149175.fb2
- Гэта - ахвяраваны абутак, - сказаў мiстэр Томас Марвел, схiлiўшы галаву набок i незадаволена гледзячы на чаравiкi. - I я, каб яго чорт узяў, не магу нават вырашыць, якая пара больш брыдкая.
- Гм... - сказаў Голас.
- Я насiў абутак i горшы. Праўду кажучы, мне даводзiлася абыходзiцца i без абутку. Але такiх нахабных вырадкаў, калi можна так сказаць, я не насiў нiколi. Я даўно ўжо шукаю сабе чаравiкi, таму што мае мне абрыдлi. Моцныя яны, што i казаць. Але чалавек, якi заўсёды знаходзiцца на нагах, увесь час бачыць свае чаравiкi. I, цi паверыце, колькi я нi стараўся, я ва ўсёй акрузе не мог дастаць iншага абутку, акрамя гэтага. Вы толькi паглядзiце! А, шчыра кажучы, у гэтай мясцовасцi абутак нядрэнны. Толькi маё шчасце такое. Я ўжо гадоў дзесяць нашу тутэйшы абутак, i вось якую дрэнь даюць.
- Гэта агiдная мясцовасць, - сказаў Голас, - i народ тут вельмi паганы.
- Правiльна ж! - сказаў Томас Марвел. - Ну i абутак! Каб ён згiнуў!
З гэтымi словамi ён праз плячо пакасiўся направа, каб паглядзець на абутак свайго субяседнiка i параўнаць са сваiм, але, да вялiкага яго здзiўлення, там, дзе ён чакаў убачыць пару чаравiкаў, не аказалася нi чаравiкаў, нi ног. Гэта ашаламiла яго.
- Дзе ж вы? - спытаўся Томас Марвел, паварочваючыся на карачках.
Перад iм рассцiлалася ўзгорыстая пустыня, толькi далёкiя кусты верасу качалiся на ветры.
- П'яны я, цi што! - сказаў Томас Марвел. - Здалося мне? Цi я сам з сабой размаўляў? Што за чорт.
- Не палохайцеся, - сказаў Голас.
- Пакiньце, калi ласка, вашы жарты, - сказаў Томас Марвел, хутка ўскокваючы на ногi. - Дзе вы? "Не палохайцеся!" - скажыце, калi ласка.
- Не палохайцеся, - паўтарыў Голас.
- Ты сам зараз спалохаешся, дурань ты гэтакi! - сказаў Томас Марвел. Дзе ты? Вось я да цябе дабяруся...
Маўчанне.
- Пад зямлёй ты, цi што? - спытаўся Томас Марвел.
Адказу не было. Томас Марвел працягваў стаяць у адных шкарпэтках, у расхiнутым пiнжаку, i твар яго выказваў поўнае неўразуменне.
"Пi-уiць", - пачуўся здаля свiст пеначкi.
- Што вы, на самой справе, прыдурваецеся, - сказаў Томас Марвел. Мясцовасць была бязлюдная. У якi б бок ён нi паглядзеў, нiкога не было вiдаць. Дарога з глыбокiмi канавамi, акружаная радамi белых прыдарожных слупоў, гладкая i пустынная, цягнулася на поўнач i поўдзень, у бязвоблачным небе таксама нiчога нельга было заўважыць, акрамя пеначкi. - З намi хросная сiла! - усклiкнуў Томас Марвел, зашпiльваючы пiнжак. - Усё гарэлка праклятая. Так я i ведаў!
- Гэта не гарэлка, - сказаў Голас. - Не хвалюйцеся.
- Ох! - прастагнаў мiстэр Марвел, збялеўшы. - Усё гарэлка, - бязгучна паўтаралi яго вусны. Ён пастаяў крыху, змрочна гледзячы проста перад сабою, потым стаў паволi паварочвацца. - Я пакляўся б, што чуў голас, - прашаптаў ён.
- Вядома, чулi.
- Вось зноў, - сказаў Марвел, заплюшчваючы вочы i трагiчным жэстам хапаючыся за галаву. Але тут яго раптам узялi за каўнер i так страсянулi, што думкi яго зусiм змяшалiся.
- Кiнь дурыцца, - сказаў Голас.
- Я звар'яцеў... - сказаў Марвел. - Нiчога не паможа. I ўсё з-за праклятых чаравiкаў. Сапраўды звар'яцеў! Цi гэта духi?..
- Нi тое, нi другое, - сказаў Голас. - Паслухай...
- Звар'яцеў! - паўтараў Марвел.
- Ды пачакай жа! - з найвялiкшай пераканаўчасцю сказаў Голас, ледзьве стрымлiваючы раздражненне.
- Ну? - сказаў Марвел, адчуваючы дзiўнае пачуццё, як быццам бы хтосьцi дакрануўся пальцам да яго грудзей.
- Ты думаеш, я табе толькi здаўся, так? Гэта толькi адно ўяўленне?
- А што ж яшчэ? - адказаў Томас Марвел, пачухваючы патылiцу.
- Выдатна, - сказаў Голас. - У такiм выпадку я буду кiдаць у цябе каменьчыкамi, пакуль ты не пераканаешся ў процiлеглым.
- Дык дзе ж ты?
Голас не адказаў. Свiст - i камень, вiдаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча мiстэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другi камень, апiсаўшы дугу, узляцеў уверх, павiс на секунду ў паветры i затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухiлiцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагi, адляцеў у канаву. Мiстэр Томас Марвел падскочыў i завыў ад болю. Потым кiнуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьцi i, перакулiўшыся, сеў.
- Ну, што скажаш цяпер? - спытаўся Голас, i трэцi камень, апiсаўшы дугу, узляцеў уверх i павiс у паветры над бадзягам. - Што я такое? Адно ўяўленне?
Мiстэр Марвел замест адказу падняўся на ногi, але тут жа быў зноў адкiнуты на зямлю. З хвiлiну ён ляжаў не рухаючыся.
- Сядзi смiрна, - сказаў Голас, - iнакш я кiну камень табе ў галаву.
- Ну i справы! - сказаў мiстэр Марвел, сядаючы i пацiраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. - Нiчога не разумею. Камнi самi лётаюць. Камнi размаўляюць. Не кiдайся. Згiнь. Мне канцы.
Камень упаў на зямлю.
- Усё вельмi проста, - сказаў Голас. - Я - невiдзiмка.
- Раскажыце, што-небудзь новае, - сказаў мiстэр Марвел, вохкаючы i курчачыся ад болю. - Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робiце? Не магу здагадацца. Здаюся.
- Я - невiдзiмка, толькi i ўсяго. Разумееш ты цi не? - сказаў Голас.
- Ды гэта ясней яснага. I нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.
- Я - невiдзiмка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты...
- Але дзе ж вы? - перапынiў яго Марвел.
- Ды тут, перад табой, у пяцi кроках.
- Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты - паветра. Я ж не такi ўжо невук...
- Так, я - паветра. Ты глядзiш скрозь мяне.
- Што? I ў цябе зусiм нiчога няма? Адзiн толькi балбатлiвы голас - i ўсё?
- Я такi ж чалавек, як усе, з плоцi i крывi, мне трэба есцi, пiць i прыкрыць сваё голае цела. Але я - невiдзiмка. Зразумела? Я - невiдзiмка. Гэта вельмi проста. Нябачны.