12011.fb2
Праз нiзенькiя дзверы ў пакой зайшоў Шафёр. На iм, як i на Пажарнiку, спраўна сядзела гiмнасцёрка i галiфэ. Толькi на цалкам лысай галаве не хапала фуражкi з кукардаю.
- Лахудра есцi нясе? - Шафёр баднуў лысiнаю паветра.
- Вядома, - меланхалiчна адказаў Пажарнiк.
- Кажуць, яна раней да салдатаў поўзала.
- А мне што з гэтага?
- Каб вошы не прынесла, а то потым не адцярэбiмся, - Шафёр завалiўся на тапчан-раскiрэку.
Пажарнiк выняў з галiфэ калоду картаў i шпурнуў у круг святла пад лямпаю:
- Габлюй.
- Каб толькi трасцы не прыцягнула.
- Зубоў баяцца, у рот не даваць. Габлюй.
Шафёр з Пажарнiкам згулялi ў "дурня" разоў з пяць, пакуль да iх не завiтала жанчына ў сiвым парыку. Проста на карты яна паставiла кайстру, з якой тырчала дзюба кiтайскага тэрмаса.
- Казляты-рабяты, ваша мама прыйшла, малака прынясла, - праспявала жанчына з чорнай дзiркаю замест пярэдняга верхняга зуба.
Пажарнiк пасунуў i згроб карты.
Шафёр высветлiў, што ў тэрмасе замест гарбаты быў цукровы самагон.
Пажарнiк кульнуў у сябе паўшклянкi i выхукнуў:
- Гарыць.
- Шэйсят градусаў, канешне, гарыць, - начная госця падаравала прысутным дзiравую ўсмешку.
Пасля другой порцыi самагону Пажарнiк зняў фуражку, а пасля трэцяй расшпiлiў гiмнасцёрку i прапанаваў Шафёру пакiнуць памяшканне.
Той не стаў спрачацца, а хуценька пайшоў за нiзенькiя дзверы.
Пажарнiк з жанчынаю ў сiвым курчавым парыку добра-ткi ўладкавалiся на тапчане, калi пачулi такое:
- Засунь ёй у дупу.
Над голымi каханкамi ўзвышаўся Шафёр у гiмнасцёрцы, сваё галiфэ ён акуратна расклаў на стале.
Пажарнiк з неахвотаю перапынiў распачаты занятак. Ён лёг на спiну i заклаў рукi за галаву. Жанчына села на яго i схiлiлася так, каб Шафёр змог зрабiць тое, што прапаноўваў Пажарнiку.
Нацешыўшыся, Пажарнiк, Шафёр i жанчына селi дапiваць самагон.
Кiтайскi тэрмас хутка апаражнiўся.
Шчарбатая начная госця сышла.
- Нутро гарыць, - паскардзiўся Пажарнiк.
- Вадою патушы! - параiў Шафёр i бадануў паветра спатнелай лысiнаю.
XLIV. ЦЕНЯВIК
У букiнiстычнай краме я гартаў "Беларуска-нямецкi слоўнiк" i знайшоў спiсаны аркуш паперы.
Вось што я прачытаў:
"Яго заўсёды прынiжалi.
Адразу, як мы сабралiся, каб стварыць клуб аматараў фантастыкi, i прычыкiльдаў ён, па нявымаўленай нiкiм дамоўленасцi з яго зрабiлi апошняга чалавека, яго адсунулi, адпiхнулi, заштурхнулi ў цень. Ён паспрабаваў супрацiўляцца i нават пасварыўся з клубным Старшынёю за свае фантастычныя абразкi, але супраць, на абарону Старшынi, паўсталi ўсе сябры клуба. Так атрымалася, што Ценевiку раз i назаўсёды адмовiлi ў публiкацыях. Нiхто не казаў, што я цябе нiколi не надрукую, усе казалi прасцей: ты - няздара, ты плагiятар, ты - гiдкi... Калi што i даручалася гэтаму нябогу, дык толькi самая няўдзячная праца: схадзiць на пошту, пасварыцца з электрыкам цi прыбiральшчыцаю... I нават малапрыемныя даручэннi давалi яму неахвотна. А калi на рахунку аматараў фантастыкi з'явiлiся сямiзначныя лiчбы, а на прэзентацыю нашага часопiса былi запрошаны мiнiстры культуры i фiнансаў, дык Старшыня напярэдаднi сказаў Ценевiку, што ягонае прозвiшча не значыцца сярод сяброў клуба. Казалi: Ценявiк заплакаў.
Ён кульгаў i хадзiў з кавенькаю. Ценевiка можна было пазнаць здалёк: шырокi, з цяжкай галавою ў цыратавай кепцы, падобны да акiянiчнай пачвары, якую выкiнулi на бераг. I гэтае няўклюднае прыпаданне на карацейшую нагу... Толькi вось спачування Ценявiк не выклiкаў. Нават калi яму даручылi прадаваць састарэлыя газеты, i ён сядзеў каля метро з пачкам пажоўклай макулатуры, ва ўсёй каржакаватай постацi Ценевiка прамалёўваўся нязломны каркас. Ён абапiраўся на самшытавую кавеньку, на рукаяцi ў якой ашчэрвала пашчу львiная галава. Газеты нiхто не браў. У клубе ведалi, што так яно i будзе, але знарок паслалi Ценевiка гандляваць непатрэбшчынаю. Можна сказаць: запланаванае прынiжэнне. Але ён пагадзiўся. Ценявiк, пэўна ж, не прадаў нiводнага асобнiка, але здаў у бухгалтэрыю такую выручку, нiбыта распрадаў усё да апошняга нумара.
Калi нехта з сяброў клуба аматараў фантастыкi скажа, што i думаць не думаў пра магчымасць такога жахлiвага здарэння, дык тое няпраўда. Усе ведалi, усе бачылi прынiжэнне, усе спрыялi здзекам...
I тое, што Ценявiк у рэшце рэшт выйшаў з ценю ды самшытавай кавенькаю праламаў чэрап Старшынi, - натуральны вынiк з нашага да яго стаўлення. Ценявiк у нечым..."
На гэтым запiсы абрывалiся.
Чарнавiк тлумачальнае запiскi я забiраць не стаў. Я пакiнуў яго ў слоўнiку, якi вярнуў на палiцу букiнiстычнае крамы.
XLV. ПАЭТ
Паэт у 33 гады нарэшце выдаў за ўласныя грошы зборнiк вершаў.
Ён перавёз з друкарнi дадому 20 пачкаў з танюткiмi брашуркамi i склаў iх пад ложак.
З таўсценнай этнаграфiчнай энцыклапедыi Беларусi ён дастаў прыхаваныя 500 рублёў i разгубiўся, бо зразумеў, што ён адзiнокi чалавек, што сяброў няма, што жанчыны, з якiмi зрэдку i сустракаўся, зусiм не адпавядаюць урачыстаму моманту ягонага жыцця, што знаёмыя i суседзi проста не зразумеюць, з якой нагоды пасярод тыдня ладзiцца свята... Паэт лiхаманкава гартаў даведнiк, пакуль не спынiўся на прозвiшчы Журналiсткi. Тэлефанаваць не хацелася, але i заставацца аднаму не хацелася таксама.
- У мяне свята. Выйшла з друку першая кнiга. I я...
- Прабачце, але я вас не помню, - пачуў Паэт.
Ён змоўк i намерыўся пакласцi слухаўку, але замест гэтага набраў поўныя грудзi паветра i працягваў:
- Паэт выдаў кнiгу i мае права запрасiць жанчыну на свята...
Праз хвiлiну яны дамовiлiся, дзе i калi ўбачацца.
Паэт з Журналiсткаю сустрэлiся ў тэатральным скверыку.
- Мяне прывяла сюды прафесiйная цiкаўнасць, - паведамiла яна замест прывiтання.