11852.fb2
Барадач доўга пазiраў на яго.
- Не, - нарэшце вымавiў ён.
- Дык жа яны тут усё спаляць.
Вочы, у якiх мiгцела нерашучасць, апусцiлiся долу.
- Ведаю. Такое ўжо з намi было.
- Дык якога ж лiха вы не едзеце?
Разгубленыя вочы адарвалiся ад зямлi, потым зноў апусцiлiся, i ў iх на мiг адлюстравалася чырвонае святло прыгаслага вогнiшча.
- Што мне сказаць? Вельмi ўжо доўга збiрацца.
- Калi спаляць, вы застаняцеся нi з чым.
- Яно так. У вас нiчога такога не будзе, што нам можа згадзiцца?
- Не, усё з сабой забiраем, дарэшты, - адказаў бацька. Барадач нерашуча пабрыў да сваёй халупкi. - Што з iм такое?
- Фараоны розум з яго выбiлi, - адказаў Том. - Мне тут адзiн казаў - ён звiхнуўся. Яго моцна бiлi па галаве.
Яшчэ некалькi машын караванам выехалi з лагера, паднялiся на шашу i рушылi наперад.
- Ну, та, давай паехалi. I вось што - ты i мы з Элам сядзем у кабiну. Ма няхай наверх забiраецца. Не, ты, ма, лепш садзiся памiж намi. Эл! - Том засунуў руку пад сядзенне i выцягнуў адтуль цяжкi гаечны ключ. - Эл, ты сядай ззаду. На, бяры. На ўсякi выпадак. Калi хто палезе - пачастуй яго не шкадуючы.
Том даў яму развадны ключ, Эл пералез цераз борт i сеў, падкурчыўшы пад сябе ногi i не выпускаючы ключа з рук. Том дастаў з-пад сядзення завадную ручку i паклаў побач з тармазной педаляй.
- Ну цяпер усё, - сказаў ён. - Садзiся, ма, пасярэдзiне.
Бацька сказаў:
- А я з пустымi рукамi.
- Калi што якое, возьмеш завадную ручку, - сказаў Том. - Дасць бог, не спатрэбiцца. - Ён нацiснуў на стартэр, махавiк ляснуў, зрабiў абарот, матор затарахцеў i замёр, потым зноў запрацаваў. Том уключыў фары i выехаў з лагера на першай скорасцi. Слабае святло фар нясмела абмацвала дарогу. Грузавiк выбраўся на шашу i павярнуў на поўдзень. Том сказаў:
- У жыццi чалавека бывае так, што ён раптам азлабляецца...
Мацi перапынiла яго:
- Том... ты ж мне сам казаў... ты абяцаў, што не дасi волi злосцi. Ты ж абяцаў.
- Я не забыўся, ма. Стараюся. Але гэтыя шэрыфавы памагатыя... Бачыў хто-небудзь каго з iх, каб ён быў не таўстазады? Вiхляюць тоўстымi азадкамi, смаляць з пiсталетаў куды папала. Каб яны ўсё рабiлi па закону, ма, што ж, мы б не супрацiўлялiся. Але ж тое, што яны ўчыняюць, незаконна. Яны стараюцца наш дух зламаць. Хочуць прымусiць нас поўзаць перад iмi, скурчыўшыся, як пабiтая сучка. Раздушыць нас хочуць. Далiбог, ма, да таго дайшло, што ёсць адзiн толькi спосаб застацца прыстойным чалавекам - добра ўляпiць катораму з гэтых фараонаў. Яны дамагаюцца таго, каб мы забылiся на сваю чалавечую годнасць.
Мацi сказала:
- Ты абяцаў, Том. З нашым Красунчыкам Флойдам такое ўжо было. Я ведала яго мацi. Яго ледзь не пакалечылi.
- Я стараюся стрымацца, ма, бог сведка. Ты ж не хацела б, каб я поўзаў перад iмi брухам па зямлi, як пабiтая сучка, га?
- Я малю бога за цябе. Старанiся iх, Том. Сям'я наша i так распадаецца. Абыходзь iх бокам, так трэба.
- Пастараюся, ма. Толькi цяжка мне будзе стрымацца, калi прычэпiцца якi-небудзь таўстазады. Каб усё па закону, справа iншая. А палiць лагер такога закону няма.
Машына iшла па шашы, падрыгваючы кузавам. Наперадзе ланцужок чырвоных лiхтароў перагарадзiў дарогу.
"Пэўна, аб'езд", - падумаў Том. Ён збавiў хуткасць i спынiўся, i ў тое ж iмгненне машыну абкружыў натоўп людзей. Яны былi ўзброены хто кiркамi, хто драбавiкамi. На iх былi каскi, на некаторых - фуражкi Амерыканскага легiёна. Адзiн зазiрнуў у кабiну, дыхнуўшы на Тома спiртным перагарам.
- Куды накiравалiся? - Чырвоны твар падсунуўся амаль да самага твару Тома.
Том замёр. Далонь яго слiзганула пад ногi i намацала завадную ручку. Мацi моцна сцiснула яму локаць. Том сказаў:
- А вось... - i раптам у голасе яго пачулiся ўгодлiвыя ноткi: - Мы не тутэйшыя. Нам сказалi, што можна на працу ўладкавацца ў акрузе - як яе... Туларэ.
- Дык ты ж, чарцяка, не ў той бок едзеш. Гораду нашаму ўсякiя Окi не патрэбны.
Рукi i плечы ў Тома быццам скамянелi, па целе прабеглi дрыжыкi. Мацi ўчапiлася ў яго локаць. Нос машыны абступiлi ўзброеныя людзi. Некаторыя з iх, строячы з сябе ваенных, былi ў фрэнчах з афiцэрскай партупеяй.
Том жаласна запытаўся:
- А ў якi ж бок нам ехаць, мiстэр?
- Разварочвайся кругом i трымай на поўнач. А сюды не паказвайся да збору бавоўны.
Тома ўсяго скаланула.
- Ёсць, сэр, - сказаў ён, даў заднi ход, развярнуўся i паехаў назад. Мацi адпусцiла яго локаць i лёгенька паляпала па руцэ. А Том ледзь стрымлiваў слёзы.
- Не бяры да сэрца, - сказала мацi. - Не бяры да сэрца.
Том высмаркаўся праз акенца i выцер вочы рукавом.
- Сволачы...
- Ты зрабiў усё правiльна, - ласкава сказала мацi. - Усё правiльна зрабiў.
Том збочыў на палявую дарогу, праехаў ярдаў сто i выключыў матор i фары. Потым выйшаў з машыны з завадной ручкай.
- Куды ты? - занепакоiлася мацi.
- Пайду пагляджу. Мы на поўнач усё роўна не паедзем.
Чырвоныя лiхтары пасунулiся па шашы. Том бачыў, як яны мiнулi паварот на палявую дарогу i рушылi далей. Неўзабаве з таго боку, дзе быў Гувервiль, пачулiся крыкi i лямант i ў неба шуганула яркае польмя. Яно падымалася ўсё вышэй i вышэй, i да слыху Тома данёсся сухi трэск. Ён вярнуўся да грузавiка, сеў за руль, развярнуў машыну i без агнёў праехаў па палявой дарозе назад да шашы. Там скiраваў на поўдзень i запалiў фары. Мацi нясмела запыталася:
- Куды мы едзем, Том?