14866.fb2
- Да, таварыш камiсар.
- Давай аднаго цi двух чалавек, - сказаў Маршалкаў Лявону, - няхай паедуць па тых, што самi прыйсьцi ня могуць.
Прыйшла Пiлiпава Аксеня з сынам. Лявон папрасаiў яе ў "балацiравачную камiсiю". Жанчына не магла разгадаць новага слова, што на Лявонавых вуснах нарадзiлася. Цi была гэтта што ад балота? I пры чым тут балота? Такой кемлiвай i ганарлiвай, ёй-жа пытацца сорамна было.
- А што-ж я, Лёнька, у тэй блацiровачнай камiсii рабiць буду?
- Га? Ды што-ж... сядзець i балоты лiчыць будзiш, во... Дасi, значыцца, чалавеку, каторы прыдзiць, балот, каб ён яго ў скрынку ўкiнуў. А каторы ня кiнiць, дык значыцца пойдзiць за той стол завешаны дываном, ён тады нi галасуiць за сваiх лепшых сыноў камунiстаў i бiспарцiйных, дык такога мы на вока возьмiм. От...
"Балоты" цяпер сталiся яшчэ большай загадкай, але спанатрыла Аксеня, што не ад Лявона ёй нейкага клёку дабiцца. Пабачыўшы Маршалкава, павесялела жанчына. Не атрымалi-ж яшчэ ад "бацькi народаў" адказу наконт падаркаў. Аксенiны сяброўкi ей галаву ўжо прадзяўблi. I карцiла-ж шаўцовай жонцы хутчэй стацца тэй жанчынай, "прымеру каторай пасьледуюць жэншчыны ўсей рэспублiкi".
Аксеня наблiзiлася да камiсара, усьмiхнулася. Спадзявалася, што бальшавiк ледзь не ў абдымкi яе возьме. Колькi разоў бачыў яе навечарох, навет у "красным угалку", што для мясцовай агiтацыi й пашырэньня "палiтграматы" зрабiлi. Гэтта сталася дзiва дзiўнае. Маршалкаў зiрнуў нейкiмi мутнымi (цi не ад учарашняй п'янкi) вачмi й навет ня прывiтаўся. Засеў у горле камяк i ледзь сама чула свой няроўны голас.
- Таварыш камiсар, атвет з Масквы прышоў, цi не?
- Ах, Аксiня Iванаўна, - затросься палiтрук, - ды нажаль яшчэ не, але днямi напэўна ўжо будзе.
Тон i манера выразна паказалi, як няпрыемным было для Маршалкава Аксенiна пытаньне. Яна адыйшла набок, сачыла як жаўнеры выцягнулi патэфон, прымасьцiлi яго на стале ля сьцяны. "Казiныя ножкi" засмуродзiлi сьвежае раньняе паветра. Жаўнер з васпаватым тварам з набажэнствам адчынiў скрыню тое бальшавiцкае цуда, мэханiзму якога нiяк не маглi зразумець малаадукаваныя дзядзькi. Зьмянiў спачатку голку, пасьля доўга ручкай круцiў. На шпянёк пасярэдзiне нацэлiў дзiрку ў кружэлцы, пасунуў кружэлку ўнiз i карэлым рудым ад табакi пальцам крануў круг. Апусьцiў на кружэлку кацiную галоўку з голкай. Спачатку надта трашчэла й шумела, а пасьля сiпаты голас аб'явiў "гэч тавагыша Iёсiпа Вiсагыёнавiча Сталiна".
Манатонна-хрыплаваты голас гучэў недзе ў вялiкiм будынку, бо адбiвалася гулкае рэха й часта спыняла яго бура воплескаў. А пры воплесках гэных падскаквала, здавалася, з захапленьня голка.
- Як то так рукi iм нi забаляць, ягодка мая?
Аўдоля, вiдаць, напякла ўжо аладкаў, накармiла сям'ю й побач Аксенi цяпер стаяла.
- Нешта-ж нiвясёлая ты сягоньнiка, ягодка, - прадаўжала пахатуха. Чаму гэта?
- Ат, нi пытайся, - адмахнулася Аксеня рукой.
- Скажы, калi нi сакрэт, - налягала Кмiцiха.
- Якi там чорта сакрэт... сама знаiш... паслалi во палатно, а фiгу за яго...
Аксенiн дакорлiвы голас дрыжэў ноткай крыўды.
- Папытайся во яго, - паказала Аўдоля вачмi камiсара.
- Пыталася.
- Калi?
- Во цяперака.
- I што-ж ён, ягодка, сказаў?
- Тое самае "к сажаленiю нi палучылi". От як...
- Ну а нi казаў чаму?
- А што-ж ты за язык яго пацягнiш?
- Трэба, ягодка мая, будзiць з другiмi бабамi пагаварыць, што рабiць далей, от як...
- Нiхай сабе. Толька-ж у галаве маей ня месьцiцца, чаму гэта другiя бабы клююць мяне, як усiроўна тоя палатно я сабе забрала цi што... Сама-ж я дала найлепшага дый найболi i яшчо самому Сталiну...
Аксенiн голас гучэў крыўдай. Жанчына глядзела ўнiз, ня могучы вытрымаць пранырлiва-дапытлiвага Аўдолiнага зроку.
- Цiха ты, ягодка, неяк будзiць.
Тымчасам запаволiлася "гэч тавагыша Сталiна". Васпаваты жаўнер адхiлiў на бок кацiную галоўку з iголкай ды доўга круцiў патэфоннай ручкай. "Тавагыш Сталiн" адразу пажвавеў, голас ёмка грымеў-хваляваўся недзе над крамлёўскiмi рэдзькамi, сягаў-iмкнуўся некуды ўвысь i якраз тады, калi здавалася, што вось-вось пырсьне занадта надзьмуханы вялiкi баранi пузыр, расплыўся шырокi акiян воплескаў.
На патэфоне лягла новая кружэлка. Жыдзенькi дзявочы галасок зацягнуў:
На зака-а-а-ацi ходзiт па-а-арынь
возьлi дома маiво-о-о...
Гэтта прышкандыбаў у ведамым сурдуце Сымон Пятух. Не сьпяшаючы, выцягнуў сваю карэлую пецярню Марашалкаву, пасьля Лявону, Аксенi дый Тодару з Аўдоляй.
- А ты чаго гэта, як ня еўшы, валюхаешся? - накiнуўся на Сымона Шпунт.
- А што такое? Гарыць, цi што? - адазваўся гультай.
- Па людзей сiчас трэба ехаць... знацца па тых, каторыя самi прыйсьцi ня могуць. Усе, як адзiн чалавек, далжны галасаваць. А твая мацi прыдзiць?
- Ды мусiць не, трэба паехаць забраць.
- Ну дык во, паедзiш забярэш яе, пасьля дзеда Якуба дый сама глядзi яшчо каго...
- Каторым? - зiрнуў Пятух на грузавiкi.
- Сiчас скажу. Ды помнi, што ад найстарэйшых пачынаць. Тутака фатограф ёсьцiка, ён зробiць зьнiмкi, каторыя ў газэця напiчатаюць. Панiмаiш?
- Ну. А дзе-ж Косьцiк?
- Нi тваё дзела. Скора будзiць.
Скрыпеў, шунеў, трашчэў патэфон. Хадзiў "на закаце парынь, ухадзiлi на гражданскую вайну камсамольцы" i ўжо цi ня мiлiённы раз "выхадзiла на бераг Кацюша". Колька яна, бедная, у чарзе за буткам мусiла калець, каб такую колькасьць разоў басанож на гэны бераг не хадзiць...
Ля Пятуховай хаты быццам кiрмаш у чацьвер на Глыбоцкiм рынку. Шырака адчынены ў хату дзьверы. Надзьмутая, з важнай кiславатай мiнай сядзела ля "балацiравачнай скрынi" Аксеня. Побач варушыў даўгiмi рыжымi вусамi Захарук. У шэрым школьным сшытку Дуня Макатунiшка адзначала прозьвiшчы тых, што галасавалi. У вёсцы мала хто "паруску" ведаў. Колькi не адмаўлялася, ня выкруцiлася ад Лявона, дый ведала-ж, што шмат камбедаўскага дабра трапiла Макатуном з ласкi Шпунта. Укусi яго, дык сябе ўкусiш. Казалi людзi некаторыя, што новы лад вымагаў новага падыходу да людзей. Але з другога боку памятала дзяўчына гвалт у лесе. Калi Лявон збоку ацiраўся, на старожы трымалася. Гэтак i сяньня ранiцай, вельмi балюча за мяккое месца ўшчыкнуў.
Людзi гаманiлi за дзьвярмi, мала хто ў хату заходзiў. Спанукаў iх сам энтузiястычны Лявон. Зьявiўся на самакаце Косьцiк.
- Быў на ўчастках Павалiцкага Хвёдара й Саладухi, - паясьнiў, прывiтаўшыся. - А як тут iдзець?
- Ат, медлiнна, - махнуў рукой Шпунт.