119288.fb2 Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

ДАВЕРЫЦЬ ТАЯМНІЦУ СЭРЦА

Пасляслоўе

Адзін з пачынальнікаў Новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі значную частку свайго жыцця пражыў у Пецярбургу. З далёкай паўночнай сталіцы ён здолеў убачыць Беларусь.

Увасабленнем любові да роднага краю стаў літаратурны твор – зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаны па-польску дзеля адукаваных землякоў, пазнаёміць якіх з філасофіяй ды гісторыяй свайго народа і меў на мэце аўтар.

Год нараджэння Я. Баршчэўскага, нягледзячы на шматгадовыя намаганні даследчыкаў, высветліць пакуль не ўдалося. У навуковых працах сустракаем і 1790, і 1794, і 1796. Паходзіў Я. Баршчэўскі з беднай беларускай шляхты. Яго бацька быў уніяцкім святаром у Марогах (сёння – Мурагі Расонскага раёна), невялічкай вёсцы (засценку) на беразе Нешчарды. З дзяцінства будучы літаратар выхоўваўся пад уплывам езуітаў, якія апекаваліся уніяцкаю царквою і давалі адукацыю уніяцкім светарам. Я. Баршчэўскі таксама апынуўся ў Полацкай езуіцкай калегіі. Дапамогі ад бацькоў ён не меў, дык мусіў зарабляць на жыццё і вучобу, выхоўваючы дзяцей заможных гаспадароў. Там, у калегіі, выславіўся Я. Баршчэўскі як паэт, вершапісца. Тры яго юначыя творы па-беларуску (вершы “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?” і “Гарэліца”, а таксама гутарка “Бунт сялян”) захаваліся і былі надрукаваны ў 40-я гг. ХІХ ст.

Нешматлікія біяграфічныя звесткі, якія Я. Баршчэўскі пакінуў у сваіх творах, гавораць пра тое, што паэт закончыў вучобу ў Полацку, адолеўшы шосты, перадапошні клас – клас філасофіі – неўзабаве пасля вайны 1812 г. Ён меў званне кандыдата акадэміі ды збіраўся працягваць вучобу ў Віленскім універсітэце. Нават ужо накіраваўся ў Вільню, але ў апошні момант прыняў прапанову свайго знаёмага і заняўся гувернёрствам, а пасля па невядомых прычынах перабраўся ў сталіцу Расійскае імперыі. Зусім верагодна, што гэта адбылося ўвесну 1817 г. Па пратэкцыі знаёмых Я. Баршчэўскі ўладкаваўся на дзяржаўную службу; дзякуючы працы ў Марскім міністэрстве падарожнічаў да берагоў Францыі і Англіі.

У 20-я гг. у жыцці Я. Баршчэўскага адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея: сустрэча ў Пецярбургу з Адамам Міцкевічам, які чытаў вершы суайчынніка з-над возера Нешчарда, хваліў іх і сваёй рукою паправіў некаторыя.

Пра многія акалічнасці жыцця Я. Баршчэўскага 30–40х гг. можам ведаць з лістоў да Юлі Корсак у маёнтак Рудня, што каля Невеля. Паэт расказваў пра невыноснае для яго жыццё ў Пецярбурзе, пра тое, як ён з нецярплівасцю чакае лета, вакацый, каб ехаць у Рудню.

Хоць Я. Баршчэўскі ў другой палове 30-х гг. і не надрукаваў аніводнага твора, аднак пісаў даволі шмат. На працягу 1837–1839 гадоў у шаснаццаці лістах іх было змешчана васемнаццаць – больш за 700 вершаваных радкоў. Сёе-тое будзе пазней надрукавана ў альманаху “Niezabudka”, але большасць так і застанецца ў рукапісным архіве Я. Баршчэўскага, неадшуканым да сённяшняга дня.

Зусім верагодна, што напрыканцы 30-х – пачатку 40-х гг. Я. Баршчэўскі сустракаўся ў Пецярбургу з Тарасам Шаўчэнкам.

Увосень 1839 г. пецярбургскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, дамовіліся аб стварэнні друкаванага выдання. Назвалі яго “Niezabudka”, як напамін пра родны край, ды звярнуліся да Я. Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца альманаха. І паэт, апрача свае штодзённае выкладчыцкае працы, клапатліва пачаў збіраць падпіску. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбургу, нават сярод арыстакратаў, але надзвычай прыдаліся сувязі ў Беларусі. Сярод падпісчыкаў на зборнік бачым імёны Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча.

У альманах Я. Баршчэўскі змяшчае шэраг сваіх вершаў, элегій, санетаў, а таксама баладаў паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў – “Русалка-спакусніца”, “Дзве бярозы”, “Дзявочая крыніца”, “Зарослае возера”. З’яўленне гэтых твораў сталася значнай падзеяй у тагачасным літаратурным жыцці. Балады Я. Баршчэўскага з іх падкрэслена рэгіянальным, полацкім каларытам выклікалі захопленыя водгукі ў тагачаснай перыёдыцы: крытыкі рэкамендавалі Я. Баршчэўскаму перадаць змест беларускіх паданняў прозаю.

Так нарадзілася ідэя зборніку “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, які справядліва называюць галоўнаю справаю Я. Баршчэўскага. Кампазіцыйна “Шляхціц Завальня” складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Усё звязвае паміж сабою прысутнасць слухача ды каментатара шляхціца Завальні – прыём вядомы са старажытнасці.

Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка Завальні – Янкі. А вось даручыўшы ролі асноўных апавядальнікаў розным асобам – сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, – пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з насельнікамі Беларусі, што належаць да розных сацыяльных пластоў, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час сукупнасць апавяданняў дазваляе выводзіць асноўную ідэю твора – любоў да роднага краю, пашана да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх пластоў грамадства.

У “Шляхціцы Завальні” пісьменнік закранае шэраг пытанняў, звязаных з беларускаю нацыянальнаю думкаю. Пра гэта сведчыць спроба геаграфічнага апісання краю, ягонае гісторыі і нават эканамічнага стану. Але з большаю паўнатою Я. Баршчэўскі падае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, ягоны светапогляд, раскрывае ўнутраную прыгажосць ягонае душы. Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь – гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды больш шчаслівае, чым сённяшні дзень; гэта край, насельніцтва якога – асобны народ – можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў. Жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны. Гонар за продкаў здольны ўмацаваць сэрцы мужнасцю, здольны надаць адвагі ісці сваім, а не паказаным суседзямі шляхам.

Найбольш яскрава ідэю кнігі Я. Баршчэўскага выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі. Толькі згадаўшы пра Яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Я. Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Цяпер Яна так ці інакш будзе з’яўляцца ў кожным апавяданні, а адно з іх – шостае – цалкам прысвечана гэтай гераіні. Плачку бачаць толькі ў Беларусі, на месцах вялікіх бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі краю. Яна плача па сваіх дзецях, якім не можа “даверыць таямніцу свайго сэрца”. Просты люд з прычыны прыгнечанасці не можа зразумець Плачку. А паны і шляхта пагарджаюць сіратою ў сялянскім строі. Край свой яны самі аддаюць пад уладу шыкоўнай Белай Сарокі ды вартуюць яе багацці ў мядзвежым вобліку, звязваюцца з чарнакніжнікамі, наводзяць асташоў, якія нішчаць прыроду ды псуюць норавы людзей.

Амаль усе апавяданні маюць алегарычную накіраванасць. Я. Баршчэўскі звярнуўся да жанру прытчы, бо ў тагачаснай грамадскай атмасферы толькі з дапамогаю алегорый, іншасказанняў можна было ўплываць на чытача (больш дакладна – толькі літаратурны твор прытчавага характару мог трапіць да чытача).

Я. Баршчэўскі пісаў, што “не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія”, бо сапраўды не мог ісці іх шляхам: тыя тэмы і праблемы, якія стаялі перад еўрапейскімі літаратурамі, не былі актуальнымі для Беларусі. Зусім верагодна, што ён мог напісаць мастацкі твор (ці шэраг твораў), дзе б расказаў бы пра жыццё беларускага грамадства. Перадусім, ён добра ведаў гэтае жыццё: як у асяроддзі пецярбургскіх беларусаў, так і на Бацькаўшчыне. Але проста расказаць пра тое, што ён ведаў, Я. Баршчэўскаму было мала. Стварэнне літаратурных тэкстаў накшталт заходнееўрапейскага прыгожага пісьменства было неактуальным для Беларусі, для краю, які не меў дзяржаўнасці, над якім вісела пагроза поўнае асіміляцыі. Зусім відавочна, што патрыёт роднага краю Я. Баршчэўскі мусіў шукаць шляхі дзеля звароту да розуму ды сэрцаў сваіх суайчыннікаў.

Паэтыка прытчы Я. Баршчэўскага падпарадкоўваецца законам сярэднявечнае хрысціянскае прытчы; звычайна адсутнічае апісальнасць мастацкае прозы заходнееўрапейскага тыпу: прырода і рэчы выкарыстоўваюцца надзвычай рэдка, дзеянне характарызуецца амаль поўнаю адсутнасцю дэкарацый.

У пераважнай большасці выпадкаў героі прытчаў Я. Баршчэўскага не маюць “характару”. Паводле законаў прытчы героі звычайна не маюць і партрэтнае характарыстыкі. Але Баршчэўскі напачатку малюе партрэт героя, якога пазней чытач можа пазнаць па двух-трох штрышках. Напрыклад: “З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар ды адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў не нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што быў гэта чарнакніжнік…”. Калі аўтару ў іншай прытчы патрэбны зноў гэты герой, дык ужо можна даць і карацейшую ягоную партрэтную характарыстыку: “Чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі”. Або: “Нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў”.

Прытчы Я. Баршчэўскага пабудаваны, на першы погляд, аднатыпна: з пэўнага краю (аднекуль звонку) з’яўляецца на Беларусь “госць”. Ён непадобны на тутэйшых людзей (гл. ягонае апісанне вышэй); ён прыйшоў уплываць на насельніцтва гэтага краю, гуртаваць вакол сябе прыхільнікаў. Звычайна ён звяртаецца да асобаў з пэўнымі маральнымі заганамі (хоць і тут ёсць выключэнні). Аўтар называе яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэслівае гэтым самым яго мажлівасці негатыўна ўплываць на акружаючых. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае (часцей за ўсё яго выганяюць ці ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але яго “падвопытныя” становяцца зусім іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны дадаюць і заганы (з гледзішча здаровай беларускай маралі) ад навукі “чорнага госця”. Гэта прэамбула ўсіх апавяданняў-прытчаў у “Шляхціцы Завальні”. У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе далейшы лёс сваіх суайчыннікаў – прыхільнікаў чарнакніжніка; тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі змушаны пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка зазвычай трагічны: апынуўшыся па-за грамадствам, грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем” ці Васіль з апавядання “Зухаватыя ўчынкі”), або мусяць перабірацца ў “краіну чарнакніжніка” (як пан Скамароха з апавядання “Белая Сарока”), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то добраахвотна (як Альберт з апавядання “Вогненныя духі”), ці то несвядома (як Марка з апавядання “Ваўкалак”). Трагізмам лёсаў сваіх герояў, Я. Баршчэўскі папярэджвае суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю; не прынясуць карысці трыццаць срэбранікаў таму, хто згаджаецца нават за дробязь служыць акупантам. Хлеб калабаранта горкі.

Стылістыка народнае фантастыкі – неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём. Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.

Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення “Беларусь” – назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага – гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.

Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала – гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога – навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. “Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў”, – піша Баршчэўскі.

Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) паказана на старонках “Шляхціца Завальні”: у “Нарысе Паўночнай Беларусі” аўтар згадвае пра “валы, узнятыя чалавечаю рукою”, пра курганы-пахаванні, пра “страшнага волата Княжа”; у раздзеле “Успаміны пра наведванне роднага краю” – пра падзеі 1812 г.; у раздзеле “Думкі самотніка” – пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).

Аднак не на гэтыя фрагменты гісторыі Беларусі скіравана ўвага пісьменніка, бо не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Я. Баршчэўскага цікавіць зусім іншы перыяд гісторыі Беларусі.

Шэраг дэталяў, “раскіданых” у апавяданнях “Шляхціца Завальні” і “Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты”, паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Кропкаю адліку можа быць “Віленскі каляндар на гэты, 1817 год”, падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана “гучалі” ў хаце Завальні на працягу восені 1816 – вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у першым апавяданні пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: “Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны”, а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: “Я быў зусім маладзён”. Тое ж падкрэслівае і “яго таварыш” – наступны апавядальнік: “Калі быў я яшчэ зусім малады”. Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні “Радзімы знак на вуснах”, звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: “Варка памерла” і “Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў”. Тое ж знаходзім і ў апавяданні “Стогадовы стары і чорны госць”: “У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр”.

Апавядальнікі “Шляхціца Завальні”, пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: “чуў і я ад старых”), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўніны, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што адбываліся ў Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага. Гістарызм гэты асаблівага роду: у прозе пісьменніка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у рамантычна-прытчавай форме пераломны момант у жыцці краю – першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.

Гістарызм Я. Баршчэўскага – гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-анкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.

Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытачоў, аддзеленая ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтар разлічваў на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора.

На менш абазнаную публіку дзейнічала магутная энергетыка надзвычайнае любові да роднага краю, уздзеянне якое актуалізоўвала ў свядомасьці чытача заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, спрадвечныя беларускія традыцыі і філасофію.

І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, пра яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны – фалькларыст ці этнограф – бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.

Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Э. Т. А. Гофмана, які напрыканцы аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы – тлумачэнне – у Я. Баршчэўскага адсутнічае.

Гэтыя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, расшыфроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.

Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або добраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім карэнным чынам змяняецца лад жыцця.

Тагачасная грамадская думка адпавядала гэтай схеме, менавіта так адукаваная частка насельніцтва ўспрымала акт анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай. Нязгода з новымі парадкамі вымушала патрыётаў краю шукаць і аналізаваць прычыны заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-ызваленчы змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з элементамі народнае фантастыкі.

У большасці апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя – дробныя ці то прыватныя – выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.

З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Папулярная ў той час форма успамінаў спакусіла паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. Баршчэўскі зноў выкарыстоўвае сродкі і стылістыку дзівоснае народнае фантастыкі, як гэта было ў “Завальні”. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладна ў адзін час. Дзеянне ў абодвух адбываецца ў Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы Завальні” гэта 1816–1817 гг. – час развітання галоўнага апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” – сярэдзіна 30-х гг., калі герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.

Закончыўшы выдаваць “Шляхціца Завальню”, Я. Баршчэўскі хутчэй за ўсё ўвосень 1846 г. назаўсёды пакідае “паўночную сталіцу”, каб спыніўся ў Цуднаве (сёння г. Чуднаў) у доме графаў Равускіх. Прыязнасць гаспадароў ды наяўнасць вольнага часу дазвалялі Я. Баршчэўскаму вандраваць па наваколлі, сустракацца са старымі ды новымі сябрамі. А вось вандроўка ў мястэчка Янушполь і знаёмства з Францам Савічам (або, хутчэй, з людзьмі, якія ведалі яго) падахвоціла напісаць аповесць “Душа не ў сваім целе”, у якой, як і ў ранейшых творах пісьменніка, выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі. Усе тры персанажы адпавядаюць вызначэнню “рамантычны герой”. Напачатку аўтар стварае вобраз “пераўтваральніка прыроды” Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду.

Апісанне Гайнараўскага саду Баршчэўскі падае пасля расказу пра тое, як герой наведаў славутую Сафіеўку, апетую паэтамі ХVIII–ХІХ стст.

Жывое супрацьпастаўляецца мёртваму. Пісьменнік нібы кажа: мастацтва павінна служыць роднаму краю. Яно можа быць простым, без аздобаў, але мусіць мець практычную карысць. Велізарныя выдаткі на стварэнне Сафіейкі – з працы прыгонных, гэта вынішчэнне свайго ўласнага народа. Сад Гайнара, яго праца, ягонае наследаванне прыродзе – гэта першая прыступка ў своеасаблівай іерархічнай пірамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, які можа (ці нават павінен) выканаць кожны.

А вось у “таямнічага вучонага”, якому нават жыць даводзіцца інкогніта, пана Рыльца мэты больш значныя. Яго праца (невыпадкова, трэба заўважыць, немагчымая без працы Гайнара) – уваскрашаць мінуўшчыну, уваскрашаць дапатопны час, г. зн. час да падзелаў Рэчы Паспалітай, каб мець мажлівасць параўноўваць мінулае ды сучаснае, каб выхоўваць гістарычную памяць суайчыннікаў. Пан Рылец абураецца сваімі землякамі, якіх цікавіць толькі камерцыйны інтарэс, якія не разумеюць яго самога і ягоных паплечнікаў. Няшмат яшчэ смелых сказаць: “Няхай славіцца Саламандра!”, хто верыць, што Саламандра адродзіцца, бо яна не можа загінуць.

Як і Гайнар, пан Рылец ведае абсяг свае дзейнасці і лічыць, што за межы гэтага абсягу выходзіць нельга. Яшчэ, маўляў, не прыйшоў час іншае працы.

На трэцюю, самую высокую прыступку іерархічнае піраміды служэння Бацькаўшчыне Я. Баршчэўскі ставіць свайго галоўнага героя – “лекара” Саматніцкага. Пасля “навукі” ў Гайнара і Рыльца, ён выбірае іншы шлях, чым яго настаўнікі. Няспешна ісці да мэты – гэта не для яго. Ён хоча “сучаснасць ператварыць у рай”. А гэта патрабуе адпаведных сродкаў і нават ахвяравання сабою. Трагічны фінал аповесці як адлюстраванне рэальнага становішча ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе зусім заканамерны.

Думаецца, што сваіх герояў Я. Баршчэўскі “заўважыў” у рэальным жыцці. Ідэя служэння Бацькаўшчыне была даволі папулярнаю ў тагачасным грамадстве. І пісьменнік па-мастацку абагуліў пошукі лепшымі людзьмі краю шляхоў служэння Беларусі. Што датычыць вобраза Саматніцкага, дык ён (як слушна заўважыў яшчэ ў 60-я гг. Адам Мальдзіс) шмат у чым “спісаны” з беларускага паэта-выгнанніка Франца Савіча.

У тым, што аповесць “Душа не ў сваім целе” нешта большае, чым апісанне незвычайных дзівосаў ды фантазій, пераконвае надзвычай паважнае стаўленне Я. Баршчэўскага да літаратурнае працы, разуменне ролі літаратуры ў грамадскім жыцці. Ва ўсіх яго празаічных творах змест пераважае над формаю, а алегарычнасць і сімвалізм фактычна ператвараюць асобныя часткі ў навелы-прытчы.

На Валыні, у доме Равускіх прайшлі апошнія гады жыцця Я. Баршчэўскага. Ён памёр 11 сакавіка 1851 г., а пахаваны на могілках у Цуднаве.

Чытаючы творы Я. Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, спасцігаем светапогляд беларуса першае паловы ХІХ стагоддзя, спасцігаем саміх сябе, бо пісьменнік дастаткова поўна адлюстраваў космас беларуса, філасофію ды светапоглядную сістэму народа. Пісьменнік змяшчае на тытульнай старонцы свае кнігі назву роднага краю, каб давесці, што Беларусь, хоць пакуль яшчэ адно толькі ў марах, уяўленнях, “фантастычных апавяданнях”, але ўжо існуе. Выказаная аднойчы ідэя не знікае; тым больш, што гэтая ідэя матэрыялізавалася ў мастацкім творы. Дзякуючы Я. Баршчэўскаму, вобраз Беларусі становіцца сакральным, а беларуская ідэя – набыткам грамадскасці. Праз колькі дзесяцігоддзяў наступнікі Я. Баршчэўскага ўвасобяць ў жыццё мары і спадзяванні пісьменніка.

Мікола Хаўстовіч