14866.fb2
- Прыказ дык прыказ! - падняў ён голас. - Мне сказалi прывязьцi жывога цi мёртвага, от!
Паласаваўшыся нарабаваным камбедаўскiм дабром, стары абiбок нагоду ўбачыў. Ягоны сур'ёзны твар i задзiрлiвыя словы не давалi месца на нiякi сумлеў, што забярэ дзеда. Якуба апранулi й вывелi да машыны.
- Што-ж ты гэта, Сымон, каб цябе макарэц, з пасьцелi мяне хворага цягнiш! Выбiралi-б бiзь мяне! - пратэставаў дзед.
- Нiчога табе, дзеду, нi станiцца, - запэўнiваў Пятух. - ты-ж найстарэйшы, дык за табой, казаў той, усе пойдуць.
Зьняможанага дзеда паставiлi на ногi на Пятуховым дварэ ды, падтрымлiваючы, павялi да "балацiровачнай скрынi". Ледзь шкандыбаючы, стары вурчэў пад нос, не адказваў на нiчые вiтаньнi.
- Дык што з гэтым рабiць? - спытаўся, узiраючыся мутнымi вачмi ў лiтары на "балоце".
- Гэта, дзядуля, нашы кандыдаты. Вы галасуiце за iх, дык укiньце ў гэту скрыню i ўсё, - тлумачыла Аксеня.
- Кандзiдаты, кажаш? Хто-ж яны? - спытаў дзед.
- Таварышчы Шпунт i Бурак.
- Таварышчы, кажаш? Каму-ж яны такiя таварышы?
Людзi цiснулiся ў дзьверы, ацiхкла гамонка.
- Ну гэта такая мода, так завуць цяперака. Паноў-жа нiма, усе толька таварышы, - спакойна тлумачыла Аксеня. Захарук падкручваў вусы й маўчаў. Адно Дуня пазiрала зьбянтэжана то надзеда, то на iншых.
- Ага, унь яно як... таварышы, кажаш.., - паволi крэкчачы, гаварыў дзед. А тады раптоўна й злосна: - Алi якiя такiя яны мне таварышы, калi хворага з пасьцелi сьцягнулi? Што гэта й памерцi спакойна нiма як? Бiзь мяне нi маглi?
- Да как это так, отец? Да нельзя так. Вы прiмером всей деревнi должны быть, - голасна сказаў Маршалкаў, што дагэтуль збоку трымаўся. - За вамi другiе последуют.
- Прымерам, кажаш... - зморшчыўся дзед. Ягоны слабы зрок блудзiў па людзях, вусны памкнулiся нешта сказаць, ды стрымалiся. - На, укiнь гэты сьвiсток, каб адчапiлiся ад мяне, старога й хворага, - адаў дзед "балот" Дунi й адыйшоўся.
Дуня ўкiнула выбарчы бiлет у скрыню i ўзялася запiсваць дзедава прозьвiшча. Васiль мiгам адбыў сваю павiннасьць i ўзяў бацьку пад руку, каб надвор памагчы выйсьцi. Чырвонаармеец мецiў на дзеда фотаапаратам.
- А ну-ка отец, на меня смотрi! - загадаў голасна.
- Обождi, братец, давайте сюда кандiдатов i другiх, - спынiў ягоМаршалкаў.
Ля дзеда паставiлi "таварышчаў кандзiдатаў", побач стануў Маршалкаў i старшыня камбеду. Прынясьлi "балацiровачную скрыню", якую абкружыла "балацiровачная камiсiя". Ужо пасьля ўсяе гэтае муштры шчоўкаў апарат. Адно не ўдалося ўпрасiць дзеда, каб на фотакамэры ўсьмiхнуўся. Ён бурчэў i раiў усiм прысутным, каб яго скарэй у цёплую пасьцелю пусьцiлi, бо дрыжыкi бяруць. Пасьля здымкаў, дзеда мелi павезьцi дамоў, "балацiровачная камiсiя" заняла папярэднiя месцы, а да Маршалкава падыйшла Вульляна.
- Таварыш камiсар, я да вас...
- Так, грамадзянка, чым магу служыць?
- Я, гэта самае... можа помнiце... пра сваiх сыноў-галубкоў, каторых гэта палякi на вайну забралi, вас пыталася. Дык вы-ж тады гэта абяцалi, што дагледзiце... Можа яны там дзе да немца папалiся...
- Што ей трэба? - спытаўся Маршалкаў Косьцiка парасейску.
- Двух яе сыноў палякi на вайну забралi, - адказаў Косьцiк.
Выгляд Сабакевiча гаварыў быццам напярэдаднi ўжо цэлую ноч выбарчую перамогу сьвяткаваў.
- Дык што, калi забралi? Пры чым тут я? - шорстка адказаў бальшавiк.
- Як гэта пры чым ты?! - Вульляна наўмысна павысiла голас, каб усе пачулi. - Ты-ж мне абяцаў, што сам Сталiн гэтым дзелам займiцца. Ня помнiш нiчога?
- Пачакай, пачакай, грамадзянка! - крыкнуў Маршалкаў. - Так, я вас памятаю цяпер... Ну так, зусiм памятаю.
Камiсар намагаўсяўсьмiхнуцца, але на твары паказалася грымаса.
- Ну так, памятаю. Гэта вы мяне на першым мiцiнгу пра сыноў пыталiся? Так, цi не?
- Я, ага...
- Вы сьпiсок усiх зрабiлi, Канстанцiн Паўлавiч? - зьвярнуўся камiсар да Косьцiка.
- Перадаў вам, - адказаў Косьцiк.
- Ну дык калi вы мне перадалi, дык я уж верна перадаў далей... Ну да...
Маршалкаў узiраўся ў Вульлянiны вочы, быццам хацеў сказаць: "Маеш адказ. Чаго яшчэ, баба, хочаш?".
- Ну й што? Дзе мае сыны? - насядала жанчына. Яна выцiрала сьлёзы, пазiрала на людзей, што сьцяной абступiлi яе й двух начальнiкаў. Маршалкаў пачырванеў. Дзясяткi дапытлiвых вачэй i сьцiнутых вуснаў узлавалi яго.
- Слухай, баба, - пачаў камiсар голасам войстрым, як брытва, - цi-ж ты думаеш, што калi-б твае сыны й iншыя былi ў нас, дык мы ня пусьцiлi-б iх дамоў? Вiдаць, што яны ў плен папалiся. Так, верна ў пляну, калi нiякiх вестак няма...
- Ну а калi ў пляну, - голасна насядала на афiцэра Вульляна, - дык ты-ж казаў, што зь немцам вы нейкi там вялiкi саюз зрабiлi, дружбу маеце... гэта-ж вашыя словы... Нi так вы казалi? Ну а калi нiма нi слуху нi духу пра маiх сыноў-галубкоў, дык як тады пра другiх? Што гэта? З усей вёскi людзi пад зямлю правалiлiся, цi што? I яшчо-ж сам казаў, што лiчна сам таварыш Сталiн гэтым займiцца... Мусiць ты такi брахун, як i той поп дубовiцкi!
Буйныя сьлёзы накацiлiся на Вульлянiны вочы. Стрымаўшы дыханьне, народ маўчаў. На ейным плячы лягла рука. Удава адвярнуллася й сустрэла спагадлiвыя, лёгка-блакiтныя вочы лiтоўскага патрыярха.
- Ты, дачушка, нi насядай на гэтага, каб яго макарэц, камiсара. Можа ён i забыцца мог, можа i нi знаiць. Трэба пацярпець, нахрапам нiчога ня зробiш, памагчы нi паможаш, а шкоду можаш на галаву сваю...
Вульляна, цяпер голасна расолакаўшыся, прытулiлася да дзеда. Гладзячы яе па валосах, як дзiця, Якуб улажыў у рот люльку.
Якраз калi дзедава ласкавая й дрыготкая рука суцяшала жанчыну, на дварэ "выбарчага ўчастку" зьявiўся Янук Бахмач. Басаногi, ў зрэбных портках, сiняй кужэльнай кашулi, ён спынiўся й прыглядаўся.
Даўно карцiла Януку пабегчы на тыя выбары, але трэба было карову падаiць, памагчы Мiколу гаспадарку ўпарадкаваць. Пасьля гэнай памятнай Косьцiкавай i Лявонавай вiзыты, зноў пачаў занемагаць бацька. Цi не праняў яго тады скразьняк у варыўнi. Змарнеў, асунуўся, але хваробе не здаваўся i ўсё прадаўжаў з жорнамi ходацца. Пасьля гадзiны-другой пры камянi пачынаў крактаць i зьлягаў у пасьцелю.
- Ты во, Пракоп, у цёплым вылiжся, дык чорт зараз тую трасцу прагонiць, гаварыў, зьнiмаючы банькi, лекар Зянькевiч. - А жорны нiкуды нi ўцякуць. Паляжы во, кажу, дык i немач скарэй выхадзiш.
Каб гэта ў лежню чалавеку было. Духовы ўдар падчас тэй вiзыты нанава зрушыў балючае, падсяканае некалi Палякамi карэньне. Першыя подыхi "народнай улады" ледзянiлi сялянскiя сэрцы. Пракоп наадрэз адмовiўся йсьцi галасаваць.
- Даволi ўжо й так зьдзекуюцца, басякi! - злосна казаў швагру Алесю. I гэта-ж во яшчо хочуць каб чалавек, сабе на душу напэцкаўшы, галасаваць за iх iшоў. Палякi нашто ўжо чэрцi былi, а гэтыя дык iх цi нi пiраплюнулi. А трасца-ж вам у бакацiну.
Гэтыя бацькавы словы прыгадалiся на Пятуховым дварэ, калi ўслужлiвы доктараў Стась падбег да яго й расказаў як Вульляна спачатку распытвала Маршалкава, а пасьля напала на бальшавiка. Мiгам зразумеў малады Бахмач чаму дзед намагаўся Вульляну спатолiць. Сам хваравiты, ледзь-ледзь клыпае, здаецца, а колькi нявычэрпнай сiлы, вялiкага духовага гарту меў гэты сiвы, прыгорблены, аднаногi чашчавiк.
З патэфоннай кружэлкi гарлапан зноў "гэч тавагыша Сталiна" пачаў. Янук спынiўся ля прачыненых дзьвярэй хаты й мяркаваў куды яму йсьцi. У хаце спасьцярог Захарука й побач Дуню. Нейкая рука страсанула яго за плячо.
- Ну а ты, пацан, чаму бацьку ня прывёў? Дзе ян?