12011.fb2 Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Афармiцель праз сквер спусцiўся да Свiслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек i намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен i сказаў да афармiцеля:

- Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат i не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нiбыта ў дзяцiнстве.

Ён зайшоў у ваду па грудзi i нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афармiцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. I мыла ў яго адкуль?

- А мыла ўзяў у рэстараннай прыбiральнi, - крыкнуў чалавек з сярэдзiны Свiслачы. - Сто гадоў не краў, а тут не вытрымаў.

"Колькi ж ты жывеш на зямлi, калi апошнi раз купаўся ажно сто гадоў таму?" - падумаў афармiцель. Ён спадзяваўся пачуць адказ, але чалавек выйшаў з вады i загаварыў пра iншае:

- Заўсёды, заўсёды так - спачатку адно захочацца, потым другое, потым трэцяе, i нi канца нi краю... У мяне так. А ў цябе?

- На другi бераг хачу пераехаць.

- А як пераедзеш, што будзеш рабiць?

- Пайду ў рэстаран.

- Дык i на гэтым беразе ёсць рэстаран.

Афармiцель засумняваўся. Цi варта было казаць праўду гэтаму чалавеку (i цi чалавек гэта?), якi сто гадоў не краў мыла ў рэстаранных прыбiральнях?

- Захацелася ў другi рэстаран.

- Вось i кажу, спачатку ў адзiн, потым у другi, i нi канца нi краю... Сядай.

Яны пераехалi на другi бераг хутка.

- Дзякуй, - сказаў афармiцель.

- Няма за што. Сто гадоў не даваў нырца, а тут, - адказаў чалавек i нырнуў з чоўна ў Свiслач.

"Вольных месц няма! Выбачайце", - паведамляла лямпавая шыльда.

"Прыплылi", - расчараваўся афармiцель.

- Тут твой аднакласнiк у рэстаранным гурце на сола-гiтары грае, суцешыў расчараванага Малы чалавек i назваў iмя разам з тэлефонным нумарам.

- Хто? - здзiвiўся гiтарыст, калi пачуў голас i прозвiшча афармiцеля.

Той паўтарыў.

- А? Не чакаў, прабач. Зараз iду.

Гiтарыст правёў афармiцеля ў залу i пасадзiў за маленькi столiк на два месцы, каля самай эстрады.

- Прабач, мне трэба граць. Блюз любiш?

- Люблю.

- Мы табе зараз сыграем сапраўдны блюз.

Блюз быў выдатны. У адрозненне ад папярэдняга рэстарана, тут iгралi прафесiйна, з густам i сваё, як пазней растлумачыў афармiцелю гiтарыст.

Афармiцель заказаў каньяк. Пiтво было духмянае, афiцыянт ненавязлiвы, музыка... Карацей, усё было такое, як i павiнна быць.

Публiка танчыла. Афармiцель пашукаў вачыма, каго б запрасiць на павольны танец, i не знайшоў. Рэстаран быў дарагi, i, адпаведна, публiка мела як мiнiмум па трыццаць рублёў i гадоў на кожнага.

- У бар схадзi, там знойдзеш, - параiў у перапынку памiж кампазiцыямi гiтарыст.

У бары працавалi кандыцыянеры i дазвалялася курыць. Афармiцель замовiў каву з каньяком i сеў за столiк. Наведнiкаў было мала, i ён адразу знайшоў тое, дзеля чаго прыйшоў у бар.

Яна сядзела за столiкам адна i пiла праз саломiнку трунак.

Афармiцель папрасiў дазволу сесцi побач. Ён пачаставаў яе каваю з каньяком, а потым яны пайшлi ў рэстаран i доўга танчылi.

Яна была немка i зусiм не ведала нашай мовы.

Калi афармiцелю надакучыла танчыць, ён прапанаваў яшчэ выпiць, яна згодна кiўнула.

Афармiцель падышоў да гiтарыста, якi пераносiў апаратуру ды iнструменты з эстрады ў кладоўку, i папрасiў, каб той дастаў дзве пляшкi сухога вiна.

Гiтарыст пайшоў да афiцыянта i ўзяў дзве пляшкi кабернэ. Калi афармiцель вярнуўся да столiка, за якiм пакiнуў немку, яе там не было. Яна падумала, што ён з ёй развiтаўся, i пайшла да сябе ў нумар. Афармiцель не ведаў, як яе зваць, i не ведаў, у якiм нумары яе шукаць. Заставалася вярнуцца да гiтарыста.

Яны загарнулi пляшкi ў плакаты i разам выйшлi з гатэля. Афармiцель i гiтарыст iшлi з яркiмi рулонамi ўздоўж рэчкi. Афармiцель прапанаваў адкаркаваць пляшку. Яны выпiлi яе на беразе Свiслачы. Афармiцель прапанаваў адкаркаваць i другую пляшку кабернэ, гiтарыст адмовiўся. Яны пайшлi да праспекта, дзе i развiталiся.

Афармiцель стаяў на прыпынку, калi да яго падбег Малы чалавек:

- Як пагуляў?

Афармiцель схiлiў голаў набок i нiчога не сказаў.

- Яшчэ не вечар. Iдзi дамоў пешкi спачатку па праспекце, а потым праз сквер на бульвар, не пашкадуеш. Толькi зрабi адну фармальнасць. - Малы чалавек дастаў з рэчмяшка бланк i ручку. - Напiшы тут: "Малы чалавек сваё заданне выканаў". Яшчэ пастаў дату i роспiс. Разумееш, паўсюль бухгалтэрыi i начальнiкi, iерархiя i адпаведная залежнасць.

Афармiцель зрабiў усё, што прасiў Малы чалавек, i пайшоў дадому пешкi. Праз хвiлiну яго абагнаў зусiм пусты аўтобус.

Афармiцель не паслухаў Малога чалавека i не пайшоў праз сквер. Калi ён звярнуў у завулак, яму насустрач выйшлi з двара дзве дзяўчыны.

- Добры вечар, - павiталася дзяўчына ў малiнавай сукенцы.

- Добры вечар, - паўтарыла сяброўка ў сiнiх сандалях.

- Вечар добры, - афармiцель спынiўся.

- Прабачце, нам вельмi няёмка, але, можа, вы нас пачастуеце цыгарэтаю?

- Калi ласка, - афармiцель прапанаваў цыгарэты.

- Дзякуй вам, - сказала тая, што была ў сукенцы.