12859.fb2 Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

"Дурань, дурань!"

Ён гатовы быў махнуць на сябе рукой.

- Але сонца такое дужае, - сказаў ён усё ж упарта. - Няўжо ўсякi след знiкне? Можа, што-небудзь i застанецца, Таня? Падумай.

I Таня, падумаўшы нядоўга, згадзiлася з iм.

- Цудоўна, - сказала яна. - Што-небудзь павiнна застацца, усё не можа мiнуцца. Iнакш куды ж... - спыталася яна са слязьмi, - куды ж падзенецца наша верная дружба навекi?..

Дзецi абнялi адзiн аднаго.

Цёплае паветра абдало iх твары. Адзiнокiя птушкi глядзелi на iх з вышынi.

Скончылася маленства! Як гэта здарылася? I хто б мог iм пра гэта сказаць? Нi пясок, нi лес, нi камянi, якiя былi з iмi заўсёды.

Толькi родная рака iх бегла ўсё далей да ўсходу, струменiлася памiж цёмных гор. I там, у непрагляднай далечы, паўставала перад iмi iншая, чарадзейная краiна, распасцiраўся светлы край.

I, абняўшыся, яны неадрыўна глядзелi ў адзiн бок, не назад, а наперад, таму што ў iх яшчэ не было ўспамiнаў.

Але першы смутак расстання патрывожыў iх.

- Бывай, дзiкi сабака дзiнга, -сказаў Фiлька, - бывай!

Яму хацелася горка заплакаць, але ён быў хлопчык, якi нарадзiўся ў маўклiвым лесе, на беразе суровага мора.

Ён лёг на пясок ля вады i зацiх.

А Таня пайшла па пяску ўздоўж ракi, i чысты вецер, што прыляцеў з таго ж суровага мора, дзьмуў увесь час ёй ў твар.