14879.fb2
Мальвiна - задам наперад - паспешлiва пачала спускацца з прыступкi на прыступку, за ёю заскакаў П'еро. Апошнiм, нагнуўшыся, сыходзiў Карла, раз-пораз губляючы драўляныя чаравiкi.
Унiзе, там, дзе заканчвалася крутая лесвiца, на каменнай пляцоўцы сядзеў Артамон. Ён аблiзваўся. Каля яго ног валяўся задушаны пацук Шушар.
Бурацiна абедзвюма рукамi прыўзнiмаў спарахнелы лямец, - iм была завешана адтулiна ў каменнай сцяне. Адтуль лiлося блакiтнае святло.
Першае, што яны ўбачылi, калi пралезлi ў дзiрку, - гэта яркiя праменнi сонца. Яны падалi са скляпенчатай столi праз круглае акно.
Шырокiя праменнi, у якiх танцавалi пылiнкi, асвятлялi круглы пакой з жаўтаватага мармуру. Пасярод яго стаяў цудоўны тэатр лялек. На заслоне блiшчаў залаты зiгзаг маланкi.
Па баках заслоны ўзнiмалiся дзве квадратныя вежы, размаляваныя так, нiбы яны былi складзены з маленькiх цаглiнак. Высокiя дахi з зялёнай бляхi ярка блiшчалi.
На левай вежы быў гадзiннiк з бронзавымi стрэлкамi. На цыферблаце супроць кожнай лiчбы намаляваны вясёлыя тварыкi хлопчыка i дзяўчынкi.
На правай вежы - круглае акенца з рознакаляровых шкельцаў.
Над гэтым акенцам, на даху з зялёнай бляхi, сядзеў цвыркун, якi ўмее гаварыць. Калi ўсе, разявiўшы раты, спынiлiся перад цудоўным тэатрам, цвыркун прагаварыў павольна i выразна:
- Я папярэджваў, што цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшныя прыгоды, Бурацiна. Добра, што ўсё скончылася шчаслiва, а магло скончыцца i нешчаслiва... Вось як...
Голас у цвыркуна быў стары i крыху пакрыўджаны, таму што цвыркуну, якi ўмее гаварыць, у свой час усё ж папала па галаве малатком i, нягледзячы на стогадовы ўзрост i прыродную дабрату, ён не мог забыць незаслужанай крыўды. Таму ён больш нiчога не дадаў, - таргануў вусiкамi, нiбы страсаючы з iх пыл, i павольна папоўз кудысьцi ў адзiнокую шчылiну - далей ад мiтуснi.
Тады тата Карла прамовiў:
- А я дык думаў, мы тут, прынамсi, знойдзем кучу золата i серабра, а знайшлi ўсяго толькi старую цацку.
Ён падышоў да гадзiннiка, устаўленага ў вежу, пастукаў пазногцем па цыферблату, i паколькi збоку гадзiннiка на медным цвiчку вiсеў ключык, ён узяў яго i завёў гадзiннiк...
Пачулася гучнае цiканне. Стрэлкi рушылi ў дарогу. Вялiкая стрэлка падышла да дванаццацi, маленькая - да шасцi. Унутры вежы загуло i зашыпела. Гадзiннiк звонка прабiў шэсць...
Адразу ж на правай вежы расчынiлася акенца з рознакаляровых шкельцаў, выскачыла завадная стракатая птушка i, затрапятаўшы крыламi, праспявала шэсць разоў:
- Да нас-да нас, да нас-да нас, да нас-да нас...
Птушка схавалася, акенца зачынiлася, зайграла катрыначная музыка. I заслона ўзнялася...
Нiхто, нават тата Карла, нiколi не бачыў такой прыгожай дэкарацыi.
На сцэне быў сад. На маленькiх дрэвах з залатымi i сярэбранымi лiсцiкамi спявалi завадныя шпакi велiчынёй з пазногаць. На адным дрэве вiселi яблыкi, кожнае з iх не большае за зерне грэчкi. Пад дрэвамi пахаджвалi паўлiны i, прыўзнiмаючыся на дыбачках, дзяўблi яблыкi. На палянцы скакалi i бралiся ў рожкi двое казлянят, а ў паветры ляталi матылькi, ледзь прыкметныя воку.
Так прайшла хвiлiна. Шпакi змоўклi, паўлiны i казляняты падалiся назад, за бакавыя кулiсы. Дрэвы правалiлiся ў патайныя люкi пад падлогу сцэны.
На задняй дэкарацыi пачалi разыходзiцца цюлевыя воблакi. Паказалася чырвонае сонца над пясчанай пустыняй. Справа i злева, з бакавых кулiсаў, выкiнулiся галiнкi лiян, падобныя да змей, - на адной сапраўды вiсела змяя ўдаў, на другой разгойдвалася, ухапiўшыся хвастамi, сям'я малпаў.
Гэта была Афрыка.
Па пяску пустынi пад чырвоным сонцам праходзiлi звяры.
Трыма скачкамi прамчаўся грывасты леў, - хоць быў ён не большы за кацяня, але страшны.
Перавальваючыся, праклыпаў на заднiх лапах плюшавы мядзведзь з парасонам.
Прапоўз агiдны кракадзiл, - яго маленькiя брыдкiя вочкi прыкiдвалiся добранькiмi. Але ўсё ж Артамон не паверыў i загыркаў на яго.
Прамчаўся насарог, - для бяспекi на яго востры рог быў надзеты гумавы мячык.
Прабегла жырафа, падобная на паласатага, рагатага вярблюда, якi з усёй сiлы выцягнуў шыю.
Потым iшоў слон, сябар дзяцей, - разумны, лагодны, - памахваў хобатам, у якiм трымаў соевую цукерку.
Апошнiм пратупаў бачком страшэнна брудны дзiкi сабака - шакал. Артамон з брэхам кiнуўся на яго, - тату Карла ледзь удалося адцягнуць яго за хвост ад сцэны.
Звяры прайшлi. Сонца раптам пагасла. У цемры нейкiя рэчы апусцiлiся зверху, нейкiя рэчы высунулiся з бакоў. Пачуўся гук, нiбы правялi смычком па струнах.
Загарэлiся матавыя вулiчныя лiхтарыкi. На сцэне была гарадская плошча. Дзверы ў дамах расчынiлiся, выбеглi маленькiя чалавечкi, палезлi ў лялечны трамвай. Кандуктар зазванiў, вагонаважаты крутнуў ручку, хлапчук жвава прычапiўся да каўбасы, мiлiцыянер засвiстаў, - трамвай рушыў у бакавую вулiцу памiж высокiх дамоў.
Праехаў веласiпедыст на колах - не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, - у чатыры разы складзеныя лiсткi адрыўнога календара - вось якой велiчынi былi ў яго газеты.
Марожаншчык пракацiў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкi дамоў выбеглi дзяўчынкi i замахалi яму, а марожаншчык развёў рукамi i сказаў:
- Усё з'елi, прыходзьце другiм разам.
Тут заслона апусцiлася, i на ёй зноў заблiшчаў залаты зiгзаг маланкi.
Тата Карла, Мальвiна, П'еро не маглi апамятацца ад захаплення. Бурацiна, засунуўшы рукi ў кiшэнi, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся:
- Што - бачылi? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткi Тарцiлы... У гэтым тэатры мы паставiм камедыю - ведаеце якую? - "Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бурацiна i яго сяброў". Карабас Барабас лопне ад зайздрасцi.
П'еро пацёр кулакамi наморшчаны лоб:
- Я напiшу гэтую камедыю цудоўнымi вершамi.
- Я буду прадаваць марожанае i бiлеты, - сказала Мальвiна. - Калi вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую iграць ролi прыгожанькiх дзяўчынак...
- Пачакайце, дзеткi, а вучыцца калi ж? - спытаў тата Карла.
Усе разам адказалi:
- Вучыцца будзем ранiцай... А вечарам iграць у тэатры...
- Ну, то-та ж, дзеткi, - сказаў тата Карла, - а я ўжо, дзетачкi, буду iграць на катрынцы, каб весялiць паважаную публiку, а калi пачнем ездзiць па Iталii з горада ў горад, буду кiраваць канём ды варыць полiўкў з баранiны з часнаком...
Артамон слухаў, задраўшы вуха, круцiў галавой, глядзеў блiскучымi вачыма на сяброў, пытаўся: а яму што рабiць?
Бурацiна сказаў:
- Артамон будзе загадваць бутафорыяй i тэатральнымi гарнiтурамi, яму дадзiм ключы ад кладоўкi. У час спектакля ён можа падрабляць за кулiсамi рык iльва, тупат насарога, скрыгат кракадзiлавых зубоў, выццё ветру - шляхам хуткага вярчэння хваста - i iншыя неабходныя гукi.