14866.fb2 Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

- Да я нi знаю. Верна нi даюць, да i нiкаво нi падпускаюць блiзка. I пускай здыхаюць, нашто iм есьцi...

- Дзецi там таксама ёсьцiка? - спытаў Янук.

- Верна ёсьцiка, - неахвотна ўжо буркнуў "выдатны чалавек". - Ды сказала я табе, есьлi хочаш узнаць дык пайдзi сам туды, а мяне нi спрашывай. Накога чорта яны мне...

- Нi распытвайся ты яе, - таўханула Янука Дуня. - Ня вiдзiш, што злуецца? Iдзём замарудзiлi, позна ўжо.

Янук зiрнуў на пульхную дзеўку, памяркаваў, што, мусiць, больш ужо зь яе ня выпампуеш, ды рушыў побач Дунi. Бокам абыйшлi вакзал i накiравалiся на галоўную вулiцу. Ужо шарэла й электрычныя лямпачкi на слупох зiхацелi млявым сьвятлом. Мароз адзываўся пад нагамi храбусткой скарынкай пачарнеўшага сьнегу й цяў коньчыкi вушэй, канцавiны рук i ног. Янук угледзеўся ў сустрэчную лямпу й здавалася яму, што кашаль-чханьне далёкае электрастанцыi, чутнае праз навакольны гоман, хлiпала на дроцiку лямпы. Доўгая канцэнтрацыя на сьвятле сьветчыла адно, што хлапец дзесьцi далёка думкамi блудзiў.

Енк у вагонах... i мiлы, знаёмы тварык... кастлявыя, сiнiя рукi... i блiзкi галасок... спагада й розум... Што гэта й адкуль? Недзе яно вязалася разам. I Янук прыгадаў. Раптоўна спынiўся й Дуню моцна за рукi таргануў.

- Дуня, ведаеш што?

- Ну што?

Янук маўчаў i шырокiмi, ледзь прытомнымi вачмi пазiраў у дзяўчынiны пытальныя васiлькi.

- Кажы што. Нi трасi мяне, гавары!

- Гэта самае... от што прыпомнiў я... Знаiш, хто тамака пэўня ў тых вагонах сядзiць?

- Ну?

- Я думаю, што яны тамака.

- Хто гэта яны?

- Ну гэтыя-ж Старажонкi, хто-ж... з Галавачоў. Нi знаiш? Iх-жа, кажуць, таксама забралi, з панамi разам, от як...

I Янук моцна, голасна зарагатаў. Дуня пазiрала на сябру й ня ведала што рабiць.

- З панамi! Чуеш? Бiда аж пiшчэла, галапупых поўная хата, а яны от не абы зь кiм, а зь вялiкiмi панамi ў Сiбiр паедуць. Чуеш, Дуня? Што ты на гэта скажаш, га?

Старажонкi - шматдзетныя арандатары вялiкага неўрадлiвага фальварку. Глiна, глей, падзолак. Колькi iх бралася, грызла, калупала зямлю ды, плюнуўшы, адыходзiла. I Старажонкi паласавацца хацелi. Бацька малы, чарнявы, як корч, цяглавiты рабацяга. Ужо сына старэйшага, гадоў зь пятнаццаць, да працы падпрагаў. У хаце дзяцей як бобу, васьмёрка, мусiць. Жартаваў тады нехта, што папа рымскi наказаў, каб каталiкi размнажалiся, дык Старажонак надта заўзята ватыканскiя наказы выконваў. Хата-ж у фальварку была вялiчынёю на якi тузiн.

Старажонкава Верачка, хлёсткая малая цацанька, разам зь Януком i Дуняй у адной клясе засёды першай вучанiцай была. Ды што там для яе праграма школьная! Цэлы, здавалася Бахмачу, неабсяжны лiтаратурны сьвет знала: i Мiцкевiча, i Сянькевiча, i Рэйманта, i Жаромскага, i Гётэ, i Бальзака, i Шэкспiра. Янук пра некаторых тых вялiканаў першы раз чуў, а Верачка-цацанька iхныя творы чытала. Мала таго. Гэта ад яе пачуў Янук Купалавы, Цётчыны й Коласавы вершы. Зь ёю на якую хочаш тэму гавары. Часта дзiвiўся Янук, што дзяўчо, як казалi, вялiчынёю з кукiш, а колькi разуму Бог ей даў.

- Што ты хочаш, каб я сказала? - глуха адазвалася Дуня, галаву апусьцўшы. - Мусiць таму ўзялi, што яны Палякi.

- Палякi? - перапытаў Янук.

- Ну, яны-ж каталiкi.

- Фэ, от i сказала, разумнiца, - скрывiўся Янук. - Цi ты ведаеш, што мне гэта цацанька-Верачка адзiн раз казала?

- Што?

- Казала, што ня ўсе каталiкi ёсьць Палякi. Тыя, каторыя гавораць пабiларуску й роджаныя тутака, дык яны Бiларусы, хоць i каталiкi. Яна гэтак казала. I ведаеш яшчо што?

- Ну?

- Казала цацанька-Верачка, што калi-б так было, як Палякi кажуць, значыцца, што ўсе каталiкi ёсьцiка Палякi, дык трэба было-б тады ўсiх французаў, Гiшпанцаў, Iтальянцаў ды цiмала яшчо якiх Палякамi папiсаць. Дык цяперака сама вiдзiш, што Палякi наўмысна лухту паролi, народ наш ашуквалi. Дык Старажонкi нiякiя нi Палякi, от як.

- Цацанька-Верачка, мусiць праўду казала, - згадзiлася Дуня.

- А от папалiся й паедуць на Сiбiр тую. I за што?

У Януковым уяўленьнi зьявiлася малое, недарослае на свае гады дзяўчо. Анельскi тварык, вельмi разумныя й заўсёды вясёлыя вочкi. Цяпер-жа тая дзяўчына-цацанька (мянушка надзвычайна трапна характарызавала яе ўдома i ў школе) недзе, як у клетцы, зь дзеткамi калее. А мо каторага на руках трымае? А можа ўжо памерзьлi, цi з голаду душу Богу аддалi?

Думка скаланула Янука марозам жахлiвейшым, чымся той, што цiснуў на захад сонца. Юнакi йшлi моўчкi. Янук зiрнуў на плот. Адтуль з плякатаў пазiраў месяц Манькi Пiрапечкi й гэны назойлiвы напiс: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў..."

- Тпррррруу! - пачулася гулкае на дарозе. Дзядзька Захарук спынiў каня. - Ну сядайце! Чаго глядзiцё, як бараны на новыя вароты.

Не марудзячы, Янук зручна кульнуў Дуню за шырокiя дзядзькавы плечы й прымасьцiўся сам.

- Алi-ж дзядзька маладзец! Каб табе Бог здароўя поўныя прыгоршчы! пахвалiла Захарука Дуня.

- Но-о-о-о-о! - пагнаў гнядога гаспадар. - ...йшоў, цюхцяй!

Дзядзька, скарэй лёганька пагладзiў, чым сьцебануў канёў зад i падатлiвы гняды, што ведаў кожны гаспадароў рух, трушком рушыў у дарогу. Ён бег так роўна й бязь нiякiх намаганьняў, што, здавалася, чалавек дзесьцi на мяккай раўнiне ў прасторы плыве.

- Захiнiцiся вы, жабоцькi, ато памерзьнiце, - загадаў вучням Захарук.

Пры хуткай язьдзе больш дацiнаў мароз.

- Надта-ж хлёсткага конiка, дзядзька, маеш, - пахвалiла Захаруковага гнядога Дуня.

- Ага, - буркнуў рыжавусы селянiн, - ён-жа нiчога-ткi...

- Што-ж чуваць, дзядзька Захарук?

- Эт, нiчога. Што ў вас?

- А дзядзiчка, а роднiнькi, каб ты вiдзiў, што мы сягоньнiка зь Януком вiдзiлi, - сказала прыцiшана-таямнiчым тонам, нахiлiўшыся да Захарукова вуха, Дуня.

Селянiн сьцямiў, што дзяўчына мае яму нешта важнае сказаць i таму пiльна прыслухоўваўся.

- Гэта-ж во тамака за станцыяй, з таго баку каля лесу два саставы вагонаў стаяць. Дык людзi тамака ў тых вагонах так стогнуць, так галосяць... Мы зь Януком са школы йшлi ды задумалi-ж гэта нацянькi праз поле дамоў... ажно тамака, чуем, выюць-галосяць, акасьцянелыя сiнiя рукi з вагонаў выцягваюцца... слабыя, хрыплыя галасы дзетак... такi крык i стогн, аж сэрца разрываiць, як блiзка падыйдзiш. Алi-ж хто падыйсьцi асьмелiцца... Янук i я аж аслупянелi, пачуўшы гэта, алi нас вартавыя з сабакамi даганялi, дык мы колька сiлаў мага, аж дух займала, давай наўцёкi...

- Гэта цi ня тыя будуць, каторых дзьве нядзелi назад пазабiралi, сказаў Захарук.

- Як гэта? - усхапiлася Дуня, - Дык iх так доўга галодных i на холадзе дзяржаць?

- А няўжо-ж, - адгукнуўся раўнадушна Захарук.

- А Божа-ж мой! - усклiкнула ўтрапённым голасам дзяўчына. - Бедным людзям нiхто не паможыць!

- От памажы... Паном нi варта памагаць, скула iм у бок, - з нацiскам спасьцярог Захарук. - Алi-ж там многа людзей, так сказаць нашага брата, нiвiнаватых нi ў чым. Дык як ты iм паможыш, каб i хацеў? Скарэй сам пападзешся. Кажаш, што за вамi гналiся. Як гналiся?