149175.fb2
- Нiчога не выйдзе! - крычаў ён раз'юшана. - Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!... Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!
Тут хтосьцi ўвайшоў у карчму, загрукалi цяжкiя боты па плiтках падлогi, i мiсiс Хол павiнна была, хочаш не хочаш, адступiць ад дзвярэй не даслухаўшы.
Калi яна вярнулася, у пакоi зноў было зусiм цiха, калi не лiчыць слабога скрыпу крэсла i пабразгвання бутэлькi. Вiдавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.
Калi яна прынесла гарбату, то ўбачыла ў кутку пакоя, пад люстэркам, разбiтыя бутэлькi i залацiста-жоўтую нядбайна выцертую пляму. Яна звярнула на гэта ўвагу пастаяльца.
- Запiшыце ўсё гэта на мой рахунак, - агрызнуўся ён. - Богам прашу, не перашкаджайце мне. Калi я чым-небудзь прыношу вам страту, стаўце ў рахунак. - I ён зноў узяўся рабiць паметкi ў сшытку, якi ляжаў перад iм.
- Ведаеце, што я вам скажу, - таямнiча паведамiў Фiрэнсайд вечарам таго ж дня ў пiўной.
- Ну? - спытаў Тэдзi Хенфры.
- Гэты чалавек, якога ўкусiў мой сабака... Ну, дык вось: чарнаскуры. Прынамсi, ногi ў яго чорныя. Я гэта заўважыў, калi сабака парваў яму штаны i пальчатку. Трэба было думаць, што скрозь дзiркi будзе вiдаць ружовае цела, праўда? Ну, а на самой справе нiчога падобнага. Адна толькi чарната. Пэўна вам кажу, ён такi ж чорны, як мой капялюш.
- Госпадзi памiлуй! - усклiкнуў Хенфры. - Вось дзiўны выпадак! А нос жа ў яго, што нi кажыце, ружовы.
- Так, - сказаў Фiрэнсайд. - Гэта слушна. Толькi вось што я вам скажу, - хлопец гэты пярэсты: дзе чорны, а дзе белы, плямамi. I ён гэтага саромеецца. Ён накшталт нейкай помесi, а масцi, замест таго каб перамяшацца, пайшлi плямамi. Я i раней чуў аб такiх выпадках. У коней гэта бывае вельмi часта, спытай у каго хочаш.
Раздзел IV
МIСТЭР КАС БЯРЭ IНТЭРВ'Ю Ў НЕЗНАЁМЦА
Я так падрабязна распавядаў пра акалiчнасцi, што суправаджалi прыезд незнаёмца ў Айпiнг, для таго, каб чытач зразумеў усеагульную цiкаўнасць, якую выклiкала яго з'яўленне. Што ж датычыцца яго знаходжання там да знамянальнага дня клубнага свята, то на iм - за выключэннем двух дзiўных здарэнняў - можна доўга не спыняцца. Iншы раз надаралiся сутычкi з мiсiс Хол па гаспадарчых пытаннях, але з iх пастаялец заўсёды выходзiў пераможцам, адразу ж прапаноўваючы дадатковую плату, i так працягвалася да канца красавiка, калi ў яго сталi выяўляцца першыя прыкметы безграшоўя.
Хол недалюблiваў яго i пры любым спрыяльным выпадку паўтараў, што ад яго трэба пазбавiцца, але непрыязнасць гэта выяўлялася галоўным чынам у тым, што Хол стараўся пры магчымасцi пазбягаць сустрэчы з пастаяльцам.
- Пачакаем лета, - пераконвала мужа мiсiс Хол. - Пачнуць з'язджацца мастакi, тады паглядзiм. Ён, канечне, нахабнiк, затое акуратна, разлiчваецца па рахунках, гэтага ў яго адняць нельга, што нi кажыце.
Пастаялец у царкву не хадзiў i не рабiў нiякай рознiцы памiж нядзеляй i буднямi, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы мiсiс Хол, вельмi нерэгулярна. У некаторыя днi ён спускаўся рана i доўга карпеў над сваiмi даследаваннямi. У другiя ж уставаў позна, хадзiў па пакоi, цэлымi гадзiнамi гучна бурчэў, курыў цi драмаў у крэсле каля камiна. Зносiн са знешнiм светам у яго не было нiякiх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, якi знаходзiцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былi прыпадкi шалёнай злосцi, i ён кiдаў, рваў i ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самiм сабою ўсё ўзмацнялася, але мiсiс Хол нiчога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця i старалася падслухоўваць.
Днём ён рэдка выходзiў з дому i прагульваўся толькi ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, - усё роўна, было на двары холадна, цi цёпла, i выбiраў для прагулак самыя зацiшныя сцяжынкi, зацененыя дрэвамi або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры i страшны забiнтаваны твар пад шыракаполым капелюшом iншы раз палохалi ў цемры рабочых, якiя вярталiся дадому з работы; а Тэдзi Хенфры, якi выйшаў аднойчы, пахiстваючыся, з карчмы "Чырвоны камзол" у палавiне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калi ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якiя бачылi яго ў прыцемку, ноччу снiлiся страшныя сны. Хлапчукi яго не маглi цярпець, ён iх - таксама, i цяжка сказаць, хто каго больш не любiў, але ва ўсякiм выпадку непрыязнасць была ўзаемная i вельмi вострая.
Няма нiчога дзiўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду i такiх дзiўных паводзiн даваў багатую пажыву для размоў у Айпiнгу. Адносна характару яго заняткаў думкi разыходзiлiся. Мiсiс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялiкай важнасцю, што ён праводзiць "эксперыментальныя даследваннi", - гэтыя словы яна вымаўляла павольна i асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калi ж у яе пыталiся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагi, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, i паясняла: "Ён робiць розныя адкрыццi". З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, - расказвала яна, - i рукi i твар яго згубiлi свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллiвы не можа паказвацца ў такiм выглядзе на людзях.
Але за спiной мiсiс Хол распаўсюджвалiся ўпартыя чуткi, што яе пастаялец - крымiнальны злачынца, якi хаваецца ад правасуддзя i стараецца з дапамогай свайго дзiўнага ўбору схавацца ад палiцыi. Упершыню гэтая здагадка ўзнiкла ў галаве мiстэра Тэдзi Хенфры. Дарэчы, нi пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзiне цi канцы лютага, не было вядома. Таму мiстэр Гоўлд, школьны настаўнiк, некалькi змянiў гэтую здагадку: згодна з яго версiяй пастаялец мiсiс Хол быў анархiстам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; i ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам мiстэр Гоўлд глядзеў на яго вельмi пiльна i распытваў пра незнаёмца людзей, якiя нiколi яго не бачылi. Тым не менш мiстэру Гоўлду не ўдалося нiчога даведацца.
Было многа прыхiльнiкаў версii, якую прапанаваў Фiрэнсайд, што незнаёмец - пярэсты цi што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калi б незнаёмец адважыўся паказвацца на кiрмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бiблii выпадак з чалавекам, якi закапаў свой талент у зямлю. Iншыя лiчылi, што незнаёмец пакутуе цiхiм вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.
Акрамя стойкiх паслядоўнiкаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпiнга, былi людзi, якiя сумнявалiся i маглi пайсцi на ўступкi.
Жыхары графства Сэсекс былi мала схiльны да забабонаў, i першыя здагадкi пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явiлiся толькi пасля красавiцкiх падзей, ды i то гэтаму паверылi адны жанчыны.
Але як бы там нi думалi пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпiнга, непрыязь да яго была ўсеагульнай i аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанiн, якi займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскiх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, iмклiвая паходка, гэтыя начныя прагулкi, калi ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых цiхiх, бязлюдных месцах, няветлiвае спыненне ўсiх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамi, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкi i лямпы - хто мог бы прымiрыцца з гэтым? Калi незнаёмец праходзiў па вулiцы, сустрэчныя саступалi ў бок, а за яго спiной мясцовыя жартаўнiкi, падняўшы каўнер палiто i апусцiўшы палi капелюша, iмiтавалi яго нервовую паходку i загадкавыя паводзiны. У той час карысталася папулярнасцю песенька "Чалавек-прывiд". Мiсiс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе - збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькi на вулiцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто-небудзь пачынаў насвiстваць - гучна цi цiха - матыў гэтай песенькi. Нават запозненыя дзецi, якiя спяшалiся вечарам дадому, крычалi яму ўслед: "Прывiд!" - i iмчалi далей, замiраючы ад страху i захаплення.
Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цiкаўнасцi. Забiнтаваная галава выклiкала ў iм чыста прафесiйны iнтарэс; чуткi ж пра тысячу i адну бутэльку ўзбударажылi яго зайздросную павагу. Увесь красавiк i ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў i напярэдаднi сёмухi вырашыў пайсцi да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпiсаць лiст на карысць сядзелкi мясцовай бальнiцы. Са здзiўленнем ён пераканаўся, што мiсiс Хол не ведае iмя свайго пастаяльца.
- Ён назваў сябе, - сказала мiсiс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), - але я не дачула.
Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец i не думаў называць сябе.
Кас пастукаў у дзверы гасцiнай i ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлiвая лаянка.
- Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, - прамовiў Кас, пасля чаго дзверы зачынiлiся i далейшай размовы мiсiс Хол ужо не чула.
На працягу дзесяцi хвiлiн да яе далятаў толькi няясны шум галасоў; затым пачуўся воклiч здзiўлення, шорганне ног, грохат адкiнутага стула, адрывiсты смех, хуткiя крокi, - i на парозе з'явiўся Кас; ён быў бледны i аглядваўся, вылупiўшы вочы. Не зачынiўшы за сабой дзверы i не зiрнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калiдоры, спусцiўся з ганка i хутка закрочыў па вулiцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Мiсiс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазiрнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокi. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцiнай зачынiлiся з трэскам i ўсё зацiхла. Кас накiраваўся проста да вiкарыя Банцiнга.
- Я звар'яцеў? - вымавiў ён адрывiста, як толькi ўвайшоў у пыльны кабiнет вiкарыя. - Я падобны на вар'ята?
- Што здарылася? - спытаў вiкарый, кладучы ракавiну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзi.
- Гэты суб'ект, пастаялец Холаў...
- Ну?
- Дайце мне выпiць чаго-небудзь, - сказаў Кас i апусцiўся на стул.
Калi Кас некалькi заспакоiўся з дапамогай таннага херэса - другiх напiткаў у найдабрэйшага вiкарыя не бывала, - ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.
- Заходжу, - пачаў ён, задыхаючыся, - i прашу падпiсацца на карысць сядзелкi. Як толькi я ўвайшоў, ён засунуў рукi ў кiшэнi i плюхнуўся ў крэсла. Сядзiць i фыркае носам. "Вы цiкавiцеся навукай, я чуў?" - пачаў я. "Так", - адказаў ён i зноў фыркнуў. Увесь час фыркаў. Прастудзiўся, можа. Ды i што дзiўнага, раз чалавек так хутаецца. Я стаў гаварыць наконт сядзелкi, а сам азiраюся па баках. Усюды бутэлькi, хiмiчныя прэпараты, тут жа вагi, прабiркi i пахне начнымi фiялкамi. Падпiшацца ён на колькi-небудзь? "Падумаю", - кажа. Тут я проста спытаў яго, цi займаецца ён навуковымi даследаваннямi. "Так", - сказаў ён. "Доўгiя даследаваннi?" Тады яго быццам прарвала. "Страшэнна доўгiя", - адказаў ён. "Вось як?" - сказаў я. Вось тут i пайшло. У iм ужо раней усё так i кiпела, i маё пытанне было апошняй кропляй. Ён атрымаў ад кагосьцi рэцэпт - надзвычай каштоўны рэцэпт; для якой мэты - гэта ён не можа сказаць. "Медыцынскi?" - "Каб яго чорт узяў, а вам якая справа?" Я папрасiў прабачэння. Ён спагадлiва фыркнуў, адкашляўся i працягваў. Рэцэпт ён прачытаў. Пяць iнгрэдыентаў. Паклаў на стол, адвярнуўся. Раптам шорах: паперку падхоплiвае скразняком. Ён працаваў у пакоi з адкрытым камiнам. Успыхнула полымя, i не паспеў ён азiрнуцца, як рэцэпт згарэў i попел вылецеў у трубу. Ён кiнуўся да камiна, - позна! Вось! Тут ён безнадзейна махнуў рукой.
- Ну?
- А рукi i няма. Пусты рукаў. "Божа, - падумаў я, - вось жа калека. Напэўна, у яго пробкавая рука i ён яе зняў. I ўсё-такi, - думаў я, - тут штосьцi няладнае. Як жа гэта рукаў не мнецца i не абвiсае, калi ў iм нiчога няма?" А ў iм нiчога не было, запэўнiваю вас. Зусiм пусты рукаў, да самага згiбу. Я бачыў, што ён пусты да самага локця, i акрамя таго, у прарэху праходзiла святло. "Божа мiласэрны!" - усклiкнуў я. Тады ён замоўк. Утаропiўся акулярамi спачатку на мяне, потым на свой рукаў.
- Ну?
- Толькi i ўсяго. Не сказаў нi слова, толькi глянуў на мяне i хутка засунуў рукаў у кiшэню: "Я, здаецца, спынiўся на тым, як рэцэпт згарэў?" Ён запытальна кашлянуў. "Як гэта вы ўмудраецеся рухаць пустым рукавом?" спытаўся я. "Пустым рукавом?" - "Ну так, - сказаў я, - пустым рукавом". "Дык гэта, па-вашаму, пусты рукаў? Вы самi бачылi, што рукаў пусты?" Ён падняўся з крэсла. Я таксама ўстаў. Тады ён паволi зрабiў тры крокi, падышоў да мяне i стаў зусiм блiзка. З'едлiва фыркнуў. Я стаяў як стаяў, хаця, чэснае слова, гэта забiнтаванае страшыдла з цёмнымi акулярамi напалохала б каго хочаш. "Дык вы кажаце, рукаў пусты?" - сказаў ён. "Вядома", - адказаў я. Тады ён iмклiва, утаропiўшыся на мяне сваiмi акулярамi, вынуў рукаў з кiшэнi i працягнуў яго да мяне, як быццам бы хацеў зноў паказаць.
Усё гэта ён зрабiў вельмi павольна. Я паглядзеў на рукаў. Здавалася, прайшла цэлая вечнасць. "Ну, - сказаў я, з цяжкасцю вымаўляючы словы, - у iм нiчога няма". Штосьцi трэба ж было сказаць. Мне станавiлася страшна. Я бачыў увесь рукаў наскрозь. Ён выцягнуў яго павольна, павольна - вось так, пакуль абшлаг не апынуўся ў цалях шасцi ад майго твару. Дзiўнае гэта адчуванне, як наблiжаецца пусты рукаў... А потым...
- Ну?
- Штосьцi - мне падалося, вялiкi i ўказальны палец - пацягнула мяне за нос.
Банцiнг засмяяўся.
- Але там не было нiчога! - сказаў Кас, ледзьве не ўскрыкнуўшы на слове "нiчога". - Добра вам смяяцца, а я быў так ашаломлены, што стукнуў па абшлагу рукава, павярнуўся i выбег з пакоя...
Кас замоўк. У непрытворнасцi яго спалоху нельга было сумнявацца. Ён бездапаможна павярнуўся i выпiў яшчэ шклянку кепскага херэса, якiм частаваў яго дастойнейшы вiкарый.
- Калi я стукнуў яго па рукаве, - сказаў ён, - то, запэўнiваю вас, я адчуў, што б'ю па руцэ. А рукi там не было. I намёку на руку не было!
Мiстэр Банцiнг задумаўся. Потым падазрона паглядзеў на Каса.
- Гэта ў вышэйшай ступенi цiкавая гiсторыя, - сказаў ён з вельмi глыбакадумным i сур'ёзным выглядам. - Безумоўна, гiсторыя ў вышэйшай ступенi цiкавая, - паўтарыў ён яшчэ больш важна.