14867.fb2 Закрываўленае сонца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Закрываўленае сонца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

8

— Ну дык ты йдзеш, цi ня йдзеш? Гэта ты за што ўзялася?

Паўлюк Бурак, яшчэ не зачынiўшы дзьвярэй, зь сяней навалiўся на жонку. Нiна Бурачыха сядзела на зэдлiку пры стале й часала свае прыгожыя каштанавыя валосы. Думала, што варта было-б нагрэць вады й памыць iх добра, але такi намер да заўтрашняга адлажыла. Не хацелася ў сьвятую нядзельку з сырымi дровамi вазiцца. Стары вурчэў i кiдаўся ў кленiчы, калi бралася за сухiя бярозавыя, што ў капцы на дрывотнi ля клецi ляжалi. У печы загадваў хворастам палiць, ды — адкуль яны ў яго бралiся? — шчапаў i сам валок у хату каб падсыхалi за ноч сыраватыя карчы.

I яшчэ думала Нiна Бурачыха пра бальшавiкоў, пра танкi на гасьцiнцы й пра нейкiя зьмены, што неўзабаве прыйдуць. Вярнуўшыся ад гэнай Косьцiкавай брамы, хацела была з мужам памяркаваць як яно й што будзе. Малагаманлiвы й бурклiвы Бурак i сяньня на словы скупiўся. Дзiва ня было-б, калi-б сын гадамi за гэту новую ўладу сьцен па вязьнiцах ня выцiраў. Мужчыны ня ладзiлi мiж сабою. Стары цi не зьбянтэжыўся, ня ведаў чаго цяпер спадзявацца. Прыйшоўшы дахаты, пасёрбаў капусты, зьеў камяк учарашняй паджаранай дранкi, ды адразу пачаў штылiць, каб памагаць бульбу перабiраць iшла.

Бульба ў горбе на таку ляжала. Перабiраньне — немалая й марудная праца. Кормную, малую як арэхi, для сьвiньней ссыпалi ў вадзiн катух, а емiнную — ў другi ў варыўнi. Некаторыя лiтоўскiя за бульбу яшчэ ня бралiся, а непаседлiваму Бураку i ў нядзелю да працы рупiла. Нiна ведала чаму Паўлюк не марудзiў. Пасьля бульбы зараз да апрацоўкi лёну гнаць будзе. I гэтак без канца. Навет сяньня, у такi нязвычайны дзень, стары злыдзень-скупiньдзя адпачыць не даваў. Iншыя ў вёсцы пазьбiралiся, гамоняць, час маюць. Каму як каму, а Бураку ўрону ня было-б, каб пасьвяткаваў. Але-ж, кажуць, ня йдзi за багатага, а йдзi за любага й разумнага.

Стол быў засланы прыгожым, вышытым рознаколернымi ўзорамi, настольнiкам. На аркушы шэрай паперы стаяла простакутнае, зьнятае са сьцяны люстра. Якраз калi Нiна разглядала свой твар у гэным люстэрку, расчэсвала валосы, ды думала пра пра ўсё новае, што сяньня ў вёску наплыло, Бурак дзьвярмi за сьпiной скрыпнуў. Кiпеў, вiдаць, бурчэў пры той бульбе, дый ня вытрымаў.

— Сказала, што нi пайду сягоньнiка. Iдзi ты, знаiш куды! — агрызнулася Бурачыха. — Куды гэта табе рупiць? У людзей, як у людзей, а ў цябе ўсё нiпалюдзку. От лёг-бы ды палiжаў…

— Каб ты лiжала ды нi ўстала! — усхадзiўся Бурак. — Мала во ранiцы ляжыш, сонца ў зад упрэцца, што дабудзiцца нi магу, дык мяне яшчо цягнiш. Мусiць i любiла-б толька, каб з табой лiжаў ды яшчо чаго добрага…

— Ну а чаму-ж не? Ня зломак-жа ты! Цi маю да каго чужога йсьцi, га? Нашто табе багацьце? На той сьвет забярэш?

Паўлюк спынiўся сярод пакою. Цяпер аглянуўся на дзьверы й крок назад зрабiў. Пра бульбу пачалося, а баба глядзi вунь куды павяла. Ведаў небясьпеку гэтай тэмы й высьцерагаўся яе, як агня. Колькi ўжо мазгi яму пра гэта напiлiла. Калi яе да мяжы давядзеш, дык з табою не пацацкаецца, а бярэ качалку, ды па галаве. Гэта не Матрона пакойная. Ложка асобнае сабе Паўлюк справiў. Не агледзеўся калi, жонка шмыг пад коўдру! Паспрабуй уцячы адтуль на печ, дык i там жыць нi дасьць. Звадак дарэмных ня шукаў. Думаў спачатку, што як Матрону ўезьдзiць. Не на тую трапiў. Ён рукой за падпругу, а яна за качаргу, ды так натаўкла, што пару тыдняў бакамi рабiў. Мала таго. Яшчэ па вёсцы разбарабанiла-разьнесла, людзям у вочы зiрнуць было сорамна. А навошта яму дзiцё тое, клопат на галаву? Пацехi нiякай, аднаго злыдня вунь выгадаваў…

Згадаўшы Косьцiка, Бурак схамянуўся. Цяпер-жа сын пэўне начальнiкам нейкiм стане. Можа, дзякуючы яму, ўдасца лесу якi кавалак дастаць. Даўно думка пра собскую лазьню супакою не давала, ды на бярвеньне грошы шкадаваў.

Бурачыха ўстала з зэдлiка ды, быццам гатовая да скоку тыгрыцы, ўважна сачыла мужа. Здавалася, што вось неўзабаве кiнецца ды пачне рваць i тузаць. Вялiкiм хваляваньнем ускалыхалiся пад прыгожай, вышытай блакiтнымi васiлькамi, кужэльнай блюзкай тугiя грудзi. Басаногая, у зялёнай спаднiцы ў жоўтыя пасачкi, Нiна мела прыгожую, надта прапарцыянальную фiгуру, круглы лагодны падбародак, поўныя ружовыя вусны, просты, ледзь з намёкам на курносасьць, нос, вялiкiя, прывабнага адценю, вочы, шырокiя бровы й высакаваты, роўны лоб. У вачох iскрылiся пажадальныя аганькi. Кажны празорлiвы мужчына адразу спанатрыў-бы, што гэту прывабную жанчыну адным можна было толькi спатолiць.

Ведаў тое й Паўлюк. Але, — разважаў ён, — гулi з бабай у пасьцелi адно, а дзiця — што iншае. Празь дзiця Нiна старалася-б гаспадаркай авалодаць. Бязьдзетную можна каленам у зад i паслаць туды, адкуль прыйшла. Зусiм што iншае, калi-б мела дзiця ад яго. Хоць ня зломак, цяпер рабiць ня хоча, а тады й пагатове: у сваю хату страшна было-б паказацца.

Найбольш Паўлюку праца карцiла. Матрона некалi цэлую гаспадарку на сваiх худых плячох трымала, а гэтай жанчыне зусiм нi ў галаве тое. Яна адно ў меру, нiколi пры працы не папанатужыцца. Даўно прычыны Паўлюк шукаў. Другая цi раз ужо зь якiм дзяцюком зьнюхалася-б. Бурачысе-ж, зь ейным выглядам, адно вокам маргнi, дык дзесяцера на пачаканьнi стане. I каб так зрабiла, не завагаўся-б Паўлюк дзьверы ей паказаць. Дык-жа не, злыднiца гультайская, як-бы яе хто да хаты прывязаў, адно на яго насядае.

Гаварылi позiркамi. Гэткае разуменьне адзiн аднаго, як прыладжаная на час бомба, трымала iх у нэрвовым напружаньнi. Колькi разоў рупiла ўжо Нiне палюбоўнiка пашукаць. Адылi ведала, што стары Бурак адно чакаў гэтага, каб з хаты выгнаць. "Трасца табе, пацярплю. Жыць ня буду, калi цябе не перажыву," — думала жанчына.

— Багацьце! Якое багацьце? Ты нажыла можа? — ня сунiмаўся Бурак.

— На каго, на цябе рабiць буду? Даволi раблю. Глядзi якi ў мяне ў хаце парадак! — крыкнула Нiна й падмацавала свой аргумант адрывiстым жэстам рукi. Хата запраўды ад чысьцiнi зьзяла. На ложках — прыгожыя саматканыя дываны, на камодах — вышываныя накрываньнi. Весела сьвяцiлася чыстая жоўтая падлога, дбайлiвасьць гаспадынi вiдаць была й навокал печы.

— Iдзi й пiрабiрай тую бульбу, калi табе, прагавiтаму, божых будняў мала, а мяне нi чапай! — адрэзала Нiна.

У Паўлюковых вачах зьзялi маланкi й моцна сьвярбелi карэлыя ад бульбы рукi, але ведаў дзе спынiцца. Выходзячы, так трахнуў дзьвярмi, што аж падскочылi на прыпечку гаршкi й закыдахтала ў вагародзе курыца. Нiна падыйшла да вакна. Згорбленая постаць накiравалася ў гумно. Iрвануўся на ланцугу, ды зь лiсьлiвымi вачмi кiнуўся лiзнуць у твар гаспадара Ромак. Стары размахнуўся нагой i моцна стукнуў сабаку ў жывот. Скуголячы, Ромак падкорчыў хвост i пацiснуў у будку. Палажыўшы морду ня нiжняй дошцы адтулiны, енчыў з болю.

— Нелюдзь ты, на сабаку злосьць спаганяiш! — крыкнула праз вакно Ноiна.

Па дарозе ў гумно распачаў Паўлюк доўгiя кленiчы. Чаго добрага, можа цяпер баба сьвiней кармiць, кароў даiць, птушак даглядаць i есьцi варыць адмовiцца. Цi першы гэта раз. Пасьля добрай звады адно есьцi зварыць, ды на стол навет не падасьць, тыдзень цi больш глухой сьцяной прыкiдваецца, а статак i iншае самому даглядаць трэба. Цяжка, ой як цяжка тады да нармальнага ладу вярнуцца. Пацярэбiць Паўлюк галаву, памяркуе, ды паедзе ў Гацi, каб якую хустку цi матар'ялу крамнага купць. Трэба-ж неяк жонку раздабрыць, на нармальныя сьцежкi хатняе жыцьцё пераставiць.

Надта-ж высьцерагаўся стары Бурак, каб меркi ня перабраць. Ды што зробiш, калi жанчына выклiкае? Ён ей слова, а яна яму дзесяць у вадказ. Нясусьвецiца цэлая паўстае. I хто ведае якiмi шляхамi павандраваў-бы вечар гэны, калi-б ня тое «вызваленьне». Зьявiлася яно ў хату ў постацi Бураковага Косьцiка.

Калi сонца стамiлася морам "вызвольнiкаў", ды ўжо за Гаравацкую пушчу хiлiлася, Косьцiк iшоў хутарнай дарожкай ад бальшака, ды высьвiстываў нейкую бальшавiцкую песьню-падбадзёрку. Першым пачуў яго адданы гадунец Ромак. Калi суняўся боль ад Бураковага ўдару ў жывот, сабака задрамаў. Трызьнiўся яму млявы сон, а ў сьне гэным зьявiўся ня хто iншы, як сам валадарны гаспадар Косьцiк. Згадаўшы мiлы пах Косьцiкавай вопраткi, рук i твару, паварушыўся Ромкаў нос. Ледзь чутны сьвiст даляцеў да сабачых вушэй. Зварухнулася левае, а пасьля правае вуха. Калi мiлы тон Косьцiкава сьвiстаньня заказытаў вясёлым прадчуваньнем Ромкава сэрца, ваўчар адчынiў вочы й высадзiў з будкi галаву. Памылкi не магло быць. Ромак скочыў на двор i аж засьпяваў ад радасьцi нацягнуты моцным ланцугом таўсты дрот.

— Ромак, Ромак, дружа мой! — галёкнуў здалёку Косьцiк, спасьцярогшы шалёную радасьць любiмага гадунца. Дрот адным крукам быў прымацаваны да вугла хаты, другiм да клецi. Дужы сабака так заядла торгаў ланцуг, што здавалася ня вытрымаюць крукi й Ромак рванецца на свайго мiлага, даўно нябачанага гаспадара. Гвалтоўны басiсты голас задыхаўся-душыўся ў нашыйнiку. Ромкава паднечаньне расло ў меру калi Косьцiк, паволi прыблiжаючыся, адчыняў вароты. Здавалася, што вось-вось сабака задушыцца з радасьцi.

— Памалу, памалу, нi тарапiся дружа мой! — сунiмаў Ромка Сабакевiч i нарэшце сабака рынуўся на дзяцюка. Штуршок ледзь яго з ног не звалiў. Стоячы на заднiх лапах, сабака ростам Косьцiку раўняўся. Шырокiм ружовым языком колькi разоў лiзнуў дзяцюка ў твар, як зручны акрабат адскочыў назад i, раптоўна адбiўшыся, зноў рынуў наперад. Гулкi радасны брэх пераклiкаўся ў нетрах суседняга балота.

Пры вакне ў хаце вырасла расчасаная галава мачыхi, а згумна выйшаў, каб пабачыць каго так аблюбаваў Ромак у дварэ, стары Бурак. Крыху пастаяў, ды рушыў на спатканьне сыну. Мачыха вуйшла з хаты й спынiлася на парозе сеняў.

— Ну давольна ўжэ, давольна! — стрымоўваў Косьцiк сабаку, трос вялiкую шэрую лапу, ды баранiўся ад чырвонага языка.

— Якi ты харошы, дружа мой… ды мусiць цябе на прывязi ўсё ўрэмя дзiржаць.

Ён адчапiў нашыйнiк ад ланцуга. Здабыўшы волю, Ромак высака падскочыў, напiсаў на пяску вялiкае паўкола, iмклiва кiнуўся за вароты. Пабрахаўшы зь вялiкае радасьцi, ўзяўся пiльна абнюхваць платы ды вуглы будынкаў. Вялiкi, ружовы язык вiсеў мiж белых клыкоў, а вочы пiльна сачылi гаспадара свайго.

— Вы гэта што, мусiць нiколi з прывязi яго нi спускаеце? — зьвярнуўся Косьцiк да бацькоў, што маўклiва з боку стаялi.

— Бываiць, спускаем. Гэта ён так цешыцца, бо цябе даўна ня вiдзiў, адказала Нiна.

Косьцiк ня прыгадваў, калi апошнi раз дома быў. Магчыма месяцаў шэсьць таму назад. Шпiгуны й палiцыя на пяткi наступалi, да старога Бурака часта «пагавэньдзiць» заходзiлi.

— Ну дык, мацi, давай цяперака хоць палюдзку прывiтаiмся, бо тамака на гасьцiнцы нi было як.

Пакуль Бахмачыха слова змагла сказаць, Косьцiк аблапiў яе памядзьвежаму, пацалаваў у вусны i ўважана, бессаромна разглядаў у твар.

— Алi-ж i пахарашэла ты, матухна мая! Нi праўда, бацька?

Паўлюк буркнуў сабе нешта пад носам, ды адвярнуўся.

— Iш ты якi! — усьмiхнулася ласкава Нiна, — бацька нi дагледзiць, дык сын хоць пагладзiць!

— Ты, бацька, што? Нi вiдзiш якую гэта харошую бабу маiш? Цi гэта вы можа пастараму яшчо ваюеце? Ну-ну! Я вас скора памiру!

Косьцiк не памахаў па настаўнiцку пальцам, ды поза й тон вылучалi яго як гаспадара. Бацькi чулiся як дзецi, на дрэнным учынку злоўленыя. Сын падыйшоў да бацькi й выцягнуў руку.

— Давай, бацька, паздароўкаемся. Як дзялiшкi?

— Ды от так…

— Сiчас ня буду ўжо па начах ад сышчыкаў хавацца, — хвалiўся Косьцiк. Сiчас я — хазяiн! З вамi буду часта вiдзiцца, парадкi наводзiць, так сказаць…

Паўлюк Бурак недаверлiва пазiраў на сына.

— Пэўня-ж начальнiкам нейкiм будзiш? — спытаў нясьмела.

— Пэўня-ж нi пастухом, — задзiрлiва адказаў Сабакевiч. — За што-ж я па цюрмах страдаў?

— Дык заходзь, Косьцiк, у хату. — запрашала мачыха. — Вiджу, што змучаны ты надта. Калi спаў? Прызнайся!

— Заўчорака, здаецца.

— Дык хадзi, хадзi! — узяла яго руку. — Пасьля нагаворымся. Можа табе есьцi зрабiць, цi што?

Пераступiлi парог. З кута сяней нясло пракiслай паранкай. Няёмка чуўся Паўлюк. Жонка й сын захоўвалiся так, быццам ня ён тут гаспадар. Косьцiк стаяў пасярод хаты й разглядаўся. Воляй цi не нацешыцца хацеў. Гэта ня тое, што раней: загляне ў хату, ды кажнага ценю й голасу баяцца трэба. Цяпер ён сам у гэтай хаце гаспадар. Раней цi пазьней i бацька ласкi нейкай у яго папросiць. Агледзеўшы хату, Сабакевiч сеў на пачэсным месцы ля стала. Быццам непажаданы вiзытар, бацька прымасьцiўся на канцы лавы. За дзьвярмi пачуўся сабачы пiск.

— Упусьцi, мацi, Ромка ў хату. Даўна ён мяне вiдзiў, дык пускай нацешыцца.

Нiна адчынiла дзьверы й Ромак адным скокам апынуўся ля Косьцiка. Спрабаваўшы лiзнуць яго ў твар, палажыў галаву на дзяцюковы каленi й напорыста глядзеў яму ў вочы. У гадунцовых вачох сьвяцiлася глыбокая адданасьць i ўдзячнасьць.

— Дык скажы, Косьцiк, чым табе ўгадзiць? — лiсьлiва спытала мачыха. Можа есьцi хочаш?

— Ды не. Я мусiць тых абажду.

— Каго гэта?

— Хведар зь Лявонам у Гацi да Саладухi паехалi. Той скажа, што маем рабiць. Прыедуць назад, дык тады можа й накормiце нас. Ранiцы я ў Лявона заўтракаў. Нам тутака з гэтай пакойнiцай заботы. У баб гола ў хаце. Дзяўчына для народу работала. Ага, во што, бацька: можа ў цябе ёсьць дошкi, з каторых дамавiну зрабiць.

Паўлюк трымаў карэлыя ад працы рукi, як плашкi, на каленях i ня сьпяшыўся з адказам. У ягонай спрактыкаванай галаве пайшлi ў рух мазгавыя спрунжыны, каб хутка спанатрыць адказ на пытаньне: калi даць, дык што ўзяць. Скнэра нiкому нiчога не даваў за добрыя вочы цi ласкавую ўсьмешку. I ў вачох ягоных, што так раптоўна ажылi пасьля сынавага пытаньня, падазронасьць перамяшалася з практычнай жыцьцёвай калкуляцыяй. Цёмныя лапiкi розных вялiчыняў распаўзьлiся па вылiнялых i мясцамi папрацiраных зрэбных портках ды кужэльнай сьвiтцы. Зь левага, ашчэранага, даўно мусiць нюхаўшага дзёгаць, боту выглядала каравая ануча. Рука памацала кароткiя рыжыя вусiкi й тады Паўлюк неахвотна адказаў:

— Дык дзе-ж у мяне якiя дошкi… Лесу нiма, сам знаiш… От каб бярвеньня якога, лазьню трэба было-б як згарусьцiць, а то як памыцца захочаш, дык заўжды йдзi да каго ласкi прасiць.

— Ты, бацька, цi нi надуць мяне хочаш? — груба адказаў Сабкевiч. — У цябе дошкi пад паветкай лiжалi, сам вiдзiў, каб я з гэтага места нi зыйшоў… Што ты зрабiў зь iмi?

Сынава гаворка йшла ў такiм накiрунку, што зусiм старому Бураку не падабаўся. Дый тое зьверху сказанае «бацька» надта-ж не да смаку было. Калiсьцi «татам» клiкаў.

— Што ты, Косьцiк, упасi цябе Бог! — спахапiўся стары. — Гэныя дошкi? Дык гэта-ж самыя лепшыя дошкi!

— Калi гэна сама лепшыя, дык у цябе мусiць i горшыя ёсьць. Га? учапiўся сын за бацьку. — Цi можа ты думаiш, што з гнiлых дамавiну зробяць?

— Дык я-ж нi казаў, што з гнiлых, алi можа абыйдзецца i з горшых… А хто-ж яе, тую дамавiну, рабiць будзiць?

— Згадзiўся Захарук, Сымон Пятух i Антось Дзяркач.

— Ну Захарук рукi маiць добрыя, а тыя два — гультаi. Ды во гэты хiтрун неяк выкруцiўся, ўцёк. Чаму-ж во другiя нi ўцяклi?

— Гэта, бацька, нi наша дзела. Уцёк i добра зрабiў. А дамавiну, калi сказалi, дык зробяць.

Настала маўчаньне. Прыпёрты сынам да сьцяны, маўчаў Паўлюк.

— От што я табе скажу, — пачаў стары, — калi ты мне дасi лесу, дык я табе дам дошак. Трэба лазьню пабудаваць, сам знаiш. I сам-жа мусiць нi купаўся даўна, праўда?

— Што праўда, то праўда. Трэба было-б выхвастацца й папарыцца. Алi што-ж, буду ждаць пакуль лазьню пастроiш? — усьмiхнуўся Сабакевiч. — А як гэта кажаш, каб я табе лесу даў? Дзе ў мяне ёсьцiка той лес?

— Дык-жа нi цяпер, — пасьпяшыў адказаць бацька. — Я-ж нi кажу, што от адразу давай. Ты-ж нейкiм начальнiкам будзiш, дык там рука ў руку з другiм начальствам, от тады й дасi. Ну дык як?

Косьцiк пацерабiў галаву.

— Ты, бацька, надта далёка мне наперад забег. Я яшчо ня ёсьць нiякi над лесам начальнiк.

— Ну а калi будзiш? — не адступаў стары Бурак.

— Як буду, тады тоя й будзiць. А бабу трэба сiчас пахаваць.

— Дык я-ж i кажу, што нi сягоньнiка. Дык як, абiшчаiш?

— Нiхай, — сказаў сын. — Можа пойдзiм дошкi паглядзець?

Скрыпнулi дзьверы й мужчыны накiравалiся ў гумно. Нiна падбегла да вакна. Косьцiк выглядаў куды дужэйшы за бацьку. Прыглядалася мужчынам i думала Нiна, што трэба цяпер як мага паддабрыцца, пасобiць пасынку, Дарма-ж па вязьнiцах не сядзеў. На твары жанчыны зьявiлася чырвань наводля той, што раней пры звадцы з Паўльком успыхнула. Думкi Нiнiны спынiла раптоўнае Ромкава браханьне. Ад варот, на самакатах, ехалi Лявон з Хвёдарам.