11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 80

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 80

- У дарогу? Мы ж толькi што прыехалi! - Мацi стала ўзiрацца ў Тома скрозь разрэджаную вогнiшчам цемру.

Той пачаў яе пераконваць:

- Лагер сёння ноччу падпаляць, ма. Ты ж ведаеш, я спакойна стаяць i глядзець не буду, як пачнуць палiць наша дабро, i бацька таксама, i дзядзька Джон. Палезем з кулакамi, а мне нельга пападацца iм у рукi i даць iм завесцi на мяне новую справу. Я i сёння б улiп, каб не прапаведнiк.

Мацi ўсё пераварочвала i пераварочвала бульбу ў гарачым туку. Нарэшце прыняла рашэнне.

- Усе iдзiце сюды! - паклiкала яна. - Будзем вячэраць. Трэба спяшацца. Яна расставiла на зямлi алавяныя талеркi.

Бацька сказаў:

- Як быць з Джонам?

- А дзе дзядзька Джон? - запытаўся Том.

- Пайшоў выпiць.

- Госпадзi! - усклiкнуў Том. - Выбраў час. Дзе яго шукаць?

- Не ведаю, - адказаў бацька.

Том падняўся з зямлi.

- Добра, - сказаў ён, - вы тут паешце i пагрузiце ўсё на машыну, а я пайду шукаць дзядзьку Джона. Ён, напэўна, у бакалейнай краме, што цераз дарогу.

Том шпарка пакрочыў да шашы. Перад палаткамi i халупкамi гарэлi невялiкiя вогнiшчы, i водблiскi iх падалi на твары мужчын i жанчын у падранай адзежы, на дзяцей, што прыпалi да агню. Праз сценкi некаторых палатак прасвечвала святло газавых лямпаў, i па брызенце варушылiся чалавечыя ценi.

Том выйшаў па пыльнай грунтавой дарозе да бетоннай шашы i перайшоў яе каля бакалейнай крамкi. Ён спынiўся перад сеткаватымi дзвярамi i зазiрнуў усярэдзiну. Бакалейшчык, маленькi сiвы чалавек з вадзянiстымi вачамi i калматымi вусамi, чытаў газету, абапершыся локцямi на прылавак. На iм была падкасаная на худых руках кашуля i доўгi белы фартух. За спiнай у яго ўзвышалiся горкi, пiрамiды i сценкi з кансерваваных прадуктаў. Калi Том увайшоў у краму, гаспадар адарваў галаву ад газеты i прыплюшчыў вочы, быццам цэлячыся з ружжа.

- Добры вечар, - сказаў ён. - Што-небудзь у вас выйшла, скончылася?

- Выйшаў мой дзядзька, - адказаў Том. - Выйшаў i як скончыўся.

Сiвы гаспадар паглядзеў на яго з неўразуменнем i трывогай, дакрануўся ўказальным пальцам да кончыка носа i лёгенька пацерабiў яго, каб прагнаць сверб.

- Вечна вы каго-небудзь губляеце, - сказаў ён. - Дзесяць разоў на днi, а то i больш, заходзяць, i толькi i чуеш: "Калi ўбачыце чалавека - зваць яго так вось i так, на выгляд такi i такi, скажыце яму, калi ласка, што мы на поўнач паехалi". I гэта з дня ў дзень.

Том засмяяўся:

- Ну дык вось, калi ўбачыце сапляка па iменi Конi, з выгляду накшталт каёта, скажыце, каб iшоў к чорту. Скажыце, што мы падалiся на поўдзень. Толькi не яго я шукаю. А вось цi не заходзiў да вас сюды выпiць вiскi чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, штаны чорныя, валасы з сiвiзной?

Вочы бакалейшчыка пасвятлелi:

- Так, так, заходзiў. У жыццi я нiчога падобнага не бачыў. Падышоў да дзвярэй, шпурнуў капялюш на зямлю i наступiў на яго. Вось ён, капялюш, - у мяне. - Бакалейшчык дастаў з-пад прылаўка запылены, памяты капялюш.

Том узяў яго ў рукi.

- Так i ёсць, ён самы.

- Ну вось, купiў ён дзве пiнты вiскi i, нi слова мне не кажучы, выцягнуў корак з адной бутэлькi i тут жа перакулiў яе ў горла. А я прадаю толькi на вынас. Кажу яму: "Слухай, чалавеча, тут пiць нельга. Выйдзi за дзверы". Так, так, сэр! Ён ступiў за парог i, даю галаву на адсячэнне, за чатыры разы выжлукцiў усю пiнту. Потым адкiнуў пустую пляшку i прысланiўся да дзвярэй. Вочы ў яго зрабiлiся цьмяныя. Тады кажа: "Дзякуй вам, сэр" i пайшоў сваёй дарогай.

- Сваёй дарогай? А куды? Мне яго абавязкова трэба знайсцi.

- Ну, так атрымалася, што я магу сказаць. Мне яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць, каб так пiлi, i я за iм пасачыў. Ён пакiраваў вунь туды, на поўнач. Па шашы праехала машына i асвятлiла яго фарамi. Я бачыў, як ён спусцiўся па насыпе. Iдзе, ногi падгiнаюцца. А другая пляшка ў яго ўжо адкаркаваная. Ён недзе тут, недалёка, куды яму такому iсцi?

Том сказаў:

- Дзякуй. Пайду пашукаю.

- А капялюш возьмеш?

- Ага, ага! Ён яму яшчэ згадзiцца. Ну, дзякуй.

- А што з iм такое? Ён пiў без смаку.

- Ды так... часам на яго находзiць. Ну, добрай ночы. А калi ўбачыце гэтага шчанюка Конi, скажыце яму: мы паехалi на поўдзень.

- Мне ўжо столькi ўсялякiх прыкмет нагаварылi i панадавалi даручэнняў, усяго не запомнiш.

- А вы не дужа старайцеся, - сказаў Том i выйшаў з крамы, трымаючы ў руцэ запылены чорны капялюш дзядзькi Джона. Ён перасек шашу i пайшоў па абочыне. Унiзе, у лагчыне, ляжаў Гувервiль; мiгацелi агеньчыкi вогнiшчаў, скрозь брызент палатак прабiвалася святло лiхтароў. Недзе ў лагеры брынкала гiтара, запаволеныя акорды бязладна змянялi адзiн аднаго - вiдаць, гiтарыст практыкаваўся. Том спынiўся, прыслухаўся, потым няспешна пайшоў далей па абочыне. Праз чвэрць мiлi ён раптам пачуў тое, што яму было трэба. Унiзе, пад дарожным насыпам, хрыплы голас напяваў нешта нудна, без выразнага матыву. Том схiлiў галаву набок, каб лепш чуць.

- "Аддаў Iсусу сэрца, ён мне прытулак даў. Аддаў Iсусу душу, ён да сябе ўзяў". - А далей пачулася няяснае мармытанне, потым усё сцiхла. Том збег па насыпе, кiруючыся на гэты голас. Праз некалькi крокаў спынiўся i зноў прыслухаўся. Цяпер голас быў зусiм блiзка, ён спяваў, як i раней, цягуча, манатонна: - "Той ноччу ўжо пры смерцi Мэгi мне адкрыла сэрца i дала свае мне споднiкi чырвоныя з фланелi. Пузыры яны ўжо на каленях мелi..."

Том асцярожна пайшоў наперад. На зямлi ён разгледзеў цёмную постаць, падкраўся да яе i сеў побач. Дзядзька Джон перакулiў бутэльку, i вiскi з булькатам палiлося з рыльца ў рот.

Том спакойна сказаў:

- Стой. А мне?

Дзядзька Джон павярнуўся да яго:

- Ты хто такi?

- Забыўся? Ты ўжо чатыры разы глынуў, а я толькi разок.

- Не, Том. Ты дурня з мяне не строй. Я тут адзiн сядзеў. Цябе не было.

- Але ж цяпер я тут. Можа, усё ж дасi пацягнуць?

Джон зноў паднёс бутэльку да рота, вiскi зноў забулькала. Потым ён патрос бутэльку. Яна была пустая.

- Усё, - сказаў ён. - Так хочацца памерцi. Страшэнна хочацца памерцi. Пацiху памерцi. Так трэба. Як бы заснуць. Пацiху памерцi. Я вельмi стамiўся. Я стамiўся. Заснуць i не прачнуцца. - Ён замурлыкаў: - "На мне карона будзе... карона залатая".

Том сказаў:

- Слухай, дзядзька Джон. Мы едзем далей. Пойдзем са мной, ляжаш на паклажу i паспiш.

Джон пакруцiў галавой: