14866.fb2 Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

- Патанцуй, Лёнька, са мной, галубок! Ха-ха-ха! Хадзi! - запрашала, устаючы з лавы Мальвiна. Дзеўка аж пабрыдзела ад недарэчнага сьмеху, што трос вялiкiмi, абвiслымi грудзьмi.

Лявон быццам ня чуў яе. Юрлiвы, паднечаны самагонкай зрок распранаў сьцiплую, нясьмелую, чырвоную аж да кончыкаў вушэй Алесяву дачку.

- Што-ж ты, Лёнька, дзевак табе мала? Ты-ж знаiш, што я Мiхасёва. Мальвiну во вазьмi, - адказала Надзя.

- Якая ты такая Мiхасёва? Дзяцюк твой знаiш дзе? От я тут хадзяiн i сiчас мая будзiш! - гаварыў таран i дзьве рукi паднялi дзяўчыну з лавы. Баянiст рыпеў нейкую дагэтуль у Лiтоўцах няведамую мэлёдыю факстроту. Зьбiтая з тропу хамскай нахабнасьцю, Надзя не агледзiлася як апынулася мiж танцуючых i намагалася патрапляць няроўным крокам дзяцюка. Ашчаперыў яе як мядзьведзь, адну лапу ззаду нiжэй паясьнiцы трымаў. Дзяўчыне дух займала. Яна схапiла Лявонаву руку.

- Што ты робiш, нястыднiк? Людзi глядзяць!

- Га? Ну што людзi? Iм сваё, а нам сваё...

Ён насядаў яшчэ мацней, басiў дзяўчыне на самае вуха. З роту нясло самагонным гарам.

- Нястыднiк, каб ты згарэў! - сыкнула Надзя, - Ня цiсьнi гэтак, дыхаць нiма чым!

- Я-ж цябе люблю, - дыхнуў юрлiвасьцю дзяцюк.

Надзя жахнулася. Ведала цану Лявонавай нахабнасьцi. Зiрнула на зьбянтэжаную матку ля парогу.

- Любiш як мядзьведзь. Ня можаш танцаваць як людзi? Калi табе ласкаў захацелася, дык iдзi да Мальвiны, дзеўка аж гарыць...

Надзя баялася раззлаваць Лявон й трымала лягодны тон.

- Я во да цябе, красоткi, прышоў, дык нi пасылай мяне да Брунiськавай. Калi душна, дык пойдзем на двор.

Насядаў i цiсныў яшчэ больш. Надзя спасьцерагла, што калi нейкiм чынам ня вузвалiцца з абдымкаў падпiтага мядзьведзя, дык у гарачцы язык можа шкоды сабе й бацьком нарабiць. Яна раптоўна й зручна крутанулася й пакуль актывiст спасьцярогся, ужо стаяла ля парогу ля маткi.

- Мама, iдзём скарэй дамоў, бо ад гэтага мядзьведзя нiма ратуначку нiякага!

- Добра, дачушка, хадзi.

Лявонавы нахабныя заляцаньнi даўно сачыла ягодка-Аўдоля. Гаворачы з Аксеняй пра палатно, часта ўкiдвала свае заўвагi. Калi Надзя зручна вышмыгнула ад Лявона, дзяцюк стаяў мiж танцуючых, цяжка дыхаў, мiргаў юрлiвымi вачмi.

- Уцiкла, от маладзец! Глядзi, глядзi на яго, Аксеня! I дзяцюк, здаецца, з галавой, ягодка, алi мусiць напiўся ўжо, - сказала Кмiцiха сваей неадлучнай суседцы.

14

У гэны вечар надта ўсхадзiўся сьцюдзёны вецер. Калацiў доктаравы клёны, лiсьцем замятаў лiтоўскую вулiцу й двары. У васелiцах тужлiва шумелi вольхi й вербалозы. Зьгiналi на могiльнiку пышныя чубы сёстры сосны, скрыпела пакалечанымi дрэвамi й злавесна гудзела Гаравацкая пушча, удужкi зь ветрам браўся на Гараватцы гiгант Архiп.

У Пракопавай хаце вясёлым буйным полымем трашчэў у печцы-бакавушцы сухi сасновы хвораст. На плiце варылася вада на зацiрку. Прымасьцiўшыся на зэдлiку, Мiкола абломваў хрусткiя сасновыя галiны, зьбiраў з падлогi iглiцу й кiдаў пад плiту. Полымя брала раптоўна, ярка асьвятляла змрочны пакой i людзей у куце пры стале. Медзьдзю аблiвалiся задуманыя змрочныя твары. Здавалася, што пазлазiлi яны з малюнку каторага рэнэсансавага мастака й застылi пад абразамi ў Пракопавай хаце. Полымя ўспыхвала зыркiм агнём i раптоўна малела.

Цень запанаваў ня толькi ў Пракопавай хаце. Цi адзiн селянiн пазiраў на сухi хвост кнута ў лямпе. Нафты на дне асталося столькi, што й камару ўтапiцца ў ей цяжка было-б. Хмарнелi твары пры згадках пра кiлямэтравай даўжынi чэргi пры гацкай краме-сельпо. I мала каго цешыла гэна бальшавiцкае выясьненьне: - Нафты няма? Ды не сьпяшыце, усяго хопiць. Пачакайце, справiмся!

Акупантавым самахвальствам хаты не асьветлiш. Надыходзiлi доўгiя вечары й жанчыны трывожылiся, што ўпацёмку нiчога не напрадзеш. Як кашаль хваробе, памагала iм тое бальшавiцкае "пачакайце".

Доўга зьзяла яркiмi вокнамi лiтоўская школа. Прывалаклi сюды электрычны рухавiк, паказвалi такiя фiльмы, як "Ленiн в Октябре", "Чапаев", "Броненосец Потемкiн" i iншыя. Каб падкаваць людзей у "палiтграмаце", ды навучыць чытаць i пiсаць "паруску нiграматных", разы два на тыдзень лекцыi давалi. Прыяжджаў зь Лiпавiчаў палiтрук, часам i сам Маршалкаў заглядаў.

Пра гэта вось, аблакацiўшыся на стол напокуцi, гаварылi ў Пракопавай хаце Алесь, Пракоп i Янук. Пад трэск хворасту й шум ветру за вакном млява йшла гутарка.

- Ну гэтыя-ж пахатухi туды чаго? Што iм? - пытаўся Пракоп. - Яны-ж нi бэ, нi мэ...

- Ты гэта пра Аўдолю й Аксеню?

- Ну.

- Казала Надзя, што цiкуюць, каб Маршалкава прыпiлнаваць ды даведацца цi Сталiн палатно атрымаў.

- А паслалi?

- А як-жа. Ды каб гэтыя толька, а то й Макатунiха таксама. Цi нi Пятух з таго камбеду прыцягнуў, сьвiснуўшы недзе. Во ўжо нядзелi тры назад выслалi, а нiчога яшчо нi чуваць.

- Во яно як...

Недзе на дварэ вецер тоўк акацiцай у сьцяну.

- Янучок, выйдзi ты, паглядзi каторую акацiцу б'ець. Можа прывязаць, цi што. Нечага во надуець, так усхадзiўся.

- Добра, тата.

- З гэтым самым камбедам... Пiтуху-гультаю цяперака нi рабi, адно сьмярдзючкай-самакруткай сьвет божы капцi ды людзей аграбай. Цьфу, басяк! узлаваўся Пракоп.

- Права-ж iхнае. Яшчо во хто гэта мне на днях казаў, - задумаўся Алесь, - ага, во Тодар, значыцца, казаў, што ня толька паноў i асднiкаў абiраюць. Тамака-ж самая, казаў, уласьць савецкая падчышчаiць. Казаў скора й да нашых багацейшых даберуцца.

- Чаму-ж не, даберуцца...

Тата, вада кiпiць, - адазваўся Мiкола, што пiльна трымаў вуха, каб нiводнага слова не прапусьцiць.

- Ну дык добра. Запалi, сынок, лучыну ды зацiрку рабi.

Мiкола пайшоў у сенi й прынёс адтуль малое карытца. Налiў у яго ваду, дастаў з-за пячы вялiкую лучынiну, запалiў яе ды ўторкнуў у дзяржала, прыладжанае з аднаго боку карытца. Паставiўшы яго на прыпечку, палез у шафу.

- Тата, у нас мукi мала.

- Як у цябе з млiвам? - спытаў Пракопа Алесь.

- Ды ўжо мука на зыходзе. Мяшок жытняй мусiць ёсьць ды пшанiчнай жменька. Трэба во да Сявенькi йсьцi, на зацiрку пазычыць прасiць, а на млын аж у Докшыцы тыя цягнуцца. Тут у Гацях усё вайсковае мелюць. А ў Докшыцах, кажуць, завоз надта вялiкi. Жыду, кажуць, млын забралi, дык новыя парадкi, цi бiспарадкi пачалiся. Нейкiя талоны нiбыта вымагаюць, цi якую халеру... Пакуль ехаць, дык трэба Шпунта распытацца, гэты-ж мусiць знаць.

- Гэтага бандзiта! - плюнуў Алесь. - Каб яго зiмля нi насiла, як во маей дзяўчыне праходу нi даець!

- А чаго-ж ён?

- Ну як гэта чаго? Нi знаiш, што сабаку трэба? Маладых во палякi ўсiх падчысьцiлi, а гэты басяк застаўся. Цяпер во яму разгул, усё поле чыстае. Ну дык i давай, праходу дзяўчыне нi даець. Ды начальнiк-жа яшчо...

Памаўчалi.

- Уласьць! Да лучыны дажылiся! - скардзiўся Пракоп. - Бяз солi еш... Што гэта робiцца? Зямлю, кажуць, даваць будуць, дабро наступiць. Ну паглядзiм...

Пракоп зьмянiў тон.