14563.fb2 За волю (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

За волю (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Што-ж вы параiлi-бы мне рабiць?

- Гэтае тваё пытаньне вельмi актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусiм шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабiў.

- Гаварыце, калi ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю i, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.

- Тое, што можаш пачуць, магчыма, ня будзе для цябе прыемным.

- Нiчога. Гаварыце, я вытрымаю.

Дзесьцi блiзка выла пажарная сiрэна. Шпак спынiўся, глядзеў у вакно празь якое вiдаць была вялiкая рухавая нэонная рэкляма Кока-Кола дый маса меншых рэклямных i яркiх гарадзкiх вулiчных сьвётлаў. Пару хвiлiнаў Шпак маўчаў. Алесь падазраваў, што пiсьменьнiк мяркуе цi варта з глыбiнi выцягваць нешта ня зусiм прыемнае. Ды пiсьменьнiк нешта вырашыў. Паважным позiркам, адвярнуўшыся ад вакна, глядзеў на Алеся. I ў гэным позiрку заўважыў Алесь знаёмую яму iскру. Так, гэта такая самая аўтарытэтная iскра, якую даводзiлася Алесю назiраць у вачох адказных i ўпэўненых людзей тады, калi яны выказвалi нейкiя дыдактычныя мудрасьцi. Гэта - чырвонае сьвятло. Яму нельга пярэчыць. Iдзi на яго, рызыкуй на сваю шкоду.

- Клопат i слабасьць твая, Алесь, у тым, што як i многiя iншыя, ты ўжо зьмякчэў у вялiкiх матар'яльных выгадах. Гэткiя матар'яльныя выгады, як усiм ведама, часта прадукуюць палiтычных i iдэйных iнвалiдаў. Магчыма ты сам не спасьцярог як ты зьмянiўся, што цябе ўжо цяжка пазнаць. Гэта ўжо не ранейшы Алесь Якiмовiч... Не. Я не гавару пра тваё сэрца i пра твае погляды. Iдзе тут пра хвальшывыя адносiны, якiя часамi цяжка зразумець... Выглядае, быццам твае мазгi абрасьлi жырам, што ты наўмысна ў жыцьцi адкiдаеш усё больш важнае адно таму, каб не адстаць ад iншых у тэй гонцы за далярамi, у гэнай пацуковай гонцы, як тут кажуць...

- Я гэтага не заслужыў! Быццам я не памагаў! - ускочыў Алесь з дакорам у голасе. Пiсьменьнiк запраўды яго ўкалоў.

- Ты памагаў, ты зрабiў больш для нашай справы чымся многiя iншыя, разам узятыя, - усё такiм-жа ўпэўненым дыдактычным голасам прадаўжаў Шпак. Але чаму цябе зь iмi раўняць? Табе больш дадзена i ад цябе больш патрабуецца.

Што Алесь мог на гэта адказаць? Ведаў, што пiсьменьнiка трэба выслухаць. Ён жыў у сваiм, аднаму яму даступным ды надзвычайна цiкавым i пакутлiвым сьвеце i вось цяпер прыйшла пара, нядрэнная нагода, каб перад гэтым "капiталiстам" разладаваць сваю душу. I бяда таму, хто мог стацца аб'ектам ягонага дакору цi ганьбаваньня.

- Я казаў раней, што твой уклад у нашую справу й грамаду больш чым выдатны. Ды гэтага мала. Тваiх грошай замала, Алесь мой дарагi. Ты мусiш самога сябе пасьвяцiць i ахвяраваць справе нашага вызвольнага змаганьня. Асаблiва-ж апошнiмi часамi ты неяк бокам, бокам... Сьвет, у якiм цяпер жывеш, пэўна, цiкавы, бурлiвы цi iмклiвы, перапоўнены крыкамi захапленьня рознага маштабу гэданiстаў... Ты адаптаваўся, прытарнаваўся да гэтага новага асяродзьдзя, што, здаецца, ануляваў сябе, ранейшага, зрабiўся быццам тараканом у саладусе.

- Выглядае, што ты разважаеш iз сваiм духовым эго i напэўна сьпяшыш запэўнiць гэну iстоту, што ўсё ў парадку, што ты - свайго роду цаца й што ад цябе нiхто й нiчога не павiнен патрабаваць. Ты напэўна ўжо пераканаў сябе, што выбраў адзiна правiльны шлях i здабыў нутраны мiр. Чаму-ж-бы не? Сацыяльны клiмат надзiва спрыяльны, а ты-ж ёсьць адным з грамады, што намагаецца задаволiць розны матар'яльны голад, цi, накш кажучы, прагавiтасьць. Адным словам, ты адзiн з тых, што валочацца ўтоптанай сьцежкай, зырка назiраючы, каб падхапiць цi прыстасавацца да новых кiрункаў, тутака модна ведамых social trends. Ведаеш пра што гавару...

- Але памятай, Алесь, што ты не належыш да гэтай грамады й нiколi не ўрасьцеш у яе. Няважна, колькi i як заўзята будзеш намагацца, ты ня зьлiквiдуеш гэтай другой iстоты - духовага я ўнутры сябе. Яна будзе зьяўляцца ў тысячах вiдаў цi зьяваў i ўсё ў карэньнi мiнулага. Ты нiяк ня зможаш сябе адрэзаць ад тваёй ранейшай бацькаўшчыны й людзей. Калi я ведаю душу Беларуса, - а ты вер мне, што ведаю яе добра, - ты ня знойдзеш сховiшча цi прыпынку за шчытам дастатку й выгады. Ты маеш душу, ты занадта многа перацярпеў. Духовыя дакоры ня спыняцца. Перастань сам сябе ашукваць i маскавацца.

- Ведаючы цябе, здагадваюся, што ты цi раз пра гэта думаў асаблiва ў гэтым бiзнэсавым гармiдары. Ты ня знойдзеш палёгкi ад свае духовае iстоты, што ўнутры цябе, яна ня йдзе на нiякiя кампрамiсы. Часамi можаш мець некаторыя iлюзii...

Прыгнечаны Алесь маўчаў. Ясна, што Шпак трапiў у ягоную Ахiлесаву пяту.

- Што-ж я мог-бы ў адказ на гэта сказаць? - схамянуўся Якiмовiч. - Вы ўяўляеце мяне нейкага роду рэнэгатам, можа блудным сынам, што зь нейкай прычыны пакiнуў жыцьцядайныя грудзi маткi.

- Выбач мне, Алесь. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Гэта, выглядае, мая асабiстая дэпрэсiя мяне спанукнула да гэтага...

Наступiла нязручнае маўчаньне. Алесева сьветлае пачуцьцё i ўзьнёслая ўпэўненасьць, што валодала iм яшчэ ад учарашняга, дзесьцi зьнiкла. Гэты стары змагар, што многа перацярпеў i перанёс шмат лiха, адкрыў незагоеную рану.

- Прашу цябе, прабач, - зноў гаварыў Шпак. - Ведаеш, як я цябе цаню... Але гэта... гэтых некалькi слоў, што я сказаў, яны неяк вось тут, - разуеш, спадзяюся, - з набалелага сэрца... Можаш назваць мяне старым дурнем. Нагаманiў, а цяпер перапрашаю.

Алесь уважлiва глядзеў на пiсьменьнiка. Як моцна ён мусiць цярпець i перажываць ды як тонка ўсё адчуваць! Якi выбух, калi давялося скiнуць маску i выказацца iз самай глыбiнi! У гэтым жыцьцём скарабачаным i фiзычна аслабленым целе бурлiў i пералiваўся неўтаймаваны вулькан. Цяпер Алесь слухаў лагодную пiсьменьнiкаву гутарку. Цяжка яна йшла, абрывалася. Неўзабаве ён пайшоў. Прыгадаў, што прыйшоў быў з намерам пагаварыць са Шпаком яшчэ пра нешта iншае, але здарылася накш. Можа калi iншым часам.

11

Горкае дзяцiнства i вайна шмат чаго навучылi. Цяперашняга Алеся можна было-б назваць мэтадычным чалавекам. Няважна якiя былi пляны цi задумы-праекты, дзяцюк меў пэўную, зь якой абжыўся, мэтоду. Калi йшло пра нешта другараднае ды былi добрыя задаткi на посьпех, грунтоўнае камбiнаваньне адпадала. Калi-ж на прыцэл трэба было ўзяць i здабыць запраўды нешта важнае, а вiд на посьпех сумлеўны, Алесь пачынаў плянаваць кажную драбнiцу. На першым этапе ставiў разьведку. Старая i мудрая прыказка: сем разоў адмер i раз адрэж. Пасьля добрае разьведкi, зьнюхаўшы-пранюхаўшы, можна было сур'ёзна брацца. Мэтад пэўны i зь няпамятных часоў выдатнымi людзьмi практыкаваны. Алесь любiў выклiк, калi меў нейкiя шансы на посьпех. У адносiнах да дзевак большага плянаваньня не патрабавалася, хаця разьведка была цалкам неабходная.

Калi Вера Мак зьявiлася яму на вока, Алесь узяўся за разьведку. Перш за ўсё фiзычны выгляд дзяўчыны. Цаца, ляля! Яна прыцягвала да сябе ўвагу й вочы перадусiм юрлiвых дзяцюкоў. Бурлiла маладая кроў. Карысным для Алеся дадаткам было й тое, што дзяўчына быццам апынулася пад ягонай уладай у краме, значыцца ў нечым ад яго залежнай. Праўда, надужываньне такой, сказаць-бы, залежнасьцi ня месьцiлася ў дзяцюковай галаве. Калi гэтая асоба ня была нейкiм эрзацам, а запраўды нечым вартасным, пры заляцаньнi да яе трэба было абавязкава даць ёй поўную волю, нiякiм чынам не надужываць свайго прыярытэту цi бiзнэсавага становiшча.

Першапачатныя назiраньнi далi Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калi-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, i тую "пяшчоту" якой была ахiнула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе iншы падыход. Здарылася так, што нехта iншы заплянаваў шахматную гульню i прадумаў падарожжы розных фiгураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзiн бок мэдалю i той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьцiплай, зраўнаважанай, някiдкай да хлапцоў i, здаецца, незаангажаванай нiякiм каханьнем. У гэны час модна плылi i адплывалi розныя моды, пераважна ў вопратцы i ў рознай маральнасьцi цi амаральнасьцi амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзi, з вытокамi дзесьцi ад рок'н'ролу Элвiса Прэслi i лiвэрпульскiх Бiтлсаў. Гэная шумлiвая i крыклiвая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманiяй, публiчна паказвала свой агiдны твар, якраз захаплялася рознымi адыёзнымi рацыянальнаму чалавеку "модамi". А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваiм розумам.

Перад сваiм прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускiм сялянскiм асяродзьдзi. Жанчына радзiла дзяцей, даглядала iх, любiла мужа, цяжка працавала i ля хаты, i на гонях. Яна сачыла, каб дзеткi навучылiся малiцца, наведваць Божыя сьвятынi, былi паслухмянымi, пакорнымi, значыцца матка была рухавiком хрысьцiянскае маралi сям'i. Цi не найважнейшым яшчэ была i народная культура й мудрасьць: песьнi, казкi й цэнныя старыя народныя традыцыi. I сялянскiя дзяцюкi, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымалiся замацаваных народнай культурай i маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краiне не апошнюю ролю ў заляцаньнях i сужэнствах адыйгрываў пасаг i зямельная ўласнасьць.

Гэтта, за акiянам, адкрыўся iншы сьвет. Жанчыну зрабiлi камэрцыйнай прынадай. Мала дзе што рэклямавалася бяз прыгожай дзяўчыны. Напоўголыя спакусьнiцы ўсьмiхалiся з бачынаў розных часапiсаў, вылузвалася распуста ў эратычных фiльмах, расьцьвiла i заваёўвала новыя пазыцыi, у iмя "вольнасьцi мовы й выказваньня", парнаграфiя. Банальнасьць нажывы i прагнасьць матар'ялiзму сагнала жанчыну з высокага п'едэсталу маральнае цноты, на якую паставiў яе Стварыцель, да брыдкой i шчодра запэцканай рознымi хварбамi i памадамi цэлюлёiднай карыкатуры.

Даўно ў Алесевым уяўленьнi абжыўся прататып сяброўкi жыцьця: сьвежая i арыгiнальная, неразбэшчаная мадэрнай цывiлiзацыяй, тая, якой мог-бы душу й сэрца адкрыць, што паходзiла-б зусiм зь iншага сьвету, а не таго, што падпёрты й рэклямаваны камэрцыйным сьветам жыў кажны дзень на тэлебачаньнi. Такая асоба была-б добра адукаванай i начытанай найлепшай лiтаратурай сваёй i сусьветнай, мела-бы прыказачную галаву на плячох i незалежную думку, ня трымалася-бы навязанае гандлярамi рознае прыхамацi й "бягучых модаў" (current fashion trends), яна ўзбуджала-бы павагу й пашану да сябе сваiм выглядам i характарам. Кандыдаткай на такую iдэальную жанчыну ў Алесевых думках паўстала Вера Мак. Яна вынырнула дзесьцi з поўначы ў гэтым горадзе-гiганьце як цячэньне сьвежасьцi ў забруджаным паветры, як кветка красы мiж прадажных камэрцыйных мадэлек.

12

Спачатку новая пазыцыя на працы замiнала шматлiкiм плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганiзоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгiя гадзiны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставiць на непахiсную аснову. Не пасьлiзьнiся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе iншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносiла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьнiка Трыфты Тонi Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.

У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавiў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасiў Веру й тая адразу згадзiлася. Вярнуўшыся з царквы й парафiяльнага збору, каля гадзiны трэцяй пасьля паўдня нацiснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкi, спаднiца гармонiкам у складкi, валосы ў пучок, ружовенькi, незапэцканы нiякiмi штучнымi прыкрасамi тварык распрамянiўся на прывiтаньне.

- Куды паедзем? - спыталася.

- Куды хочаш. Кажы, завязу.

- Чакайце, зараз, - усьмiхнулася Вера. - Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зеленi й вады, дзе можна пахадзiць i паплаваць, i нiчога не рабiць а толькi з сонейкам гуляць...

- Добра, - згадзiўся Якiмовiч. - Калi йдзе пра тое, каб нiчога не рабiць, дык пабачым на месцы.

Алесь завярнуў свой Олдсмабiл, лёгка ўцiснуўся ў вулiчную хвалю, што плыла ў кiрунку возера, а там шмыгнуў на той вялiкi экспрэсвэй у захаднiм кiрунку. Хвiлiн дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калi-ж i тая дарога згубiлася недзе ў высокай, дзiкай траве ў старым, што адмiраў, садзе, дзяцюк спынiў аўтамабiль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзiўленая дзяўчына вылезла з аўтамабiля, разглядалася.

- Эй, гэта цудоўна! - усклiкнула яна. - Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывiлiзацыя.

- Яе, гэтай цывiлiзацыi, поўна й тут, - адказаў Алесь. - Толькi глянь навокал.

Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялi воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала iз свайго аўта, Вера прыхапiла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелi старэйшыя, дзецi гулялi ў пяску й боцькалiся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкi вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акiянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволi спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылi, здавалася, пярынкi ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.

- Як тут цудоўна! - захаплялася Вера. - Поўна месца, адзiн другому на нагу не наступiць.

- Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабiць? Хочаш купацца?

- Што за пытаньне! Недзе мой купальнiк тут узяла. А дзе перапрануцца?

- Можаш у аўтамабiлi.

- Окэй, пачакай.

- Я нiкуды не ўцякаю.

Гутарку вялi ў сяброўскiм тоне. Адразу ў iх так пайшло, безь якiх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калi дзяўчына зьявiлася з саду, дзяцюку карцiла добра сьвiснуць з захапленьня, але стрымаўся.

- Ого! Якая ты прыгожая!

Вера пазiрала на Алеся ўважна, быццам каб упэўнiцца ў ягонай шчырасьцi.

- Цi можаш мне сказаць якiм плянам яны карысталiся, калi цябе праектавалi?

- Захоўваешся так, як быццам нiколi дзяўчыны ў купальнiку ня бачыў! дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.

- Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажунi, табе хвалу павiнны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павiнны насалоджвацца мiльёны!