11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 94

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 94

- Каго-каго, толькi не яго, - упэўнена адказала мацi. - Ён, калi толькi захоча, адкуль заўгодна выберацца - спрытны, як заяц, i хiтры, як лiс.

- Хутчэй бы ўжо прыйшоў.

- Калi прыйдзе, тады i прыйдзе.

- Ма...

- Ты б лепш справай занялася.

- Як ты думаеш, танцаваць i ў п'есах iграць - грэх? Праз гэта я не выкiну?

Мацi спынiла ўбiранне i падперла рукi ў бокi.

- Гэта яшчэ што за размовы? Ты нi ў якiх п'есах не iграла.

- А некаторыя тут iграюць, i адна маладая выкiнула... мёртвае... i ў крывi, i нiбыта гэта быў суд божы.

Мацi ўтаропiлася на дачку.

- Хто табе такое нагаварыў?

- Адна жанчына, што мiма праходзiла. А гэты маленькi, у белым, падышоў i сказаў, што ўсё зусiм не ад таго.

Мацi нахмурылася.

- Разашарна, - сказала яна, - кiнь сама сябе грызцi. Табе, вiдаць, захацелася да слёз сябе давесцi. Што з табой такое стала, проста не магу зразумець. У нас у сям'i такiх нiколi не было. Няйначай, гэта Конi цябе так настроiў. Яму заўсёды былi цесныя яго штонiкi. - I сурова дадала: - Ты, Разашарна, не адна тут. Акрамя цябе яшчэ людзi ёсць. Знайдзi сваё месца сярод iх. Я сустракала некаторых - яны так паверылi ў свае грахi, што iнакш як нiкчэмнасцямi сябе перад богам не ўяўлялi.

- Але ж, ма...

- Ну хопiць. Закрый рот i бярыся за што-небудзь. Не такая ты ўжо важная персона, не такая ты распусная, каб гасподзь бог за цябе вельмi хваляваўся. А калi не перастанеш без дай прычыны мучыць сябе, дык я табе так заляплю! - Мацi змяла попел у ямку пад ачагом i абмахнула камянi, пакладзеныя па краях. Тут яна ўбачыла, што па дарожцы да iх iдзе камiсiя. - Рабi што-небудзь, - сказала яна дачцэ. - Вунь жанчыны ўжо да нас iдуць. Што-небудзь рабi, каб я магла паганарыцца сваёй дачкой. - Яна больш не глядзела на дарожку, але адчувала, што камiсiя наблiжаецца да iх.

А што гэта камiсiя, сумненняў быць не магло. Тры дамы - чысценькiя, у прыгожых сукенках: адна сухарлявая, з прамымi валасамi, у акулярах у металiчнай аправе; другая нiзенькая, сiвая, кучаравая, з маленькiм далiкатным роцiкам; а трэцяя - вялiзная, як слон, грудастая, шыраказадая, з тоўстымi сцёгнамi, на выгляд уладная i ўпэўненая ў сабе. Камiсiя ступала мiж палатак з пачуццём уласнай годнасцi.

Мацi падгадала так, што, калi яны падышлi, яна стаяла да iх спiнай. Жанчыны спынiлiся, развярнулiся i выстраiлiся ў рад. I вялiзная дама прагула:

- Добрай ранiцы! Мiсiс Джоўд, гэта вы?

Мацi крутнулася да iх, быццам захопленая знянацку.

- Ага, так, так. Адкуль вам вядома маё прозвiшча?

- Мы - камiсiя, - абвясцiла велiканка. - Жаночая камiсiя санiтарнага аддзялення нумар чатыры. Нам паведамiлi ваша прозвiшча ў канцылярыi.

Мацi замiтусiлася:

- Мы яшчэ не паспелi як след прыбрацца. Вы пасядзiце, калi ласка, пакуль я згатую каву. Я пачастую вас - мне гэта вялiкi гонар.

Таўстушка сказала:

- Джэсi, адрэкамендуйце нас. Скажыце гаспадынi, як нас зваць. Джэсi - наша старшыня, - паяснiла яна.

Джэсi прамовiла афiцыйным тонам:

- Мiсiс Джоўд, гэта Энi Лiтлфiлд, гэта - Эла Самерс, а я - Джэсi Булiт.

- Вельмi радая пазнаёмiцца, - сказала мацi. - Вы, можа, прысядзеце? Хоць, праўда, сесцi няма на што, - спахапiлася яна. - Усё ж каву я прыгатую.

- Не, не, - цырымонна сказала Энi. - Не турбуйцеся. Мы зайшлi паглядзець, як вы тут уладкавалiся. Хацелася б, каб вы адчувалi сябе як дома.

Джэсi Сулiт строга спынiла яе:

- Энi, не забывайцеся, калi ласка, хто тут старшыня.

- Добра, добра. Але наступны тыдзень старшынёй буду я.

- Вось i чакайце наступнага тыдня. Мы кожны тыдзень мяняемся, растлумачыла Джэсi мацi.

- Можа, вы ўсё ж вып'еце кавы? - збянтэжана запыталася мацi.

- Не, дзякуй. - Джэсi цвёрда ўзяла ўладу ў свае рукi. - Спярша мы пакажам вам санiтарны блок, а потым, калi пажадаеце, запiшам вас у жаночы клуб, даручым якую-небудзь работу. Запiсвацца, канешне, неабавязкова.

- А за гэта... трэба шмат заплацiць?

- Нiчога плацiць не трэба, толькi працаваць. А калi з вамi тут пазнаёмяцца блiжэй, тады, магчыма, i ў камiсiю выберуць, - умяшалася Энi. - Вось, напрыклад, Джэсi - яна ўваходзiць у лагерную камiсiю. Яна - уплывовы член гэтай камiсii.

Джэсi горда ўсмiхнулася.

- Абралi аднагалосна, - паведамiла яна. - Ну дык, мiсiс Джоўд, зараз мы раскажам вам, якiя ў нас тут у лагеры парадкi.

Мацi сказала:

- А гэта дачка мая - Разашарна.

- Добрага здароўя, - прагаварылi ўсе тры жанчыны разам. - Хадзем i вы з намi.

Па дарозе велiканка Джэсi пачала тлумачыць, i ў голасе яе гучала годнасць i лагода. Яна загадзя адрэпецiравала сваю прамову.

- Не падумайце толькi, мiсiс Джоўд, што мы ўмешваемся ў вашы справы. У нас у лагеры шмат месцаў агульнага карыстання. I мы ўвялi некаторыя правiлы. Вось зараз мы зойдзем у санiтарны блок. У iм усе бываюць, i ўсе абавязаны захоўваць там чысцiню. - Яны падышлi да паветкi, дзе знаходзiлiся балеi - iх было дваццаць. Восем былi занятыя - схiлiўшыся над iмi, жанчыны мылi бялiзну, i на чыстай цэментавай падлозе кучкамi ляжалi выкручаныя рэчы. - Сюды можаце прыходзiць у любы час, - тлумачыла Джэсi. - Адно толькi - прыбiрайце за сабой.

Жанчыны каля балеяў з цiкаўнасцю паглядалi на iх. Джэсi голасна сказала:

- Гэта мiсiс Джоўд i Разашарна. Прыехалi да нас жыць.

Жанчыны хорам прывiталiся з мацi, i яна крыху прысела ў паклоне i прамовiла:

- Вельмi радая пазнаёмiцца.

Джэсi павяла камiсiю ў прыбiральню i душавую.