14879.fb2
На дапамогу Артамону iшла сям'я вожыкаў: сам вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi.
Ляцелi, гулi тоўстыя чорна-аксамiтныя чмялi ў залатых плашчах, шыпелi крыламi злосныя шэршнi. Паўзлi жужалi i куслiвыя жукi з доўгiмi вусамi.
Усе звяры, птушкi i насякомыя дружна накiнулiся на ненавiсных палiцэйскiх сабак.
Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнiя цёткi i маленькiя вожычкi згортвалiся ў клубкi i з хуткасцю кракетнага шара бiлi iголкамi бульдогаў у морду.
Чмялi, шэршнi з налёту джалiлi iх атрутнымi джаламi. Сур'ёзныя мурашкi не спяшаючыся залазiлi ў ноздры i там пускалi ядавiтую мурашыную кiслату.
Жужалi i жукi кусалi за пупок.
Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап.
Матылькi i мухi шчыльным воблачкам таўклiся перад iх вачыма, засланяючы святло.
Жабы трымалi напагатове двух вужоў, гатовых памерцi геройскай смерцю.
I вось, калi адзiн з бульдогаў шырока разявiў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кiслату, стары сляпы вуж кiнуўся галавой наперад яму ў горла i вiнтом пралез у страўнiк.
Тое ж здарылася i з другiм бульдогам: другi сляпы вуж кiнуўся яму ў пашчу.
Абодва сабакi, сколатыя, зджаленыя, падрапаныя, - задыхаючыся, пачалi бездапаможна качацца па зямлi.
Высакародны Артамон выйшаў з бою пераможцам.
Тым часам Карабас Барабас выцягнуў нарэшце з велiзарнага рота калючую шышку.
Ад удару па цеменi ў яго вылезлi на лоб вочы. Хiстаючыся, ён зноў схапiўся за ствол iтальянскай сасны. Вецер развяваў яго бараду.
Бурацiна заўважыў, седзячы на самай верхавiнцы, што канец барады Карабаса Барабаса, падхопленай ветрам, прыклеiўся да смалiстага ствала.
Бурацiна павiс на суку i, дражнячыся, запiшчаў:
- Дзядзечка, не дагонiш, дзядзечка, не дагонiш!..
Саскочыў на зямлю i пачаў бегаць вакол сасны. Карабас Барабас, выставiўшы рукi, каб схапiць хлапчука, пабег за iм, хiстаючыся, вакол дрэва.
Абабег раз, вось-вось ужо, здаецца, i схапiў сагнутымi ў крук пальцамi хлапчука, якi ўцякаў ад яго, абабег другi, абабег трэцi раз...
Барада яго абкручвалася вакол ствала, шчыльна прыклейвалася да смалы.
Калi барада скончылася i Карабас Барабас упёрся носаму дрэва, Бурацiна паказаў яму доўгi язык i пабег да Лебядзiнага возера - шукаць Мальвiну i П'еро.
Змардаваны Артамон на трох лапах, падкурчыўшы чацвёртую, шкандыбаў за iм кульгавым сабачым трушком.
На полi засталiся два палiцэйскiя сабакi, за жыццё якiх, вiдаць, нельга было даць i здохлай сухой мухi, i разгублены доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас, шчыльна прыклеены барадой да iтальянскай сасны.
У пячоры
Мальвiна i П'еро сядзелi на сырой цёплай купiне ў чароце.
Зверху iх прыкрывала павуцiнавая сетка, засмечаная крыльцамi стракоз i высмактанымi камарамi.
Маленькiя блакiтныя птушачкi, пералятаючы з чарацiнкi на чарацiнку, з вясёлым здзiўленнем паглядалi на дзяўчынку, якая горка плакала.
Здалёку даляталi страшэнны лямант i вiск, - гэта Артамон i Бурацiна, вiдаць, дорага прадавалi сваё жыццё.
- Баюся, баюся! - паўтарала Мальвiна i лiсточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар.
П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамi:
Мы на купiнцы сядзiм
I на кветачкi глядзiм,
Жоўтыя, блiскучыя,
Да чаго ж пахучыя.
Будзем жыць мы лета
На купiнцы гэтай,
Жыць адны мы будзем
На здзiўленне людзям...
Мальвiна затупала на яго нагамi:
- Вы мне абрыдлi, абрыдлi, хлопчык!.. Сарвiце свежы лопух, - хiба ж не бачыце - гэты ўвесь прамок i ўвесь на дзiрках.
Раптам шум i вiск удалечынi зацiхлi. Мальвiна павольна пляснула рукамi:
- Артамон i Бурацiна загiнулi...
I кiнулася тварам на купiну, у зялёны мох.
П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер цiха пасвiстваў мяцёлкамi чароту.
Нарэшце пачулiся крокi. Бясспрэчна, гэта iшоў Карабас Барабас, каб груба схапiць i засунуць у свае бяздонныя кiшэнi Мальвiну i П'еро. Чарот расхiнуўся, - i з'явiўся Бурацiна: нос - тырчком, рот да вушэй. За iм накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамi цераз спiну...
- Бач ты iх - захацелi са мной бiцца! - сказаў Бурацiна, не звяртаючы ўвагi на радасць Мальвiны i П'еро. - Што мне кот, што мне лiсiца, што мне палiцэйскiя сабакi, што мне сам Карабас Барабас - цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлi...
I ён мужна пакрочыў па купiнах, локцямi рассоўваючы чарот, - вакол возера на той бок...
Мальвiна i П'еро не адважылiся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з палiцэйскiмi сабакамi i чаму за iмi не гонiцца Карабас Барабас.