14051.fb2
- Лазовыя кошыкi - за невялiкiя грошыкi! Гэ, яшчэ адзiн адметны закутак! Толькi ўжо тут - майстрункi з лазы i лубу, чароту i саломкi. I не адны кошыкi цi кашолкi, а i дарожкi для падлогi, маты аконныя, рамкi для карцiн i фотакартак, капелюшы - адным словам, цэлае раздолле плеценых самаробкаў. Раптоўна напатканыя, яны ў той жа час не здалiся мне неспадзяванкамi, а як бы прынялi мяне ў сваё атачэнне звыкла i па-свойску, так, нiбыта мы даўно знаёмыя i разам трапiлi ў гэты кiрмашовы вiр з ваколiц не то Пiнска, не то маёй роднай магiлеўскай вёскi.
- Тканне i вязанне, вышыўкi!
Навiнкi - адна за адной. I прытыкам у шарэнгах i густымi астраўкамi на пазаддзi. Як выраблены адвольна, так i размясцiлiся дзе папала. Разнастайныя, безлiчныя, яны ўсё ж складалi i нешта адзiнае, стваралi нейкi агульны малюнак. Як i тыя людзi, што тоўпiлiся каля iх, ды i па ўсiм рынку, заклапочаныя сваiмi патрэбамi. Самое жыццё як бы сабралася тут з цэлага краю, пярэстае, шматплыннае, сабралася i, гамонячы галасамi Валяр'янiх i Маркоў, Марыль i Iванаў, усiх вясёлых i сумных, паказвае наросхрыст сваю напратку i душу.
Шырокi панадворак, мноства i новых i адных i тых жа вырабаў у розных месцах - усё абышоў я, усё агледзеў, i калi налюбаваўся, нацешыўся з таго, што пабачыў, павярнуў назад, да тых самаробак, якiя загадзя былi ўзяты на прыкметку. Хацелася прыдбаць сякiя-такiя чароўныя дробязi - на ўспамiн, дзеля зберажэння зазнанай цеплынi.
Я купiў мiнiяцюрную бярозавую статуэтку Лявонiхi-скакухi, саламяную фотарамку-пляцёнку, лёгкую, як пушынка, з цавейцам-шчупачком грушавую лыжку i даволi пагляднага, з пацешным голасам-курлыканнем глiнянага жорава. Купiў, развiтальна аглянуўся на краiну рамяства i пашыбаваў ад яе, прыгадваючы свой пакойчык у гасцiнiцы.
На цэнтральным праездзе рынку прыпынiўся на хвiлiну. Трэба было прыкiнуць-вырашыць, куды лепей, дакладней, куды цiкавей iсцi.
Рынак меў двое варот. Яны размяшчалiся адны супраць адных i выходзiлi на розныя, хоць i паралельныя, як мне казалi, вулiцы. Адну з гэтых вулiц я ўжо ведаў - iшоў па ёй сюды. Хацелася прайсцiся, дзе не быў, па незнаёмай вулiцы, i я скiраваў да яе.
Жывая ручаiна праезда падхапiла мяне i панесла сваёй грукатлiва-шумнаватай плынню. Ляскаталi колы фурманак i ручных тачак, шаргацела i дзугалася зямля пад нагамi пешаходаў. Гамана ж людская чулася мала, ды i прыглушана; тут, дзе заклапочана спяшалiся хто на рынак, а хто з рынку, усё жыло найболей рухам, засяроджанай iмклiвасцю.
Я ўжо быў паблiзу варот, калi раптам прыкмецiў ля iх юнака, якi паводзiў сябе даволi дзiўна. Стоячы на нейкiм узвышэннi, ён пазiраў то на людскую плынь (нiбыта ў мой бок), то некуды ў далячынь праезда i ўзмахваў саламяным капелюшом. "Дык гэта ж той, што быў з Марко, - прамiльгнула ў мяне думка. - I што гэта за знакi ён некаму падае?" Я прыпынiўся i паглядзеў назад - усцяж усёй цэнтральнай дарожкi. I, на здзiўленне сабе, пабачыў, што ля супрацьлеглых варот рынку таксама нехта раз-другi ўзмахнуў шапкай. Узмахнуў i болей - анi знаку, як растаў. "Гэ, цэлая змова! здзiвiўся я i падумаў: - Цi не мае ўся гэта сiгналiзацыя дачыненне да мяне?" Азадачаны, я пастаяў яшчэ крыху, пабегаў позiркам сям-там па праездзе i, не бачачы працягу спектакля, падыбаў далей, поўны разваг i здагадак. За юнаком прадаўжаў назiраць. Бачыў, як ён пры маiм наблiжэннi саскочыў з пустой скрынкi, на якой стаяў, як ён шмыгнуў з людской таўкатнi за вароты, як далучыўся там да сваёй кампанii - двух мужчын i жанчыны з немаўляткам на руках.
Яны стаялi пад дрэвам на другiм баку вулiцы, потым, калi я павярнуў з варот, таропка зайшлi мне наперад i прыпынiлiся на тратуары. Чакалi. А тым часам, як прыкмецiў я, з рынку спяшалася да iх падмацаванне - некалькi чалавек на чале з Марко. I атрымалася так, што, калi я падышоў да першай групы, другая амаль адначасова спынiлася ззаду, сапучы мне ў патылiцу. "Здорава спланавана ў вас!" - ледзь не выгукнуў я, азiраючыся.
Неяк вокамгненна ўтварыўся круг. Я глядзеў на iх, яны - на мяне, з хвiлiну пераглядвалiся моўчкi. I ўсмiхалiся - мажлiва, ад няёмкасцi, мажлiва, ад радасцi. Потым я падмiргнуў Марко, спытаў:
- Ну, што?
- Бяда, бацю, - пераводзячы дыханне, сказаў ён i паказаў на маю сетку. - Не знайшлi ў крамцы... I ў горадзе, кажуць, не будзе...
Пра што iшла гаворка - было зразумела: пра "Цыганiю". Мне пашчасцiла прыдбаць гэтую кнiгу, i яна, як найвялiкшая каштоўнасць, ляжала зараз у маёй сетцы. У сетцы? Ляжала? Не, яна была, яна тахкала ў маiм сэрцы, iскрыла недзе ў закутачку майго мозгу. Са сваёй кранаючай дадатковай назвай - Жарынка, са сваёй легендай i праўдай - хвалюючай бiяграфiяй. Я ўжо ўяўляў, як рынуся чытаць яе, калi прыйду ў гасцiнiцу, уяўляў, якое месца яна зойме ў мяне дома, у сэрцах маiх дзяцей, маiх блiзкiх i знаёмых. У маёй хатняй бiблiятэцы ёсць казкi многiх народаў свету - гэтыя неўмiручыя зернi мудрасцi людзей i вякоў (бадай усе, якiя выдавалiся), не было толькi цыганскiх, i вось яны ёсць, знойдзены нарэшце мною. Я iх не раз буду чытаць, параўноўваць з iншымi, а найперш з тым, што створана маiм народам, буду думаць, шмат думаць пра свае i чужыя шляхi-дарогi. Але ж, вiдаць, нешта падобнае хвалюе, падахвочвае i гэтых вось людзей, што разам з Марко стаяць зараз перада мной. Нездарма ж яны так узрушылiся, нездарма такiя дабойлiвыя. Дзiва што: роднае, самае блiзкае i дарагое i - не маюць, не знайшлi.
- А ён добра пашукаў? - паглядзеў я на Марко i кiўнуў у бок кнiгарнi.
- Добра. I ў запiсах сваiх праверыў - няма, сказаў, болей.
Дзе ж яны могуць дастаць "Цыганiю"? У кнiгарнях тутэйшых няма, пасылаць куды-небудзь просьбы - бескарысны занятак: я ж сам пiсаў. Выпадкова хiба пападзецца ў нейкай глухой крамцы. Толькi надзея на гэта малая: не надта багата тых крамак наведваюць яны, жывучы ў глыбiнцы, ды i не вельмi як гэта кнiга будзе ляжаць там. Выдадзеная недастатковай колькасцю, яна разышлася хутка i не па ўсiх мясцiнах. Што ж, тады трэба пакарыстацца паслугамi якой-небудзь бiблiятэкi, буйной, вядома, дзе ёсць кожнае рэдкае выданне. Але ж хiба яны дамагаюцца гэтага? Хiба такое выйсце задаволiць iх у поўнай меры? Не, iм трэба, каб "Цыганiя" кожны дзень была ў iх пад рукой, неразлучна з iмi. Каб яе чыталi-перачытвалi i дзядзька Марко, i юнак, што ў капелюшы, i гэтае вось цётчына дзiця, калi яно падрасце, усе ад старога да малога. Чым жа яны горшыя за мяне, што я буду мець гэтую кнiгу, а яны не? Хiба ў iх любасць да яе меншая або яны маюць меншае, чым я, дачыненне да яе?
Пакутлiвыя развагi, i iм, каб лiшне не катаваць сябе i Марко з сябрамi, трэба было хутчэй даваць рады.
- Патрымайце, - звярнуўся я да юнака, уступаючы яму адну з дужак сеткi.
Я дастаў "Цыганiю", палез у кiшэню па аўтаручку. Што напiсаць iм на ўспамiн? Братам - ад брата. Так, а далей? Пра сумесныя клопаты i хваляваннi, пра жар узаемнай спагады i падтрымкi. Ну, i яшчэ пра шчасце-радасць на доўгiя гады. Правiльна, бадай, нешта ў такiм плане. Няхай не зусiм арыгiнальна, але затое так, як яно ёсць i як хочацца.
Я зрабiў надпiс на загаловачнай старонцы i працягнуў, дакладней, як бы ўручыў сваю Жарынку дзядзьку Марко. Ён усхвалявана схапiў маю руку i пачаў трэсцi яе, прыгаворваючы:
- Дзякуем, дзякуем, чалавеча. I даруй, даруй нам.
- Нiшто, валодайце, я ж сабе яшчэ знайду, - сказаў я, беручы сетку ад юнака.
Марко паглядзеў на цану кнiгi i выхапiў кашалёк.
- Грошы тут нi пры чым, - усмiхнуўся я. - Гэта ж падарунак.
- Дык чым жа вам аддзячыць? - спытала жанчына, пагушкваючы малое на руках. - Хiба варажбой?
Пачуўся смяшок, яна ж, быццам нiчога не здарылася, прадаўжала:
- Давайце. Так паваражу, як нiкому нiколi не варажыла. Шчыра скажу ўсю праўду.
- Шчыра - i не пашкадуеце мяне, не падсалодзiце гэтай праўды? адказаў я, падтрымлiваючы жартаўлiвы тон размовы. - Не, нешта не хочацца займацца сур'ёзнай справай, лепей давайце парадуемся - у нас жа дзеля гэтага хоць маленькая, але ёсць прычына.
Усе заўсмiхалiся, i я, карыстаючыся добрай часiнай, пачаў развiтвацца.
- Шчасця вам i вашай Цыганii! - сказала мне жанчына, калi я пацiснуў ёй руку.
- О, такая зычлiвасць i ёсць найлепшая падзяка, - адказаў я з хваляваннем. - I вам вялiкага шчасця!
Iдучы вулiцай, я праз нейкi час на хаду азiрнуўся. Марко i яго сябры ўсё яшчэ стаялi на тым жа месцы. Яны гарталi кнiгу, разглядвалi яе i былi вясёлыя. Мне таксама свётла i хораша было на душы, хаця адначасна нешта i засмучала, не давала спакою.
1965 г.