12181.fb2
Я працягвала:
«...што ніколі болей - што б ні здарылася - не буду гуляць на грошы, што ніколі болей не буду рызыкаваць сваім жыццём і гонарам дзеля гэтага азарту».
Усхвалявана паўтарыў ён мае словы; выразна, голасна прагучалі яны ў пустой царкве. Потым на момант стала ціха, гэтак ціха, што з вуліцы данёсся шолах лісця, па якім прабягаў вецер. І тут ён з раптоўным парывам, быццам каяўся грэшнік, у малітоўным экстазе, якога мне яшчэ не даводзілася бачыць, пачаў хутка, шалёна, скорагаворкаю лапатаць незразумелыя мне словы на польскай мове. Гэта была палымяная малітва, малітва ўдзячнасці і пакаяння, бо зноў і зноў у гэтай бурнай споведзі яго галава пакорна хілілася долу, з усё большай страсцю лілася незнаёмая мова і ўсё гарачэй, усё старанней паўтараў ён адно і тое ж слова. Ні дагэтуль, ні пасля, ні ў якой-небудзь другой царкве свету не чула я такой малітвы. Яго рукі сутаргава ўчапіліся ў спінку драўлянай лавачкі, усё цела калацілася ад унутранай буры. Ён нічога не бачыў, нічога не адчуваў; здавалася, ён быў у іншым свеце, у нейкім ачышчальным агні ператварэння, альбо ўзнёсся ў думках на нябёсы. Нарэшце ён павольна ўстаў, перахрысціўся і стомлена павярнуўся да мяне. Калені ў яго дрыжалі, твар быў бледны, як у вельмі знясіленага чалавека. Але калі ён зірнуў на мяне, яго вочы заззялі, чыстая, сапраўды набожная ўсмешка асвяціла яго змораны твар; ён падышоў бліжэй, схіліўся ў расейскім зямным паклоне, узяў мае рукі ў свае і з глыбокаю пашанаю паднёс іх да вуснаў.
- Вас паслаў мне бог, я падзякаваў яму.
Я не знайшла, што адказаць. Але я шчыра пажадала, каб пад нізкімі скляпеннямі раптам загучалі арганы, бо я адчувала, што дабілася свайго: гэты чалавек выратаваны мною назаўсёды.
Мы выйшлі з царквы і апынуліся ў ззяючым патоку святла гэтага сапраўды майскага дня; ніколі свет не здаваўся мне такім цудоўным. Яшчэ дзве гадзіны мы паволі каталіся па маляўнічай дарозе, якая вілася сярод узгоркаў, і за кожным паваротам адкрываліся ўсё новыя прыгожыя краявіды. Але мы маўчалі. Пасля такога выбуху пачуццяў усе словы здаваліся банальнымі. І калі мой позірк выпадкова сустракаўся з ягоным, я сарамліва адварочвалася ўбок, так моцна ўзрушвала мяне відовішча створанага мною цуду.
Каля пяці гадзін вечара мы вярнуліся ў Монтэ-Карла. Я мусіла зрабіць візіт да сваякоў, які цяпер нельга было перанесці на больш позні час. Шчыра кажучы, у глыбіні душы я прагнула спакою пасля перажытых хваляванняў - занадта шмат было шчасця. Я адчувала, што мне трэба адпачыць ад гэтага стану захаплення-экстазу, упершыню ў жыцці зведанага мною. Таму я папрасіла свайго падапечнага толькі на хвіліну зайсці да мяне ў гатэль; там, у сваім пакоі, я перадала яму грошы на дарогу і на выкуп каштоўнасцей. Мы дамовіліся, што за нейкі час маёй адсутнасці ён возьме білет, а ў сем гадзін мы сустрэнемся ў вестыбюлі вакзала за паўгадзіны да прыходу цягніка, які праз Геную завязе яго дадому. Калі я працягнула яму пяць банкнотаў, у яго неяк дзіўна пабялелі губы.
- Не... не трэба грошай... прашу вас, не трэба грошай... - ледзь выціснуў ён праз губы і адвёў назад дрыготкія пальцы. - Не трэба грошай... не трэба грошай... я не магу іх бачыць, - паўтараў ён, быццам адчуваў фізічную агіду або страх.
Але я памагла яму адолець пачуццё сораму, сказала, што грошы я яму пазычаю, што калі ён саромеецца іх браць, дык можа даць мне распіску.
- Так... так... распіску, - прамармытаў ён, адводзячы вочы, скамячыў паперкі, як нешта ліпучае, што пэцкае пальцы, сунуў іх, не гледзячы, у кішэню і хутка, размашыста накідаў на лісце некалькі слоў. Калі ён падняў галаву, лоб у яго быў вільготны ад поту - здавалася, яго калаціла ліхаманка; працягваючы мне ліст, ён задрыжаў, быццам ток прабег па целе, і раптам - я міжволі зрабіла крок назад - ён упаў на калені і пацалаваў край маёй сукенкі. У гэтым жэсце было столькі неапісальнага пачуцця, што я задрыжала ўсім целам; дзіўная трывога авалодала мною, і я магла толькі прашаптаць:
- Дзякуй вам за тое, што вы такі ўдзячны. Але прашу вас, ідзіце цяпер. У сем гадзін у вестыбюлі вакзала мы развітаемся.
Ён зірнуў на мяне, слёзы расчуленасці засцілі яму вочы; нейкае імгненне мне здавалася, што ён хоча нешта сказаць, нейкае імгненне я думала, што ён вось-вось кінецца да мяне. Але ён толькі яшчэ раз нізка-нізка пакланіўся і выйшаў з пакоя.
Місіс К. зноў перапыніла расказ. Яна ўстала, падышла да акна і нерухома, доўга глядзела на вуліцу; плечы яе лёгенька ўздрыгвалі. Раптам яна рашуча павярнулася; яе рукі, дагэтуль спакойныя і безудзельныя, нечакана зрабілі рэзкі, парывісты рух, быццам штосьці разрывалі. Потым яна цвёрда, амаль з выклікам зірнула на мяне і, як бы перасільваючы сябе, сказала:
- Я абяцала, што буду гаварыць шчыра. Цяпер я бачу, як неабходна было гэтае абяцанне. Толькі цяпер, калі я ўпершыню прымушаю сябе апісваць адна за другою ўсе падзеі таго дня і спрабую выказаць яснымі словамі заблытаны клубок невыразных адчуванняў, толькі цяпер я бачу шмат што, чаго тады не разумела ці, можа, не хацела разумець. І таму я хачу цвёрда і рашуча сказаць праўду і сабе і вам: тады, у тую хвіліну, калі ён выйшаў з пакоя і я засталася адна, я адчула страшэнны ўдар у сэрца, ад якога ў мяне пацямнела ў вачах; мне было чамусьці вельмі балюча, але я не ведала альбо адмаўлялася ведаць - чаму мілая пачцівасць майго падапечнага так глыбока ўкалола мяне.
Але цяпер, калі я прымушаю сябе бязлітасна выбіраць з памяці мінулае, глядзець на яго як бы збоку, калі я сама запрасіла вас быць сведкам, я не маю права нічога ўтойваць, баязліва хаваць пачуцці, у якіх сорамна прызнавацца; цяпер у мяне няма сумненняў: тое, што мне тады прычыніла такі боль, было расчараванне... расчараванне... гэты юнак так пакорна выйшаў... без ніякай спробы ўтрымаць мяне, застацца са мною... ён так пакорліва і пачціва скарыўся маёй просьбе паехаць, замест таго каб сціснуць мяне ў абдымках... ён шанаваў мяне толькі як святую, якая сустрэлася на яго шляху... і не... не бачыў ува мне жанчыны.
Гэта было расчараванне для мяне... расчараванне, у якім я не прызнавалася сабе ні тады, ні пазней, але жанчына ўсё разумее сэрцам, без слоў. Бо... цяпер я сябе болей не падманваю - калі б гэты чалавек абняў мяне ў той момант, паклікаў мяне, я пайшла б за ім на край свету, я абняславіла б сваё імя, імя сваіх дзяцей... занядбала б людскую думку і голас розуму, я ўцякла б з ім, як гэтая мадам Анрыэт з маладым французам, якога яна напярэдадні яшчэ не ведала... я не спыталася б, куды і ці надоўга, нават не кінула б развітальнага позірку на мінулае жыццё... я ахвяравала б дзеля гэтага чалавека сваімі грошамі, сваім добрым імем, сваёю маёмасцю, сваім гонарам... я пайшла б жабраваць, і, мусіць, няма такой нізасці, да якой ён не мог бы мяне схіліць. Усё, што людзі завуць сорамам і асцярожнасцю, я адкінула б прэч, калі б ён сказаў мне хоць слова, зрабіў хоць адзін крок да мяне, калі б ён паспрабаваў утрымаць мяне; у гэты момант ён меў поўную ўладу нада мною. Але... я ўжо гаварыла вам... гэты апанаваны дзіўным пачуццём чалавек болей не бачыў і мяне і жанчыны ўва мне... а з якою сілаю, з якою адданасцю рвалася я да яго, я адчула толькі тады, калі засталася адна, калі пачуццё, якое толькі што прамільгнула на яго ясным, сапраўды незямным твары, сціснула мне грудзі ўсім цяжарам нераздзеленага пачуцця. Я ледзь авалодала сабою, з яшчэ большай агідаю падумала пра свой візіт да сваякоў. Мне здавалася, што на галаве ў мяне цяжкі жалезны шлем, які сціскае лоб і сваім цяжарам прыгінае мяне да зямлі; калі я нарэшце пайшла ў гатэль, дзе жылі сваякі, думкі ў мяне блыталіся, а ногі запляталіся. Я тупа сядзела сярод вясёлай балбатні і кожны раз палохалася, калі выпадкова паднімала вочы і бачыла іх нерухомыя твары, якія, у параўнанні з тым, нібы ажыўленым гульнёю святлаценю тварам, выглядалі як застылыя маскі. Мяне як бы абступілі нябожчыкі - такою нежывою здавалася мне гэтая кампанія; і калі я апускала цукар у кубак і рассеяна падтрымлівала гутарку, перада мною з кожным біццём сэрца паўставаў другі твар, назіраць за якім стала мне шчасцем і які я - страшна падумаць! - праз гадзіну-другую ўбачу апошні раз. Я, мусіць, міжволі ўздыхнула ці застагнала, бо стрыечная сястра майго мужа нахілілася да мяне: што са мною, ці здаровая я, такая бледная, нібы чымсьці прыгнечаная. Я адразу выкарыстала яе пытанне, сказала, што мяне мучыць мігрэнь, і папрасіла дазволу непрыкметна пайсці да сябе.
Цяпер я зноў належала сабе; я паспяшалася ў свой гатэль. І ледзь я засталася адна, як мяне зноў ахапіла пачуццё пустаты і пакінутасці і прачнулася - відаць, у сувязі з гэтым - туга па гэтым юнаку, з якім я сёння павінна была развітацца назаўсёды. Я мітусілася па пакоі, без патрэбы высоўвала шуфляды, змяніла сукенку, стужку; потым я стаяла перад люстэркам і дапытлівым позіркам разглядвала сябе: можа, у такім уборы я ўсё-такі змагу прыкаваць яго ўвагу. І раптам я зразумела, чаго хачу: пайсці на ўсё, толькі не адпускаць яго! На працягу адной важнай секунды гэтае жаданне стала рашэннем. Я збегала ўніз да парцье і паведаміла яму, што ад'язджаю вячэрнім цягніком. Трэба было спяшацца: я пазваніла пакаёўцы, каб яна памагла ўпакаваць рэчы - час падганяў; і пакуль мы з ёю паспешна, навыперадкі складвалі ў чамаданы сукенкі і ўсякую драбязу, я марыла аб тым, як буду праводзіць яго і ў апошні, самы апошні момант, калі ён ужо падасць мне руку на развітанне, раптам, на яго здзіўленне, увайду ў купэ, каб правесці з ім гэтую ноч, і яшчэ адну - столькі, колькі ён захоча. Я была ў нейкім чадзе захаплення; кідаючы сукенкі ў чамаданы, я, на здзіўленне пакаёўкі, гучна смяялася. Я цьмяна ўсведамляла, што ў галаве ў мяне ўсё пераблыталася. Калі слуга прыйшоў па багаж, я неўразумела зірнула на яго: цяжка было думаць аб такіх звычайных рэчах, калі я сябе не помніла ад хвалявання.
Часу было мала: відаць, вось-вось праб'е сем гадзін, да адыходу цягніка заставалася ў лепшым выпадку дваццаць хвілін; праўда, суцяшала я сябе, я іду не дзеля таго, каб развітацца, калі я надумала суправаджаць яго, суправаджаць да таго часу, пакуль яму гэта будзе пажадана. Слуга вынес чамаданы, а я пабегла да касы гатэля, каб заплаціць па рахунку. Адміністратар ужо працягваў мне рэшту, я ўжо збіралася ісці, як раптам чыясьці рука ласкава дакранулася да майго пляча. Я здрыганулася. Гэта была мужава стрыечная сястра; устрывожаная недамаганнем, якое я перад ёю разыграла, яна прыйшла наведаць мяне. У мяне пацямнела ў вачах. Я не магла прыняць яе: кожная секунда магла аказацца пагібельнай; але ветлівасць абавязвала мяне ўдзяліць ёй хоць крыху ўвагі.
- Ты павінна легчы ў ложак, - настойвала яна, - я ўпэўнена, што ў цябе гарачка.
Мусіць, гэтак яно і было, бо ў скронях у мяне стукала, перад вачамі мільгалі сінія кругі - яшчэ крыху, і я магла б страціць прытомнасць. Я адмовілася легчы і падзякавала ёй за спагаду, хоць кожнае слова пякло, як агнём, і мне вельмі хацелася выштурхнуць яе вон разам з яе надакучлівымі клопатамі. Але няпрошаная госця ўсё не ішла і не ішла; яна прапанавала мне адэкалону, не паленавалася сама пацерці мне скроні, а я лічыла хвіліны, думала аб ім, ламала галаву, як бы мне пазбавіцца ад гэтай пакутлівай спагады. І чым болей я хвалявалася, тым мацней рабілася яе трывога за мяне; нарэшце яна паспрабавала ледзь не сілаю прымусіць мяне падняцца ў нумар і легчы. Але раптам - сярод яе ўгавораў - я кінула позірк на гадзіннік, які вісеў у вестыбюлі: дваццаць восем хвілін на восьмую, а ў сем трыццаць пяць адыходзіць цягнік. І рэзка, парывыста, з грубаю роспачнаю абыякавасцю я сунула стрыечнай мужавай сястры руку: «Бывай, мне трэба ісці» і, не звяртаючы ўвагі на яе неўразумелы позірк, стрымгалоў прабегла міма здзіўленых лакеяў, выскачыла на вуліцу, кінулася да вакзала. Ужо па ўсхваляванай жэстыкуляцыі слугі, які чакаў мяне з багажом на пероне, я зразумела, што пазнюся. Я рванулася да бар'ера, але мяне спыніў кантралёр: я забылася ўзяць білет. І пакуль я адчайна ўгаворвала яго прапусціць мяне, цягнік крануўся з месца; дрыжучы ўсім целам, я напружана ўглядвалася, спадзеючыся злавіць у адным з акон хоць позірк, ці прывітанне, ці знак рукою. Але ў паспешным бегу цягніка я ўжо не магла распазнаць яго твар. Усё хутчэй каціліся вагоны, і праз хвіліну перад маімі невідушчымі вачамі не засталося нічога, акрамя чорнага дымнага воблака.
Доўга я прастаяла, як скамянелая, бо слуга, відаць, некалькі разоў спрабаваў загаварыць са мною, перш чым адважыўся крануць мяне за руку. Тут толькі я ачнулася. Занесці рэчы назад у гатэль? Прайшло хвіліны дзве, пакуль я сабралася з думкамі; не, гэта немагчыма. Вярнуцца туды пасля недарэчнага, раптоўнага ад'езду - не, нізашто на свеце. Мне хацелася хутчэй застацца адной, і я загадала здаць рэчы ў камеру захавання. І толькі цяпер, у вакзальнай мітусні, у кругавароце мноства твараў, я паспрабавала абдумаць, цвяроза абдумаць, як пераадолець пачуццё гневу, тугі і роспачы, якое балюча душыла мяне, бо - павінна прызнацца - думка, што я па сваёй віне прапусціла апошнюю сустрэчу, пякла мяне, як распаленым железам. Боль рабіўся ўсё больш нясцерпным, і я ледзь стрымлівалася, каб не закрычаць. Мусіць, толькі ў непаўторныя хвіліны жыцця ў людзей бываюць такія раптоўныя, як лавіна, імклівыя, як бура, выбухі пачуццяў, калі ўсе пражытыя гады, увесь цяжар нерастрачаных сіл адразу навальваецца на чалавека. Ніколі ні дагэтуль, ні пазней не адчувала я такога крушэння надзей, такой бяссільнай злосці, як у тую хвіліну, калі я адважылася на самы рызыкоўны крок, адважылася адным ударам разбурыць усё сваё зберажонае, назапашанае, наладжанае жыццё і раптам апынулася перад неадольнаю, бяссэнсаваю сцяною, аб якую бездапаможна білася маё пачуццё.
Тое, што я рабіла потым, было, канечне, гэтак жа бяссэнсава; гэта было недарэчна, неразумна, мне нават сорамна пра гэта расказваць - але я абяцала сабе, абяцала вам нічога не ўтойваць: я... я хацела вярнуць яго сабе... гэта значыць, вярнуць тыя імгненні, якія правяла з ім... мяне нястрымна цягнула туды, дзе напярэдадні мы былі разам... да лаўкі, з якой я яго падняла, у гульнёвую залу, дзе я яго ўпершыню ўбачыла, і нават у той прытон, толькі б яшчэ раз усё перажыць зноў. А назаўтра я збіралася ўзяць экіпаж і паехаць па Карнішы, па той самай дарозе, каб кожнае слова, кожны жэст зноў паўсталі перада мною, - сапраўды, такою вялікаю, такою дзіцячаю была мая збянтэжанасць. Але падумайце, як маланкава зваліліся на мяне ўсе гэтыя падзеі, - я адчувала іх як адзін ашаламляльны ўдар. І цяпер, гэтак груба абуджаная ад свайго ап'янення, я хацела яшчэ раз, кропля за кропляю, упіцца мімалётна перажытым з дапамогаю таго магічнага самападману, які мы завём успамінам; канечне, такое жаданне не кожны зразумее. Можа, каб зразумець гэта, патрэбна палымянае сэрца.
Дык вось, я перш за ўсё пайшла ў казіно, каб знайсці стол, за якім ён сядзеў, і там сярод другіх рук уявіць сабе яго рукі. Я ўвайшла ў залу. Я помніла, дзе ён сядзеў, калі я ўпершыню ўбачыла яго, за сталом злева, у другім пакоі. Мне гэтак выразна ўяўляўся кожны яго рух, што я з заплюшчанымі вачамі, вобмацкам знайшла б яго месца. Увайшоўшы ў залу, я накіравалася туды. І вось... калі я ў дзвярах зірнула на натоўп, са мною адбылося нешта дзіўнае... там, на тым жа месцы, дзе я яго сабе ўяўляла, там сядзеў... няўжо гэта ліхаманкавае трызненне, галюцынацыя?.. ён, сапраўды, ён... ён, дакладна такі, якім толькі што ўяўляла яго мая фантазія... дакладна такі, як учора, ён, бледны, як прывід, не зводзячы вачэй з шарыка,... але гэта быў ён... канечне, ён...
Я так спалохалася, што ледзь не ўскрыкнула. Але ўяўленне было настолькі недарэчнае, што я тут жа авалодала сабою і заплюшчыла вочы. «Ты з глузду з'ехала... ты трызніш... у цябе гарачка... - гаварыла я сабе. - Гэта ж немагчыма, табе здалося... Паўгадзіны таму назад ён паехаў».
Толькі пасля гэтага я зноў расплюшчыла вочы. Але, гэта было жахліва, прывід не знік: ніякага сумнення - ён па-ранейшаму сядзеў там... сярод мільёнаў рук я пазнала б гэтыя рукі... не, мне не трызнілася, гэта быў сапраўды ён. Ён не паехаў, як пакляўся, вар'ят сядзеў тут, ён прынёс сюды, на зялёны стол, грошы, якія я дала яму на дарогу, і, зусім самазабыўна, аддаваўся свайму згубнаму захапленню - гульні, пакуль я роспачна рвалася да яго ўсім сэрцам.
Шалёны гнеў авалодаў мною; усё паплыло ў мяне перад вачамі, і я ледзь не кінулася да яго, каб схапіць за горла клятвапарушальніка, які гэтак бессаромна падмануў мой давер, абразіў мае пачуцці, маю адданасць. Але я яшчэ знайшла ў сабе сілу стрымацца. З наўмыснай маруднасцю (чаго гэта мне каштавала!) падышла я да стала і спынілася якраз перад ім; нейкі пан ветліва ўступіў мне месца. Два метры зялёнага сукна раздзялялі нас, і я магла, як з тэатральнай ложы, глядзець на яго, бачыць той самы твар, які дзве гадзіны назад быў азораны ўдзячнасцю, ззяў боскаю ласкаю, а цяпер зноў перакрывіўся ад пякельных пакут згубнага захаплення гульца. Рукі, тыя самыя рукі, што сёння ўдзень у экстазе свяшчэннай клятвы сціскалі спінку малітоўнай лаўкі, як сладастрасныя вампіры, перабіралі грошы. Ён выйграў, мусіць, шмат, вельмі шмат выйграў: перад ім вырасла бязладная куча жэтонаў, луідораў і банкнотаў - хаатычнае нагрувашчанне багацця, у якім шчасліва пацягваліся, купаліся пальцы, яго дрыготкія нервовыя пальцы. Я бачыла, як яны з любасцю разгладжвалі і складвалі паперкі, круцілі і качалі залатыя манеты, потым раптам шпурлялі прыгаршчу іх на адзін з квадратаў. І адразу крылы носа пачыналі ўздрыгваць, вокрык круп'е адрываў яго прагныя, бліскучыя вочы ад грошай, ён пільна сачыў за шарыкам, які падскокваў і дробна стукаў; ён увесь паглыбіўся ў гэтае сузіранне, і толькі локці, здавалася, былі прыбітыя да зялёнага стала. Яшчэ страшней, яшчэ жахлівей, чым у мінулы вечар, праяўлялася яго апантанасць, бо кожны рух забіваў ува мне той, другі, быццам на залатым полі ззяючы вобраз, які я легкаверна захавала ў сваім сэрцы.
Мы за два метры адно ад аднаго; я пільна глядзела на яго, але ён не заўважаў мяне. Ён не бачыў мяне, ён нікога не бачыў: позірк яго то адрываўся ад грошай перад ім, то ліхаманкава сачыў за шарыкам, калі той пачынаў круціцца, то зноў утаропліваўся на грошы; у гэтым замкнутым коле круціліся ўсе яго думкі і пачуцці; увесь свет, усё чалавецтва зводзілася для гэтага маньяка да кавалка падзеленага на квадраты зялёнага сукна. І я ведала, што магу стаяць тут гадзінамі - ён нават не заўважыць маёй прысутнасці.
Але я не магла болей трываць. Раптам я адважылася, абагнула стол, падышла да яго ззаду і моцна ўчапілася ў яго плячо. Ён павярнуўся і неўразумела паглядзеў на мяне ашклянелымі вачамі, зусім як п'яны, якога толькі што расштурхалі і які глядзіць спрасонку мутнымі, невідушчымі вачамі. Потым ён, здавалася, пазнаў мяне, яго дрыготкія губы разамкнуліся, ён радасна зірнуў на мяне і прашаптаў таямніча і як бы па сакрэце:
- Усё добра... Я так і ведаў, калі ўвайшоў і ўбачыў, што ён тут... Я так і ведаў...
Я не зразумела яго. Я бачыла толькі, што ён ап'янёны гульнёю, што гэты вар'ят пра ўсё забыўся - пра сваю клятву, пра наш угавор, пра мяне і пра ўвесь свет. Але перад яго шалёным экстазам я не магла ўстаяць і, міжволі падпарадкоўваючыся яму, са здзіўленнем спыталася, пра каго ён гаворыць.
- Пра вунь таго старога, аднарукага расейскага генерала, - шапнуў ён і падсунуўся да мяне зусім блізка, каб ніхто не падслухаў чарадзейнай таямніцы. - Вунь ён - з сівымі бакамі, а за крэслам стаіць слуга. Ён увесь час выйграе, я яшчэ ўчора сачыў за ім, у яго, мусіць, свая сістэма, і я кожны раз стаўлю на тое ж поле, што і ён... Ён і ўчора ўвесь час выйграваў... Я толькі зрабіў памылку - працягваў гуляць і пасля таго, як ён пайшоў... Тут я памыліўся... Ён выйграў учора, здаецца, тысяч дваццаць франкаў... і сёння кожны раз выйграе. Я стаўлю ўвесь час за ім... Цяпер...
Раптам ён змоўк на паўслове - пачуўся рэзкі выкрык круп'е: «Faites votre jeu!»*, і позірк яго прагна пацягнуўся туды, дзе паважна і спакойна сядзеў сівабароды расеец; генерал няспешна паставіў на чацвёрты нумар спачатку адну залатую манету, а потым, памарудзіўшы, другую.
* Рабіце стаўку! (фр.).
Адразу ж такія знаёмыя мне дрыготкія пальцы рвануліся да кучкі грошай, і ён шпурнуў жменю залатых манет на той самы квадрат. І калі праз хвіліну круп'е абвясціў «нуль» і адным узмахам лапаткі ачысціў увесь стол, ён здзіўленым позіркам праводзіў свае зніклыя грошы. Але вы думаеце, ён павярнуўся да мяне? Не, ён зусім пра мяне забыўся, я выпала, знікла, пайшла з яго жыцця; усёю сваёю істотаю ён быў прыкаваны да расейскага генерала, які спакойна падкідваў на далоні дзве залатыя манеты, раздумваючы, на якую б лічбу паставіць.
Я не магу перадаць вам свайго гневу, свае роспачы. Можаце ўявіць сабе, што я адчувала: дзеля гэтага чалавека я ахвяравала ўсім сваім жыццём, а для яго я была толькі мухаю, ад якой ён ляніва адмахнуўся. Зноў мяне захліснула хваля злосці. З усяе сілы я ўчапілася ў яго руку, так моцна, што ён уздрыгнуў.
- Зараз жа ўстаньце! - ціха, але катэгарычна прашаптала я. - Успомніце, якую клятву вы далі мне сёння ў царкве, нікчэмны вы чалавек, клятвапарушальнік!
Ён зірнуў на мяне здзіўлена і раптам пабялеў. У вачах у яго з'явіўся вінаваты выраз, як у пабітага сабакі, губы задрыжалі: здавалася, ён адразу ўспомніў усё, што было, і жахнуўся.
- Так... так... - прамармытаў ён. - Божачка, а божачка!.. Так... я іду... Прабачце...
І яго рука пачала ўжо зграбаць грошы, спачатку хутка, парывіста-рэзкімі рухамі, але потым усё больш марудна, быццам нешта яе стрымлівала. Яго позірк зноў спыніўся на расейскім генерале, які якраз рабіў стаўку.
- Адну хвілінку... - Ён кінуў пяць залатых на той квадрат, што і генерал. - Толькі гэтую стаўку... Клянуся вам, я зараз жа пайду... Толькі стаўку... апошнюю...
І зноў маўчанне. Шарык закруціўся і пацягнуў яго за сабою. Зноў гэты апантаны выслізнуў ад мяне, ад самога сябе, захліснуты кручэннем паліраванага кола, дзе шалеў малюсенькі шарык. Зноў выкрык круп'е, зноў лапатка змахнула яго пяць залатых манет: ён прайграў. Але ён не павярнуўся. Ён забыўся пра мяне, як забыўся пра сваю клятву, пра слова, якое даў мне хвіліну таму назад. Зноў яго рука прагна пацягнулася да ўжо значна меншай кучкі грошай, і ап'янелы позірк быў прыкаваны, нібы да магніта, да візаві, які прыносіў яму шчасце.
Цярпенне маё кончылася. Я зноў страсянула яго, але цяпер ужо моцна.
- Уставайце! Зараз жа... Вы сказалі, толькі гэтую стаўку...
Але тут здарылася нечаканае. Ён раптам крута павярнуўся; на яго твары, звернутым да мяне, ужо не было ні ценю пакоры і збянтэжанасці; гэта быў твар даведзенага да шаленства чалавека, вочы яго гарэлі гневам, губы дрыжалі ад злосці.
- Пакіньце мяне ў спакоі! - зашыпеў ён. -Ідзіце адсюль! Вы прыносіце мне няшчасце. Калі вы тут, я ўвесь час прайграю. Учора так было, і сёння зноў. Ідзіце адсюль!
На момант я скамянела. Але яго нястрыманасць распаліла і мой гнеў.
- Я прыношу вам няшчасце? - сказала я. - Вы лгун, вы злодзей, вы пакляліся мне...
Тут я спынілася, бо ён ускочыў з крэсла і адштурхнуў мяне, нават не заўважаючы, што вакол нас узняўся шум.
- Пакіньце мяне ў спакоі! - гучна закрычаў ён, не помнячы сябе. - Не трэба мне вашай апекі... Вось... вось... вось вам вашы грошы! - І ён шпурнуў мне некалькі стофранкавых білетаў. - А цяпер пакіньце мяне ў спакоі!