11852.fb2
- Пасля першага разу цэнтральная камiсiя папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга - выганяюць з лагера.
- Госпадзi, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскiя памагатыя i гэтыя малойчыкi ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкi спалiлi.
- Да нас яны не ходзяць, - сказаў вартаўнiк. - Iншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асаблiва калi ў нас тут танцы вечарам у суботу.
- Кожную суботу танцы? Божачка лiтасцiвы!
- Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.
- Вось яно як! Чаму нiдзе больш такiх лагераў няма?
Вартаўнiк насупiўся:
- Давядзецца табе самому дадумацца. Iдзi паспi трохi.
- Добрай ночы, - сказаў Том. - Мацi маёй тут вельмi спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзiлiся.
- Добрай ночы, - адказаў вартаўнiк. - Кладзiся спаць. У нас тут рана ўстаюць.
Том iшоў па праходзе мiж двума радамi палатак. Вочы яго ўжо прывыклi бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя i што смецця каля iх няма. Зямля мiж iмi падмецена i апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том iшоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санiтарнага блока нумар чатыры i з цiкавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нiзенькi i груба скiданы, пад паветкай - некалькi радоў балеяў мыць бялiзну. Непадалёк ён убачыў свой грузавiк i цiхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад iм не чулася нi гуку. Падышоўшы блiжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавiка, аддзялiлася нечая постаць i пасунулася ў яго бок. Гэта была мацi. Яна цiха запыталася:
- Гэта ты, Том?
- Я.
- Ш-ш!.. - прашаптала яна. - Усе спяць. Вельмi знясiлелi.
- Табе таксама не шкодзiла б паспаць.
- Я цябе чакала. Усё добра?
- Парадак, - адказаў Том. - Але нiчога расказваць не буду. Ранiцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?
Мацi зноў прашаптала:
- Кажуць, у iх тут гарачая вада ёсць.
- Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзiся. Я ўжо не прыпомню, калi ты апошнi раз спала.
Але мацi дапытвалася:
- А што ты такое не хочаш мне расказаць?
- Ды нiчога. Iдзi спаць.
I тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкi:
- А як я засну, калi ўвесь час толькi i думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.
- А ты не думай, - сказаў Том. - Ранiцай, як устанеш, надзень свежую сукенку i... тады сама пра ўсё даведаешся.
- Не, я з такiмi думкамi заснуць не змагу.
- А трэба. - Том весела хмыкнуў. - Трэба паспаць.
- Добрай ночы, - цiха прамовiла мацi, прыгнулася i юркнула ў цемру пад брызент.
Том залез цераз заднi борт на машыну. Ён лёг дагары на драўляную платформу i, падклаўшы сплеценыя рукi пад галаву, прыцiснуў локцi да вушэй. Ноч рабiлася халаднейшай. Том зашпiлiў пiнжак на грудзях i зноў закiнуў рукi за галаву. Над iм ззялi яркiя, колкiя зоркi.
Том прачнуўся яшчэ зацемна. Яго пабудзiла нягучнае бразганне. Ён прыслухаўся i зноў пачуў цiхi ляск жалеза аб жалеза. Ён расправiў зацёклыя рукi i ногi i зябка пакурчыўся. Лагер яшчэ спаў. Том прыўзняўся i стаў глядзець цераз борт грузавiка. Горы на ўсходзе былi сiнявата-чорныя, але за iмi, на вачах у яго, занялося кволае святло, кранула абрысы гор бледнай чырванню i, расцякаючыся па небе, рабiлася ўсё халаднейшым, шарэла i меркла, пакуль зусiм не злiлося з непрагляднай ноччу над заходнiм гарызонтам. А ўнiзе, у далiне, зямлю завалакло лiлаватае перадсвiтальнае сутонне. Зноў нешта бразнула. Том правёў позiркам уздоўж шэрагу палатак, крыху святлейшых за шэрань зямлi. Каля адной з iх блiснуў чырванавата-жоўты агеньчык, якi прабiваўся праз шчылiны прапаленай бляшанай печкi. Над куртатай трубой вiўся шэры дымок.
Том пералез цераз борт i саскочыў на зямлю. Не спяшаючыся, ён пайшоў да печкi. Каля яе ўбачыў маладзенькую жанчыну, убачыў, што на сагнутай у локцi руцэ яна трымае грудное дзiця i што яно ссе, схаваўшы галаву пад кофтачку мацi. Маладзiца хадзiла каля печкi, падпраўляла сушняк у топцы, перастаўляла канфоркi, каб была лепшай цяга, адчыняла засланку; а дзiця не пераставала смактаць, i маладая мацi спрытна перакiдвала яго з рукi на руку. Дзiця не замiнала ёй завiхацца каля печкi, не парушала лёгкасцi i зграбнасцi яе рухаў. А чырванавата-жоўтыя язычкi полымя выбiвалiся са шчылiн у печцы i кiдалi трапяткiя блiкi на палатку.
Том падышоў блiжэй. У нос ударыў прыемны пах смажанай свiной грудзiнкi i гарачага хлеба. На ўсходзе хутка святлела. Том падышоў да самай печкi i выцягнуў над ёю рукi. Маладзiца паглядзела на яго, кiўнула яму галавой, i дзве яе касы тузанулiся ў бакi.
- Добрай ранiцы, - павiталася яна i перавярнула скрылiк грудзiнкi на патэльнi.
Полка ў палаткi задралася, i з яе выйшаў малады мужчына, а за iм старэйшы за яго гадамi чалавек. Абодва былi ў сiнiх, новых з выгляду рабочых баваўняных штанах i ў такiх самых куртках са шчыльнай набiўкай, на якiх блiшчалi медныя гузiкi. Абодва мужчыны былi вельмi падобныя адзiн да аднаго - рысы твару рэзкiя, вострыя. У малодшага падбародак зарос цёмнай шчэццю, а ў старэйшага сiвой. Галовы ў iх былi мокрыя, з валасоў сцякала вада, збiраючыся кроплямi на шорсткiх бародах. Шчокi вiльготна паблiсквалi. Яны сталi поплеч i моўчкi пазiралi, як святлее неба на ўсходзе. Потым адначасова пазяхнулi i перавялi позiрк на светлыя краi ўзгоркаў. I тут яны заўважылi Тома.
- Добрага ранку, - прамовiў старэйшы, i на яго твары не адбiвалася нi прыязнасцi, нi варожасцi.
- Добрай ранiцы, - адказаў Том.
Малодшы таксама павiтаўся:
- Добрага ранку.
Кроплi вады на iх тварах высыхалi. Абодва падышлi блiжэй i сталi грэць над плiтою рукi.
Маладая жанчына не пераставала ўвiхацца каля печкi. Толькi на хвiлiнку яна пасадзiла дзiця i завязала косы шнурком на патылiцы, i цяпер яны матлялiся ў яе за спiнай. Яна паставiла на вялiкую скрыню алавяныя кубкi i талеркi i каля iх паклала нажы i вiдэльцы, вылавiла з густога сала скрылiкi свiнiны i паклала на алавянае блюда, дзе яны, крыху яшчэ пасквiрчэўшы i пашыпеўшы, ператварылiся ў хрумсткiя скваркi. Потым яна адчынiла дзверцы духоўкi i выняла з яе бляху з вялiкiмi пышнымi праснакамi.
Калi ад бляхi пацягнула пахам гарачых праснакоў, мужчыны глыбока ўдыхнулi носам паветра. Малодшы цiха ўсклiкнуў:
- А божачкi!
Старэйшы мужчына павярнуўся да Тома:
- Ты снедаў?
- Яшчэ не. Мае вунь там. Не паднялiся яшчэ. Адсыпаюцца.
- Дык садзiся з намi. У нас, дзякуй богу, яды хапае.
- Ну дзякуй, - адказаў Том. - Такi смачны дух, што цяжка адмовiцца.
- А што, хiба няпраўда? - сказаў малодшы мужчына. - Ты калi-небудзь чуў пах прыямнейшы? - Абодва падышлi да скрынi i прыселi адзiн супраць аднаго на кукiшкi.