11852.fb2
- Не ведаю, - адказаў дзядзька Джон.
Кейсi сказаў:
- Нялёгкую ты мне задачу задаў!
- Ты ж быў прапаведнiкам.
- Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць - прапаведнiк, прапаведнiк... А прапаведнiк такi самы чалавек, як i ўсе iншыя.
- То так, але... ён... чалавек асаблiвы, iнакш якi ж ён прапаведнiк. Я вось што хацеў спытацца... як па-твойму, можа так быць, што прыносiш людзям няшчасце?
- Не ведаю. Не ведаю.
- Ну, разумееш... была ў мяне жонка... прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. I папрасiла яна: "Прывядзi доктара". А я кажу: "Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася". - Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведнiку i пачаў узiрацца ў цемры ў яго твар. - Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала i назаўтра днём памерла. - Прапаведнiк нешта прамармытаў. - Разумееш? - гаварыў далей Джон. - Я забiў яе. I з таго дня ўсё стараўся выкупiць сваю вiну, рабiць дабро... усё больш дзецям. I жыць захацеў дабром, а не магу. Напiваюся, распуснiчаю.
- Усе распуснiчаюць, - сказаў Кейсi. - Я таксама.
- То так, але ў цябе няма грэху на душы.
Кейсi мякка сказаў:
- Як няма - ёсць. Усе не без грэху. Грэх - гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасцi. А тых, хто ва ўсiм упэўнены i не ведае за сабой грахоў, тых сукiных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець iх не магу!
Дзядзька Джон сказаў:
- У мяне такое адчуванне, быццам я сваiм родным няшчасце прыношу. Думаю, цi не пайсцi ад iх. Гэтак жыць больш не магу.
Кейсi адказаў адразу:
- Мне гэта вядома... Што чалавеку трэба рабiць, няхай тое i робiць. Параiць табе нiчога не магу. Не ведаю, цi можа чалавек прыносiць другому шчасце або няшчасце. Адно толькi добра ведаю: нiхто не мае права лезцi ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць - не.
Дзядзька Джон расчаравана сказаў:
- Дык ты не ведаеш, што мне рабiць?
- Не, не ведаю.
- Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерцi?
- Разумееш, - сказаў Кейсi, - у каго iншага гэта была б проста памылка, але раз ты лiчыш, што гэта грэх... значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахi.
- Мне трэба добра падумаць, - сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спiну i лёг, падняўшы каленi.
Грузавiк iшоў па гарачай пустынi гадзiна за гадзiнай. Руцi i Ўiнфiлд спалi. Конi выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе i Ружу Сарона, i, стрымлiваючы дыханне, яны пачалi валтузiцца ў духаце. Потым Конi адкiнуў коўдру, i гарачы скразняк абвеяў прахалодай iх змакрэлыя целы.
Каля задняга борта мацi ляжала на матрацы побач з бабкай, i, хоць нiчога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабiццё i перарывiстае дыханне бабкi. I ўсё паўтарала:
- Супакойся. Усё будзе добра. - I потым дадала зрывiстым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.
Дзядзька Джон аклiкнуў яе:
- Што там у вас?
Толькi праз якую хвiлiну мацi адказала:
- Ды гэта я так. Пэўна, у сне.
Потым бабка зацiхла, i мацi знерухомела побач з ёю.
Ноч цягнулася, мiналi гадзiны, цемра ляцела насустрач грузавiку. Часам iх абганялi легкавыя аўтамашыны, што беглi на захад, у ноч; часам насустрач iм iмчалiся вялiзныя грузавiкi i з грукатам праляталi мiма, на ўсход. Зоркi марудным каскадам струменiлiся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалi да iнспектарскай станцыi на ўскраiне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залiтая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпiсам: "Бяры ўправа. Стоп". Том спынiў машыну, i iнспектары, што сланялiся без справы па канторы, зараз жа выйшлi i сталi пад доўгай драўлянай паветкай. Адзiн з iх запiсаў нумар машыны i падняў века капота.
Том запытаўся:
- Гэта навошта?
- Агранамiчная iнспекцыя. Зараз агледзiм вашу машыну. Раслiны, насенне ёсць?
- Няма, - адказаў Том.
- Усё роўна агледзiм. Разгружайцеся.
Мацi з цяжкасцю злезла з грузавiка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелi сурова.
- Паслухайце, мiстэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзiць нельга. - Яна, вiдаць, ледзь стрымлiвалася, каб не закацiць iстэрыку. - Вы не маеце права нас затрымлiваць.
- Не маю права? Без агляду нельга.
- Богам прысягаю, у нас нiчога гэтага няма! - закрычала мацi. - Прысягаю. Бабцы зусiм дрэнна.
- У вас у самой выгляд нездаровы, - сказаў iнспектар.
Мацi ўзялася за край борта i з усяе сiлы падцягнулася да бабкi.
- Вось, зiрнiце, - сказала яна.
Iнспектар накiраваў прамень электрычнага лiхтарыка на стары зморшчаны твар.
- Далiбог, праўда, - сказаў ён. - Дык вы прысягаеце, што нiчога няма - нi насення, нi фруктаў, нi гароднiны, нi кукурузы, нi апельсiнаў?
- Няма, няма. Прысягаю.
- Што ж, едзьце. У Барстаў ёсць доктар. Усяго восем мiль адсюль. Давайце наперад!
Том сеў у кабiну, i машына зрушыла з месца.
Iнспектар павярнуўся да свайго таварыша: