11852.fb2 Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 95

Гронкi гневу (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 95

- Я ўжо тут была, - сказала мацi. - I памылася нават пад душам.

- Душы на тое i зробленыя, каб пад iмi мыцца, - прагаварыла Джэсi. - Тут такiя ж правiлы - трэба прыбiраць за сабой. Кожны тыдзень прызначаюцца новыя дзяжурныя, i яны наводзяць тут поўную чысцiню. Магчыма, i вам давядзецца падзяжурыць. Толькi трэба з сабой мыла браць.

- Прыйдзецца купiць, - сказала мацi. - У нас усё скончылася.

Голас Джэсi прагучаў амаль са свяшчэнным захапленнем:

- А гэтым вы калi-небудзь карысталiся? - Джэсi паказала на ватэрклазеты.

- Ага, мэм. Сёння ранiцай.

Джэсi ўздыхнула:

- Што ж, добра...

Загаварыла Эла Самерс:

- Тут у нас на мiнулым тыднi...

- Мiсiс Самерс, пра гэта раскажу я, - строга абарвала яе Джэсi.

Эла ўступiла:

- Добра, добра.

Джэсi сказала:

- На мiнулым тыднi, калi вы старшынствавалi, усё расказвалi вы. А цяпер я была б вам вельмi ўдзячная, каб вы памаўчалi.

- Добра, самi раскажыце пра тую жанчыну, - згадзiлася Эла.

- Уласна кажучы, - пачала Джэсi, - нашай камiсii не пасуе пляткарыць, але iмёнаў я называць не буду. На мiнулым тыднi сюды зайшла адна новенькая камiсiя не паспела яшчэ з ёю пагаварыць. Прыходзiць, упiхвае мужавы штаны ва ўнiтаз i кажа: "Нешта вельмi занiзка i зацесна. У тры пагiбелi гнешся. Няўжо не маглi прыладзiць вышэй?" - Члены камiсii ўсмiхнулiся з пачуццём уласнай перавагi.

Эла ўставiла:

- Кажа: "Сюды зараз шмат не ўлезе". - Эла стойка вытрымала суровы позiрк Джэсi.

Джэсi расказвала далей:

- У нас вечныя непрыемнасцi з туалетнай паперай. Па нашых правiлах, выносiць яе адсюль не дазваляецца. - Яна гучна прыцмокнула языком. - На туалетную паперу скiдаецца ўвесь лагер. - Памаўчаўшы момант, яна паведамiла: Блок нумар чатыры пераводзiць паперы больш за ўсiх. Яе, пэўна, нехта крадзе. Пра гэта на агульным сходзе жанчын гаварылi: "У жаночым аддзяленнi блока нумар чатыры пераводзяць занадта шмат паперы". I гэта пры ўсiх!

Мацi слухала стаiўшы дыханне.

- Крадуць паперу?.. Нашто?

- Ну, такiя непрыемнасцi здаралiся i раней, - сказала Джэсi. - Апошнi раз яе ўзялi тры дзяўчынкi, каб выразаць з яе папяровыя лялькi. Што ж, мы iх злавiлi. Але куды прападае папера цяпер, невядома. Не паспееш павесiць рулон, а ўжо нiчога няма. Пра гэта на сходзе гаварылi. Адна жанчына прапанавала правесцi званок, каб ён званiў кожны раз, як крутнецца рулон. Тады можна было б прасачыць, хто колькi бярэ. - Джэсi пакруцiла галавой: - Проста не ведаю, як быць. Увесь тыдзень мне гэта спакою не дае. У блоку нумар чатыры нехта ўвесь час крадзе паперу.

З парога пачуўся жаласны голас:

- Мiсiс Булiт!.. - Члены камiсii павярнулi ў той бок галовы. - Мiсiс Булiт, я ўсё чула, што вы тут гаварылi. - У дзвярах стаяла жанчына, уся чырвоная i спатнелая. - На сходзе я не адважылася прызнацца, мiсiс Булiт. Ну не магла. Абсмяялi б цi яшчэ што.

- Пра што гэта вы? - Джэсi пайшла да яе.

- Ну, можа... мы... усё гэта мы... Але ж мы не крадзём, мiсiс Булiт. Джэсi падступала да яе ўсё блiжэй, i твар усхваляванай жанчыны, якая прызналася ў сваёй вiне, цяпер усыпалi буйныя кроплi поту. - А што нам было рабiць, мiсiс Булiт?

- Скажыце толкам, у чым справа, - патрабавала Джэсi. - Наш блок абняславiўся праз гэту туалетную паперу.

- Цэлы тыдзень, мiсiс Булiт. Цэлы тыдзень мы не ведаем, што з гэтым рабiць. А ў мяне, вы ж ведаеце, пяць дачок.

- Дык што ж яны з паперай робяць? - грозна запыталася Джэсi.

- Толькi карыстаюцца ёю. Слова гонару, толькi карыстаюцца.

- Як жа яны могуць! Чатырох-пяцi кавалкаў зусiм дастаткова за дзень. Што з iмi такое?

Жанчына прамямлiла:

- Панос. Ва ўсiх пяцi. Мы амаль зусiм без грошай. Яны наелiся няспелага вiнаграду. У iх страшэнны панос. Кожныя дзесяць хвiлiн бегаюць. - I заступiлася за сваiх дачок:- Але паперу яны не крадуць.

Джэсi перавяла дух.

- Дык трэба было адразу нам сказаць. Проста вы абавязаны былi сказаць. Праз ваша маўчанне ганьба лягла на блок нумар чатыры. А панос можа быць у кожнага.

Жанчына жаласна заныла:

- Не слухаюцца - ядуць яшчэ зялёны вiнаград. А панос з дня на дзень робiцца ўсё мацнейшы.

Эла Самерс выпалiла:

- Медпункт. Ёй трэба звярнуцца ў медпункт.

- Эла Самерс, - прамовiла Джэсi, - я вам апошнi раз нагадваю - вы не старшыня. - Яна зноў павярнулася да маленькай разгубленай жанчыны: - У вас грошай няма, мiсiс Джойс?

Жанчына засаромлена апусцiла вочы:

- Няма. Але мы, магчыма, хутка знойдзем працу.

- Чаго вы галаву апусцiлi? Нiчога процiзаконнага тут няма, - супакойвала яе Джэсi. - Збегайце ў Уiдпэтчскую краму i вазьмiце сабе прадуктаў. Лагер мае там крэдыт на дваццаць даляраў. Можаце ўзяць на пяць. А калi атрымаеце працу, вернеце доўг у цэнтральную камiсiю. Вам гэта было вядома, - строга прамовiла яна. - Як жа вы давялi да таго, што дочкi вашы галадаюць?

- Дабрачыннасцю мы нiколi не карысталiся, - адказала мiсiс Джойс.

- Гэта не дабрачыннасць, вы добра ведаеце, - угневалася Джэсi. - Ужо не раз было гаворана. У нашым лагеры дабрачыннасцi няма. Мы яе не пацерпiм. Дык збегайце ў краму i вазьмiце сабе прадуктаў, а рахунак прынясiце мне.

Мiсiс Джойс нясмела запыталася:

- А калi так здарыцца, што мы не зможам выплацiць? У нас даўно няма працы.

- Як будзе магчымасць, выплацiце. А не будзе - гэта нi вас, нi нас не датычыцца. Адзiн чалавек паехаў з лагера, а праз два месяцы грошы прыслаў. Вы не маеце права дапускаць, каб вашы дзяўчаткi галадалi ў нас у лагеры.