14866.fb2
- Ды нiчога, так сказаць... от думкi...
I яны йшлi далей.
- Казаў табе раней, - прадаўжаў Алесь, - што нiма чаго надта думаць. Даюць дык бяры.
Трымаў прымаразак i скрыпеў пад нагамi тонкi сьнег. Пракоп не азiраўся па бакох, не заглядаў у вочы Алесю адно праз кут вока маячыў шваграў сiлуэт. Разьвярэджаныя думкi выклiкалi больш пытаньняў чымся даходзiла адказаў. Дзесьцi ў глыбi сьведамасьцi загнязьдзiўся закаранелы, небясьпечны страх. Дакараў сябе Бахмач за тое, што цi нi шукае дзiркi ў цэлым, намагаецца лiшняе выдумляць. А мо ранейшы перапалох яшчэ трымае? Гэта-ж нi жарцiкi, так бакi набiлi, гэтак пазьдзеквалiся, што цяпер i бацьку роднаму цяжка паверыць было-б.
А мо бязладзьдзе гэтага новага ладу адно часовае зьявiшча? Самi-ж бальшавiкi нi раз казалi, што "нi адразу Маскву пастроiлi", трэба "абаждаць", усе такiя малыя недарэчнасьцi, як чэргi пры крамах, цi нейкi млын, каторы ня можа зь млiвам справiцца - зьявiшчы пераходныя, спрычыненыя тым, што разбураецца стары й будуецца новы парадак. Вось дзе яно: "новы парадак". Гэты "парадак" на ўсе спосабы скланялi, сялянскiя вушы iм абтрапалi. А ад чаго пачынаецца "новы парадак"? Ад разбурэньня й беспарадку?
"Эх, можа й шукаю дзiркi ў цэлым", - думаў Пракоп. - "Дадуць, дык вазьму, а што пасьля... адбяруць, дык адбяруць..." Гэткiм канчатковым выснавам падбадзёрыўся Пракоп i зiрнуў навокал. Пярэднiя сяляне згрупавалiся ля гасьцiнцу на малым сугры, што да забароненай зоны прымыкаў. Зонай гэнай быў ладны кавалак поля, абгароджаны высокiм плотам з калючым дротам. У вадным куце загарадкi, далекавата аж пад лiпавiцкiм гаем ляжалi стосы мэталёвых бочак. Казаў нехта, што ў бочках бiнзiну трымалi. Ля тога кладу бочак вiдаць было двух жаўнераў у даўгiх шынэлях, з пупаватымi будзёнаўкамi на галовах i штыкамi на стрэльбах, пераз плячо перавешаных. Блiжэй пад лiпавiцкi сад, абкапаныя зямлёй, тарчэлi рулi гарматаў, цi ня зэнiтак. Вартаўнiкi былi й каля гарматаў.
Лiтоўскiя сяляне маўклiва пазiралi на Косьцiка.
- Так вот, значыцца, - пачаў Сабакевiч звонкiм голасам, - будзем браць, значыцца, па алфавiця. Хто першы ў нас?
- Бахмач, мусiць?
- Ну так, ён-жа на "бэ".
- Давайце яго сюды! Таварыш Бахмач, сколька зямлi вам?
У Косьцiкавым голасе гучыць звычайная дзелавiтасьць, нi iронii, нi пагрозы. Азiраючыся на швагру й вясковых, Пракоп падыйшоў да Сабакевiча. Абапёршыся на змайстраваны зь бярозавых прутоў трохкутнiк, сьмярдзеў з боку карашкамi Захарук, нехлямяжа трымаў у кiшэнях гладкiх портак рукi Шпунт Лявон i калоў маленькiмi вочкамi старшыня камбеду.
- Сколька вам зямлi, спрашываю? - паўтарыў Косьцiк.
- Як гэта? - перапытаў Пракоп. - Колька-ж дадуць...
Як перапалоханы заяц, Пракоп недаверлiва сачыў начальнiкаў. Калi-б замiж абяцанага кавалка зямлi пачалi ў бакi камшыць, - дай Божа здаровыя ногi.
- Дадуць... дадуць! - гарэзьлiва перакрывiў Косьцiк. - Спрашываю, сколка хочаш?
- Дык значыцца можна колька хачу? - ня верыў Пракоп.
- Табе-ж кажуць: бяры колька хочаш! - прыкiнуў Тодар.
- Яно-ж так, - пацьвердзiў голас у грамадзе.
- Калi так... дайце восiм актараў, - асьмелiўся Пракоп.
- Ну вот, так даўно сказаў-бы, - выцягнуў правую руку зь кiшэнi Шпунт.
- Так i запiшам: Бахмачу восiм актараў. - пацьвердзiў Косьцiк. - Пiшы, Лявон. А вы, - зьвярнуўся да Захарука й Пятуха, - бярыце й мерце. Там вiдзiця гэны куст пры гасьцiнцы? От ганiце трохвугольнiкам прама на яго. Як адмерыце сколька да яго метраў, тады адшчытаiм сколька палагаiцца ўшырыню. Панятна? Ты, Лявон, шчытай сколька квадратных метраў далжно быць.
- Па дзесяць тысяч на актар, - нядбайна адказаў калiшнi драгомiшч.
- Знаю й бiзь цябе, - зiрнуў iранiчна Косьцiк. - Запiсвай i шчытай сколька ўсяго.
Лявон выняў зь кiшэнi блакнот i ўзяўся запiсваць.
- Дый нi забудзь, што трэба плян па распрадзяленьню зямлi начарцiць i пасьля ў сiльсавет пiрадаць, - паважна закончыў Сабакевiч.
Перастаўляючы бярозавы трохкутнiк, Захарук пасоўваўся пад чыгунку. Побач яго шкандыбаў, копцячы "казiнай ножкай", старшыня камбеду.
- Семдзесят тры, семдзесят чатыры...
Захарук спынiўся перад слаба сьцятай лёдам лужынай.
- Абыйсьцi, цi як? - спытаў Пятуха.
Лужына была вялiкая. Абыходзячы, дакладна не адмерыш.
- Чорт яго знаiць, - плюнуў Сымон, выцягнуўшы з роту "казiную ножку". Давай бокам, нiма чаго мачыцца.
Асноўная група сялянаў, мiж iмiм колькi жанчын, трымалася на сугры. Некаторыя-ж сiгалi перазь нiву, узараную пад зяблiва, прысыпаную сьнегам, наглядаючы, мусiць, лакомы кавалак.
- Эй вы, там! - гукнуў Сабакевiч, - ня крывiце, iдзiце прама на куст, як палагаiцца!
Захарук i Пятух азiрнулiся.
- Дзе тутака прама, разумны гэткi! Iдзi сам памачыся! Калi Пракопу пару мэтраў даўжэй цi карацей дык бiда вялiкая! - адказаў голасна Захарук. - Ты што гэта ўлегцы шкандыбаiш а я сам раблю? - зьвярнуўся да Пятуха. - На, рабi!
Старшыня камбеду ўчэпiста ўзяў трохкутнiк i пачаў мерыць.
- Сколька ты нашчытаў? - спытаў Захарука.
- Восемдзесят два.
Нагналi iх Тодар Кмiт i Сымонаў брат Уладзiмер. За хвiлiн пяць дайшлi да вызначанага куста. Войстрай сякерай Тодар высек таўсты лазовы кол i ўзяўся ўбiваць яго.
- Сколька там нашчыталi? - крычэў зьверху Лявон.
- Сто дваццаць два.
- Давайце назад!
Мужчыны не сьпяшылiся.
- Ты, Лявон, запiсвай, а вы, мужчыны, мерце ўпоперак. Як угаварылiся, будзiм мерыць па сто метраў, знакi стаўляць. Так будзiць лягчэй падшчытываць.
Дайшлi зь Лiтоўцаў людзi. Нiхто надта не сьпяшыў мерыць. Устанавiлi парадак надзелу па альфабэце, адмерылi мяжу ля забароненай зоны. Адны мерылi, iншыя загадвалi, трэцiя калы ўбiвалi. Праца пайшла хутчэй пасьля асваеньня тэхнiкi распадзелу.
- Гэта-ж, мусiць, цi нi сама найлепшая панская зiмля. Га, тата? спытаў Пракопа Мiкола, што прычыкiльгаў пазьней i цяпер разглядаў нiву. Пракоп адказаў не адразу. Быццам ня верачы ўсяму, што навокал адбывалася, ён нейкiмi задуманымi, адсутнымi дзесь вачмi блудзiў па адмеранай яму зямлi, затрымаўся даўжэй на вялiкiм полi, дзе распаўзьлiся лiтоўскiя, дый спынiўся на тым галоўным гурце, што вiдаць быў на круглаватым бохане аж над лесам.
- Гэта-ж так, сынок... тутака ў пана, што нi пасеiць, дык радзiла, як на лес гледзячы расло... Пшанiца, як золата! Праўда, калi ўзяць лён, дык той зямлю лягчэйшую любiць, а як на бульбу, асаблiва-ж гутманку, дык толька падглiнак. Ну алi будзiм глядзець. Кусок спорны, даў-бы толька Бог здароўя дый каб яно так было, як абяцаюць...
- А што мы тут пасеем, тата? - спытаў Янук.