14879.fb2 Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

- Калi так, стаў яго на стол - мы будзем кiдаць туды косцi.

Збан, у якiм сядзеў Бурацiна, паставiлi памiж дырэктарам тэатра лялек i прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бурацiна пасыпалiся абгрызеныя косцi i скарынкi.

Карабас Барабас, выпiўшы шмат вiна, падставiў да агню бараду, каб з яе капала налiплая смала.

- Пакладу Бурацiна на далонь, - выхваляючыся, гаварыў ён, - другой далонню плясну, - мокрае месца ад яго застанецца.

- Нягоднiк цалкам гэтага заслугоўвае, - пацвярджаў Дурамар, - але спачатку яму добра было б паставiць п'явак, каб яны выпiлi ўсю кроў...

- Не! - стукаў кулаком Карабас Барабас. - Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык...

У размову ўмяшаўся гаспадар, - ён ужо ведаў пра ўцёкi драўляных чалавечкаў.

- Сiньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамi. Зараз я паклiчу двух кемлiвых малайцоў, - пакуль вы падмацоўваецеся вiном, яны хутка абшукаюць увесь лес i прыцягнуць сюды Бурацiна.

- Добра. Пасылай малайцоў, - сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялiзныя падэшвы. I паколькi ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:

Дурны i рахманы

Мой народ драўляны.

Уладарнiк лялек

Вось хто я, каб зналi...

Грозны Карабас,

Слаўны Барабас...

Лялькi прада мною

Сцелюцца травою.

Нават i на кралю

Бiч не мае жалю,

Бiч у сем хвастоў,

Бiч у сем хвастоў.

Як махаць iм стану

Мой народ слухмяны

Песенькi спявае,

Грошыкi збiрае

У маю кiшэнь,

У маю кiшэнь...

Тады Бурацiна змененым голасам завыў з глыбiнi збана:

- Адкрый таямнiцу, няшчасны, адкрый таямнiцу!..

Карабас Барабас ад нечаканасцi гучна ляснуў скiвiцамi i вылупiўся на Дурамара.

- Гэта ты?

- Не, гэта не я...

- Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямнiцу?

Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпiў шмат вiна. Твар у яго пасiнеў i зморшчыўся ад страху, нiбы грыб смарчок.

Гледзячы на яго, i Карабас Барабас заляскаў зубамi.

- Адкрый таямнiцу, - зноў завыў таемны голас з глыбiнi збана, - iнакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!

Карабас Барабас паспрабаваў усхапiцца, але не мог нават i прыўзняцца.

- Яку-ку-кую та-та-таямнiцу? - спытаў ён, заiкаючыся.

Голас адказаў:

- Таямнiцу чарапахi Тарцiлы.

Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвiсла скiвiца.

- Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? - нiбы вецер у комiне ў асеннюю ноч, правыў голас.

- Адкажу, адкажу, замоўкнi, замоўкнi! - прашаптаў Карабас Барабас. Дзверы - у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камiнкам...

Толькi ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.

- Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сiньёр, хоць самога чорта...

I ён паказаў на лiсiцу Алiсу i ката Базiлiо, якiя стаялi на парозе. Лiсiца пачцiва зняла стары капялюш.

- Сiньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, i мы аддадзiм вам у рукi нягоднiка Бурацiна, не сыходзячы з гэтага месца.

Карабас Барабас залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, выняў дзесяць залатых.

- Вось грошы, а дзе Бурацiна?

Лiсiца некалькi разоў пералiчыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавiну кату, i паказала лапай: