11852.fb2
Мужчыны купкай выйшлi з кустоў. Вочы ў iх былi сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся:
- Што тут у вас?
- Трэба ехаць, - адказаў Том. - Палiсмен прыходзiў, гонiць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней i, можа, адолеем яе адразу. Нейкiх трыста мiль засталося.
Бацька сказаў:
- Эх, думаў, адпачнём тут добра.
- Нельга, трэба ехаць, та, - сказаў Том. - Ной з намi не едзе. Пакiраваў унiз па рацэ.
- Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло? - сказаў бацька i запнуўся. Потым паныла прамовiў: - Мая вiна. Ной - гэта мая вiна.
- Ды кiнь ты, та.
- Няма чаго i гаварыць. Вiна мая.
- Трэба збiрацца, - сказаў Том.
Уiлсан, падыходзячы, пачуў апошнiя словы Тома.
- Мы ехаць не можам, - сказаў ён. - Сэйры зусiм знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустынi не выберацца.
Яго выслухалi моўчкi; потым Том сказаў:
- Палiсмен гразiўся ўсiх нас у турму загнаць, калi мы да заўтра застанемся.
Уiлсан пакруцiў галавой. Вочы яго заслалiся пялёнкай трывогi, праз загар на твары праступiла бледнасць.
- Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сiлы.
Бацька сказаў:
- Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе i паедзем.
- Не, - адказаў Уiлсан. - Вы i так шмат нам зрабiлi. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсцi работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымлiваць.
Бацька ўсхвалявана сказаў:
- Але ж у вас нiчога няма.
Уiлсан усмiхнуўся:
- Калi мы з вамi стрэлiся, у вас таксама нiчога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую i пасваруся з вамi.
Кiўком галавы мацi паклiкала бацьку пад брызент i нешта шапнула яму.
Уiлсан павярнуўся да Кейсi:
- Сэйры прасiла вас зайсцi да яе.
- Добра, - адказаў прапаведнiк. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткi Ўiлсанаў, адхiнуў полкi i ўвайшоў. У палатцы было цёмна i душна. На зямлi ён убачыў матрац, астатнiя рэчы, як былi скiнуты з грузавiка, так i валялiся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы блiскучыя вочы. Кейсi спынiўся, глянуў на яе, апусцiўшы сваю вялiкую галаву, i мускулы на яго жылiстай шыi напялiся. Ён зняў з галавы капялюш i стаяў, трымаючы яго ў руцэ.
Сэйры спыталася:
- Муж сказаў, што мы не едзем?
- Сказаў.
Зноў пачуўся нiзкi прыгожы голас Сэйры:
- Я хацела ехаць з вамi. Ведаю, мне з гэтай пустынi жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае.
- Ён сказаў: не паедзем.
- Ага. Ён упарты. А вас я паклiкала, каб малiтву прачыталi.
- Я не прапаведнiк ужо, - цiха прамовiў Кейсi. - Малiтвы мае не памогуць.
Сэйры правяла языком па сасмяглых губах.
- Калi памёр iх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталi малiтву.
- Гэта была не малiтва.
- Малiтва, - сказала Сэйры.
- Не такая, якiя чытаюць прапаведнiкi.
- Малiтва была добрая. Прачытайце i мне такую.
- Я не ведаю, што гаварыць.
Сэйры заплюшчыла вочы i праз хвiлiну зноў паглядзела на Кейсi.
- Тады памалiцеся моўчкi. Без слоў. Мне большага не трэба.
- Ува мне няма бога, - сказаў Кейсi.
- У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, якi ён, але гэта няважна. - Прапаведнiк схiлiў галаву. Сэйры баязлiва сачыла за iм. I калi ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў. - Гэтага я i хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач... i молiцца.
Кейсi матнуў галавой, быццам адганяючы сон.
- Я гэтага не разумею, - сказаў ён.
А Сэйры сказала: