14875.fb2
Юрась Нераток
Закуцце
Апавяданні
ЗАКУЦЦЕ
ПАГАНСКАЯ ФАНТАЗІЯ
Лічыць сябе хрысціянамі і называць Ражство Хрыстова Калядамі, блытаць Сёмуху з Тройцай, адзначаць Радаўніцу і Дзяды? Саромецца слова “паганства”, што прыйшло з мовы элінаў? Перажагнаўшыся, скакаць праз вогнішча, а пасля шукаць папараць- кветку?У хрысціянскае свята ісці на могілкі з пітвом і закуссю?
..А чаму бі не?
Аўтар
- Ну, чаго тырчыш, як ідал драўляны?! - круглая шыракабёдрая цётка светла-паласатай сумкай сапхнула Кірыла Градоўскага з прыступкі вакзальнага выхаду.
- Я не драўляны. Я - з душы і цела, - машынальна адказаў Градоўскі. І патлумачыў: - Задумаўся...
Кірыл Ігаравіч Градоўскі і сапраўды асэнсоўваў гутарку са старшынёй мясцовага літаратурна-краязнаўчага аб’яднання “Зьнчъ”, з якім развітаўся хвілін сорак таму.
...Нават калі ляцець на верталёце над гэтымі балоцістымі лясамі, яны ўяўляюцца бяскрайнімі. Неабсяжны ярка-зялёны летам і бура-зялёны на белым зімой ландшафт, які за тысячагоддзі адшліфавала ўсёмагутная прырода.
Мяркуюць, што перад апошнім чацвярцічным перыядам тут нястрымна плёскаліся бязмежныя хвалі цёплага мора, назва якога, калі і была, сцерлася ў нябыце. Лёд з поўначы зрушыў узгоркі, горы, пахаваў пад імі акваторыю - і толькі Усявышні ведае, што робіцца пад кавалкамі цвёрдай і ворнай глебы, на якіх праз пэўны час атабарыліся людзі.
Прыехалі сюды неяк геолагі, правяралі, ці не тоіць непраходная багна нафту. Так і з’ехалі ні з чым - сейсмографы сведчылі то аб бяздонных падземных плынях, то аб гіганцкіх пустотах. Урэшце размытую справаздачу завяршылі адмыслова канкрэтнай высновай: “У наш час распрацоўка радовішчаў немагчымая, у бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў - немэтазгодная”.
Эх, людзі-людзі! Якія “пяцьдзесят гадоў”?! Вы нават не кватаруеце на гэтай планеце, бо кватарант хоць у нечым роўня гаспадару. Вы - пыл, які задзірысты вецер можа развеяць ва ўсе бакі, маркотны дождж - размыць у гразь, раз’юшаны мароз - ацвердзіць у камень. А потым усё паўторыцца тысячы разоў! Ёй, усёмагутнай Прыродзе, абыякава, існуяце вы ці не. І пазірае яна з халодным спакоем вечнасці на вас, часовых прыблудаў. І можаце вы вытвараць, што толькі ў галаву ўзбрыдзе: высякаць лясы, асушваць балоты, паварочваць рачныя плыні - толькі сабе горш зробіце. Пройдзе некалькі тысячагоддзяў, а не пашчасціць - стагоддзяў, і след ад вас і вашых спраў згіне: дрэва струхлее ў глебу, на якой уздымуцца новыя лясы, жалеза ссыплецца ржой і зноўку спрасуецца ў руду, бетон і шкло здрабнеюць у пясок і збяруцца ў залежы. І вам, што з зямлі чарвякамі выпаўзлі, да яе сваімі атамамі прытуліцца давядзецца. І не заўважаць вашага знікнення, як і не звяртаюць увагі на вашу прысутнасць, ні вечная Зямля, ні звышвечнае Сонца.
І хто ўспомніць тады, што былі вы тут калісьці? Хіба што далёкія нашчадкі невядомай мошкі, якую вы інстынктыўна забілі пстрычкай. Ім наканавана перажыць вас.
...Патанула ў глыбінях стагоддзяў і сама праўда аб з’яўленні тутэйшых людзей. Парастаюць мохам паданні, што ад пакалення да пакалення губляюць дакладнасць і адпаведнасць ісціне з-за недасканаласці чалавечай памяці і спрадвечнай звычкі прыхарошваць і сімвалізаваць з’явы мінулага.
Наведваліся сюды і этнографы, вывучалі мясцовую гаворку, запісвалі легенды і быліны. Было гэта яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, і сённяшнія даследчыкі, грунтуючыся на іх дадзеных як на гістарычных дакументах, лічаць: першыя пасяленцы прыйшлі ў гэтыя мясціны паўтара тысячагоддзя таму. Мяркуюць, што належалі яны да рэшткаў некалі ваяўнічага, а пазней практычна вынішчанага ворагамі раўніннага племені корычаў. Зрэшты, бясспрэчна тое, што прозвішча “Корыч” існуе ў наваколлі з тых часін, калі чарговаму цару прыйшла думка ашчаслівіць прозвішчамі ўсіх сваіх падданых.
Прытоеная між балотамі вёсачка мае ўтульную і таямнічую назву - Закуцце. Нават паходжанне назвы ў мясцовых краязнаўцаў выклікае рознагалоссе: патрыятычная версія - куток зацішны, афіцыйная - памяць пра каваля Данілу, які паўтара стагоддзя таму кайданы кляпаў.
Схаванае ад астатняга свету Закуцце з райцэнтрам Дзежынам паўкругам злучана прасёлкавай дарогай праз Рудню, прамысловы пасёлак. Але гэтая грунтавая дарога, пасечаная каранямі векавых дрэў і ўезджаная гусенічнымі трактарамі да глыбокіх каляін, час ад часу робіцца непралазнай - то ад ліўневых дажджоў, то ад зімовых завірух. Таму аўтобуснага маршрута ў Закуцце няма. А з улікам бесперспектыўнасці вёскі і дзіравага, як старое рэшата, раённага бюджэту будаўніцтва дарогі пераносяць з года ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе. Таму калі і выбіраўся хто з закуцян у Дзежын, дык да Рудні даводзілася мясіць гразь дзевяць кіламетраў завілістым і змрочным, як намеры нячысціка, шляхам. Паляўнічыя казалі, што напрасткі можна і праз шэсць кіламетраў дабрацца. Ды неяк адзін з іх не вярнуўся...
А калі хто прыезджы хацеў патрапіць у Закуцце да старой Паўлючыхі, вядомай ва ўсёй вобласці знахаркі, то адзін ісці не адважваўся - лічыў за лепшае наняць мясцовага правадніка. Праваднікі за свае паслугі звычайна бралі гарэлкай, але згаджаліся і на грошы, бо ў Закуцці ў любы час можна было разжыцца самагонам. Выраб народнага напою меў такую трывалую вытворчую базу і даўнія традыцыі, што нават пунктуальныя немцы за тры гады акупацыі не здолелі навесці тут “орднунг”. Так і падпойвалі ўсю вайну закуцяне і паліцаяў, і партызанаў - хто заявіцца.
... Наскочылі неяк у час сухога закону дзежынскія міліцыянеры. Ды на чале з капітанам! Усю вёску ператармасілі - ніводнага апарата не знайшлі. Рызыкнуў капітан сваіх архараўцаў завесці ў лес на тое месца, дзе надоечы абкамаўскія з верталёта дымок угледзелі. Ды праваліўся ў багну, бядак! Ледзь выцягнулі. А паколькі вымак, дрыжыкаў у твані нахапаўся, ды яшчэ нейкія чарвячкі-крывасмокі пад формай цела абляпілі, то ў вёсцы яго і ад прастуды ўратавалі і прадэзінфіцыравалі. Самагонам, зразумела. А як шалёгнуў камандзір, то і падначаленыя ўспомнілі, што не з лычкамі на плячах нарадзіліся. Т ак расперазаліся, што адзін нават табельную зброю згубіў - дручок гумавы. А можа, і спёр хто ў п’янага. Напэўна, так і ёсць: спёрлі. Але хто ж прызнаецца? А вёска чужынцам лішняга не скажа.
Ішоў час, мяняліся князі, каралі, цары, генсекі, прэзідэнты, аб’яўляючы Закуццю сваю ўладу над ім. А Закуцце не мянялася. Ну не так, каб ужо зусім. Раз’язджаліся па гарадах і менш глухіх вёсках дзеці, а потым прывозілі на канікулы ўнукаў. Адукаваныя, трэба сказаць, і прывозіць стараліся як мага радзей: балотнае паветра не шкодзіла толькі карэнным жыхарам. А ва ўнуках закуцянская кроў часцей за ўсё была перамяшана з іншаю крывёю, таму яны не заўсёды мелі імунітэт. Быў у вёсцы і свой бізнесмен: Галька, Фядотава дачка, прыватная прадпрымальніца, прывозіла ўсякага-усялякага ад дзежынскіх аптавікоў - іголкі, тканіны, крупы, цукар... А потым калупалася, як усе, на агародзе, хадзіла ў журавіны і гандлявала патроху. І не тое, каб дзеля прыбытку вялікага, а па традыцыі - дзед некалі лабаз у Рудні меў. Былі ў Галькі і цукеркі, і кансервы, і жуйкі, і казённае віно, і цыгарэты. Старыя збольшага самі тытунь вырошчвалі і ў самакруткі круцілі. А мужчыны сярэдняга ўзросту, якія па свеце пабадзяліся, ды так нідзе і не прыжыліся, а да таго ж паспіваліся, - тыя аддавалі перавагу смярдзючай “прыміне”. Жыў у Закуцці і брыгадзір Саша. Адгрукаў сабе цагляны дом - цэглу давялося з Рудні на трактары цягнуць, сцежкі на падворку асфальтам закатаў. Жонку з Дзежына ўзяў. Жонка, аднак, доўга не вытрымала, збегла з дачкой. А Саша мужчынскі гонар не страціў - услед не рвануўся. І з жаночым полам пытанне вырашыў: заляцаўся да Галькі, мужык якой пятнаццаць гадоў па новабудоўлях валэндаўся. А было, што і яна Сашу наведае - быццам бы па справе нейкай. Загамоняцца і начуюць разам.
У гэтую вёсачку і дабіраўся сталічны карэспандэнт Кірыл Градоўскі - “залатое пяро” газеты “Сенсацыя і будзённасць”. Суправаджаў яго рудзенскі беспрацоўны валацуга Мішка, які прапанаваў свае паслугі непасрэдна на аўтавакзале і авансам адразу ж раскруціў карэспандэнта на пляшку піва. Ішоў Градоўскі па заснежанай дарозе, стараючыся трапляць у касалапыя і пятлістыя сляды Мішкі, закрываўся каўняром дублёнкі ад пранізлівага сіверу.
Праваднік стрэльнуў ужо трэцюю цыгарэту, пагардліва адарваў зубамі і адплюнуў фільтр. Цяпер ён пыхкаў і з непрытоенай фанабэрыстасцю расказваў Кірылу, як абламалі дзежынскую мянтуру закуцянскія самагоншчыкі.
- І што цікава, гоняць усе, а прадае толькі цётка Соня. Часам на казе крывой не падруліш - і грошай тваіх не трэба... А Паўлючыха твая - вядзьмарка, вось табе святы крыж! Каб я на гэтым месцы стаў!
Мішка перахрысціўся, як чэсць аддаў, і павярнуўся да карэспандэнта, правяраючы рэакцыю на свае словы.
- Бывае, нарасказваеш усялякай трасцы, то пакуль дабяруцца
- са страху вылечваюцца. А сам чаго ідзеш? - на выгляд здаровы, здаецца. Ці пашукаць каго па фотакартцы хочаш? Толькі не спрабуй круціць ці брахаць перад гэтай каргой - ні з чым вернешся, хоць і слабая яна ўжо. А дабярэшся назад ці не - невядома. Гэта як яна сама захоча.
- Карэспандэнт я. Газета “Сенсацыя і будзённасць”. Можа, чуў?
- Газет не чытаем, - з годнасцю адказаў Мішка. І паблажліва растлумачыў: - На лухту грошы марнаваць... Вы там у сябе атрымаеце па пяць вышэйшых адукацый і прыдумляеце, чым заняцца і як людзям галаву тлуміць. А людзям трэба толькі тое, што заўсёды патрэбным было і будзе: апрануцца цёпла, пад’есці смачна, выпіць, цыгарку высмаліць, ну і з бабамі... Згодзен?
Мішка зноў павярнуўся.
- Тытунь увогуле ў Еўропе пазней за друкаванае слова з’явіўся,
- спакойна ўдакладніў Кірыл.
- У Еўропе, у ж.е, - выказаў веданне асноў паэзіі Мішка. - Тут табе не Еўропа. Мы самі па сабе. Дай яшчэ цыгарэтку, нейкія слабыя яны ў цябе, цывільныя...
Карэспандэнт працягнуў пачак.
- Далёка яшчэ?
- Дойдзем! - упэўнена адказаў Мішка і хрыплавата рагатнуў: - Са мной не прападзеш... Але гора цяпнеш!
З лесу выйшлі прыцемкамі. Канец вёскі быў ужо відзён, але Паўлючыха жыла ў другім канцы. Пакуль праходзілі па вёсцы, Мішка- праваднік несупынна здароўкаўся з мясцовымі, да некаторых лез абдымацца. Ён і сам нарадзіўся ў Закуцці, пасля арміі пераехаў у Рудню і ўладкаваўся на металабазу. Звольніўся за п’янку - і пачаў бічаваць, дзе лілося, і бамжаваць, адкуль не гналі. А правадніцтва лічыў сваёй работай. Ведаў, што з гэтага не разбагацееш, але жыць будзеш: калі-нікалі і пад’ясі, і вып’еш, і тыіуню нюхнеш.
У хату і нават на падворак Мішка заходзіць не рызыкнуў. Відаць, баяўся па старой звычцы. Т аму і гаварыў паўшэптам:
- Я яшчэ ў кароткіх штоніках бегаў, а яна ўжо старой была. Так можа зірнуць, што ляснешся на месцы! І не глядзіць, а ўсё ведае: што зрабіў і што надумаў. П’яніц страшэнна не любіць! Сакалішын мужык неяк каля яе плота замерз. Вось тут прама, - Мішка тыцнуў пальцам. - Прыкавала, далей не пусціла! І свайго мужыка, Паўлюка, атруціла, кажуць. Запіваў ён пасля фронту. А нап’ецца - сядзіць і сам сабе плача. Рахманы быў... Толькі адзіны разок на яе нешта гыркнуў. Каб баба месца сваё ведала, ці што. Вось яна яго і атруціла. Праз чортавы вароты не ідзі - не пашанцуе.
Падгнілыя дэшкі франтона цяжарам замеценай снегам чарацяной страхі ўжо зламалі праржавелыя цвікі - і аконны праём гарышча перакасіўся да зігзагападобнага паралелаграма.
Градоўскі адкалупнуў заледзянелую анучу, што была накінута на шэры кол веснічак і шулку, і накіраваўся па хрусткім некранутым снезе да нізенькіх дзвярэй. На ўсялякі выпадак далікатна пастукаўся і ўвайшоў у цёмныя халодныя сенцы. З сумежнага з сенцамі хлява пачулася ўстрывожанае кудахтанне. Сослепу Кірыл наскочыў на вядро, якое з бразгатам перакацілася па нахіленай падлозе ў куток.
Сцягнуў пальчатку і пашнарыў па дзвярах, шукаючы клямку. Знайшоў, зноўку пастукаўся, пераступіў цераз высокі, ледзь не па калена, парог і, прыгнуўшыся, увайшоў.
У хаце было ціха і выстуджана. Толькі выразнае гадзіннікавае “цік-так” парушала цішыню. У змроку бялелі вокны ды аднекуль з кутка паблісквалі зялёныя кашэчыя вочы. Кірыл ужо намерыўся гучна і паважліва вымавіць: “Добрага здароўя, Марфа Цімафееўна!”, як з цемры пачуўся скрыпучы ўладарны голас:
- Святло запалі, унучак. Выключальнік побач з дзвярыма.
Запалілася адзіная, уся ў кропачках ад мух, лямпачка. Шэрая з
рудымі падпалінамі кошка шмыганула ў падпечак. Між вокнамі на ўзроўні вачэй адмерваў час маятнік з мядзведзямі Шышкіна на цыферблаце.
Паўлючыха ляжала на жалезным ложку за шторкаю, што была працягнута на вяровачцы ад печы да сцяны.