14879.fb2 Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Бурацiна пакруцiў галавой, аглядваючы каморку.

- Гэй, хто тут?

- Тут я, - крры-кры...

Бурацiна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у конiка. Яно сядзела на сцяне над камiнкам i цiха патрэсквала, - крры-кры, глядзела пукатымi, як са шкла, вясёлкавымi вачыма, варушыла вусiкамi.

- Гэй, ты хто такi?

- Я - цвыркун, якi ўмее гаварыць, - адказала стварэнне, - жыву ў гэтым пакоi больш за сто гадоў.

- Тут я гаспадар, прэч адгэтуль.

- Добра, я пайду, хоць мне вельмi шкада пакiдаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, - адказаў цвыркун, - але раней чым я пакiну пакой, выслухай карысную параду.

- Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна...

- Ах, Бурацiна, Бурацiна, - прагаварыў цвыркун, - пакiнь сваволiць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому i заўтра пачнi хадзiць у школу. Вось мая парада. Iнакш цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам i здохлай сухой мухi.

- Ччччаму? - спытаў Бурацiна.

- А вось ты пабачыш - ччччаму, - адказаў цвыркун.

- Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! - крыкнуў Бурацiна. - Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькi развiднее, уцяку з дому лазiць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражнiць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак i кошак... Я яшчэ не тое прыдумаю!..

- Шкада мне цябе, шкада, Бурацiна, пралiеш ты горкiя слёзы.

- Ччччаму? - зноў спытаў Бурацiна.

- Таму што ў цябе дурная драўляная галава.

Тады Бурацiна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапiў малаток i шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.

Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамi i папоўз за камiнак, - назаўсёды з гэтага пакоя.

Бурацiна ледзь не гiне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы i купляе азбуку

Пасля здарэння з цвыркуном, якi ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвiцай стала зусiм сумна. Дзень цягнуўся i цягнуўся. У жываце ў Бурацiна таксама было сумнавата.

Ён заплюшчыў вочы i раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.

Жвава расплюшчыў вочы, - курыца на талерцы знiкла.

Ён зноў заплюшчыў вочы, - убачыў талерку маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.

Расплюшчыў вочы, - няма талеркi маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.

Тады Бурацiна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есцi.

Ён падбег да камiнка i сунуў нос у кацялок, што кiпеў на агнi. Але доўгi нос Бурацiна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, i камiнак, i агонь, i дым, i кацялок былi намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.

Бурацiна выцягнуў нос i паглядзеў у дзiрку, - за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялiкiя дзверцы, але там было так заткана ўсё павуцiннем, што нiчога не разабраць.

Бурацiна пайшоў шукаць па ўсiх кутках, - цi не знойдзецца скарыначкi хлеба або курынай костачкi, абгрызенай кошкай.

Ах, нiчагусенькi, нiчагусенькi не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!

Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамi курынае яйка. Схапiў яго, паставiў на падаконнiк i носам - цюк-цюк - разбiў шкарлупiну.

Унутры яйка пiскнуў галасок:

- Дзякуй, драўляны чалавечак.

З разбiтай шкарлупiны вылезла кураня з пухам замест хваста i з вясёлымi вачыма.

- Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.

I кураня выскачыла праз акно, - толькi яго i бачылi.

- Ой, ой, - закрычаў Бурацiна, - есцi хачу!..

Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоi сцямнела.

Бурацiна сядзеў каля намаляванага агню i ад голаду пацiхеньку iкаў.

Ён убачыў: з-пад лесвiцы, з-пад падлогi паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала i вылезла шэрая жывёлiна на нiзкiх лапах.

Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамi, залезла туды, нюхаючы i шныпарачы, - сярдзiта зашамацела стружкамi. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбiў Бурацiна.

Потым яна вылезла з кошыка i падышла да Бурацiна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгiмi валаскамi з кожнага боку. Ад Бурацiна ядою не пахла, - яна пайшла мiма, цягнучы за сабой доўгi тонкi хвост.

Ну, як яе было не схапiць за хвост! Бурацiна зараз жа i схапiў.

Гэта быў стары злосны пацук Шушар.

З перапуду ён, як цень, кiнуўся быў пад лесвiцу, цягнучы Бурацiна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькi драўляны хлапчук, - павярнуўся i з шалёнай злосцю накiнуўся, каб перагрызцi яму горла.

Цяпер ужо Бурацiна спалохаўся, выпусцiў халодны пацукоў хвост i ўскочыў на крэсла. Пацук - за iм.

Ён з крэсла пераскочыў на падаконнiк. Пацук - за iм. З падаконнiка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук - за iм... I тут на стале ён схапiў Бурацiна за горла, павалiў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу i павалок за лесвiцу, пад падлогу.

- Тата Карла! - паспеў толькi пiскнуць Бурацiна.

- Я тут! - адказаў гучны голас.

Дзверы расчынiлiся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагi драўляны чаравiк i шпурнуў iм у пацука.

Шушар, выпусцiўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамi i знiк.