11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 71

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 71

Мацi запыталася:

- Там цяпер поўна, кажаш?

- Ага. Калi мы апошнi раз заехалi, усё было занята.

- Вялiкiя, пэўна, грошы бяруць, - прамовiла мацi.

- Так. Але калi грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць - па дзве гадзiны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкi для смецця чысцiць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка iграе, людзi пагутарыць збiраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера нiколi не бачылi.

- Хацела б я паехаць туды, - сказала мацi.

Тут Руцi ўжо не стрымалася i са злосцю выпалiла:

- А ў нас бабка памерла проста на грузавiку. - Дзяўчынка здзiўлена паглядзела на яе. - Так, так, проста на грузавiку, i следчы яе забраў. - Руцi моцна сцяла губы i наламала яшчэ невялiкую кучку сухiх сучкоў.

Уiнфiлд заморгаў вачамi, уражаны смелым выпадам Руцi.

- Проста на грузавiку, - паўтарыў ён за ёю. - А следчы запiхнуў яе ў вялiкi кош.

- Сцiхнiце вы абое, - умяшалася мацi, - а то шугану вас адсюль, - i падкiнула ў агонь сучча.

На другiм канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцiрку клапанаў.

- Бачу, канчаеш ужо, - сказаў ён.

- Яшчэ два засталiся.

- А дзяўчаты тут ёсць?

- У мяне жонка, - адказаў малады чалавек. - На дзяўчат у мяне часу не хапае.

- А ў мяне заўсёды хапае, - сказаў Эл. - На што iншае - няма, а на гэта ёсць.

- А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

- Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такi настрой.

- Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамi прыехаў?

- З намi.. Гэта мой брат, Том. Ты з iм глядзi, не надта. Ён чалавека забiў.

- Забiў чалавека? За што?

- Мiж iмi бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

- Праўда? А суд быў?

- Быў. Адпусцiлi, бо здарылася гэта ў бойцы.

- На задзiраку ён не падобны.

- Ды не, якi ён задзiрака. Але Том нiкому не спусцiць. - У голасе Эла прагучаў гонар. - Том чалавек спакойны. I ўсё-такi будзь з iм асцярожны.

- Што ж... Мы з iм пагаварылi. Мне здалося, ён не зласлiвы.

- Не, не зласлiвы. Ён цiхi, пакуль яго не давядуць, а тады ўжо сцеражыся! - малады чалавек узяўся за апошнi клапан. - Давай дапамагу паставiць клапаны, i галоўку надзенем.

- Ну памажы, калi табе больш рабiць няма чаго.

- Някепска было б паспаць, - сказаў Эл, - ды толькi варта мне ўбачыць разабраную машыну, i рукi самi цягнуцца да яе. Не магу ўтрымацца.

- За дапамогу буду табе вельмi ўдзячны, - сказаў малады чалавек. - Мяне завуць Флойд Ноўлс.

- А я Эл Джоўд.

- Вельмi рады пазнаёмiцца.

- Я таксама. Пракладку пакiнеш старую?

- Давядзецца, - адказаў Флойд.

Эл дастаў з кiшэнi складны ножык i паскроб iм блок рухавiка.

- Эх, - сказаў ён, - нiчога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

- А дзяўчат?

- О, i дзяўчат! Вось каб разабраць "ролс-ройс", а потым зноў сабраць! Адзiн раз удалося зазiрнуць пад капот шаснаццацiцылiндравага "кадылака", i, божа мой, такога цуду ты ў жыццi не бачыў! Iду я па вулiцы ў нас, у Салiса, i бачу - стаiць шаснаццатка каля рэстарана, i я падняў капот. I тут выходзiць з рэстарана нейкi дзядзька i кажа: "Ты што тут робiш?" А я яму: "Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?" А ён стаў побач са мной i стаiць. Пэўна, сам нiколi ў яе не заглядаў. Стаў i стаiць. Багаты такi, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нiчога адзiн аднаму не гаворым. Проста глядзiм. А потым ён раптам пытаецца: "Хацеў бы павадзiць?"

Флойд сказаў:

- Так я табе i паверыў!

- Далiбог, праўда. "Хацеў бы павадзiць?" А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: "Запэцкаю сядзенне". А ён: "Садзiся. Аб'едзем квартал". I, павер, я сем цi восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

- Шык?

- Яшчэ якi! Разабраць бы яе ўсю на частачкi... я за гэта... не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад i ўперад. Ён выняў апошнi клапан з гнязда i агледзеў яго.

- Ты лепш прывыкай да драндулетаў, - сказаў ён. - Шаснаццатку табе наўрад цi калi прыйдзецца вадзiць. - Флойд паклаў корбу на падножку i пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Дзве прысадзiстыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлi паўз iх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклi ногi пад цяжарам сваёй ношы i не падымалi вачэй ад зямлi. Сонца хiлiлася на захад.

Эл сказаў: