13636.fb2 Дрэва вечнасці - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Дрэва вечнасці - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Апавяданне аб падарожжы ў стагоддзі

Вам ніколі не даводзілася зайздросціць старажытнаму князю Давіду з палескага Гарадка? Мы ў тое лета зайздросцілі яму, як Яга зайздросціў Венецыянскаму Маўру, як Сальеры зайздросціў Моцарту, як... як усе бездары зайздросцяць Чалавеку.

Мы — гэта наш шафёр, асістэнт аператара, аператар (ён жа рэжысёр) Анатоль Забалоцкі, друг аператара (нельга ж было кінуць нечаканага госця ў пустым горадзе, ды і паехаць) і я, сцэнарыст, ён жа казначэй, ён жа здабывальшчык прыпасаў, адказны за вогнішча, добры хлопец, пры зручным выпадку — брат па бутэльцы і прочая, і прочая, і прочая.

Мы адчувалі сябе бяздарнасцямі. Мы шмат дзён не маглі вытрасці са студыі машыну, грошы, шафёра, скаты, трасцу, халеру. Князю было добра: узяў сабе са скарбніцы тры капы грошай, загадаў стайніку прывесці коней, гукнуў харобрую дружыну, ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі, шыраючы шызым воўкам, а таксама арлом пад аблацы, проста пад Марыенбург і Берлін, трэсці крыжакоў. Яму гэта ўдавалася лёгка аж у некалькіх дзесятках паходаў, аж пакуль у апошнім не аддаў ён свайму богу пасечанай мячамі душы.

А ў нас не было ні сваіх коней, ні сваёй скарбніцы, а студыя пачасту трымала сябе так, быццам гэта нам і толькі нам патрэбен быў гэты фільм аб старажытных беларускіх дрэвах.

У другіх паездках было лягчэй, а тут мы намучыліся, як грэшныя душы ў пекле. Калі мы ўрэшце здабылі ўсё, што трэба, выявілася, што «казёл» наш жарэ бензін, як пан Дубатоўк віно (і з такім самым, мала прыкметным, рэзультатам), што скаты нашы маюць тэндэнцыю раз-пораз аддзімаць (пэўна, ад спёкі), а тэнт па дзіравасці нагадвае плашч святога Марціна, а па здатнасці ўсёй паверхняй прапускаць ваду — амаль усе тыя плашчы, якія мне даводзілася купляць за дваццаць год самастойнага жыцця.

Але позна было ўжо, і мы ехалі і ехалі далей у поўнай пакоры лёсу, цьмяна спадзеючыся, што скаты і камеры вытрымаюць лясныя карэнні лепей, чым асфальт, што ў ярах, каляінах і дзюнах у «казла» будзе меншы апетыт, што дажджу, дасць Бог, і не будзе, што нам не давядзецца каціць нашага каня і ўсе пажыткі экспедыцыі з нетраў Палесся да цэнтраў цывілізацыі, хаця б і адноснай.

Мы горка памыліліся. Скажу толькі аб дажджы, які паласаваў нас на працягу дванаццаці гадзін, калі мы ехалі назад. Я вёз з сабою рукапіс рамана (хлопцы збіраліся кінуць мяне ў маім Рагачове, вяртаючыся ў Менск), і ўсе дванаццаць гадзін я сядзеў на рукапісе, прыкрываючы яго ўласным целам. Пэўна, я прамок з галавы да ног, бо рукапіс па прыездзе быў трохі падмочаны.

Угледзьцеся ў гэтыя падцёкі, нашчадкі, і памяніце нас добрым словам за нашы пакуты.

Не буду расказваць пра ўсю нашу дарогу. Пастараюся толькі пакаяцца перад загадчыкам фермы, што пад Парычамі. Мы выехалі, па віне студыі, позна, прыехалі туды, на бераг Бярозы, зусім уначы, і (паверце, толькі сілаю жорсткіх абставін!) я вымушаны быў сцягнуць з кастра каля фермы некалькі паленцаў, каб раскласці хоць нейкае цяпельца і, хаця пры ягоным святле, нацягаць пасля лаўжоў і сухастою, каб развесці зыркае вогнішча і сяк-так пераначаваць ля яго.

Але вы яшчэ не ведаеце, якая была наша мэта? Мы ехалі ў Палессе, у глыбіню ягоную, за Мазыр і Лельчыцы, каб «засняць» каля вёскі Данілегі славуты тысячагадовы цар-дуб, або дуб Крывашапкі. У нас былі ўжо шасцісотгадовыя дубы, чатырохсотгадовыя ясені, таполя Напалеона, дубы Міцкевіча, дубы Ягайлы, проста семісотгадовыя дубы. Нам пазарэз патрэбен быў тысячагадовы дуб. Без яго фільм быў бы не фільм.

Ехалі насустрач стагоддзям.

Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Дзень далёка пераваліў за палову, і я дамогся таго, каб гэтую ноч мы пераначавалі на беразе Прыпяці. Гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма, яна такая адна, і перад ёю, як перад сур'ёзнай кнігай, павінен быць пралог або хаця лірычны ўступ. Лепей за Прыпяць у гэтым сэнсе нічога не прыдумаеш. Мы ад'ехалі далёка ад горада, разбілі палатку і паехалі шукаць рыбакоў «у разважанні, чаго б пад'есці».

Самім лавіць было позна. Прыпяць не любіць тых, што бяруцца за справу на хапка.

Каб мы былі разумнейшыя, мы б ведалі, што ніхто не будзе займацца такой дурасцю, як ловы рыбы, калі за ракою касьба, калі звіняць косы, калі гучна смяюцца каля буданоў бабы, гатуючы вячэру, калі хлопцы, абцершы пукам травы касу, кідаюцца ў раку, каб змыць з сябе дзённы пот, і гучна, цераз мыс, перакідваюцца з дзеўкамі рызыкоўнымі жартамі і ўсім такім іншым, вячэрнім.

Рыбакоў мы сапраўды не знайшлі. Затое знайшлі калег. Яшчэ калі мы ехалі нетрамі, я зразумеў, што дзеля паўнаты шчасця нам не хапае толькі сустрэчы з мядзведзем. Але мядзведзі былі далей (выяўляецца, па шматлікіх расказах, што яны ёсць і тут, а не толькі на Бярозе, мы самі сустракалі людзей, якія зусім нядаўна бачылі іх), за тымі мясцінамі, куды мы ехалі.

І вось мы выехалі на палянку над ракой і ўбачылі там апараты, танваген, людзей і... ніштаватае ўжо медзведзянятка. Нас сустрэлі знаёмыя храпы. Малады аператар расцвіў пралескай і ўсміхнуўся сонцу, беларускім лясам, Прыпяці і мне. І я ўспомніў, як у адной экзатычнай кватэры мы сядзелі і папівалі сухое віно пад крыкі шматлікіх папугаяў і як потым нам, як дарагім гасцям, падарылі каштоўны падарунак: руку эгіпецкай муміі.

Я спаў тую ноч у інтэрнаце і ўсю ноч з прыемнасцю ўспамінаў, што ў мяне пад ложкам, у чамадане, ляжыць рука муміі. Магчыма, эгіпецкай царэўны. Раніцай я зразумеў, што не магу скарыстацца з такога дарагога падарунка, і велікадушна пераўступіў руку муміі майму сябру. Я страшэнна паважаў яго як маладога таленавітага аператара. Я не мог абяздоліць яго, пакінуўшы руку муміі толькі сабе. Раніцай ён сказаў, што занадта малады і не можа адзін карыстацца рукой муміі, што ён нічым не праявіў сябе як малады таленавіты аператар (дагэтуль ён гэтага чамусьці не казаў, а казаў зусім адваротнае), і аддаў руку муміі трэцяму сябру. Увесь час у нашым пакоі нябачна прысутнічала рука муміі. Урэшце мы калектыўна аднеслі руку муміі назад і сказалі, што нашы заслугі перад гэтым домам і ўвогуле нашы добрыя якасці нявартыя такой дарагой узнагароды.

Пасля я купіў новы чамадан, а стары вынес і паставіў на вуліцы. Ад усёй душы спадзяюся, што нехта карыстаецца ім да гэтага часу. Гэта быў харошы, дыхтоўны чамадан. Хай пашле яму Бог доўгае жыццё.

Чаму я ўспомніў аб муміі? А чорт яго ведае... Так.

Медзведзяня знемагала ад спёкі і здаровага маладога апетыту. Дублёр ягоны хроп на ўсе застаўкі і не ведаў, што заўтра менавіта яго чакае тая ж самая цяжкая чаша, а храпці і есці будзе гэты.

Медзведзяняці ў дзень здымак да вечара не давалі досыта пад'есці. Іначай нажарэцца і не захоча працаваць. Зусім як чалавек.

Небарака замарыўся на працы (здымалі чорт ведае колькі дубляў) і нічога ўжо больш не хацеў. У перапынку ён знайшоў пад машынай лёд, накрыты скрынкаю, перакуліў яе і вельмі бадзёра — у спёку гэта добра — узяўся за справу: жэр гэты лёд, як дзеці марожанае, — аж храбусцела.

Лёд адабралі. Тады ён пачаў шукаць нешта другое, але нічога не адшукаў. Знайшоў, што праўда, распачатую бутэльку мёду (у чалавека гэта называецца «прэміяльныя») і палічыў, што за такую работу мае на яе права, — дык і тую не далі. Тады ён вырашыў уцячы, але паколькі яго якраз узялі на павадок — ён даводзіў, што ўнутрана свабодны, тым, што бег на месцы, падскакваў на ўсіх чатырох таўстапятых лапах.

Што ўспамінаеш ты цяпер, бедны, седзячы ў клетцы ў Бярэзінскім запаведніку? Прыпяць? Лёд? Або можа тое, як, вымыты ў ванне і дасуха выцерты, аднойчы ў Менску хроп на маёй тахце, укрыты да галавы народнай посцілкай? Мы тады ўзнялі келіхі і за цябе. А можа думаеш, што людзі знявечылі табе жыццё, што, вольны, ты ніколі б не цягнуўся да іх і, вялізны ўжо, не прасіў бы, выйшаўшы з лесу, цукру і нікога б не палохаў, а значыцца, не трапіў бы і ў клетку?

Хто цябе ведае, аб чым ты думаеш, бедны, палонены людзьмі звер.

Памятаеш, тады, над Прыпяццю, я казытаў табе круглае пуза, перакуліўшы на спіну? Успомні мяне дабром, як і я ўспамінаю цябе.

Пасля ночы, якая паўзла парай з Прыпяці і малочнымі туманамі з лагчын, пасля ракі, спачатку поўнай вячэрняй заранкай, а пасля зорамі, пасля вогнішча і мёртвага сну добра было ехаць Палессем.

Выдаўся цудоўны, раскошны сонечны дзень, такі цёплы, што мы знялі тэнт, апусцілі, спадзеючыся на бязлюддзе і адсутнасць інспекцыі, ветравое шкло, скінулі кашулі і ехалі, і толькі глядзелі, пілі ўсімі вачыма прыгажосць, разлітую вакол.

Цэлымі гадзінамі лясы і лясы, старыя, гордыя сваім узростам лясы! Цэлымі гадзінамі няма ні машыны, ні чалавека, ні вёскі! Чорныя вольхі ў нізіне, ля дарогі. Чорныя вольхі ў два абхваты. Грабы і хвоі ў невыносна злітых абдымках, зараснікі, джунглі падлеску ля ног волатаў, рэчкі, што з цяжкасцю крадуцца праз пушчы. Ціха-ціха, каб хуткім бегам не разбудзіць якога-небудзь паўмёртвага ляснога патрыярха, каб не ўздумаў ён перад смерцю зрынуцца на рачную плынь, перагарадзіць яе, забараніць бегчы далей і прымусіць хітрыць і шукаць абходу.

На рэдкіх палянах — буслы, што бродзяць берагамі ручаін, дзічкі, падобныя на дубы, на зялёныя, у палову неба, хмары.

Продкі пакланяліся дубу і дзічцы, лічылі, што жывуць у іх гордыя душы палескіх мужчын і пяшчотныя душы мясцовых жанчын, ледзь не самых прыгожых на ўсёй Беларусі. Нашчадкі не вераць (а можа і вераць падсвядома, памяццю тысячагоддзяў) у лясных багоў. Але яны і зараз пазбягаюць чапаць гэтыя дрэвы і не чапалі б іх зусім, каб часам не пільная неабходнасць або не загад чалавека, які не ведае звычаяў гэтай зямлі.

Замест гэтага яны ўсцягваюць на кожную такую палянную дзічку, на кожны дуб калоду для дзікіх і свойскіх пчаліных раёў. Часта па тры-чатыры і больш калод на кожнае вялікае дрэва.

Мы завём гэта калодай. Продкі паўсюль называлі гэта «свепет». Мясцовыя людзі кажуць «слепет», і ў гэтым слове ясна адчуваецца старажытнае праславянскае «в», якое так нідзе і не паспела перайсці ў беларускае «ў».

Але я пад гэтымі дубамі, дзічкамі, каштанамі і грабамі з трапятаннем адчуваю дыханне майго прашчура, зменлівае і вечнае Слова яго.

Палессе! Ты ўсё — бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая — драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча — урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё — Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам — неўміручы радок. І кожны свепет на дзічках тваіх — ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара. І пад гэтым небам мы ехалі ў стагоддзі.

Кіламетры за чытыры ад Данілег (Данілевічы таксама) я яшчэ здалёк убачыў нешта такое, што сэрца маё не паверыла і ўпала, а пасля ледзь не выскачыла ад радаснай упэўненасці, што вочы мае не падманулі мяне.

Упоперак пешаходнай сцежкі, якая ў мініяцюры паўтарала сабою гэты зарослы травой прасёлак, ляжаў, па казацкім звычаі, раскінуўшы рукі і ногі, каржакаваты, моцны стары. А ля яго стаяла і прасілася ўзяць старая.

У нас было страшэнна цесна ад экспедыцыйнага барахла, але я непахісна вырашыў: «Гэтых трэба ўзяць». Калі б трэба было — я пасадзіў бы ў гэтую ж самую машыну яшчэ мільён такіх, як яны, а сам выйшаў бы і пайшоў пеша.

Старая была першым прывітаннем ад стагоддзяў, у якія мы падарожнічалі. Нібы прыйшла з сярэдніх вякоў у сваім, з ног да галавы напэўным, народным уборы. Не было хіба што наміткі, або «галавы», таго дзіўнага падабенства белай кісейнай чалмы, што завесаю падае на плечы і пакідае адкрытым адзін толькі твар. Замест яе на галаве была багацюшчая хустка, гладкая і вышытая толькі «на вугал» вышыўкай дзіўнай прыгажосці і майстэрства. На белай доўгай сарочцы не было жывога месца ад візэрункаў, зробленых, магчыма, за доўгія і доўгія месяцы дасканалай у сваім адчуванні прыўкраснага рукой.

Сумесь геаметрычнага арнаменту з раслінным была натуральная і завершаная. Такому навучыць нельга. Тут вучылі тысячагоддзі, а майстар інтуітыўна, але ж прыўносячы сваю індывідуальнасць, паўтараў неабвержны вопыт і густ мільёнаў. Тут было, як з вялікім майстрам народнай песні, які ў вочы не бачыў ніводнай ноты, але спявае, як усе пакаленні вялікіх майстроў да яго. Пачніце яго вучыць, калі ён ужо склаўся. Кажыце яму аб фальшы ў гучанні той ці іншай ноты, аб «пясочку» ў гуку, аб «сцершымся» тэмбры. Вы навучыце! Пры поспеху можа быць нават і добры спявак. Але вялікага майстра не будзе. Вы навучыце, але вы і заб'еце, бо ваш вопыт — нішто перад вопытам тых, якія, не ведаючы, тысячы год спявалі «душой».

Паўзверх гэтай снежна-белай сарочкі з рассыпанымі па ёй вясёлкамі была накінута ядвабіста-сіняя шнуроўка, якая яшчэ і зараз строга і ладна абцягвала стройны (відаць ужо да смерці) і прамы старэчы стан.

Тканы ў рознакаляровыя дробныя шашачкі андарак быў, як трохі прыглушаны (бо так патрабаваў узрост) жар, і дзівосны па спалучэнні колераў. Пасля я ўбачыў маладых. У тых на андараках пераліваліся чыстыя, нязмешаныя колеры. А тут былі хутчэй адценні двух-трох колераў, але адценняў гэтых было мноства. Відаць, і тыя і тыя ткаліся не менш як у дваццаць чатыры ніты.

Чабоцікі каляровай скуры давяршалі ўсё. Нічога не выбівалася з агульнага строю. І я зразумеў, што ў вобразе гэтай старой, сярод гэтых лясоў, пад гэтым беларускім небам, упершыню ў маім нябедным жыцці сустрэлася мне сама Гармонія.

Яе не магло быць ува мне. А ў гэтай старой, у адпаведнасці яе і яе ўбора гэтым ціхім прыглушаным лясам, гэтай забытай дарозе, гэтаму залацістаму вячэрняму небу — яна была. Поўная і дасканалая, пакуль што на адзін толькі вечар у маім жыцці. А можа, на адзін толькі вечар да самага майго скону.

Мы сяк-так размясцілі іх на рэчах, і, дзіўна, наша машына не стала дысанансам, а сама пакорліва падпарадкавалася старажытнай прыгажосці. А старая гаварыла, усплёскваючы рукамі, і, таксама як сама Гармонія, гучаў, пераліваўся, звінеў у яе вуснах пявучы палескі дыялект.

Быў дзень Пятра і Паўла. Стары, муж, па даўняй традыцыі ўчыніў ім патрэбнае ўзліванне (а паколькі святых было два, то няма чаму здзіўляцца, што ўзліванне было двайное) і, нягледзячы на гэта, пераапрануўся і пайшоў на кашару, дзе працаваў вартаўніком.

Яго хацелі затрымаць, прыводзілі рэзонныя доказы, што стаіць лета, а значыць, няма чаго палохацца ваўкоў, што не толькі злодзея, а і ўвогуле чалавека не знойдзеш з агнём на многія вёрсты, але стары занатурыўся.

І вось, нібы чула яе сэрца, устрывожылася, пайшла і ўбачыла, што ляжыць яе стары лясны казак — па казацкім звычаі — упоперак сцежкі і наадрэз не хоча ісці дахаты. Напетрапаўліўся-а. Каб не вы, галубочкі, невядома б, што і рабі-іць.

Я грэшным чынам падумаў, што старая за ўсё жыццё так і не раскусіла яго да канца, што не такі ён і п'яны (дарэчы, ён трохі пасля і давёў гэта), а проста не хацеў ні дадому, дзе ад адных баб кранешся, ні на кашару, дзе авечкі. Усё было прасцей.