14879.fb2
- Эх ты? З кiм на старасцi год звязаўся, - з вядомымi ўсяму свету жулiкамi, з Дурамарам, з катом, з лiсiцай. Маленькiх крыўдзiце! Сорамна, доктар!
I Карла пайшоў па дарозе ў горад.
Карабас Барабас з уцягнутай галавой iшоў услед за iм.
- Лялькi мае, аддай!..
- Нiзашто не аддавай! - залямантаваў Бурацiна, высоўваючыся з-за пазухi.
Так iшлi, iшлi. Мiнулi харчэўню "Трох печкуроў", дзе ў дзвярах кланяўся лысы гаспадар, паказваючы абедзвюма рукамi на скавародкi, якiя шыпелi на агнi. Каля дзвярэй узад i ўперад, узад i ўперад пахаджваў певень з выскубленым хвастом i з абурэннем расказваў пра хулiганскi ўчынак Бурацiна. Куры спачувальна падтаквалi:
- Ах-ах, якi жах! Ух-ух, певень зух!..
Карла ўзышоў на пагорак, адкуль вiдаць было мора, дзе-нiдзе пакрытае матавымi палоскамi ад павеву ветрыка, ля берага - стары гарадок пясочнага колеру пад спякотным сонцам i палатняны дах тэатра лялек.
Карабас Барабас, стоячы на тры крокi ззаду Карла, прабурчаў:
- Я табе дам за лялькi сто залатых манет, прадай.
Бурацiна, Мальвiна i П'еро перасталi дыхаць - чакалi, што скажа Карла.
Ён адказаў:
- Не! Калi б ты быў добрым, добрым дырэктарам тэатра, я табе, так i быць, аддаў бы маленькiх чалавечкаў. А ты - горшы за ўсякага кракадзiла. Не аддам i не прадам, iдзi прэч!
Карла спусцiўся з узгорка i, ужо больш не звяртаючы ўвагi на Карабаса Барабаса, увайшоў у гарадок.
Там на пустой плошчы нерухома стаяў палiцэйскi. Ад гарачынi i нуды ў яго абвiслi вусы, павекi злiплiся, над трохкутным капелюшом кружылiся мухi.
Карабас Барабас раптам засунуў бараду ў кiшэню, схапiў Карла ззаду за кашулю i закрычаў на ўсю плошчу:
- Трымайце злодзея, ён украў у мяне лялькi!..
Але палiцэйскi, якому было горача i нудна, нават i не зварухнуўся. Карабас Барабас падбег да яго, патрабуючы арыштаваць Карла.
- А ты хто такi? - лянiва спытаў палiцэйскi.
- Я доктар лялечных навук, дырэктар славутага тэатра, кавалер вышэйшых ордэнаў, блiжэйшы сябар Тарабарскага караля, сiньёр Карабас Барабас...
- А ты не крычы на мяне, - адказаў палiцэйскi.
Пакуль Карабас Барабас з iм спрачаўся, тата Карла, таропка стукаючы кiем па бруку, падышоў к дому, дзе ён жыў. Адамкнуў дзверы ў паўцёмную каморку пад лесвiцай, зняў з пляча Артамона, паклаў на ложак, з-за пазухi выняў Бурацiна, Мальвiну i П'еро i пасадзiў у радок на стол.
Мальвiна адразу ж сказала:
- Тата Карла, перш за ўсё займiцеся хворым сабакам. Хлопчыкi, зараз жа мыцца...
Раптам яна з роспаччу пляснула рукамi:
- А мае сукенкi! Мае новенькiя туфелькi, мае прыгожыя стужачкi засталiся на дне яра, у лопуху!..
- Нiчога, не бядуй, - сказаў Карла, - увечары я схаджу, прынясу твае клункi.
Ён асцярожна разбiнтаваў Артамонавы лапы. Выявiлася, што раны амаль ужо загаiлiся i сабака не мог паварушыцца толькi таму, што быў галодны.
- Талерачку аўсянай зацiркi ды костачку з мазгамi, - прастагнаў Артамон, i я гатовы бiцца з усiмi сабакамi ў горадзе.
- Ай-яй-яй, - журыўся Карла, - а ў мяне дома нi крошкi, i ў кiшэнi нi сольда...
Мальвiна жаласлiва ўсхлiпнула. П'еро цёр кулаком лоб, разважаючы:
- Я пайду на вулiцу чытаць вершы, прахожыя надаюць мне кучу сольда.
Карла пакiваў галавой:
- I будзеш ты начаваць, сынок, за валацужнiцтва ў палiцэйскiм аддзяленнi.
Усе, апрача Бурацiна, засумавалi. Ён жа хiтра ўсмiхаўся, круцiўся так, нiбы сядзеў не на стале, а на перакуленай кнопцы.
- Сябры, даволi хныкаць! - Ён саскочыў на падлогу i штосьцi выцягнуў з кiшэнi. - Тата Карла, вазьмi малаток, адарвi ад сцяны дзiравае палатно.
I ён задзёртым носам паказаў на камiнак, i на кацялок над камiнкам, i на дым, намаляваныя на кавалку старога палатна.
Карла здзiвiўся:
- Навошта, сынок, ты хочаш зрываць са сцяны такую цудоўную карцiну? У зiмовы час я гляджу на яе i ўяўляю, што гэта сапраўдны агонь i ў кацялку сапраўдная полiўка з баранiнай i з часнаком, i мне робiцца крыху цяплей.
- Тата Карла, даю чэснае лялечнае слова, - у цябе будзе сапраўдны агонь на камiнку, сапраўдны чыгунны кацялок i гарачая полiўка. Сарвi палатно!
Бурацiна сказаў гэта з такой упэўненасцю, што тата Карла пачухаў патылiцу, пакiваў галавой, пакрактаў, - узяў абцугi i малаток i пачаў адрываць палатно. За iм, як мы ўжо ведаем, усё было зацягнута павуцiннем i вiселi дохлыя павукi.
Карла старанна абмёў павуцiнне. Тады сталi вiдаць невялiкiя дзверцы з пацямнелага дубу. На чатырох вуглах на iх былi выразаны твары, якiя смяялiся, а пасярэдзiне - чалавечак з доўгiм носам, чалавечак гэты танцаваў.
Калi з яго сцерлi пыл, Мальвiна, П'еро, тата Карла, нават галодны Артамон закрычалi ў адзiн голас:
- Гэта партрэт самога Бурацiна!
- Я так i думаў, - сказаў Бурацiна, хоць ён нiчога такога не думаў i сам здзiвiўся. - А вось i ключ ад дзверцаў. Тата Карла, адамкнi...
- Гэтыя дзверцы i гэты залаты ключык, - прамовiў Карла, - зроблены вельмi даўно нейкiм дасцiпным майстрам. Паглядзiм, што схавана за дзверцамi.
Ён усунуў ключык у замочную шчылiну i пакруцiў... Пачулася нягучная, вельмi прыемная музыка, нiбы зайграў арганчык у музычнай скрынцы.
Тата Карла пiхнуў дзверцы. Са скрыпам яны пачалi адчыняцца.
У гэты час пачулiся паспешлiвыя крокi за акном, i голас Карабаса Барабаса зароў: