14867.fb2
У гэну ранiцу прыгрэла крыху млявае ўжо сонца, аж дзед Якуб на прызбу вылез. Сядзеў, ссаў люльку, у пясок паплёўваў. Дзесьцi пад балотам гула малатарня, ля школы чуваць быў гоман дзяцей, лянiва зьвягаў у Пiлiпавым дварэ сабака. Пуставала Якубава хата. Нявестка дзесь упрочкi выбралася, а Васiль некаму падлогу клаў, цi хату апраўляў. Сачыў Якуб апошнiя ўздрыгi залатой восенi й мяркаваў што добрага цi што дрэннага прынясе зiма. З Рыгоравай варыўнi далятаў глухi гул жорнаў. Зь Пiлiпавага двору паказаўся Антось Дзяркач. Прычынiў весьнiчкi, стрымаўся, зiрнуў у вадзiн бок i другi бок вулiцы ды, спасьцярогшы дзеда, весела засьвiстаў i зусiм бяз посьпеху накiраваўся да Якубавай хаты.
— Здароў, дзед Якуб, — гукнуў на прывiтаньне.
— Здароў, Антось, — адказаў дзед. — Адкуль гэта й куды цябе гонiць?
— Нiкуды ня гонiць, да Пiлiпа забегся во.
Дзяцюк прысеў на прызьбе, плюнуў у пясок i неадлучнай бярозавай палкай пачаў "сарокам кашку мяшаць".
— Боты надумаўся пашыць, цi што?
— Эт, якiя там боты, — махнуў рукой Антось, — цяперака во Пiтуху, Шпунту цi Сабакевiчу боты шыiць, а нi нам, бiдалагам.
— Нешта-ж во да цябе гэты шпуньцiк, каб яго макарэц, учашчаць пачаў, кажуць, — гаварыў Якуб. — Праўда гэта цi не?
— Чаму-ж… заглядаiць…
— А што-ж яму трэба? Цi гэта ён думаiць, што ты там каля школы напэцкаў?
— Алi ты, дзед, цiкавы, — хiтра ўсьмiхнуўся Дзяркач. — Скора састарэiшся, хы-хэ-хэ…
Антось так раптоўна й голасна зрагатаў, што зь цiкавасьцi аж выпрасталi шыi й паднялi высака галовы ля тыну куры.
— Ты Антось, зь мяне ня кпi, — з дакорам адказаў дзед.
— Прычапiўся як смала, цьфу на цябе! — пачаў сур'ёзна Антось. — У твайго бацькi, кажа, i ў цябе краска ёсьцiка, вы вокны майструеце, дык вы й напэцкалi. А калi ня вы, дык той, хто ад вас краску браў. Надта-ж упякло яму. Я гэтак сьцярпеў раз i другi раз, ажно яму ўходу нiма. Дык я тады яму гэтак кажу: iдзi, кажу, лепi пастарайся загнаць каторай дзеўцы сваю загагулiну, бо дзiцюкоў Палякi прыбралi, дык дзеўкам чэшацца. А ён як азьвярэў, начальнiк вялiкi, дык Божа ты мой мiлы! Паўгадзiны кiпеў, сукiн сын. Я вам пакажу, кажа, якi начальнiк я цяперака! Я вас у ын-ка-вэ-дэ, от як! Чуў ты яго? I хто-ж гэта, ён думаiць, ён ёсьць? Панскi атопак, пры Польшчы паном служыў, а цяперака во гэтай брыдзе… Дык чорт цябе бяры, жывi як хочаш, рабi што хочаш, думаю сабе, алi чэсных людзей нi чапай. Дык дзе там! Прылiп i нi адчэпiцца, сукiн сын!
Антось злосна плюнуў у пясок i канцом кiя добра працаваў, каб сарокi галодныя ня былi.
— Дык гэта ён да цябе толька таму, што вы майструiце й краску маiце?
— Ну а чаму-ж?
— Падумаўшы, дык чорт яго бацьку знаiць… краска мала ў каго ёсьць. Алi калi такiмi сьлядамi йсьцi, дык макарэц яго…
— Я табе, дзед, скажу, што з гэтым бязьменам жарцiкаў нiма. Ён плёскаiць-ляпаiць, а глядзi й мiлiцыю навядзець. А тады што?
— Чаму-ж не, яму-ж воля… Ну алi-ж ты, Антось, мусiць i ад мяне ўкрываiш, — хiтра зазьзялi дзедавы вочкi. — Людзi-ж гавораць. Нiма дыму бiз агня…
— Алi-ж ты, дзед, цiкавы. Кажу, што скора састарэiшся, як замнога знаць будзiш. Га-га-га!
Антось голасна зарагатаў. Хiтрун зьмянiў тон i мову й хiба надта дасьведчаны, добра ведаючы яго чалавек мог спанатрыць калi Антось праўду гаварыў.
— Скажу табе, дзед, пад сакрэтам, — нахiлiўся Антось да дзедава вуха, толька глядзi, каб нiкому анi гу-гу. Згода?
— Ты-ж знаiш мяне. Нашто пытаiшся? — з дакорам адказаў Якуб.
— Ну дык от, скажу сакрэт: я гэну самую паскуду Лявону падлажыў. Га-га-га! — голасна зарагатаў дзяцюк.
Дзед уважна зiрнуў на яго.
— Цi ня кпiш ты зь мяне, сынок?
— Дадушы, яй-Богу! — стукнуў Антось кулаком у грудзi.
— А чаму ты так зрабiў? — сур'ёзна спытаўся Якуб.
— Ну от табе й на! Сказаў адзiн сакрэт дык ты, дзед, яшчо болi знаць хочыш.
— Гэта ў вас цi нi за дзяўчыну некалi пашло? — прадаўжаў дзед.
Гэтта Антось зiрнуў на дзеда войстра, з дакорам у вачох, быццам яго раптоўна нешта пеканула. Дзед зразумеў.
— Ну ладна. Я яго, каб яго макарэц, гэтага ханжу сам нi магу цярпець. Дык тое, што тут гаварылася, мiж намi…
— Ат, — махнуў Антось рукой, — такая важнасьць. Сьветак нi было. Нiхай думаiць што хочыць.
Дзяцюк загледзеўся на Тахвiлiна гумно. Уверсе плаўна кружыў коршун. Ён камянем упаў унiз i з таго месца пырхнула грамада галубоў. Пiльнае Антосева вока асачыла дзяруна, калi гарызантальна, iз шпаркiмi ўзмахамi крыльляў праляцеў над плотам уздоўж Тахвiлiнага саду й скрыўся за вiшнёвай гушчай. З таго боку крычэлi патрывожаныя куры.
— Хапiў, баньдзюга!
— Ты пра каго гэта? — спытаў дзед.
— Каршун ля Тахвiлiнага гумна галуба схапiў.
З-за балота прыкацiўся гул цягнiка. Недзе ля пераезду загудзеў паравоз. Сiпавата-басiсты, з дамешкай хрыпаты гук. Быццам нехта ў дзьве вялiзныя пляшкi дзьмухаў. Чыгунку акупанты пашырылi адразу. Цяпер даўгiя эшалёны танкаў, гарматаў i iншага ваеннага багацьця цягнулася на захад.
— Ну як i загудзiць-жа такi паравоз, дык ажно лыткi дрыжаць, сэрца недзiка ў пяткi ўцiкаiць, — дзiвiўся доктараў Стась, — нагледзеўшыся паравозаўi ўволю наслухаўшыся таго гудзеньня ў Гацях. Дзецi налётам тарчэлi пры чыгунцы "маскоўскiя паязды" аглядаць. — Надта-ж, надта вялiкi той паравоз маскоўскi, — казаў Стась, — а на самым перадзе дык у яго чырвоная зорка. Ён можа польскiя малыя тры могбы папхнуць, ня здужалi-б аднаго. Як чмыхне, дык чмыхне, от-жа й сiла!
— Што ў Пiлiпа чуваць? — спытаў дзед Антося.
— Казаў, што скора зямлю дзялiць будуць i галасаваць будзiм.
— Гэта ўжо старое.
— Казаў Пiлiп, што гэта Аксеня ягоная цяперака саўсiм сьвежую навiну прынесла. Адно толька нiвядома калi тое «скора» будзiць.
— Даберуцца во. Куды iм сьпяшыць, можа людзей яшчо нi паабiралi. А што пра паноў i асаднiкаў?
— Гэтым, кажуць, на Сiбiры колькi хочаш месца. Вывозiць будуць.
— Вывозiць, кажаш? Як гэта вывозiць? Сем'ямi, цi як?
— Хто iх ведаiць… гэтага нi кажуць. Алi гэттака сакрэту нiма, што паедуць дык паедуць. Усе бальшавiкi так кажуць, як у вадну дудку ўсiроўна, мяшаў Антось далей сарокам кашу.
— Цi-ж гэта iм пяршына, — уздыхнуў дзед. — Гэта-ж як за маей памяцi… калi нi аднаго дык другога, а ўсё ў тую праклятую Сiбiр, каб яна скрозь зямлю правалiлася. Самому мне прышлося…
Дзед выстукаў зь люлькi табаку, напакаваў сьвежай i прыкурыў.
— А ў каго гэта сягоньнiка малоцяць?
— Ды ў Бурака-ж, у каго яшчо… Казалi, што на днi тры цi нi зьбярэцца.
— Цябе ня клiкаў?
— Не. Алi трэба будзiць зайсьцiся паглядзець.
— От гэтым цяперака раздольле. Сын — начальнiкам, а ў бацькi ад дабра аж пiралiваiцца.
— Стары жмiнда надта-ж прагавiты. Цяперака яшчо можа Косьцiкавай рукой будзiць пробаваць разжыцца. А во, як на лёгкi памiн, абодвы цацы, — ажывiўся Дзяркач, перастаў "сарокам кашу мяшаць" i паказаў кiем у бок клецi малодшага Пятуха. На самакатах наблiжалiся дзьве ведамыя фiгуры.
— Гэта-ж хто, цi ня гэтыя? — спытаў дзед. — Я нi давiджу так далёка.
— Яны-ж, Косьцiк i Лявон. Па "гасударсьцьвiнных дзiлах" мусiць, скрывiўся дзяцюк. — Пiльныя дзялiшкi. Бацька з наймiтамi малоцiць, а сын бiбiкi зьбiваiць. Начальнiк! Скончылася экспла… як гэта яны, чэрцi, называюць яе? — эксплатацыя чалавека чалавекам. Га-га-га!
Самакаты спынiлiся ля прызбы.
— Здрасьця, таварышчы, — гукнуў Сабакевiч. — Як жывяце?
Касавурычыся на Антося, Лявон нешта буркнуў сабе пад носам.
— Гэта ты, сынок, мяне ўжо таварышам вялiчаiш, га? — спытаў дзед Косьцiка.
— Пiрад савецкай родзiнай i правiцiльствам ды камунiсьцiчаскай парцiяй усе мы таварышы, — адцяў Косьцiк i фанабэрыста пазiраў на дзеда й маўклiвага Антося.
— Нiколi i ў галаву мне нi прышло, хто мне таварышам будзiць, скрывiўся дзед.
Косьцiк быў апрануты ў даматканы сiвы паўсуконны пiнжак, зялёную вайсковую кашулю, сiнiя галiфэ порткi й скураныя вайсковыя боты. З-пад пiнжака выглядала кабура з пiсталетам. Лявон мусiць ня прыдбаў яшчэ нiчога з савецкай вопраткi, бо апрануў падношаныя цёмныя порткi, чаравiкi, а белая расшпiленая кашуля выглядала з-пад сьвяточнага пiнжака.
— Што добрага чуваць, таварышы? — прадаўжаў Косьцiк.
— Ды нiчога, — адказаў Якуб. — Ад вас во трэба пачуць што было-б. Вам-жа цяперака вiдней.
— Пачуiш, дзед, пачуiш так многа, што на вяку сваiм можа ня чуў. Дзяржыся толька, многа новага будзiць.
Задзiрлiвасьць, самалюбства й пагроза гучэлi ў Косьцiкавых словах. Гэтак мог гаварыць чалавек, што нарэшце на нейкую вяршыню ўсьпялiўся, гаспадаром-валадаром стаў. Антось i Лявон маўчалi. Незадаваленьне такой сустрэчай вiдаць было ў iхных позiрках.
— Ну нам некада, — буркнуў Косьцiк. — Другiм разам, пака…
— Куды-ж iх пагнала? — спытаў дзед.
— Чорт iх знаiць. Ужо, вiдаць, пацягнулi недзе, басякi…