14879.fb2
Бо вясёлаю жыла.
Нос налева, хвост направа,
Вось дык полечка была...
Гледачы былi расчулены. Адна мамка нават усхлiпнула. Адзiн пажарнiк плакаў наўзрыд.
Толькi хлапчукi на заднiх лаўках злавалiся i тупалi нагамi.
- Хопiць лiзацца, не маленькiя, працягвайце спектакль.
Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такi страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калi толькi зiрнуць на яго.
Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круцiлiся, велiзарны рот ляскаў зубамi, нiбы гэта быў не чалавек, а кракадзiл. У руцэ ён трымаў сямiхвосты бiзун.
Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас.
- Га-га-га, гу-гу-гу! - зароў ён на Бурацiна. - Дык гэта ты перашкодзiў паказу маёй цудоўнай камедыi?
Ён схапiў Бурацiна, занёс у кладоўку тэатра i павесiў на цвiк. Вярнуўшыся, пагразiў лялькам сямiхвостым бiзуном, каб яны працягвалi спектакль.
Лялькi сяк-так закончылi камедыю, заслона закрылася, гледачы разышлiся.
Доктар лялечных навук сiньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць.
Запхнуўшы нiжнюю частку барады ў кiшэню, каб не замiнала, ён сеў перад камiнкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус i двое куранят.
Паслiнiўшы пальцы, ён пакратаў смажанiну, i яна здалася яму сырой.
У камiнку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далонi.
Прыбеглi Арлекiн i П'еро.
- Прынясiце мне гэтага абiбока Бурацiна, - сказаў сiньёр Карабас Барабас. - Ён зроблены з сухога дрэва, я яго падкiну ў агонь, мой абед у момант сасмажыцца.
Арлекiн i П'еро ўпалi на каленi, упрошвалi злiтавацца над няшчасным Бурацiна.
- А дзе мой бiзун? - зароў Карабас Барабас.
Тады яны, плачучы, пайшлi ў кладоўку, знялi з цвiка Бурацiна i прывалаклi на кухню.
Сiньёр Карабас Барабас, замест таго каб спалiць Бурацiна, дае яму пяць залатых манет i адпускае дадому
Калi лялькi прывалаклi Бурацiна i кiнулi на падлогу каля камiнка, сiньёр Карабас Барабас, страшэнна сапучы носам, мяшаў качаргой вуголле.
Раптам вочы яго налiлiся крывёю, нос, потым увесь твар сабраўся ў папярочныя маршчыны. Мабыць, яму ў ноздры трапiў кавалачак вугалю.
- Аап... аап... аап... - завыў Карабас Барабас, закочваючы вочы, - аап -чхi!..
I ён чхнуў так, што попел узняўся слупам у камiнку.
Калi доктар лялечных навук пачынаў чхаць, дык ужо не мог спынiцца i чхаў пяцьдзесят, а часам i сто разоў запар.
Ад такога незвычайнага чхання ён бяссiлеў i рабiўся дабрэйшым.
П'еро цiшком шапнуў Бурацiна:
- Паспрабуй з iм загаварыць памiж чханнем...
- Аап-чхi! Аап-чхi! - Карабас Барабас набiраў разяўленым ротам паветра i з трэскам чхаў, трасучы галавой i тупаючы нагамi.
На кухнi ўсё калацiлася, брынчалi шыбы, гойдалiся скавароды i каструлi на цвiках.
Памiж гэтымi чханнямi Бурацiна пачаў енчыць жаласным тоненькiм галаском:
- Бедны я, няшчасны, нiкому мяне не шкада.
- Кiнь раўцi! - крыкнуў Карабас Барабас. - Ты мне перашкаджаеш... Аап-чхi!
- На здароўе, сiньёр, - усхлiпнуў Бурацiна.
- Дзякуй... А што - бацькi ў цябе жывыя? Аап-чхi!
- У мяне нiколi, нiколi не было мамы, сiньёр. Ах, я няшчасны! - I Бурацiна закрычаў так пранiзлiва, што ў вушах у Карабаса Барабаса пачало калоць, як iголкай.
Ён затупаў падэшвамi:
- Кiнь вiшчаць, кажу табе! Аап-чхi! А што - бацька ў цябе жывы?
- Мой бедны бацька яшчэ жывы, сiньёр.
- Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калi ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса i двух куранят. Аап-чхi!
- Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду i холаду. Я яго адзiная падтрымка на старасцi. Пашкадуйце, адпусцiце мяне, сiньёр.
- Дзесяць тысяч чарцей! - зароў Карабас Барабас. - Нi пра якую лiтасць не можа быць i размовы. Трус i кураняты павiнны быць засмажаны. Лезь у камiнак.
- Сiньёр, я не магу гэтага зрабiць.
- Чаму? - спытаў Карабас Барабас толькi для таго, каб Бурацiна вёў далей размову, а не вiшчаў у вушы.
- Сiньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камiнак i толькi праткнуў дзiрку.
- Што за глупства! - здзiвiўся Карабас Барабас. - Як ты мог носам праткнуць у камiнку дзiрку?
- Таму, сiньёр, што камiнак i кацялок над агнём былi намаляваны на кавалку старога палатна.