14563.fb2
- Дык чаго-ж маўчыш? - пытаўся ў яе Алесь.
- Алесь, мiлы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабiла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала...
Цяпер яна падняла галаву, i Алесь спасьцярог там сьлёзы.
- Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якiм вялiкiм iдэалiстам ты была, як памагала iм пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыi, ды як Мiкiта кукурузьнiк адчынiў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?
Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох - маланкi. Ледзь стрымлiваўся, каб "кветку" за горла не схапiць. Колькi-ж кiпенi ў сэрцы!
- Алесь, дарагi мой, я вярнулася па сваёй волi, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькi хопiць цярплiвасьцi, калi ўжо не пашаны да мяне...
- Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволi мяне зводзiць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо...
- Ал, ты запраўды нiколi не даведаўся адкуль я паходжу, пра маiх бацькоў i маё дзяцiнства нiчога ня ведаеш. Калi раскажу табе, можа зразумееш...
- Я слухаю.
- Калi я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялiкi эканамiчны крызiс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса iншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалi, а палiцыя бiла iх, разганяла бiзунамi, цкавала сабакамi... наяжджала на iх коньмi. Я помню адну такую сцэну i я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былi жанчыны й дзецi ў мястэчку, палiцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кiданьня каменьнямi, а кончылася тым, што коньмi наляцелi на людзей i забiлi тады, у лiку iншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая мацi трымала мяне ў сваiх руках. Калi бацьку забiлi, яна была самлела, а мяне, - пасьля казалi, - людзi выратавалi спад конскiх капытоў. Маю матку ледзь аднялi ад бацькi мёртвага ўжо. Пасьля ўсiх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбiтага, што ўмiраў на руках маёй маткi. I маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год i яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сiрата. Можаш сабе ўявiць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглi добрыя людзi. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытанiна... Людзi з таго клюбу мне ня толькi мiнiмальна памагалi, але мяне i выкарыстоўвалi для сваiх мэтаў. З палiтычных меркаваньняў яны з майго бацькi зрабiлi вялiкага змагара, проста мучанiка за камунiстычныя iдэалы. I для добрых людзей я быццам напамiнала пра тое зло, якое капiталiстычны ўрад зрабiў бедным i беспрацоўным людзём. Людзi гаварылi мне, часта прыпамiналi мне, што гэта ўрад мяне сiратой зрабiў. Я да гэтага прывыкла. I ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабiлi мне, як дачцэ вялiкага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, вiдаць, нiкчэмная людзкая натура... Калi я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалi, што я добрая i пiльная работнiца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалi. Ты ведаеш iхную лiтаратуру, ты павiнен ведаць... Яны мелi школьную праграму па суботах i нядзелях. Я навучылася чытаць i пiсаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала i пабеларуску. Чытала многа савецкай лiтаратуры, пераважна Максiма Горкага. Яны, мусiць, лiчылi мяне добрым матар'ялам бо нават далi магчымасьць у Савецкi Саюз зьезьдзiць.
Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры i ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калi яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра i, магчыма, хацела цяпер перад iм выспавядацца, цi прынамсi выказацца пра некаторыя свае памылкi ў мiнулым.
- Ты езьдзiла ў Савецкi Саюз? - перапытаўся ён Веру.
- Так, езьдзiла ў складзе зарганiзаванай iмi групы. Я табе не казала пра гэта?
- Не, не казала.
- Дык вось там яны проста паказвалi нам тыя вядомыя пацёмкiнскiя вёскi. Праўда, многа гаварылi пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гiтлераўскi фашызм i так далей. Ты ведаеш iхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталiна, у нас зьявiлiся iншыя думкi i пра камунiстычную ўладу i пра iхных правадыроў - тую мафiю, каторая сядзiць на вярхушцы. Нарадзiўся недавер да iх. Але ў сваёй далейшай працы тут у iхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалi. Тая зьвязанасьць зь iмi ад маленства, ды тая шыльда для майго забiтага ў абароне працоўных бацькi, гэта не магло прайсьцi бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабiў, каб быў на маiм месцы?
Алесь не адказаў.
- Пасьля яны папрасiлi мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Вiдаць, што мне давяралi i лiчылi мяне добрым работнiкам.
- Цябе напэўна яны лiчылi ўдарнiкам, бо выслалi сюды, каб даносiла на нас?
- Не. Яны нiчога такога мне не казалi. Абяцалi, што буду працаваць тут у клюбе побач iз сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо iншае сталася.
- Я бачу. I ты даносiла на Антона Шпака?
- Я расказвала пра яго Капшуну.
- Хто такi той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?
- Так.
- Хто яшчэ?
- Ягоная памочнiца Нiна Ляскiн, - ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.
- Я мусiў-бы даўно дагадацца пра гэную нягоднiцу. Скажы мне, Вера, цi ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньнi палiцыi?
- Навошта?
- Каб знайсьцi забойцу Антона Шпака.
Вера адказала не адразу. Думала.
- Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун i Ляскiн Нiна?
- А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносiла таму Капшуну на Шпака. Бачылi два рыбакi над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забiты, уцякаў у лясную трушчобу нейкi чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў... Усе сьляды вядуць да людзей, якiя цябе прыслалi, каб на нас даносiць. А чаму ты думаеш, змусiлi маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш - прэсiя на нас з усiх бакоў... I галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пiсьменьнiка яны замардавалi. Ты iм гэта памагла зрабiць...
- Я? Алесь, даражэнькi, я ня ведала нiчога пра гэта...
- Ты наiўная. Яны цябе выкарысталi. Ды я цяпер прашу толькi памагчы нам, каб выявiць тых людзей зь iхнага кодла, а там ужо палiцыя разматае клубок i забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?
- Добра, памагу.
- I падасi палiцыi прозьвiшчы ўсiх тых людзей, каторыя давалi табе iнструкцыi i падаслалi да нас, i каторым ты даносiла на мяне й на Шпака?
- Окэй.
- Хочацца табе верыць, але...
- Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў i Алесь. - Я-ж цябе кахаю!
- Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, - адыйшоўся Алесь да вакна. - Ты ёсьць дачка камунiстычнага гэроя. Я тут не перагiнаю дугi. Магчыма нават, што твой бацька нiколi, як сьлед, не разумеў камунiзму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краiну шукаць дабрабыту для сябе i сям'i. Беспрацоўны i галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыi за правы працоўных на перадавой лiнii. Выпадкова цi наўмысна яго забiлi. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камунiстам патрэбныя былi гэроi. Бацьку на перадавую лiнiю выпхнула бяда, а камунiсты там завiхалiся для сваiх палiтычных мэтаў. Шляхi, як казаў той, зьбеглiся. Забiлi бацьку, а год пасьля, зь вялiкага гора адыйшла матка. Асталася сiрата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых i быццам за камунiстаў. Дык камунiсты-ж мусiлi цябе выкарыстаць. Ты была для iх вялiкiм прапагандовым капiталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных i галодных канадыйскiх рабочых з камунiстамi пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Манiпулявалi табой наёмнiкi Масквы, фашысты i забойцы ня меншыя за гiтлераўскiх... Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.
- Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што мацi пiсала да цябе?
- Так, пiсала. Пад дыктоўку бальшавiцкiх палiтрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў iхныя рукi, каб замардаваць i мяне.
- I што ты надумаўся рабiць?
- Я не магу маткi выратаваць. Яна ў iхных руках, як заложнiца. Яны хочуць мяне прынадзiць голасам маткi, каб вярнуўся ў iхныя лапы. Матку вельмi шкадую i прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калi бацькаўшчыну ў часе вайны пакiдаў. Але-ж яна не хацела йсьцi, мяне намаўляла, каб дома астаўся... Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскiя чырвоныя фашысты насiлуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мiльёнамi запрыгоненых нашых суродзiчаў, а тут на эмiграцыi выкарыстоўваюць такiх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!
Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавiсьцi. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымi вачмi - змарнелы, худы, мiзэрны цень таго калiшняга, - вясёлага, агрэсыўнага i адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькi разоў трымала ў абдымках. I цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведамiла, як шкадавала i кахала яго i якiмi недарэчнымi шляхамi дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палiтычныя сыстэмы прывялi i Алеся, i яе ў небясьпечны тупiк. I выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупiка, пэўне-ж, можна толькi любоўю, мiласэрнасьцю i абавязкава супольнымi сiламi.
- Алесь, дарагi мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца балiць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабiла. Цi ты можаш мне выбачыць? Цi дазволiш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзiцца, памагчы табе...
Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьнiўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.
- Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такiя словы з вуснаў тваiх. Я такi задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкi й прыгажосьцi.
Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.
- Шшшшшшш! Маўчы!