12181.fb2
За дзесяць гадоў да вайны я адпачываў на Рыўеры, у невялічкім пансіёне, і вось там аднаго разу за сталом выбухнула гарачая спрэчка, якая пагражала скончыцца сапраўднай сваркай са злоснымі выпадамі і нават абразаю. Большасць людзей не вызначаецца багатай фантазіяй. Тое, што адбываецца дзесьці далёка, непасрэдна не тычыцца іх, не кранае і іх пачуццяў; але варта нават нязначнаму здарэнню адбыцца ў іх на вачах, адчувальна блізка, як імі авалодвае азарт. У такіх выпадках людзі як бы кампенсуюць звычайную сваю абыякавасць неадпаведнай і празмернай гарачнасцю.
Гэтак было і ў нашай добрапрыстойнай кампаніі; за абедам мы вялі small talk*, мірна перакідваліся лёгкімі жартамі, устаўшы з-за стала, адразу ж разыходзіліся ў розныя бакі: нямецкая пара выпраўлялася з фотаапаратам на прагулку, дабрадушны датчанін - да сваіх нудных вудачак, ангельская лэдзі - да сваіх кніжак, муж і жонка італійцы падаваліся ў Монтэ-Карла, а я гультаяваў, разлёгшыся ў плеценым крэсле, або садзіўся за работу.
* Вольная размова (англ.).
Але на гэты раз мы счапіліся ў бурнай перапалцы, і калі хто-небудзь раптам ускокваў з месца, то не дзеля таго, каб ветліва развітацца, а ў гарачцы спрэчкі, якая, як я ўжо сказаў, стала пад канец вельмі бурнаю.
Падзея, што гэтак разварушыла наш маленькі застольны гурток, сапраўды была надзвычайная. Пансіён, дзе жылі мы ўсемярых, рабіў уражанне прыватнай вілы - ах, які ж цудоўны від адкрываўся з нашых вокнаў на прыбярэжныя скалы! Але на самай жа справе ён быў толькі таннаю па цане часткаю вялікага «Палас-гатэля» і непасрэдна злучаўся з ім садам, і таму мы, хоць і жылі асобна, былі ў пастаянных зносінах з насельнікамі гатэля. Дык вось у гэтым гатэлі напярэдадні разыграўся вялікі скандал. На дзённым цягніку ў дванаццаць дваццаць (трэба дакладна вызначыць час, бо ён важны ў гэтым выпадку і іграе ролю ў нашай гарачай спрэчцы) прыехаў малады француз і заняў пакой з відам на мора; ужо адно гэта сведчыла пра тое, што ён чалавек са сродкамі. Ён звярнуў на сябе ўвагу не толькі сваёю элегантнасцю, але перш за ўсё незвычайна прывабным абліччам; падоўжаны жаноцкі твар, шаўкавістыя светлыя вусы над пажадлівымі вуснамі, мяккія хвалістыя каштанавыя валасы з кучаравай пасмай, якая звісала на белы лоб, мяккі ласкавы позірк - усё ў ім было прыгожае нейкай мяккай ліслівай прыгажосцю; паводзіў ён сябе далікатна, але без усякай удаванасці і манернасці. Калі ён і нагадваў з першага позірку размаляваных васковых манекенаў, якія, з франтаватаю палкаю ў руцэ, горда красуюцца ў вітрынах модных крамаў, увасабляючы ідэал мужчынскай прыгажосці, то блізка ўражанне фатаватасці рассейвалася, бо яго нязменна ветлівая ласкавасць (вельмі рэдкая з'ява!) была натуральная і як бы прыроджаная. Сціпла і сардэчна вітаў ён кожнага, і было прыемна глядзець, як на кожным кроку проста і натуральна выяўляліся яго незвычайная элегантнасць і добрае выхаванне. Ён спяшаўся падаць паліто даме, якая ішла да гардэроба, кожнаму дзіцяці знаходзіўся ў яго ласкавы позірк або жарт, быў ён далікатны ў абыходжанні, але без ніякай развязнасці; карацей кажучы, гэта быў, мусіць, адзін з тых шчасліўцаў, якім упэўненасць, што ўсіх зачароўвае іх ясны твар і юнацкае абаянне, надае яшчэ большую прывабнасць. На людзей у гадах і хваравітых - а іх тут была большасць - яго прысутнасць уздзейнічала дабратворна; сваёю свежасцю, жыццярадаснасцю, пераможнай юначай усмешкай, якая ўласціва надзвычайна прывабным людзям, ён адразу ж заваяваў агульную сімпатыю. Праз дзве гадзіны пасля прыезду ён ужо гуляў у тэніс з дочкамі тоўстага дабрадушнага фабрыканта з Ліёна - дванаццацігадовай Анет і трынаццацігадовай Бланш, а іх маці, кволая, элегантная, стрыманая мадам Анрыэт, з лёгкаю ўсмешкаю пазірала, як яе дочкі-галапупкі несвядома какетнічаюць з маладым незнаёмцам. Увечары ён з гадзіну глядзеў, як мы гулялі ў шахматы, расказаў некалькі забаўных анекдотаў, доўга прагульваўся па тэрасе з мадам Анрыэт - муж яе, як заўсёды, гуляў у даміно са сваім сябрам, фабрыкантам з Намюра, - а позна ўвечары я застаў яго ў паўцёмнай канторы гатэля за падазрона інтымнай гутаркай з сакратаркай. Назаўтра раніцаю ён суправаджаў датчаніна на рыбную лоўлю і выказаў пры гэтым надзвычайныя веды, потым доўга гутарыў з ліёнскім фабрыкантам аб палітыцы і, пэўна, таксама паказаў сябе цікавым субяседнікам, бо праз шум прыбою чуваць быў раскацісты рогат таўстуна фабрыканта. Пасля абеду - я наўмысна, дзеля яснасці, падрабязна расказваю, як ён бавіць час, - ён зноў праседзеў каля гадзіны з мадам Анрыэт у садзе, за чорнай кавай, а потым гуляў у тэніс з яе дочкамі, гутарыў у вестыбюлі гатэля з нямецкай парай. А шостай гадзіне я пайшоў на вакзал адправіць ліст і там убачыў яго. Ён паспяшаўся мне насустрач і, як бы выбачліва, сказаў, што яго нечакана выклікалі, але праз два дні ён вернецца. За вячэраю яго папраўдзе не было, але толькі фізічна, бо за ўсімі столікамі толькі і гаварылі, што пра яго, і ўсе расхвальвалі яго прыемную вясёлую натуру.
Увечары, дзесьці каля адзінаццаці гадзін - я сядзеў у сябе ў пакоі і дачытваў кнігу - у расчыненае акно, якое выходзіла ў сад, раптам данесліся крыкі, усхваляваныя воклічы, і ў гатэлі ўзнялася нейкая мітусня. Хутчэй занепакоены, чым зацікаўлены, я адразу ж спусціўся ў сад і прайшоў пяцьдзесят крокаў, якія аддзялялі нашу вілу ад гатэля; там я застаў гасцей і персанал незвычайна ўсхваляваных. Мадам Анрыэт не вярнулася з прагулкі па беразе, якую яна рабіла кожны вечар, пакуль яе муж, па завядзёнцы, гуляў у даміно са сваім сябрам, і цяпер баяліся, што здарыўся няшчасны выпадак. Як буйвал, кідаўся па беразе гэты звычайна марудлівы, грузны чалавек, і калі ён крычаў у змрок: «Анрыэт! Анрыэт!» - у яго зрывістым ад хвалявання голасе было нешта першабытнае і страшнае, што нагадвала рык смяротна параненага вялізнага звера. Кельнеры і хлопчыкі-боі насіліся ўверх і ўніз па лесвіцы; разбудзілі ўсіх насельнікаў гатэля, пазванілі ў паліцыю. А таўстун у расшпіленай камізэльцы кідаўся ва ўсе бакі і няўцямна, ледзь не з плачам гукаў у цемру: «Анрыэт! Анрыэт!» Тым часам прачнуліся дзяўчаткі, падбеглі ў начных кашулях да акна і сталі клікаць маці; бацька паспяшаўся наверх, каб супакоіць іх.
І тут адбылося нешта жахлівае, што амаль не паддаецца апісанню, бо ў момант празмернага душэўнага напружання ва ўсім абліччы чалавека столькі трагізму, што яго не перадаць з такой хуткасцю і моцаю ні пяром, ні пэндзалем. Таўстун неўзабаве спусціўся па скрыпучых пад яго цяжарам прыступках уніз. Ён прыкметна змяніўся з твару, які выглядаў цяпер бясконца стомленым і разам з тым гнеўным. У руцэ ён трымаў ліст.
- Вярніце ўсіх, - сказаў ён кіраўніку персаналу ледзь чутным голасам. - Вярніце людзей, нічога не трэба. Жонка пакінула мяне.
У гэтага смяротна параненага чалавека хапіла вытрымкі, нечалавечай вытрымкі, каб не паказаць свайго гора перад натоўпам людзей, якія з цікаўнасцю ўтаропіліся на яго, а потым, спалоханыя, збянтэжаныя, засаромленыя, адвярнуліся ўбок. Ён захаваў яшчэ толькі сілы, каб прайсці, ні на кога не гледзячы, у чытальню і патушыць там святло; потым мы пачулі, як тоўстае, грузнае цела з глухім стукам апусцілася ў крэсла, і да нас данесліся гучныя, роспачныя рыданні, - так мог плакаць толькі чалавек, які дагэтуль у жыцці ніколі не плакаў. І гэтае стыхійнае гора ўзрушыла ўсіх, нават самага нязначнага з нас. Ніводзін кельнер, ніхто з прыцягнутых цікаўнасцю гасцей не асмеліўся ўсміхнуцца або сказаць спачувальнае слова. Моўчкі, адзін за адным, быццам засаромленыя гэтым знішчальным выбухам пачуццяў, пракраліся мы ў свае пакоі, а там, у цёмнай чытальні, сам-насам з сабою, усхліпваў прыбіты горам чалавек, пакуль адзін за адным тухлі агні ў доме, поўным шэптаў, шоргатаў і ўздыхаў.
Зразумела, што такая падзея, якая прагрымела ў нас на вачах, моцна ўзрушыла людзей, прывыклых аднастайна і бесклапотна бавіць час. Але хоць прычынаю тых бязлітасных сутыкненняў, якія ўзніклі за нашым сталом і ледзь не прывялі да ўзаемнай фізічнай абразы, і з'явіўся гэты дзіўны выпадак, сутнасць спрэчкі была ў глыбокіх рознагалоссях, у сутыкненні процілеглых поглядаў на жыццё. З-за нясціпласці пакаёўкі, якая прачытала ліст, скамячаны і кінуты ўсхваляваным мужам у бяссільным гневе на падлогу, стала вядома, што мадам Анрыэт паехала не адна, а па дамоўленасці разам з маладым французам (сімпатыі да якога ў большасці цяпер хутка меншалі). На першы погляд не было нічога дзіўнага ў тым, што гэтая другая маленькая мадам Бавары пакінула свайго тоўстага правінцыяла-мужа дзеля элегантнага маладога прыгажуна. Але ўсе ў доме былі збіты з панталыку і абураны весткаю, што ні фабрыкант, ні яго дочкі, ні нават сама мадам Анрыэт ніколі раней не бачылі гэтага лавеласа, і, выходзіць, дастаткова было двухгадзіннай вячэрняй прагулкі па набярэжнай і адной гадзіны за чорнаю каваю ў садзе, каб схіліць трыццацітрохгадовую прыстойную жанчыну на другі ж дзень пакінуць мужа і дзяцей і памчацца следам за зусім незнаёмым маладым чалавекам. Гэты, здавалася б, відавочны факт быў аднагалосна адкінуты нашым застольным гуртком; усе ўгледзелі тут вераломства і хітры манеўр палюбоўнікаў: само сабой зразумела, мадам Анрыэт ужо даўно была ў тайнай сувязі з маладым чалавекам, і гэты сэрцаед з'явіўся сюды, толькі каб канчаткова дамовіцца аб уцёках. Зусім немагчыма, казалі ўсе, каб сумленная жанчына пасля нейкіх дзвюх гадзін знаёмства раптам збегла па першым поклічы. Дзеля забавы я пачаў спрачацца і энергічна абараняў магчымасць і нават імавернасць такога раптоўнага рашэння ў жанчыны, якая, знемагаючы ў шматгадовым нудным шлюбе, у душы гатова паддацца першаму смеламу націску. Мае нечаканыя пярэчанні хутка зрабілі дыскусію агульнай: асабліва спрачальнікі ўвайшлі ў азарт, калі абедзве сямейныя пары, як нямецкая, так і італійская, з проста-такі зняважліваю пагардаю пачалі адмаўляць coup de foudre* як бязглуздзіцу і пошлую рамантычную выдумку.
* Каханне з першага позірку; літаральна - удар маланкі (фр.).
Няма патрэбы ўдавацца ў падрабязнасці бурнай спрэчкі, якая цягнулася ад супу да пудынгу; за табльдотам дасціпныя толькі сапраўдныя жартаўнікі, а доказы, да якіх звяртаюцца ў гарачцы выпадковай застольнай спрэчкі, пераважна банальныя і прыводзяцца спехам, без абдумвання. Цяжка таксама растлумачыць, чаму наша спрэчка так хутка пайшла ў такім з'едлівым напрамку; думаю, тут сыграла ролю міжвольнае жаданне абодвух мужоў выключыць магчымасць такога легкадумства і такой небяспекі для сваіх жонак. На жаль, яны не прыдумалі нічога лепшага, як запярэчыць мне, што гэтак можа гаварыць толькі той, хто разважае пра жанчын адно па выпадковых, танных халасцяцкіх перамогах; гэта ўжо крыху ўзлавала мяне, а калі ў дадатак немка пачала аўтарытэтным тонам павучаць мяне, што бываюць сапраўдныя жанчыны, а бываюць і «прастытуткі па натуры», да якіх, на яе думку, належыць і мадам Анрыэт, цярпенне маё лопнула, і я ў сваю чаргу перайшоў у наступ. Я сказаў, што толькі страх перад уласнымі жаданнямі, перад дэманічным пачаткам у нас прымушае адмаўляць той відавочны факт, што ў пэўны момант свайго жыцця жанчынаю авалодваюць таямнічыя сілы і яна траціць свабоду волі і разважнасць, і дадаў, што некаторым людзям, мабыць, падабаецца лічыць сябе больш моцнымі і чыстымі, чым тыя, хто «лёгка паддаецца спакусе», і што, па-мойму, куды больш сумленна робіць жанчына, якая свабодна і палка аддаецца свайму жаданню, замест таго каб з заплюшчанымі вачамі ашукваць мужа ў яго ж абдымках, як гэта звычайна мае месца. Вось прыкладна тое, што я гаварыў, і чым шалёней нападалі другія на бедную мадам Анрыэт, тым з большаю гарачнасцю я яе абараняў (што, папраўдзе, не зусім адпавядала майму ўнутранаму перакананню). Мае словы, як уколы рапірай, закранулі за жывое абедзве сямейныя пары, і яны нязладжаным квартэтам так люта накінуліся на мяне, што стары дабрадушны датчанін, які глядзеў на нас, нібы суддзя з секундамерам у руцэ на футбольным матчы, быў вымушаны час ад часу перасцерагальна пастукваць костачкамі пальцаў па стале: «Gentlmen, please»*.
* Панове, прашу вас (англ.).
Але гэта дапамагала толькі на хвіліну. Адзін мужчына, чырвоны як рак, ужо разы тры ўскокваў з-за стала, і яго жонцы толькі з вялікім намаганнем удавалася супакоіць яго; карацей, яшчэ некалькі хвілін - і наша дыскусія скончылася б бойкаю, калі б місіс К. раптам не праліла алею на бурныя хвалі нашай спрэчкі.
Місіс К., паважаная, пажылая ангелька, з беласнежнымі валасамі, па маўклівай дамоўленасці была ганаровы старшыня нашага стала. Яна трымалася вельмі прама, была аднолькава ветлівая з усімі, гаварыла мала, але з прыемнаю ўвагаю прыслухоўвалася да ўсяго, што гаварылася навокал - ужо адно яе аблічча ўздзейнічала на ўсіх дабратворна: ад яе павявала спакоем і арыстакратычнаю стрыманасцю. Яна ні з кім блізка не сыходзілася і ў той жа час выказвала кожнаму знакі ўвагі; пераважна яна сядзела з кнігаю ў садзе, часам іграла на раялі і толькі зрэдку далучалася да кампаніі або ўдзельнічала ў жывой гутарцы. Яе прысутнасць амаль не заўважалася, і, аднак, мы ўсе міжволі падпарадкоўваліся ёй. І цяпер, як толькі яна загаварыла, нам стала вельмі сорамна, што мы так шумна і нястрымана паводзім сябе.
Місіс К. скарыстала паўзу, якая настала пасля таго, як немец рэзка ўскочыў і тут жа, пасля жончыных угавораў пакорліва сеў на сваё месца. Яна раптам падняла свае ясныя шэрыя вочы, неяк нерашуча паглядзела на мяне і потым дзелавіта і выразна па-свойму ўдакладніла тэму нашай спрэчкі:
- Значыцца, калі я правільна зразумела вас, вы лічыце, што мадам Анрыэт... што жанчыну можна ўцягнуць у нечаканую авантуру, што яна можа рабіць учынкі, якія за гадзіну да гэтага ёй самой здаліся б немагчымымі і за якія яе нельга вінаваціць?
- Я ў гэтым перакананы, васпані.
- У такім разе вы адмаўляеце ўсякі крытэрый маралі, і любое парушэнне маралі можна будзе апраўдаць. Калі вы сапраўды лічыце, што crime passionnel*, як кажуць французы, не злачынства, то выходзіць, што дзяржаўнае правасуддзе наогул лішняе. Тады без вялікіх намаганняў - а вы з душою абараняеце сваю справу, - дадала яна з усмешкаю, - можна знайсці пачуццё ў кожным злачынстве і апраўдаць яго гэтым пачуццём.
* Злачынства, выкліканае пачуццём (фр.).
Яна гаварыла спакойна, амаль весела, і гэта так спадабалася мне, што я міжволі пераняў яе дзелавіты тон і адказаў паўжартам-напаўсур'ёзна:
- Дзяржаўнае правасуддзе вырашае такія пытанні, бясспрэчна, стражэй, чым я: яго доўг - ахоўваць грамадскую мараль і добрапрыстойнасць, і гэта вымушае яго асуджаць, замест таго каб апраўдваць. Я ж, як прыватная асоба, не лічу патрэбным браць на сябе ролю пракурора: я аддаю перавагу прафесіі абаронцы. Мне асабіста больш прыемна разумець людзей, чым судзіць іх.
Ясныя шэрыя вочы місіс К. з хвіліну не адрываліся ад мяне; яна марудзіла з адказам. Я падумаў, што яна не ўсё зразумела, і ўжо сабраўся паўтарыць ёй свае словы па-ангельску, але яна зноў стала задаваць пытанні з дзіўнаю сур'ёзнасцю, быццам экзаменавала мяне.
- Няўжо, па-вашаму, не ганебна, не агідна, калі жанчына пакідае мужа і двух дзяцей, каб пайсці ўслед за першым стрэчным, не ведаючы нават, ці варты ён яе кахання? Няўжо вы сапраўды можаце апраўдаць такія легкадумныя і бесклапотныя паводзіны ўжо не вельмі маладой жанчыны, якой хоць бы дзеля дзяцей належала паводзіць сябе з большаю годнасцю?
- Паўтараю, васпані, - адказаў я, - што я адмаўляюся тут судзіць або асуджаць. Вам я магу шчыра прызнацца, што я крыху перабольшыныў - бедная мадам Анрыэт, канечне, не гераіня, нават не шукальніца прыгод, і менш за ўсё смелая, палкая натура. Наколькі я яе ведаю, яна ўсяго толькі пасрэдная слабая жанчына, да якой я адчуваю пэўную павагу за тое, што яна знайшла ў сабе мужнасць аддацца свайму жаданню, але яшчэ болей я адчуваю да яе жаль, бо не сёння-заўтра яна будзе вельмі няшчасная. Тое, што яна зрабіла, было, можа, неразумна і, бясспрэчна, неабдумана, але ні ў якім разе нельга назваць яе ўчынак нізкім і подлым. Вось чаму я настойваю на тым, што ніхто не мае права пагарджаць гэтай беднай няшчаснай жанчынай.
- А вы самі? Вы ўсё гэтак жа паважаеце яе? Вы не робіце адрознення паміж прыстойнай жанчынай, з якою вы гаварылі пазаўчора, і тою, другою, якая ўчора ўцякла з першым стрэчным?
- Аніякага. Так, аніякага, абсалютна аніякага.
- Is that so?* - міжволі вырвалася ў яе па-ангельску; відаць, размова надзвычайна яе цікавіла.
* Ці так гэта? (англ.).
Пасля кароткага роздуму яна зноў запытальна паглядзела на мяне сваімі яснымі вачамі.
- А калі б заўтра вы сустрэлі мадам Анрыэт, скажам, у Ніцы, пад руку з гэтым маладым чалавекам, прывіталіся б вы з ёю?
- Канечне.
- І загаварылі б з ёю?
- Канечне.
- А калі... калі б вы былі жанатыя, вы пазнаёмілі б такую жанчыну са сваёю жонкаю, як быццам нічога і не адбылося?
- Канечне.
- Would you really?* - зноў спыталася яна па-ангельску, і ў яе голасе прагучаў недавер і здзіўленне.
* Сапраўды? (англ.).
- Surely I would*, - адказаў я ёй таксама па-ангельску.
* Канечне, так (англ.).
Місіс К. маўчала. Здавалася, яна напружана думала. Раптам, і як бы здзіўленая сваёй смеласцю, яна сказала, зірнуўшы на мяне:
- I don't know, if I would. Perhaps I might do it also*.
* Не ведаю, як бы я зрабіла, можа, гэтаксама (англ.).
І з той дзіўнай натуральнасцю, з якою толькі ангельцы ўмеюць далікатна, але рашуча абарваць размову, яна ўстала і па-сяброўску працягнула мне руку. Яе ўмяшанне прынесла супакаенне, і ў глыбіні душы ўсе мы, нядаўнія ворагі, былі ўдзячны ёй за тое, што пагрозліва згусцелая атмасфера разрадзілася; мы перакінуліся бяскрыўднымі жартамі, ветліва развіталіся і разышліся.
Хоць наша спрэчка і скончылася па-джэнтльменскі, але пасля той гарачай перапалкі паміж мною і маімі праціўнікамі з'явілася адчужанасць. Нямецкая пара трымалася холадна, а італійцы забаўляліся тым, што штодня з'едліва пыталіся ў мяне, ці не чуў я чаго-небудзь пра «cara sognora Henrietta»*.
* Дарагую сіньёру Энрыэту (іт.).
Нягледзячы на вонкавую ветлівасць, сардэчнасць і натуральнасць, якія раней панавалі за нашым сталом, незваротна зніклі.
Іранічная халоднасць маіх праціўнікаў была асабліва адчувальная ад выключнай увагі да мяне місіс К. пасля той спрэчкі. Звычайна на рэдкасць стрыманая, не схільная да размовы з сатрапезнікамі папалудні, цяпер яна нярэдка загаворвала са мною ў садзе і - я б нават сказаў - вылучала мяне, бо нават кароткая гутарка з ёю была знакам асаблівай ласкі. Шчыра кажучы, яна шукала мае кампаніі і карысталася любым выпадкам, каб загаварыць са мною; гэта было так відавочна, што мне маглі б прыйсці ў галаву недарэчныя, пыхлівыя думкі, не будзь яна зусім пасівелая старая жанчына. Пра што б мы ні гаварылі, наша размова непазбежна вярталася да мадам Анрыэт; здавалася, місіс К. адчувала нейкае незразумелае задавальненне, калі абвінавачвала ў нясталасці і легкадумстве жанчыну, якая забылася пра свой доўг. Але ў той жа час яе, мабыць, радавала, што сімпатыі мае нязменна заставаліся на баку кволай, зграбнай жанчыны і што мяне нельга было прымусіць адмовіцца ад гэтых сімпатый. Яна няўхільна вярталася да гэтай тэмы, і я не ведаў, што і думаць пра гэтую дзіўную, амаль іпахандрычную ўпартасць.
Так цягнулася пяць або шэсць дзён, і яна ўсё яшчэ ніводным словам не выдала мне, чаму гэтыя размовы так займаюць яе. А ў тым, што яно менавіта так, я канчаткова пераканаўся, калі аднаго разу на прагулцы ўпамянуў, што маё знаходжанне тут падыходзіць да канца і што я думаю паслязаўтра паехаць адсюль. На яе звычайна абыякавым твары адбілася хваляванне, і шэрыя вочы азмрочыліся.