Цябе мама клiча, - сказала яна. - Iдзi хутчэй.

- Зараз. - Том падняўся i пайшоў па вадзе да берага, а Руцi глядзела на яго голае цела са здзiўленнем i цiкавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позiрк, Том сказаў:

- Ну бяжы. Давай адсюль!

I Руцi ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана клiча Ўiнфiлда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела i няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткi.

Мацi расклала агонь з сухога вярбовага голля i кiпяцiла на iм ваду ў рондалi. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.