119288.fb2
Надрукаваўшы балады, заснаваныя на беларускім фальклоры, Я. Баршчэўскі прыцягнуў увагу тагачаснае крытыкі да свае творчасці. Яму настойліва раяць не пісаць больш вершаваных твораў, а перадаваць пачутыя легенды і паданні прозаю. Так у пісьменніка з’явілася задума расказаць пра свой край, сваю Беларусь, каб абудзіць беларускае нацыянальнае жыццё. “Шляхціц Завальня” выходзіў невялікімі томікамі ў 1844–1846 гг. Выдаўцом першых трох томікаў быў Ян Эйнерлінг, а друкаваліся яны ў тыпаграфіі Караля Края. Апошні томік выдаваў сам Я. Баршчэўскі ў друкарні Пратца. Першы томік (раздзелы “Колькі слоў ад аўтара” – “Ваўкалак”) цэнзар Ігнат Іваноўскі падпісаў у друк 9 верасня 1844 г.
Другі (раздзелы “Успаміны пра наведванне роднага краю” – “Куцця”) – 22 лістапада 1844 г. Трэці (раздзелы “Думкі самотніка” – “Яснасць на небе”) – 3 ліпеня 1845 г. Чацвёрты (раздзелы “Таварыш у падарожжы” – “Ад’езд”) – 22 сакавіка 1846 г. Важнае значэнне ў структуры кнігі меў уступны артыкул Рамуальда Падбярэскага “Беларусь і Ян Баршчэўскі” – першы нарыс гісторыі новай беларускай літаратуры. Упершыню ў гісторыі нашага прыгожага пісьменства ішла гаворка пра беларускую літаратуру, вызначаны пэўныя крытэрыі гэтае літаратуры: “чыста народнаю” называецца літаратура на беларускай мове, а нацыянальнай – літаратура, якая закранае беларускія нацыянальныя праблемы, беларускае нацыянальнае жыццё. Нарыс Р. Падбярэскага – гэта і першая біяграфія Я. Баршчэўскага.