14867.fb2 Закрываўленае сонца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Закрываўленае сонца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

17

На палiцы ў куце хлiпала млявае полымя каганца. Роўна й мерна гулi жорны. Потам залiвала Пракопавы вочы й спружынiлiся мускулы правай рукi. Левай даланёй Пракоп выцiраў пот i намагаўся трымаць тэмпа. Роўна цiснуў на ручку жорнаў. Гэтак найлягчэй. Адно запаволь напор i тады куды цяжэй надрабляць. Часам зьмяняў Пракоп руку, але левая хутка слабела. Менш да цяжкой працы прывучаная, дый бок пачынаў ныць у тым месцы, што некалi ад Адасевых рук на "панствовым пастарунку" пацярпела.

Ноздры спацеўшага носу ўцягвалi жыцьцядайны пах падпражанага меленага аўса, апэтытнае ўяўленьне ўжо лашчыла прынадную аўсянку, што заўтра жоўтай гушчай запрашальна на Пракопавым стале стане. Да таго дойдзе мо сьвежы журавiнны кiсель i вось забясьпечыцца цэлая посная пятнiца.

Левая рука брала за сявенькi цёплы яшчэ, падсушаны ў печы авёс i насыпала ў жорны. На сьцяне варыўнi матляўся аграмадны пачварны цень. Быццам гiгант, засланяў ён амаль усю сьцяну, што над катухам з бульбай, борзда сьпяшыў у кут, дзе пераломваўся i ўжо над кадушкай, што стаяла блiзу дзьвярэй i насычала паветра пахам сьвежа-квашанай капусты, цень зьнiкаў у цемры. Але вось ён зноў вынырнуў адтуль-пераломваўся ў куце й на часiну ўжо выразным гiгантам затрымлiваўся над катухом з бульбай, каб пачаць папярэднюю вандроўку.

Вялiчынёй як добраму кату пралезьцi, ваконца асьвятляла крыху варыўню адно ранiцай. Малым яго наўмысна зрабiлi. Было-б большае, пiльнуй тады зладзеяў. Лучыну ў варыўнi палiць небясьпечна. Глядзiш, пырсьне iскрой ўбок, займецца полымем павуцiна й шукай тады ратунку. А каганцова полымя. якое параўнаў-бы Пракоп да кацiнага вочка, зьядала апошнiя кроплi цэннае нафты. Пры такой думцы млосна рабiлася. Учора Мiкола калеў у Гацях тры гадзiны ў чарзе за нафтай i вярнуўся дахаты з пустой лiтроўкай. Поўбяды было-б, калi-б жорны не спатрэбiлiся. Выглядала, што ня толькi аўсянку, але й зярно на хлеб саматугам трэба малоць будзе. Учора Сявенька вярныўся з млыну ў Докшыцах i прывез надта няцiкавыя навiны. Сяляне чакалi ў чарзе па два-тры днi.

— Засыпаюць казённае, ну а ты чакай. Алi што-ж маюць рабiць, людцы добрыя? — апавядаў Сявенька крыўдна-дрыжачым голасам. — От i чакаюць, на вазох сьпяць, каб наперад хто нi пiралез. Я табе, Пракопка, кажу, каб я з гэтага месца нi зышоў, такога яшчо ня вiдзiў. Жыда ўжо мусiць пагналi, а на яго месца нейкага савецкага басяка паставiлi, паруску гаворыць. Чорт яго басячыну бацьку знаiць адкуль ён. Гарэлкай залiўшыся, iдзець дык ад яго на сажнi тры як ад броварнай сьмярдзючай бочкi нясець. От ты да яго й падступiся. Гэта каб знаў, як каторыя другiя пранюхалi, дык самагонкi лiтроўку купiў i з сабой узяў-бы. Каторыя так робяць, дык iм першая рука. А рэшта — стаi ў непагадзi, зябнi да касьцей, галодна… што яму, басяку… Некаторыя, што гарэлкi нi прывязьлi, спрабавалi нейкага права даходзiць, ведаеш. Дык як ашчэрыўся, п'янюга! Я вам iцi вашу маць, кажа, кулакi, буржуi й падкулачнiкi, сiчас зламлю вашы буржуйскiя рогi! Вон атсюдава! Госпадзi мой, ня вiдзiць лепей такога! Бокам мне гэтыя мяхi зь зярном вылiзьлi, каб яму прагавiтае на гарэлку горла, нячысьцiку, залажыла. Думаю сабе: сядзеў-бы я лепi дома, круцiў-бы памалу жорны й окэй, здаравейшы быў-бы. Млiва мне гэта бокам вылiзiць. Жарцiкi, так празяб i прагаладаўся. Хоць ты сядзь ды плач, дажылiся, называецца… Сваё, казаў той, цяжкiм потам запрацаванае, спажыць ня маеш як. I даходзь ты дзе якога права…

У змрочнай варыўнi спацелы да паясьнiцы Пракоп, няспынна налягаючы на жорны, зноў i зноў сустракаў назойлiвы вобраз пакрыўджанага Сявенькi. У старога Амэрыканца сьлёзы на вочы пры апавяданьнi набеглi. Жах Пракопа браў. Гэтта да папярэдняй няшчымнiцы, што вечна ў хаце падчас польскае акупацыi панавала, далучылася зусiм нешта новае, чаго яшчэ зусiм дакладна вызначыць ня мог. Да ўлады дабралася свая, дый, згодна апошнiх вестак, савецкая басота. "I даходзь ты якога права… свайго, цяжкiм потам запрацаванага, спажыць няма як", — гучэлi пагрозьлiва Сявенькавы словы. Што гэта такое творыцца? Зьверху адны абяцанкi, рай, маўляў той Маршалкаў, на зямлi настане. Каб вам гэтыя абяцанкi бокам…

Пры жорнах днямi й тыднямi трэба будзе папацецьць. Нiкога не падпражэш. Дзецi вунь думалi, што лёганька гэта. Узяўся Янук. Якi-ж зь работнiк, адкуль у яго сiла тая. Ды яшчэ па Тапсiку прыйсьцi да раўнавагi ня можа. Круцiў, круцiў, задыхаўся, зьнямогся. Мiколава здароўе слабое. Яму хатняй гаспадаркi хапае. Дык вось напiрай сам. Калi-б на тым пастарунку за Паўлюковага басяка сярэдзiны нi адбiлi, што яму такiя жорны змагчы… круцiў-бы, пасьвiстываючы.

Гэтак заварожаны горкiмi думкамi пра мiзэрны быт, роўна трымаў Пракоп тэмпа. Жорнава камень гудзеў раўнамерна й грыз ня толькi падсушаны ў печы авёс, але й горкiмi прадчуваньнямi цёмнага й няведамага цёр, быццам тое зярно, макулiнкi нейкiх Пракопавых спадзяваньняў на лепшае.

Зьнекуль шырака хлынула сьвежае паветра й зусiм прылягло й плоскiм зрабiлася, ледзь-ледзь не пагасла на маленькiм кнаце каганца млявае полымя. Пракоп левай рукой згроб назад спацелыя раськiданыя валосы, падняў вочы й спасьцярог у шырака рашчыненых дзьвярох тых двух, пра каторых цэлы час дрэннае згадваў. Спынiлася й моцна сьцiснула ручку жорнаў Пракопава рука. Ад нечаканасьцi такой непажаданай сустрэчы паленам зацьвярдзеў у роце язык.

Тыя доўга стаялi моўчкi. Нейкая нявыразная ўсьмешка блудзiла на Косьцiкавым твары.

— Iш ты яго, як расхадзiўся! — кiнуў Сабакевiч пераз плячо да Лявона.

Ззаду за камунiстамi спасьцярог Пракоп яснавалосую Янукову чупрыну. I згадаў, што добрыя людзi, чалавека пры працы сустрэўшы, "Божа памажы" казалi. Гэты-ж Ромкаў гаспадар кiнуў тыя iранiчныя словы зь яхiднай усьмешкай на вуснах. I ўсьмешачка тая, таму што ледзь заўважная, скрытая, больш колкай здавалася.

— Так, расхадзiўся! Мельнiцу сваю на ўсю йванаўскую разагнаў! — голасна падхапiў ззаду Шпунт.

— Здрасьця, таварыш Бахмач! — наўмысна голасна гукнуў Косьцiк. — Мелiш?

Пракоп падыйшоў да дзьвярэй i спынiўся пару крокаў ад парогу.

— Здароў Косьцiк, Лявон. Як маецеся?

— Чуеш? — сказаў Косьцiк Лявону, — пытаецца як маемся…

— Ага, хочыць знаць як маемся, — малпаваў Косьцiка Лявон.

— Сiчас я табе ня Косьцiк, а Канстанцiн Паўлавiч Бурак! Панiмаеш?! адказаў зь няпрыхаванай пагрозай у голасе Сабакевiч.

Пракоп зьбянтэжыўся. Нядобрае прадчуваў. Цi не наважылiся, паўзуны, зь яго пазьдзекавацца?

— Што вам трэба? — спытаў суха.

— Чуiш, таварыш Шпунт? Таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба, яхiдная ўхмылка скрывiла Косьцiкаў твар.

— Чую, таварыш упылнамочаны, — згадзiўся Лявон, — таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба. Iзьвесна…

Пракоп спасьцярог, што дзяцюкi былi добра выпiўшы. Можа якраз гарэлка штурханула iх на такую кусьлiвую гутарку. Прыказка-ж кажа: што ў цьвярозага на розуме, тое ў п'янага на языку. Гэтта-ж важнай была ня так тэма гутаркi, гэтак як адносiны гэтых двух паўзуноў да яго. Разглядалi Пракопа, як нейкую жывёлiну ў заапарку.

— Мелiш, спрашываю? — падняў Сабакевiч голас.

— Ну што-ж… сам вiдзiш, нi хаваюся…

— А хто табе разрашыў малоць? — дзёрзка спытаў Косьцiк.

— Як гэта? — зь няўцямнасьцю спытаў Пракоп. — Гэта яшчо каго пытацца трэба?

— Ну а чаму-ж не? Ну а каб прышоў, прымерна, мяне спрасiў. Язык табе адсох-бы, цi што?

У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам "народнае ўлады". Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.

— Гэта што, закон такi? — здабыўся на адвагу Пракоп.

— Як я скажу, так i закон! Панiмаiш?

— Га? Во гэтага я ня ведаў…

— Ты чуiш, таварыш Шпунт? Гэтага ён ня ведаў, - сказаў Косьцiк.

— Чую, таварышч упылнамочаны, гэтага таварышч Бахмач ня ведаў, паўтарыў калiшнi драгомiшч.

— От нiблагадарны чалавек! — выбухнуў Косьцiк, зiрнуўшы перш на Пракопа, пасьля на Лявона й барэшце на Янука. — Прышла народная ўласьць, стала быць… рабоча-крысьцiянская, наша собсьцьвiнная. Чалавек першы раз у жыцьцi свабоду палучыў. Ты панiмаiш, таварыш Шпунт? Першы раз у жызьнi палучыў чалавек свабоду, паўтараю: сва-бо-ду! Так заместа паблагадарыць тым людзям, каторыя за гэту свабоду, што ён робiць? Спрашываю цябе: што ён робiць? Знаiць-жа чалавек, што сiчас пры ўласьцi свае людзi, значыцца тыя, каторыя для ягонага блага работаюць. Яму-ж цяпер ужо ня трэба баяцца паноў, асаднiкаў, другiх белапольскiх эксплуататараў. Свае-ж людзi пры ўласьцi. Панiмаеш? — выставiў Косьцiк указальны палец на Лявона. — I знаiць-жа чалавек, што цяпер ужо ня трэба аб жызьнi забоцiцца. Усяго хватаiць. А як чаго нету, дык да каго нужна абрацiцца? Га? — спрашываю цябе, — да каго? Ну ясна, да сваей уласьцi!

— Верна, — згадзiўся Лявон.

— Слышыш, таварыш Бахмач? Да каго абрацiцца нужна?

Пракоп нявыразна нешта буркнуў пад носам.

— Дык ты чаму-ж да нас нi прышоў, чаму нам нi сказаў, што таварышчы, мол так i так, у тым i ў тым у мяне нужда ёсьць, памажыце… Э-гээ, як то так можна? — запаволiў Косьцiк тэмпа.

Янук пазiраў на тое тучнае, чырвонае Косьцiкава мурло, то на дрыжачага, моцна церпячага ад гэтай зьдзеклiва-насьмешлiвай гутаркi бацьку. Каб быў дужы, каб мог схапiць i змагчы гэтых двух басякоў…

— Дык уместа таго, штоб ён да нас прышоў, пасаветаваўся й помашчы папрасiў, дык не, мы гэта далжны аб iм забоцiцца. Сядзiм, значыць i думаем: як гэта наш таварыш Пракоп там пажываiць, ня нужна лi яму чаго-нiбудзь… Iш ты, якi нiблагадарны! — махаў Сабакевiч Пракопу ля спацелага твару пальцам i прамаўляў тонам, якiм дакараюць дзяцей.

— Нiблагадарны, гэ-гэ! — згадзiўся Лявон.

— Ну эта, прымерна, было-б прасьцiцельна, есьлi-б гэта ня мой друг так зрабiў. Ато хто-ж гэта так зрабiў? Ды нiхто другой, як мой лучшы друг Пракоп Бахмач, людзi добрыя! Да, он сам! Гэ-гэ! — зьдзекваўся Косьцiк.

— Ну да, лепшы друг, — згадзiўся Лявон.

— Да разьве ты ня помнiш, таварыш Бахмач, як ты мяне ў сваiм гумне прыхiнуў, на кладнi начлег даў? Як патом цябе белапольская палiцыя цягала, га?

Хвiлiна маўчаньня трывала доўга. Недзе над Гараваткай усхадзiлiся вароны, у Лiпавiчах гудзеў трактар. Па чарзе, быццам моцна пакрыўджаны, Косьцiк пазiраў на людзей. Янук глядзеў унiз. Накачвалiся сьлёзы. Ужо колькi раз пазiраў на вiлы, што ў застаронку стаяi. У выпадку чаго, дык… Страшна падумаць было.

— Ты-ж за мяне, таварыш Бахмач, страдаў. Панiмаiш?

— Верна, савяршэнна верна, таварыш упылнамо… — вярзiў Лявон.

— Ну так от. Есьлi ты так пастрадаў за нас, каторыя за савецкую ўласьць баролiся, так зачэм сiчас ты такi няблагадарны тым людзям, так сказаць, што пры ўласьцi, каторыя табе памагчы хочуць? Э-гэ, што-ж гэта такое, спрашываю я вас таварышчы?

Зноў Косьцiк у вельмi пакрыўджанага ператварыўся.

— Апяць хачу спрасiць цябе, таварыш Бахмач, чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Га? Пачаму?

Пракоп маўчаў.

— Спрашываю, ну атвiчай-жа! Языка нi маеш, цi што?

— А можа й нi маiць? — усьмiхнуўся Лявон.

Косьцiк стрэлiў ў Лявона дакорлiвым позiркам.

— Ну, таварыш Бахмач, скажы чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Да разьве, есьлi-б ты запiсаўся, мукi мала было-б табе? Зачэм-жа тады малоць?

— Я чужога нi хачу, — цьвёрда сказаў Пракоп.

Дзяцюкi цяпер пазiралi адзiн на аднаго ды на Пракопа з такой няўцямнасьцю, быццам-бы пачулi, што Лiтоўцы маюць зараз пад зямлю правалiцца.

— Э-гэ! — сьвiснуў Сабакевiч. — Ты слышыш, таварыш Шпунт? Слышыш, што сказаў?

— Чую, чаму-ж не…

— Ён сказаў, што чужога ня хочыць, пераказваў, быццам вялiкую тайну, прыцiскаючы й зьдзекваючыся з кажнага слова Сабакевiч.

— Так верна, — згадзiўся Лявон. — Таварышч Бахмач кажыць, што чужога ня хочыць.

— Якое гэта чужое, ты iдзiёт? — раўнуў Косьцiк.

Пракоп, цяпер ўжо не на жарты перапалоханы, адступiў крок назад. Косьцiк наблiзiўся, дыхаў алькагольным гарам у твар. Ён пачаў цiхiм, сiпатым зьмяiным голасам, так што ледзь чуваць было. Голас набiраў моцы.

— Сам таварыш Ленiн када-то сказаў: граб награбленае! Да! Таварыш Ленiн так i сказаў. А ты, дзiравенскi iдзiёт, думаiш, што ты мудрэй Ленiна, га? Спрашываю цябе! Ты ня хочаш чужога? Якога гэта чужога? Разьве панскае i асаднiцкае то нi наша? Разьве ня мы на iх работалi, разьве нi яны нашым потам жылi, ды ад нас пасьледнi кусок хлеба забiралi? Га? За каго ты таварыша Сталiна й нас шчытаiш, за дурняў? Га?

Косьцiк адыйшоўсдя ад парогу варыўнi. Ён зрабiў пару кругоў па гумне, пазiраючы коса на Пракопа й iншых.

— Ну а як ты, Янук, думаiш, праўду гавару, цi не? — спытаў Янука.

— Так, — буркнуў ледзь чутна перапалоханы Янук. Даўно спасьцярог, што Косьцiк быў азброены й навет пару разоў руку на кабуры трымаў.

— От вiдзiш, таварышч Бахмач, дажа й сын твой са мной сагласiн. Ну што-ж, iдзiёт ты да й толька таво…

Сабакевiч махнуў рукой, плюнуў на бок i спынiўся ў вадчыненых варотах гумна. Залажыўшы рукi назад, доўгi час стаяў нярухома. Лявон спынiўся побач, мяркаваў што будзе далей. Пракоп выйшаў з варыўнi, надзеў кашулю. Ён пазiраў на Янука, ня ведаў што рабiць. Маўчаньне трывала доўга. На страсе паднялi вэрхал вераб'i. Кiнуўся на некага доктараў Мурзiк.

— Пракоп, нясi гарэлку! — адвярнуўся Косцiк i гукнуў на Бахмача. — Маць тваю за нагу, так i быць. Хоць ты i iдзiёт, алi-ж разам страдалi, дык i трэба адпразнаваць прыход нашай камунiсьцiчаскай савецкай власьцi… Як ты думаеш, Лявон?

— Верна, нужна адпразнаваць, — падхапiў Шпунт.

Пракоп ня рушыў зь месца. Зьняважаны й перапалоханы, пазiраў то на двух басякоў, то вельмi ўпарта глядзеў на Янука, быццам у яго вачох ратунку шукаў.На таўстых Косьцiкавых вуснах пырхала ледзь заўважная ўсьмешка, дрыгаў шрам на лбе.

— Ну дык чаго стаiш, як той на вясельлi? — падняў голас Сабакевiч. — Цi можа за савецкую ўласьць ня хочаш з намi выпiць? Кажу, гарэлкi нясi!

— Нiма ў мяне гарэлкi, — цiхаў сказаў Бахмач.

— Што? Гарэлкi нiма? От бiда вялiкая, — ўсьмiхнуўся Сабакевiч. — На во грошы, пашлi пацана, нiхай купiць.

Ён падыйшоў да Бахмача i з выцягнутага зь кiшэнi жмуту банкнотаў адзьдзялiў адзiн чырванец i даваў Пракопу. — На, бяры, нi сьцiсьняйся. За савецкую ўласьць вып'ем.

Апроч прынагоднай чаркi на якiм сямейным, цi рэлiгiйным сьвяце, Пракоп нiколi ня пiў. Жахнуўся думкi, што басякi гэтыя сядуць за ягоным сталом i, калi непаслухмяны будзе, могуць гарэлкi сiлай у рот налiць.

— На, кажу! — налягаў Сабакевiч i сiлай упхнуў чырванец у Пракопаву руку.

— Янучок, гэта самае… зьбегай да Кмiты, у яго пэўня ёсьцiка, — сказаў дрыжачым голасам Пракоп, усьведамiўшы, што выкруцiцца яму ня ўдасца.

— Добра, тата, — адказаў хлапец. Ён узяў з бацькавай потнай, заробленай у аўсяную муку рукi новы банкнот, што надта прыемна ў руцэ шалясьцеў. Не марудзячы, праз двор рушыў на вулiцу. Разгарнуў грошы ды ўважна iм прыглядаўся. На паперцы сядзеў такi самы лысун з прыжмуранымi вочкамi й жулiкаватай ухмылкай, як на тым партрэце ў школе. Янук ужо ведаў яго прозьвiшча, што рэдка сходзiла з вуснаў савецкiх палiтрукоў. Часта гарлапанiлi пра яго ў песьнях.