12011.fb2 Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

- Усе.

Эмiгрант памаўчаў, супакоiўся i спытаўся:

- А ты змог бы зрабiць мой партрэт, толькi каб я на iм быў на дванаццаць гадоў маладзейшы, каб я быў такi, як на "Ратушы" - кароль хiпi. Я далярамi заплачу.

Чалавек з непрыгожым носам паглядзеў на самаўпэўнены твар Эмiгранта, успомнiў, што ў таго былi доўгiя, да плеч, валасы, i сказаў:

- Магу.

- Дамовiлiся. А цяпер, дзяўчаты, я вас запрашаю пакатацца на белым "Мерседэсе". Вядома ж, калi фотамайстра не будзе супраць.

- Буду толькi рады, калi ты, князь, пакатаеш дзяўчат. У мяне яшчэ ёсць справы на вечар.

"Мерседэс" плаўна адкацiўся ад ганка "Глiнтвейнi", на якiм прыпальваў цыгарэту чалавек з крывым носам. Раптам шыкоўная машына дала заднi ход. Эмiгрант высунуўся з акна:

- Т-т-толькi не фатаграфуй больш маю каханку без трусоў.

Ён зноў заiкаўся.

У сераду Эмiгрант прагуляў больш за 500 дзеравяных (рублёў) разам са сваiмi новымi сяброўкамi з "Глiнтвейнi".

У чацвер ранiцай ён развiтаўся з бацькамi. Мама плакала. А ўначы Эмiгрант перасек мяжу.

XVIII. БОЖАЯ МАЦI

Рэстаўратар сядзеў на рыштаваннях у хрысцiянскiм саборы. Касцёл асвятлялi жаўтлявыя лямпачкi. Начны вецер напiнаў тоўсты полiэтылен, якiм былi зацягнуты вокны.

Другi дзень рэстаўратар адпрацаваў адзiн у вялiкай баракальнай пабудове. Ён здымаў копii з фрэсак. Вочы балелi. Маляваць рэстаўратар больш не мог, але iсцi ў брудны i сумны гатэль не хацелася. Ён сядзеў на пыльных дошках, звесiўшы ногi, i глядзеў "у нiкуды".

Раптам з-пад рыштаванняў на сярэдзiну касцёла выйшаў атрамантавы кот.

- Кыцы-кыцы-кыцы, - паклiкаў рэстаўратар.

Кот выгнуў шыю. Колка блiснулi вочы.

- Хадзi сюды. Чуеш? Хадзi... пагаворым.

Кот бясшумна наблiзiўся да веснiц i пачаў узбiрацца на другi ярус. Гладкая поўсць цьмяна зiхацела. Калi жывёла падышла зусiм блiзка да рэстаўратара, працягнi руку - схопiш, той сказаў:

- Стой!

Кот скамянеў. Рэстаўратару зрабiлася млосна. Ён захацеў загаварыць i не змог.

- Мга-а-аў, - жывёлiна прагнулася нiбыта каб скокнуць.

- Пай-пайшоў прэ-эч, чорт хвастаты, - рэстаўратар замахнуўся.

Кот падаўся назад, завярнуўся i пайшоў да веснiц. Рэстаўратар неадрыўна сачыў за атрамантавай спiнай, пакуль тая не схавалася за рыштаваннямi.

- Ой, рана на Йвана, - заспяваў рэстаўратар.

Моцны голас запоўнiў саборную прастору.

- На Купалу ночка мала. Ой, рана на Йвана...

Рэстаўратар нечакана абарваў спевы - убачыў, як аблокi, намаляваныя на сцяне, зрушылiся i паплылi скрозь рыштаваннi. Анёл з белаю лiлеяю ў руцэ ўзмахнуў крыламi i плаўна ўзняўся пад купал. Мастак пабачыў ранiшнi краявiд, якi ляжаў за саборам. Тое самае мястэчка, тая самая асмужаная лёгкiм рачным туманам далiна... З неба па белых аблоках iшла жанчына.

"Божая Мацi, - мастак пачуў свой голас. - Гэта - Божая Мацi".

- Слухай, - загаварыла жанчына. - Яны прыйдуць i прагоняць цябе. Яны прагоняць, i ты паслухаешся i сыдзеш. Сыдзеш i вернешся, але яны не адчыняць дзверы. Зноў i зноў ты будзеш вяртацца. Цябе чакаюць.

Жаночая постаць растала ў аблоках.

Рэстаўратар прахапiўся. Бляклыя лямпачкi ледзь асвятлялi напаўразбураны iнтэр'ер сабора Ўспення Дзевы Марыi.

Праз колькi тыдняў рэстаўратара звольнiлi, бо ў нерабочы час ён пачаў пiсаць пано "Страшны суд", якое выклiкала пратэст у кiраўнiкоў.

Калi рэстаўратар збiраў па рыштаваннях свой рыштунак, дык прыклаў далонь да намаляванага анёлавага пляча - сцяна была цёплая.

Праз год рэстаўратар, якi працаваў маляром, наведаў мястэчка, дзе высiўся былы кармелiцкi сабор Успення Дзевы Марыi. Касцёл быў замкнёны.

Гаварыць пра бачанае чалавек баiцца.

XIХ. БУТЛЕГЕР

Суседу было гадоў пад восемдзесят, i жыў ён зусiм адзiн. Ягоная аднапакаёўка была паверхам вышэй за нашую. Яшчэ ў яго быў буфет, пэўна, старэйшы за гаспадара. Запомнiлася, як сусед стаяў каля буфета, мусолiў у руцэ тры рублi i гаварыў:

- Яна памерла...

Гэта пра жонку. Я забраў у яго грошы, адлiчыў рэшту i сышоў.

Я прыносiў яму малако i хлеб. Пасля iнсульту ён блага гаварыў i амаль не мог хадзiць. Ад ложка да буфета, ад буфета да прыбiральнi, ад прыбiральнi да ложка, i ўсё з адпачынкамi, усё каля сцяны. А я ў свае дзесяць гадоў выконваў абавязкi перасоўнае крамы.

- Яна памерла, - казаў сусед кожнага разу, калi я перадаваў яму прадукты.

За тое, што хадзiў у краму, я браў з яго пяцьдзесят капеек. Як сусед еў, я нiколi не бачыў. Прадукты заставалiся на буфеце. Мы развiтвалiся. Дзверы ён нiколi не зачыняў, яно i зразумела.

Яшчэ ў мае абавязкi ўваходзiла здаванне пустых бутэлек. Грошы за iх я пакiдаў сабе.

Сусед памёр на кухнi, укленчыў каля буфета i сканаў.

На пахаваннi я плакаў i ўсё не мог адвесцi вачэй ад сiняга вуха нябожчыка.

Як усе з'ехалi на могiлкi, я аднёс у прыёмны пункт сем бутэлек. Атрымаў за iх рубель i пяць капеек. Рубель быў жалезны, пятак таксама блiскучы. Таму i запомнiў, што бутэлек было якраз сем.

Мацi ў мяне добрая. Яна заўсёды суседзям дапамагае, проста так. Яе ўсе любяць i гавораць мне: "Якая ў цябе цудоўная мама". А я зусiм да яе не падобны. Знешне, маю на ўвазе.

Жыў у маiм доме яшчэ адзiн чалавек, якому я насiў бутэлькi. Ягоная кватэра была ў суседнiм пад'ездзе на першым паверсе. Я нярэдка бачыў, як ён вечарамi пiша за сталом пад настольнай лямпаю. Ён быў лiтаратарам. Жыў з мацi i жонкаю. Ягоныя мацi i жонка памерлi ў адзiн год.