12862.fb2
Дзе адбываюцца падзеi рамана
1. Рачкевiчы, Залеўскага ўладанне.
2. Мястэчка Сумлiчы, адкуль родам Фэлькава жонка.
3. Сцяпура Фэлька родам з Якубаўшчыны. Там на вузкiх палосах памiж двух лясоў паставiў сабе хату i жыў там. (Гэта калi пашыралася пасля рэвалюцыi мястэчка Сумлiчы.)
4. Мiроўшчына, прададзеная Залеўскiм, дзе Рыгор Сухменьчык купiў сабе рату зямлi.
5. Горад Нясвiж. Каля яго дробны маёнтачак Раткава, дзе знайшоў сабе другую жонку з грашыма Залеўскi, пасля лета 1920 году.
6. Менск.
7. Варшава.
1. У рамане павiнна быць добра i дакладна сказана аб мясцiнах i пунктах, дзе адбылiся падзеi ў розныя часы i дзе завязалiся i развязалiся справы.
2. Павiнен быць распрацаваны дакладна лёс кожнага персанажа.
3. Распрацаваць квадры-абсягi-малюнкi рамана.
4. Часткi рамана. Раздзелы. Змест iх усiх i нумарацыя.
5. Назва рамана.
Няшчасны i мiлы Фiнкель, жыве ў "Якары" на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пiсьменнiк i вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей20. На тым жа паверху ўсю зiму займала асобны нумар мадам Дадзiёмава, цяперашнi цэнзар над усiм друкам БССР. Да вайны яна з году ў год была ў такiм чыне: "намеснiк начальнiка ўпраўлення справаў мастацтваў пры Саўнаркоме БССР". Самай важнай адзнакай гэтай установы была тая, што ў ёй нiколi, за год дзесяць, не было сказана нiводнага беларускага слова. А беларускае мастацтва было тым пунктам, навокал якога збiралiся сотнi прайдзiсветаў ваяваць за медалi i ордэны. Такiм парадкам iшло спустошанне мастацтва i з яго выветрывалася душа народа. Дадзiёмава не з гэтага вядомая асоба. Яна вядомая з iншага. Гэта хiтрая i спекулянцiстая местачковая жыдоўка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспублiцы. Яна сябра партыi. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасцi яна бачыць не iдэю, а i кар'еру. У iншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазiнам. Яна некультурная i нават непiсьменная (па-беларуску яна чытае дрэнна i зусiм не ўмее пiсаць). Яна адцуралася свае нацыянальнае жыдоўскае культуры i асiмiлiравалася. Куды? Вядома, як i кожны паразiт, яна iшла на гатовае. Працэс асiмiляцыi iшоў у гатовую ўжо вялiкую расейскую культуру. Але яе прырода не дазваляе так адразу асiмiлявацца. Яна гаворыць па-расейску так, што трэба смяяцца. Да якой жа культуры яна належыць? Да жыдоўскай? Не. Да расейскай? Не. Да беларускай? Не. Яна выраклася жыдоўскай культуры, iмкнецца i не дайшла да расейскай i стараецца мець высокую пасаду пры беларускай. Навадняючы беларускiя ўстановы, Дадзiёмава выгнала з iх беларускую мову. А цяпер, бачачы, што як бы дзьме беларускi вецер, яна, цэнзар, калечыць сваiм алавiком мову беларускай лiтаратуры, думаючы гэтым паказаць начальству, што яна i ведае беларускую мову i займаецца ёю. Начальства гэтае (скажам, Гарбунова) лёгка ашукаць, бо яно само беларускае мовы не ведае i нiколi блiзка ля яе не ходзiць. Усе гэтыя днi я чакаю: цi знiме П. Дадзiёмаву з пасады цэнзара, цi не? Калi не, дык - каму ж верыць i дзе шукаць ратунку?
А ўрэшце - аб чым думаць? Усё гэта глупства, не вартае пяра. Самае важнае - маё пяро i раманы. Пакуль жыву - дзяўбу пяром камень. Пяро трывалае.
25 жнiвеня
Здароўе крыху як бы лепш. I настрой лепшы. Працаваў сёння над "Скiп'ёўскiм лесам". Ужо гэта адно добра, бо тыдняў тры ўжо не браўся за яго. Заўтра пастараюся як-небудзь паслаць у Менск мiламу Максiму Лужанiну пiсьмо22. А блiжэйшымi днямi параю добрых слоў падзякаваць П.К.Панамарэнку за добрую гаворку. Назбiраюцца справы - зноў пайду да яго вырашаць. Гэта будзе ўжо не раней зiмы або ў канцы яе.
6 верасня
Сёння закончыў трэцi раздзел "Скiп'ёўскага лесу". Можа, добра, а можа, вельмi дрэнна. Такi я змучаны i духам i целам i так цяжка жыву, што не адчуваю. Патрэбен доўгi час у цiшынi i спакоi.
8 верасня 1944 г.
За шэсць дзён пераклаў "Позняе каханне" Астроўскага23 - так гнаў мяне ў карак тэатр. I ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст i не забiраюць. Гэта ўсё азiятчына ў эўрапейскай краiне Беларусi. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькi за свой век я зрабiў гэтых перакладаў i напiсаў усяго, што без майго подпiсу запоўнiвае старонкi ўсёй нашай прэсы i ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усiх нас пасушыць.
Быў сёння ў ГIХЛе24. Дагаварыўся аб "Скiп'ёўскiм лесе" i зборнiку апавяданняў. Каб хоць у Менск, цiшыня i спакой, хоць i на попелiшчы. Абы цiхi кут i штодзень спакойна пiсаць.
10 верасня 1944 г.
Учора ўвечары i сёння да паўдня чытаў К.Федзiна "Горький среди нас". Усё гэта мне чужое, але я бачу: Федзiн сапраўдны пiсьменнiк i разумны чалавек. Я ўпэўнен: пра М.Горкага ён напiсаў праўду. Сапраўды, мусiць, так жыў i такi быў М.Горкi, вялiкi расейскi iнтэлiгент з рукамi рабочага. З гэтай кнiгi вiдно, якое бяздонне памiж нашай тагачаснай iнтэлiгенцыяй, маладой, i той, да пакалення якой належыць Федзiн у Расеi. Беларусы гаварылi аб адраджэннi Беларусi, г.зн. аб прыходзе беларускага народа да нацыянальнай дзяржаўнасцi, а расейскiя iнтэлiгенты не мелi нi сваiх задач, нi мэт. Для iх расейскi народ - гэта мужык з барадою. М.Горкi быў адзiн, непаўторны, ён узвышаўся над iмi ўсiмi. Ён бачыў свой народ усюды, дзе былi яго рысы, ён меў глебу. А гэтыя не маюць глебы ў народзе, таму яны не ведаюць пра што пiсаць, шукаюць тэм i сюжэтаў, гавораць аб нейкiх "лiтаратурных знаходках" i сядзяць макам на здрабнеласцi расейскай савецкай лiтаратуры. Для iх калгаснiк - гэта той самы мужык, якi толькi згалiў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць i знойдзе i Эжэнi Грандэ25, i Iвана Карамазава, i Андрэя Балконскага26, i таго, хто не стаў яшчэ лiтаратурным персанажам, але ўжо стаў героем Савецкага Саюза. У вялiкай лiтаратуры персанажы маюць сваю бiяграфiю. А каб пiсаць бiяграфii людзей, трэба ведаць, што народ - гэта мiльёны iндывiдуальнасцей, кожны з сваiм iндывiдуальным аблiччам i лёсам, хоць i падначаленымi аднаму закону жыцця - нацыянальнаму i дзяржаўнаму. Чамусьцi пасля кнiгi К. Федзiна я пачаў думаць пра з'яву невядомую i чужую ўсяму таму, што ў той кнiзе: я думаю пра вечнае сваё, пра Францiска Багушэвiча. Кожная тая кнiга добрая, калi яна ўзбiвае чалавека на сталыя i важныя думкi.
29 верасня 1944 г.
Пятнiца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пiсьменнiкаў. Няма дзе адаспацца i адляжацца. Усе днi балiць галава, хiлiць на сон i зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошнi мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру i буду дбаць аб здароўi i пiсаць. За гэтыя днi бачыўся з Р.Шырмам27. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака28 i М.Танка. Каталiцкае духавенства, дзе якое было раней i якое дзе цяпер з'явiлася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланiзуюць сваiх парафiян i тлумачаць, што няма нiякай Беларусi, а ёсць Польшча. Усё iдзе ад вiленскага бiскупа Ялжбыкоўскага29. Аб гэтым дакладна ведае i тужыць беларускi патрыёт менскi ксёндз Шутовiч30. Я цвёрда намерыўся пiсаць старшыню Саўнаркома дакладную запiску, набраўшы фактаў. ("Нацыянальныя польскiя" сельсаветы ў Чарнагубаве i Каралiшчавiч[ах].) Пальшчызна стараецца пакiнуць польскага духу тут на наступныя пакаленнi.
3 кастрычнiка
Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужанiну, як яго мучылi ў польскай турме. Алаўкi памiж пальцаў, пампавалi ваду праз нос, бiлi гумавым кiем, замыкалi рукi ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цiкава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.31 мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi, але рук у кайданы не замыкалi.
Сёння ўночы пацукi не далi спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антанiне Лукашэўскай i двох яе сынох. Усё гэта можа пад маiм пяром ажыць i жыць доўгiм, поўным жыццём. I да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад свiтаннем я заснуў без трывогi i суму. Калi ўжо будзе тая кватэра i цiхi кут, каб пiсаць! Просiцца з пяра артыкул у "Звязду" аб лiтаратуры.
4 кастрычнiка
Серада. Хмурна. Дождж. Пiсаў "Скiп'ёўскi лес". Трэба далей так, кожны дзень.
5 кастрычнiка
Нiчога не пiсаў. Няма дзе падзецца i прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотнi за дзень перавярнулася. Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ i ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Найдус з хлапчуком, якi адразу пачаў рваць мяне за камызэльку. Гэтая жыдоўка лiчыць сябе польскай пiсьменнiцай i прыехала жыць у Менску. У Беларусi асталося сем пiсьменнiкаў беларускiх, а сябраў саюза пiсьменнiкаў у Беларусi звыш сотнi. Лупсякоў32 ужо дванаццаць год пiша, вучыўся ў унiвэрсiтэце i яшчэ ўсё не ведае граматыкi. Каб усе яны пакiнулi пiсаць сваю халтуру, а сталi будаўнiкамi, краўцамi, кавал[ям]i, земляробамi або падвучылiся i сталi настаўнiкамi, яны маглi б даць карысць рэспублiцы. Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар.
Гэтая Найдус напусцiла на ўсе два паверхi дому пiсьменнiка такога смроду, што Максiма Лужанiна цягне ванiтаваць. Найдусяня мочыцца ў порткi, i яго мацi, якая прыехала ў Менск узбагачаць польскую культуру на Лагойскай расейскай мове, нават i не парупiцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я нiколi яе не бачыў i не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне мiласцiва ўсмiхацца, звысоку i ведаючы сваё вялiкае дастоiнства. З усiмi яна адразу запанiбрата, усiх навучае i ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваiм таварышам, "з iм я была ў Заходняй Беларусi ў падполлi". Яна высокая, як жэрдка, у акулярах i без сцёгнаў. У сiняй спаднiцы да кален, i на панчохах рагi нейкага бруду. Спаднiца ледзь закрывае каленi i фалдаю ўцiснулася ў зад. Але затое яна адзета "па-эўрапейску" - голыя каленi i вузенькая спаднiчка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялiкае i добрае. Яна ж не хоча быць на сваiм месцы: прадаваць у кааперацыi або - чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзiць i на горшую лянуецца. Гэтая плойма ацiраецца каля iнтэлiгенцыi i ўсё з прэтэнзiямi. Яна аблiзвае языком словы: лiтаратура, навука, сацыялiзм, камунiзм, паэзiя, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя... Цяперашнiм часам iх лексiкон узбагацiўся словамi: "усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест..." Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкi i хлебаеды. Так Бэнда33 лез у беларускую крытыку, Клiмковiч34 у беларускую лiтаратуру, Александровiч35 у культуру i грамадскую дзейнасць (сабе на кар'еру), Дадзiёмава ў мастацтва i цэнзуру i Модаль36 усюды, куды толькi льга лезцi.
6 кастрычнiка
Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалi толькi ступенi. Прага мець цiхi свой кут i пасцель i вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькi праз два тыднi. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелi i падушкi. Здань смерцi мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. I кому повем печаль мою? Хоць бы адзiн хто блiзкi i разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.
11 кастрычнiка
Сёння многа i, здаецца, добра пiсаў. 7 кастрычнiка заходзiла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовiч з Вiльнi, жонка ксяндза37 Адама Станкевiча38. Яна прыехала ў Менск, каб дайсцi тут якое-небудзь рады: вiленск[i] бiскуп, пiлсудчык Ялжбыкоўскi садзiць усюды па Беларусi на парафii палякаў ксяндзоў, якiя i прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталiкi ёсць чыстыя палякi. Гэтая жанчына вельмi прыемная асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.
Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч39. Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.
22 лiстапада
Бадай што ўжо месяц, як у "кватэры", дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у "пульку". У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва - за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?
Каментары
Упершыню апублiкаваны ў часопiсе "Полымя", 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С.Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К.Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст "Дзённiка" ў 8-м томе Збору твораў: хрушчоўская "адлiга" змянiлася брэжнеўскiмi "прымаразкамi".
Друкуецца паводле часопiса "Полымя" (1988. № 4. С.155-163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р.Раманоўскай). Публiкацыя суправаджаецца ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў "Дзённiк" яшчэ адным "красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага".
Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск- Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.
Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс Божа, напiшы за мяне мае раманы... На фарзацы сшытка аўтограф "Притыцкий". Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак "майму бацьку", калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi "Якорь". Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.
Запiсы К.Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).
Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:
с.1-5. Пачатак рамана "Скiп'ёўскi лес" (канчаецца фразай: Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу);