119288.fb2 Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА

Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.

Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.

Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах1; гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць2 томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.

Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.

Ян Баршчэўскі

Пецярбург,

1844, 8 верасня3


  1. У пяці томіках альманаха “Niezabudka” Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: “Фантазія”, “Русалка-спакусніца”, “Дзявочая крыніца”, “Дзве бярозы”, “Роспач”, “Курганы”, “Прысяга”, “Партрэт”, “Зарослае возера”, “Рыбак”, “Ніна”.

  2. Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у “Шляхціца Завальню” іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.

  3. Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік “Шляхціца Завальні”.