12011.fb2 Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Дамавiкамерон (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

- Ну, тады чао-о, - яна выпiла паўшклянкi адным глытком i ўстала.

- Чакайце! А нашто вы сюды прыйшлi? Пэўна ж, не з-за таго, каб спытаць, чаго мне не хапае?

- Цiкава было паглядзець, як жывуць мастакi ў сапраўднасцi, бо нядаўна бачыла iх у кiно.

- Ну, i як жывуць мастакi?

- Бедна. Як усе звычайныя "саўкi", бедна.

Шрыфтавiк засмяяўся пасля гэтага кароткага вызначэння.

- А што? Можа, няпраўда? Паглядзi ў люстэрка. Цябе нiбыта з памыйнiцы выцягнулi. Нават у камiсухах можна лепей апрануцца. А мэбля? На якiм сметнiку ты яе адшукаў? I такiя ствараюць прыгажосць? Смешна! Гэта я з цябе павiнна смяяцца, а не ты з мяне. Сонейка.

- А вы жывяце багата?

- Ды мой станiк каштуе больш, чым усё, што на табе ёсць разам з тваiм будзiльнiкам фiрмы "Прамень".

- Няўжо ваш станiк з Парыжа?

Гандлярка схапiла за рыльца пляшку з-пад гарэлкi i ўзняла над галавою.

- Маўчаць! Сонейка.

- Спакойна. А цяпер я пералiчу, што мне з-пад вас трэба. Вы ж самi хацелi. Так?

- Давай! - гандлярка апусцiла пляшку.

- Кiтайская туш, набор галандскiх пэндзляў i венгерскiя фламастэры...

- Усё? - гандлярка пазяхнула.

- Не, не ўсё, яшчэ эстонскiя лiтрасеты.

- Заўтра прыйдзеш а дзясятай ранiцы, кошт падвойны.

- Няма пытанняў, - Шрыфтавiк налiў сабе "Рыслiнгу" i спытаўся: Будзеш?

- Буду! I нефiг было ламацца, вобраз ён шукаў... Ёханы манэ.

Адказнае даручэнне Шрыфтавiк выканаў у прызначаны тэрмiн.

XIV. ТУМАННIК

Каханкi вярталiся з возера ў горад.

- Туман, - сказала яна.

- Табе халодна? - спытаўся ён.

- Нiчога не вiдаць...

- Вазьмi маю куртку.

- А мы слушна iдзем?

- Калi праз хвiлiнаў пяць выйдзем на асфальт, - слушна.

- Праваруч павiнен быць завод. Калi мы iшлi на возера, я яго добра разгледзела.

- I што ты ўбачыла?

- Звычайны вайсковы завод, я не бачыла нiводнага чалавека.

- Якая драма?! Нават калi падыдзем да завода, дык нiчога не зможам даведацца. I пiльны вартавы нас можа забiць. У такiм тумане ён нас заўважыць у самы апошнi момант i адразу, без усялякiх папярэджанняў, стрэлiць. Нехта з нас, хай гэта буду я, загiне першы... Заўсёды нехта памiрае першы...

- Можна пайсцi ў другi бок.

- Лепш пачакай.

- Ты хочаш проста на сцежцы?

- Я хачу не проста, а на сцежцы.

- Як толькi мы пачнем, адразу нехта з'явiцца.

- Гэта будзе матэрыялiзацыя страху.

- Я не баюся, толькi лепш сысцi са сцежкi.

Каханкi пайшлi па высокай жнiвеньскай траве.

- Тут балота, - расчараваўся ён.

- Давай пяройдзем на другi бок, - прапанавала яна.

- А чаму ты голiш валасы пад пахамi i на жаночым месцы?

- Каб табе спадабацца.

- Цiха. Нешта жалезнае ўпала на асфальт.

- Нiчога не чую.

- Цiшэй. Слухай. Чуеш? Крокi... Наблiжаюцца... - каханак перайшоў на шэпт. - Нехта iдзе па сцежцы.

Крокi наблiжалiся. Каханкi выразна чулi, як нехта прайшоў зусiм побач, здаецца, працягнi руку - i схопiш, але яны нiкога не ўбачылi. Над высокай жнiвеньскай травою стаяў туман.

- У мяне такое адчуванне, што гэта не чалавек i што ён не сышоў, а стаiць i назiрае. I ён нас бачыць, а мы яго не.