14866.fb2
- Следовательно, повторяю: кто тебе помогал испортить лозунг на литовской школе и с кем ты всё время в деревне делал антисоветскую пропаганду?
Дзiва. Лагодна-памяркоўна гучэў бас. Калi-б гэта дзесьцi ў сямейным коле яго пачуў, пабажыўся-б чалавек, што якраз такiм лагодна-ласкальным тонам бацькi да сваiх дзетак гавораць. А мо гэты агiдны кручканосы гарбуз i меў сям'ю й дзетак, якiх навет мог ласкаць i песьцiць? Што ён за чалавек?
Антось дрыжэў i маўчаў.
Шарганула за сталом крэсла, ацяжэлае, пузатае тулава выгадна распаўзлося, адчынiлiся таўстыя, круглыя вусны й адтуль прыляцеў да Антосевых, смылячых i чырвоных вушэй сяброўскi зварот: - Будьте любезны, садитесь, пожалуйста.
Круты паварот. Але Антось, змораны фiзычным перакананьнем каўказцавых рук, прытомнасьцi яшчэ ня страцiў. Не марудзячы, адыйшоў ад сьцяны й сеў пры стале насупраць сьледчага на самым краю крэсла. Ззаду адчынiлiся дзьверы й перад Антосем на стале касматая, чорнавалосая рука паставiла поўную шклянку чыстай, надта прынаднай, празрыстай вады. Не пасьпелi ззаду сьцiхнуць крокi, як Антосева рука ўжо на стале была.
- Погодите минутку, гражданин, пабеседуем. Вы, наверно, пить хотите?
Пяшчотны тон... Рука сьледчага адсунула на сярэдзiну стала шклянку з вадой. Зьдзек. Антосева рука абамлела на калене. Пiў вачмi. Гарэлi сьмяглыя вусны. Ня было насупраць анi кручканосага гарбуза, анi ледзянавокага Грузiна на сьцяне, адно надзiла, зьдзеквалася зь яго, зьбiтага й зганьбаванага вялiкая, прынадна-празрыстая, жыцьцядайная шклянка чыстай вады. Вада - альфа й амэга ўсяго жыцьця-быцьця, усей шырынi мiзэрнага Антосевага iснаваньня. Як ня дзiўна, адны й тыя самыя рэчы набiраюць зусiм iншага значэньня й моцы, калi бачыць iх у розных пэрспэктывах. Хiба адно змораны, зьняможаны падарожнiк пустынi бачыў калi ваду ў падобным сьвятле, як ўяўлялася яна цяпер Антосю Дзеркачу. Вось яна гэтта, зусiм перад дзяцюковым носам. Адно часiна, адзiн рух рукi i яна асьвяжыць вусны, улiе жыцьцёвую сiлу ў зьняможанае цела. Адылi мiж сьмяглымi, парэпанымi дзяцюковымi вуснамi, сухiм жыватом i вадой-збавiцелькай станула бяздушная, грозная магутнасьць бальшавiцкага палiцыйна-сьледчага апарату. Вада сталася максымальнай прынадай-пасткай. Прадайся, прызнайся, падпiшы ўсё, што вымагаюць, адно тады зможаш адсьвяжыць сьмяглыя вусны, прамачыць страўнiк.
У тым месцы й часе, дзе апынуўся Антось Дзяркач, чалавек не разважае памяркоўнымi й цьвёрдымi катэгорыямi, не абасноўвае зьмененых вартасьцяў звычайных, будзённых, нармальных рэчаў. Хiба адно волатам пад сiлу такое нешта. Загiпнатызаваны вiдам празрыстай вады, сядзеў Антось i ў галаву яму не магло прыйсьцi, што лягчэй цярпець было-б, калi-б на бок галаву адвярнуў. Тымчасам сьцiплая вялiчынёй шклянка вады расла ў змучаных бяссоньнiцай Антосевых вачох да манументальна-непазнавальных разьмераў, засланiла ўсё навокал i ў меру такога гiпнозу расла ягоная сьмягласьць, напаўняўся балючай жарствой змораны страўнiк.
- Вы курите? - спытаў ласкавы голас. Сьледчы падсунуў адчыненую папяросьнiцу.
- Не, - адказаў Антось. Ён ня зводзiў вока з вады. "А што каб раптам схапiць i выпiць? А пасьля... што будзiць, нiхай будзiць", - думаў Антось. Гэткую нагла-зухаватую ў коранi перасек каўказкi твар. Антосева левая рука, быццам для пацьверджаньня небясьпекi, памацала там, дзе зыходзiлiся ногi. Страх уваскрос новым болем.
Гарбуз пачаў гаварыць.
- Может быть вам неизвестно... Советская власть самая лучшая и самая гуманная в мире. Первой и преимущественной заботой этой власти - человек. Это совершенно понятно, ибо самые порабощённые слои эту власть для блага своего и тех которые придут позже. Следовательно не было и не будет у нас заботы большей, чем та, которую ощущаем для человека. Но исходя из этого, не должны мы забываць и другую сторону того столба, на котором построена первая и самая могущественная социалистическая страна в мире. Эта другая сторона наша полнейшая и крайняя преданность нашей родной коммунистической партии, нашему правительству и в первую очередь нашему вождю, великому и мудрому учителю, отцу всех народов мира, товарищу Сталину...
Настаўнiцкi голас спынiўся. Аўтамат i тут, дзе ня было паслухмяных нявольнiкаў, што пры згадцы дыктатара пачалi-б аддана плёскаць далонямi, зрабiў вытрыманы перапынак.
- У многих из нас есть ещё отрицательные пережитки прошлого, которые следует уничтожить и выбросить как нам чуждые и вредные, - прадаўжала лагодным басам шарманка. - Это сделать изумительно легко. Да! - падчыркнуў кручканосы гарбуз, - изумительно легко. У вас тоже эти пережитки есть. Они у вас, конечно, не по вашей вине, ибо вы жили в обществе, где человек человеку был волк. Понимаете? Человек человеку врагом был. У нас наоборот: человек человеку есть самый лучший друг. Видите как у нас? Стало быть, если каждый из нас есть другом каждому другому так и последовательно мы должны быть наибольшими друзьями. И наиболее преданными нашей власти. Ибо кто же, если не она, наша власть, ощущает для нашего блага наибольшую заботу? Вы должны полностью довериться вашим местным руководителям, активистам, коммунистам, не иметь никаких секретов, наоборот - навстречу им идти. Да, навстречу! Видите ли, как это просто и изумительно легко? Вы, может быть, не понимая наших порядков, каким то образом попали в шайку врагов советской власти, злобных клеветников. Может быть, вы хороший человек и раньше никто не раз'яснил вам советских порядков, не дали вам возможность увидеть полноту, красоту и гуманную справедливость советского мира. Так я вам сейчас и предлагаю эту возможность. Признайтесь, что вы делалi советской власти большой вред, назовите нам тех людей, с которыми вместе работали и я вас уверяю, что советская власть, которая есть самая лучшая и гуманная в мире, простит вам и как родной отец или мать станет заботиться о вас и откроет вам дверь благополучной жизни.
Шарманка спынiлася. Пстрыкнула запальнiчка й над сталом падняўся круг дыму. Гэта ня быў той дым, што рэзаў лёгкiя дзяручым смуродам карашкоў.
Рука падсунула Антосю шклянку вады. Ня верачы, вязень зiрнуў на нямую маску й адно пасьля ласкавага "выпите, пожалуйста" сьмяглыя вусны прылiплi да берагу шклянкi. Нiколi, мусiць, за цэлы свой куртаты век не адчуваў Антось такой вялiзнай асалоды. Трыма цi чатырма вялiкiмi глыткамi вада апынулася ў дзяцюковым страўнiку. Зь вялiкiм смакам Дзяркач аблiзаў асьвежаныя вусны й спанатрыўшы новапрыбыўшыя сiлы ў цэлым арганiзьме аж раўней сеў на крэсьле.
- Сейчас вас отведут в камеру, - гаварыў сьледчы. - Советую вам хорошенько передумать всё, что я здесь сказал и следующим разом не только самому признать все акты вашей вредительской работы, но и выдать всех ваших поплечников. Нет нужды убеждать вас в том что вас ожидает если не сделаете как вам советую.
Антось ня ведаў колькi прайшло часу як з допытаў вярнуўся. Дзесь па калiдоры, за гэным вочкам часта адчынялiся дзьверы, каротка гудзеў голас, а Дзяркач шнураваў ушыр i ўдаўжкi камэры, чакаючы калi зноў яго выклiчуць. Спрабаваў спаць, але, задрамаўшы, прачынаўся ад нясьцерпнага холаду, уставаў, бегаў, хукаў у рукi, дрыжэў-калацiўся. Пасьля, здвалася, няскончанай вечнасьцi, адчынiлiся дзьверы каморы й вартавы загадаў: - А ну-ка давай, с вешчамi!
Дзяцюк зiрнуў на вартавога, вочы прабеглi па пустой каморы. Зь якiмi "вяшчамi"? Забралi-ж амаль голага, не далi навет з бацькам разьвiтацца. У знаёмай яму ўжо канторы кручканосы гарбуз сядзеў за сталом. Калi вартавы зачынiў дзьверы, ён коратка сказаў: - Вы сейчас пойдёте домой. Лишь подпишите эту заявку, что никогда и ником не будете говорить о том, что здесь происходило. Поняли?
Напалоханы й зьняможаны Дзяркач чакаў чаго iншага, але не таго, што чуў i бачыў. Няйнакш сьледчы выдумаў нейкi дрэнны жарт. Зноў непрадугледжанае пачнецца. Цi зможа ён высьлiзнуць з гэтай новай, няведамай пасткi?
- Ну чего стоиш? Разве по-русски не понимаеш? Что с тобой?
Сьледчы падсунуў яму паперку й палажыў збоку ручку. На паперцы было нешта напiсана, але колькi нi намагаўся Антось прачытаць, - а парасейску ня ведаў добра, - лiтары скакалi, дваiлiся. Дом, цяпло, мiска сытнай стравы, вось што, быццам сонца, зазьзяла на цёмным у апошнiя днi Дзеркачовым гарызоньце. Ён навет ня памятаў, калi падпiсываў тую паперку.
Цi раз пазьней Антось разважаў пра нядужасьць i вытрымаласьць фiзычную. I часта прыгадваў як гэным часам, калi адчынiлiся перад iм дзьверы на волю, лягла зноў сонечная й прывабная дарога да роднае хаты, адкуль узялася тая моц, куды сплыла тая вялiкая нядужасьць. Спачатку хiстаўся як п'яны, але па меры таго як аддаляўся ад быўшай вiльлi Вiлiнскага, цяперашняга гнязда "народнай уласьцi", раўней ягоны крок, дужэў арганiзм, сьвяжэла змучаная галава. I паволi, вельмi паволi вярталiся на месцы ўсе пешкi, конi й каралеўскiя фiгуркi жыцьцёвай шахаўнiцы.
Перш за ўсё Антось спасьцярог, што на сьвеце панавала прыгожая, марозная зiмовая ранiца. Усё, здаецца, выглядала бязь зьмен. Людзi, каторых бачыў на вулiцы, каля станцыi, а пасьля i ў вiлах Глыбоцкайi Докшыцкай, дзе Гiбiшына крама раскашэлiлася, займалiся штодзённымi, патрэбнымi справамi. Праўда прыватны гандаль скончыўся, крамы пазачынялi, адзiн калiшнi каапэратыў, цяперашнi "горпiшчапромторг" гудзеў натоўпам. Народ вылiўся ў даўгi хвост чаргi, што цягнуўся аж да калiшняга "пастарунку палiцыi панствовай". Антось мяркаваў, што пэўне нешта важнае давалi. А мо хлеб чорны...
I ўсё-ж у Антосевых вачох жыцьцё выглядала накш, чым раней. Зьмена магла адбыцца ў яго самога. Вазьмi, прыкладна, гэных людзей у чарзе. Цi мала каторы думае, што калеючы на марозе за кавалкам хлеба, ён на дне нядолi апынуўся. Але цi каторы зь iх зьведаў тую камору, дзе апошнiмi днямi калеў Антось, цi хто зь iх ведае пакуты, волю страцiўшы?
Гэтак думаючы, iшоў Антось, не наважыўшы яшчэ што рабiць. Так звычайна захоўваецца арыштант, што пачынае на волi першыя крокi ставiць. Дзяркач сустрэўся лоб у лоб з Тодарам Кмiтам.
- Антось, куды ты? Як гэта з табой, пусьцiлi? - гукнуў той з бадзёрым выглядам. Ён трымаў нешта ў лужэльнай торбе пад пахаю. Апрануты быў у новыя боты з рудымi халявамi, суконную тужурку, барашкавую шапку. Кароткiя вусiкi прыдавалi весялосьцi румянаму твару.
- Здароў, Тодар. От чаго ня ўзьбiўся на цябе, загледзiўся, - вiнавата пачаў Антось.
- Здароў, здароў! - трос руку Тодар. - Дык адкуль ты й куды.
- Ды нi пытайся. Каму-ж ведаць, калi нi табе?
- Што ты, дзяцюк, вярзеш? Праўда, што там быў? - нацiснуў Тодар на перадапошняе слова
- Так, быў.
- Ну й што?
- Браток, нi пытайся, бо нi скажу. Паперку мусiў падпiсаць.
- Якую гэта паперку?
- Такую, дзе прырок вады ў рот набраць. Кумекаiш?
Рашчараваны Тодар адвёў вочы набок, думаў.
- А Косьцiка цi Лявона ня вiдзiў тамака?
- Не, ня вiдзiў, - спакойна адказаў Антось. - А чаго iм тамака цiгацца?
- Дык от-жа ня iм цiгацца, а iх пацягнулi, - зьнiзiўшы голас, ледь чутна паведамiў Кмiта.
Нельга сказаць, каб Антось адубеў ад такой навiны, але ён нiзка й працягла сьвiснуў, а вочы ягоныя нявыспаныя, з выразам "глянь ты, што робiцца", затрымалiся доўга на Тодаравым твары.
- Алi ты абажджы, - казаў Тодар, - ты во змучаны, вiдаць... Каб сьцюжа цябе нi хапiла, давай зайдзiмся.
Антось не адмаўляўся, калi Тодар яго за руку пацягнуў. Ня ведаў, куды цягне, а Кмiта задняй вулачкай прывёў яго ў рэстаран. Уласьнiк Шапiра ня ведаў, што далей будзе, рэстаран не пераключыўся яшчэ на новы лад. Сваiх клiентаў, што любiлi чарку, Жыд часам i на кухнi ўгасьцiў.
У Шапiравым дварэ Тодар падыйшоў да свайго каня, прывязанага да плоту, падкiнуў яму сена, пагладзiў па шыi.
- Падай нам, Хаiм, чаркi! - загадаў Тодар гаспадару, калi зачынiў скрыпучыя дзьверы й расьселiся каля стала. - Гэтта пагрэемся, - зьвярнуўся да Антося. - Дык, кажаш, рот зачынiлi, то й пытацца ня буду. Алi-ж вiджу, што ня ў выгадзе быў...
Гэтак гаворачы, Тодар выцягнуў з торбы празрыстую паўлiтроўку маскоўкi, сьвежы бохан крамнага хлеба й кавалак сала. На доўгiм стале напокуцi, побач рознага посуду, шыпеў вялiкi руды самавар. Пах селядцоў, капусты й печанай цыбулi атакаваў нос. Адзiн столiк пуставаў ля дзьвярэй. I трымаў, мусiць, Шапiра поўны самавар на выпадак, калi хто зайдзе пагрэцца.
- Ай, Тодаг, ты чалавек боскi, ты са свая гагэлка ходзiць, усьмiхнуўся лысы, пузаты, з малой, сiвой бародкай Хаiм.
- Як ты, Хаiм, зноў пачнеш прадаваць гарэлку, дык ня буду сваей прыносiць, - усьмiхнуўся Кмiта.
- Праўда кажаш, - згадзiўся Жыд. - Можа чай падаць?