14563.fb2 За волю (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

За волю (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

- А што-ж тут дзiўнага?

- Дзiўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! - Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволi i цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пiльна пазiралi адзiн аднаму ў вочы.

- Ня можа быць! - наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. - Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялi без майго ведама на працу. Пазнаёмiлiся ды закахалiся.

- Прабач мне за наступнае пытаньне.

- Калi ласка.

- Цi ты сьпiш зь ёю?

- Ды не. Нiколi больш пацалунку.

Алесь прыгадаў учарашняе й на мiг падумаў, цi расказаць пiсьменьнiку пра тое, але пастанавiў маўчаць.

- Чаму не? - прадаўжаў цiкавiцца Шпак.

- Як вам тут адказаць? Спадзяюся, што зразумееце. Для мяне яна ёсьць больш, чымся звычайная нармальная i прыгожая дзяўчына. Я ведаў не адну дзяўчыну й выбiраў. А гэткай, вось такога арыгiналу, як гэтая - не сустракаў яшчэ. Яна не малюе сябе, як iншыя, яна сумленная i чыстая, працавiтая... Вера для мяне - быццам польны сьцiплы рамонак. Коратка гаворачы, яна ўвасобiла тыя якасьцi, якiх я шукаў у дзяўчат. Апроч таго, - i цi не самая важнае - яна беларускага паходжаньня. Спадзяюся, што мяне разумееце?

- Здаецца, што так, толькi...

- Толькi?

- Не хачу цябе бянтэжыць цi ўпiкнуць. Ня траць галавы. I памятай, што атрута падаецца нагледжанай ахвяры ў найпрыгажэйшай i найбольш дарагой чашы!

- Божа мой! Як гэта вы такое... Што з вамi?!

Шпак маўчаў.

- Няважна, забудзься, што я сказаў, не бяры гэтага ўсур'ёз. Магчыма, што я шукаю дзiрак у цэлым. Можа быць, што ўплывае на мяне й пiхае на падазрэньнi мой собскi лёс. Магчыма, што на старыя гады развагу трачу. Прабач мне, што я сугэраваў такую магчымасьць. Кахай дзяўчыну, цешся поўным жыцьцём.

Пiсьменьнiк, здалося Алесю, быццам шакiраваў сябе за тое, што прадугледзiў адну магчымасьць. Цi падазрэньнi ягоныя запраўды маглi мець якую аснову?

Калi Вера ўстала, памылася, зачасалася, неяк паказённаму з Алесем прывiталася. У вачох ейных спасьцярог Алесь нешта новае, чаго ўчора там ня было: ледзь-ледзь прыкметную цьвёрдасьць. Намагалася быць ветлiвай, вясёлай, але ўсё гэта, вiдаць было, не зьлiквiдавала мiж ёй i Алесем пэўнай напружанасьцi.

28

Шмат якiя суродзiчы пыталiся Алеся якiм чынам, на ягоную думку, iхныя адрасы маглi трапiць на камунiстычную паштовую лiсту. - Што сталася? Мы нiкому, апроч цябе й некаторых зусiм давераных асобаў, не давалi цяперашнiх адрасоў. Цi можа якi бальшавiцкi агент празь цябе атрымаў нашы адрасы?

Спачатку Алесь запярэчваў, што ён нейкiм чынам да гэтага спрычынiўся. Некаторыя асьмелiлiся самога Якiмовiча падазраваць у сувязях з камунiстамi. Зьбянтэжаны дзяцюк праверыў свой блакнот з чорнымi вокладкамi. Нiколi не падазраваў, што Вера магла яго ўкрасьцi й выкарыстаць. Куды пазьней, пасьля вялiкай шкоды, Алесь будзе дзiвiцца як у гэны крытычны час ён быў поўнасьцю адурманены каханьнем, дзяўчыну амаль анёлкам уяўляў. Носьбiтка маральнай чысьцiнi, цноты, сьцiпласьцi, першараднае красаты. Гэткае ўяўленьне, асьлепленае любоўнымi эмоцыямi, ня толькi замiнала бачыць практычную штодзённасьць, але iгнаравала некаторыя перасьцярогi, як прыкладна тыя, што выказаў пiсьменьнiк Шпак.

Алесь пастанавiў наведаць РСМП - дзяржаўную палiцыю, што ў гэны час займалася, апроч iншага крымiналу, бясьпекай грамадзянаў краiны. Хацеў распытацца, цi ўлада можа якiм чынам памагчы спынiць хвалю камунiстычнага прапагандовага смуроду, якi залiваў ягоных суродзiчаў - новых Канадыйцаў. Параiлi яму пабачыць сяржанта Макнулты, якi, мабыць, займаўся справамi чужой падрыўной прапаганды. Прыстойны й ветлiвы мужчына сярэдняга веку ўважна выслухаў Алеся, ня спыняючы яго, пасьля ўстаў з-за стала й адчынiў пару высокiх мэталёвых шуфлядаў пры сьцяне.

- Хадзiце сюды, зiрнiце! - сказаў Якiмовiчу.

У Алеся вочы разьбягалiся. Паўнюсенькiя шафкi таго "дабра" ад усходня-бэрлiнскага камiтэту прынамся ў дванаццацi мовах. I ўсе гэтыя "завяртанскiя" "газэткi", разам iз знаёмым дэвiзам "пралетары ўсiх краiн, яднайцеся", у архiве палiцыi гэтай шчодрай у дапамозе выгнаньнiкам з iмпэрыi Гулагу, выглядалi такой ненавiснай i нiкчэмнай недарэчнасьцю.

- Вы ня першыя, што з такiмi скаргамi прыходзiце да нас i напэўна не апошнiя, - паясьняў сяржант Макнулты. - Такiя цi падобныя скаргi атрымлiваем амаль кажны дзень.

- I што вы робiце, каб гэтым людзям памагчы?

- У нас зьвязаныя рукi. Пошта ня можа й ня будзе правяраць кажнае пасылкi, што прыходзiць з-за зялезнае занавесы. Наша права не забараняе атрымлiваць i варожую прапаганду. Вольнасьць слова, прэсы i падобнае...

- Але-ж гэта ня ёсьць нейкая звычайная прэса, - узлаваўся Алесь. - Цi вы не разумееце? Яны шантажуюць людзей, дома пагражаюць iхнай раднi, ставяць многiх пад небясьпекай рэпрэсii з рук дзяржаўных ворганаў. Цi-ж вы ня бачыце эфэкту такой iхнай антыгуманнай акцыi? Тут iдзе пра запалохваньне грамадзян нашае дзяржавы, шантаж...

- Мы поўнасьцю гэта разумеем, мiстар Якiмовiч, ды, на жаль, ня можам гэтаму запабегчы. Мы зьвярталiся да паштовых уладаў. Iхны адказ: правяраць i эвэнтуальна цэнзураваць прыватнай перапiскi, згодна з нашым правам, ня можам...

- I гэта ўсё? Вы нiчога ня можаце зрабiць, каб спынiць хвалю гэтага камунiстычнага бруду?

- Мне прыкра... А цi вы не маглi-б нам памагчы?

- Як гэта памагчы?

- Калi вы ведаеце якога-небудзь iхнага агента, каторы зьбiрае для iх iнфармацыi пра Канадыйцаў да памагае iм у гэтай нiкчэмнай працы, дык мы такiмi людзьмi цiкавiмся.

- Дзякую за добрую iдэю, - скрывiўся на твары Алесь. - Буду прыглядацца i прыслухоўвацца.

Алесь падзякаваў Макнулты за ягоны час, выйшаў на вулiцу, сеў у сваё аўта й думаў. Кажны год у першы панядзелак верасьня ў Злучаных Штатах i Канадзе ёсьць так званы Labor Day. Даслоўна гэта азначае "дзень працоўных", канкрэтна - сьвята працоўных. Людзi ня йдуць на працу, кампанii iм усёроўна за гэты дзень плацяць, а працоўныя зь iндустрыi ладзяць розныя дэманстрацыi, у якiх рэклямуюць свае дамаганьнi й палiтычныя праграмы. Нашы суродзiчы празвалi гэны дзень сьвятам Лебярдзея.

У 1952-м годзе на канадыйскiм баку Нягары 5-га i 6-га лiпеня Беларусы ЗША й Канады зарганiзавалi першую Сустрэчу Беларускай Моладзi Паўночнай Амэрыкi i сьвяткавалi Купальле. Прысутных вiтаў, як пiсала газэта "Беларускi Эмiгрант", i "надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар". Гэткiм чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспублiку, што вялi вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавiка ў Менску, цяпер, на амэрыканскiм кантынэньце, перадалi сымбалiчны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзi, якая пасьля апошняй вайны тут пасялiлася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзiчаў i шматлiкае колькасьцi моладзi, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкi, што пачалi адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзiлi сустрэчы, - каб усiм было выгадна й часу хапала, - да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.

Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi мае адбыцца ў Радфардзе, - прыгадаў Алесь Якiмовiч. I вось што... Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камунiстычнае поскудзi? На гэткiя сустрэчы звычайна зьбiраецца маса суродзiчаў ня толькi з Амэрыкi, але бываюць i госьцi зь iншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя i зарганiзаваныя беларускiя нацыянальныя асяродкi. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзiчаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакi супраць бальшавiцкае агентуры з Усходняга Бэрлiну?

29

Апошнiмi часамi Веры спакваля пачало падабацца адзiноцтва. Магла чытаць, нiхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Нiна Ляскiн, пiльнавала яе, распытвалася заўсёды - хто, што, дзе, калi i як? - пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квялiла гэта. Нават забаўлялася думкай, што цi ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.

Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськiнула з ног рудыя шлёпкi-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткi ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любiла сырую гароднiну. Цяпер лянiвым рухам левае рукi разлажыла малую ўсходня-бэрлiнскую газэтку побач на кафейным столiку, акiнула зрокам першую бачыну. Нiчога тут цiкавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе... Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якiмовiч. Дзяўчына, каб ужо зусiм упэўнiцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, - сумлеваў няма, - Алесь Якiмовiч, ейны дарлiнг!

Недажваны кавалак морквы засеў у роце, гарачыня ўдарыла ў галаву, калi вочы спынiлiся на загалоўку: "Заядлы фашыст, здраднiк радзiмы". Калi дзяўчына, затрымаўшы дыханьне, пачала чытаць паклёп на ейнага "дарлiнга", рот зноў пачаў варушыцца, а зубы - жваць той кавалак морквы.

"Старажылы зь вёскi Бярозаўка Акцябрскага раёну Мiнскай вобласьцi, чытала Вера, - прыпамiнаюць нявыгляднага але жулiкаватага падлетка, каторы, бывала, круцiўся, шныраў па калгасных пунях, хлявох i майстэрнях, набiваў руку пры ўломах. Малады злодзей выказаў у гэтым накiрунку дабротныя здольнасьцi. Маладая ў яго раёне савецкая ўлада, пасьля вызваленьня Захадняй Беларусi спад ярма панскай Польшчы, дала магчымасьць яму вучыцца. Але калгасьнiкi ведалi, што гэты абiбок анi да навукi, анi да працы не цягнуў. Празвалi яго "злыдзень" i час паказаў, што гэта слова дакладна акрэсьлiла накiрунак характару маладога нiкчэмнiка".

"Калi гiтлераўскiя фашыстоўскiя армii ўварвалiся ў савецкую радзiму, калi чэсныя савецкiя людзi ўзялiся за зброю, каб гераiчна змагацца зь ненавiснымi акупантамi, Алесь Якiмовiч, - сын кулака i ворага народу, падаўся ў настаўнiцтва, каб атраўляць савецкiх дзетак фашыстоўскай прапагандай i нянавiсьцю да свайго народу. Мала таго. Гэты злодзей уступiў у беларускую нацыяналiстычную фашыстоўскую банду i сам не адну пару падноскаў стаптаў па дарозе ў гiтлераўскае гэстапо. Жыхары з рэгiёну, дзе дзейнiчаў гэты фашыстоўскi халуй, могуць назваць многiх выдатных патрыётаў савецкай радзiмы, якiх па даносах Алеся Якiмовiча вымардавала гiтлераўскае гэстапо.

Калi-ж фашысты пастанавiлi лiквiдаваць жыдоў з Гарадоцкага гэтто, калi дзьве жыдоўскiя сям'i скрывалiся ў суседняй вёсцы, нядоўга яны жыцьцём цешылiся. Гэты крывавы здраднiк выдаў iх германскiм фашыстоўскiм катам i таксама выявiў савецкiх людзей, каторыя жыдоў скрывалi. Усе яны ляглi ў агульнай магiле.

Удалося вырадку Якiмовiчу ўцячы ад помсьлiвых рук савецкiх партызанаў, а пры вызваленьнi Беларусi ад германскага фашызму гэты мацёры злодзей i гэстапаўскi даношчык пайшоў разам са сваiмi гаспадарамi на захад. Цяпер ён у Канадзе. Знайшоў там новых паноў, каторыя планiруюць будучыя агрэсii супраць нашай сацыялiстычнай радзiмы. Мы папярэджваем усiх нашых суайчыньнiкаў у Канадзе: сьцеражыцеся гэтага здраднiка, фашыстоўскага агента i гэстапаўскага даношчыка, на руках якога нявiнная кроў савецкiх патрыётаў. Ён цяпер служыць сваiм новым паном у ЦРУ, вядзе агiдную прапаганду супраць савецкай радзiмы i гераiчнага беларускага народу. Ягоны адрас: 97 Бэйсбал стрыт, Радфорд, Ант., Канада".

Вера палажыла газэтку i ўстала. Круцiлася галава. Яна зьбянтэжылася, узлавалася. Боль, быццам-бы ёй хто ножам у сэрца ўкалоў. Да гэтага часу яна ведала iншага Алеся Якiмовiча: лагоднага, ветлiвага, дбайлiвага, каханага, разумнага. Цi запраўды ён мог быць крымiналiстам, якога намалявалi ў газэтцы?

Два разы прасiла яго расказаць што рабiў у часе вайны. Чаму ён адмовiўся? Няма дыму без агня... Дык вось якi ён, гэты Алесь Якiмовiч. I як яна магла так памылiцца, будучы ў абдымках гэтага чалавека, аднойчы нават гатовая аддаць яму сваю дзявочасьць?

Не, тут нешта ня тое. Нейкая дэталь у цэлым не пасуе. Цi ня лепш спытацца Алеся, паказаць яму газэтку? А можа ня трэба? Цi-ж не хапае слова Капшуна й артыкулу ў газэтцы? Чаму iм ня верыць? Толькi таму, што яна любiць гэтага дзяцюка? Марксiст, якога рознага маштабу палiтрукi "прапiсалi" некалi ў Верына сумленьне, дакараў цяпер яе за розныя сумлевы, прыгадваў ёй, што змагары за сацыялiстычную справядлiвасьць i будучы сусьветны камунiзм ня могуць матываваць свае паступкi пэрсанальнымi iнтарэсамi; партыя зьяўляецца крынiцай усяе мудрасьцi, ёй трэба сьлепа падпарадкоўвацца. Партыйныя догмы, як i рэлiгiйныя, - нязьменныя i максымальныя ў сваёй далёказорнай справядлiвасьцi. Так, да, да. Абрыўкi цi адной такой марксiсцкай догмы якраз цяпер "наносiлi вiзiты" ў галаву зьбянтэжанай дзяўчыны. Перамагае iнэрцыя, прадаўжаецца "шэсьце пад сонцам" i гэтак далей... Вера ўжо гатовая праклiнаць Алеся i быць задаволенай, што кагадзе зрабiла Капшуну дакладную справаздачу пра "фашыста" Шпака.

30

Цяжкая ноч. Вера кiдалася на ложку, нiяк не магла заснуць. Нiколi ў сваiм жыцьцi ня ўжывала на сон таблетак. Перайшла спаць на канапу. Пад ранiцу заснула. Ранiцай пераконвала Нiну, што ўсё ў парадку, але тая не паверыла ёй. Ды роспыты нiчога не памаглi. Дзяўчына наракала на боль галавы, узяла пару таблетак асьпiрыны. Нiна параiла ёй быць дома. Калi-ж Нiна скрыпнула дзьвярмi, Вера пастанавiла iсьцi на працу й проста паставiць перад Алесем галоўнае пытаньне.