15158.fb2
Нарадзілася я ў 1910 г. на сваёй зямлі з дзядоў і бацькоў беларусаў. Дзед мой, Павел Францавіч Міклашэвіч[1], паходзіў з Крынак[2]. Паспеў ён яшчэ адрабіць 6 дзён паншчыны, а пасля прадаў свайго 1/2 участка зямлі (было іх два браты), да гэтага пазычыў грошай на банк і купіў сабе харошы маёнтачак Астапкаўшчыну. Кажуць, што дзед мой пасвіў гоўцы і знайшоў скарб, за які пасля і купляў сабе зямлю. Я ў гэта не веру. Ён быў працавіты і разумны чалавек, прытым славіўся сваёй чэснасцю. Быў амаль непісьменны, ледзь-ледзь мог каравенька падпісацца. Іншай мовы не ведаў, акрамя беларускай, і да смерці еў драўлянаю лыжкаю, каб не апарыць сабе языка.
Дзед мой ажаніўся ў 18 г[адоў] з Марфаю з Чамяроў, якой было 16 гадкоў. Было ў іх нешта 16 дзяцей, з якіх жыло 8. Пасля Астапкаўшчыны дзед мой купіў яшчэ Гудзевічы. Іх прайграла нейкая графіня ў карты, і дзеду яны прыйшліся нядорага. Кажуць, што тая графіня вельмі хацела вярнуць сабе Гудзевічы, але дзед мой іх не адпрадаў. Графіня яго праклінала, а ён лічыў, што яна гэтай зямлі не варта.
Калі тата[3] мой вярнуўся з далёкай японскай вайны, дзед ажаніў яго і купіў яму, на гэткі ж Віленска-Тульскі банк, Жлобаўцы каля старога мястэчка Воўпа. Там я і нарадзілася. Здавалася мне, што я паўстала з жытоў, з неба і траў, а перадусім – з любай беларускай мовы, на якой ласкава звярталіся да мяне бацькі, старэнькая няня і іншыя. Мне было светла і добра, але хутка забралі тату на вайну. Мы, тры малыя сястрычкі, уцякалі з мамаю на фургонах ад немцаў і апынуліся недзе аж на Украіне. Там і сустрэла нас пасля рэвалюцыя. З усіх гэтых вялікіх падзеяў застаўся ў душы маёй жах ад стрэлаў і ад забітых.
Бацька мой шчасліва вярнуўся з вайны, і толькі пры ім я чулася болей бяспечна.
Мама[4] мая паходзіла таксама з сялян з вёскі Завадзічы каля Чарлёнай на Гродзеншчыне. Яе бацька Васіль Манюта кінуў вёску і пайшоў на арэнду. Дзяцей у яго было таксама 16, з якіх выгадавалася толькі пяцёра. Малыя патрэбы сялян і іх вялікая працавітасць зрабілі іх хутка багатымі. Дзеда пачалі праследаваць ягоныя сваякі, хацелі нават забіць. Яго абвінавачвалі, што ён знайшоў залаты скарб і гэтакім чынам разбагацеў. Цярпеў дзед Васіль да той пары, пакуль нейкі ягоны сваяк не выараў з зямлі сагана з залатымі грашмі. Ён так крычаў з радасці, што набеглі людзі і ў момант расхваталі ўсе тыя грошы. Дзеда пакінулі ў спакоі.
Вось такім чынам мы пыйшлі ў паны, застаўшыся прытым шчырымі беларусамі.
У бежанстве вечарамі сыходзіліся да нас сваякі, бо ўсе мы сабраліся бліжэй сябе, успаміналі мінулае... Пра суды і зямлю, пра пасты і бабіны малітвы, пра тое, як збіраліся восенню ў Крынках і дзве нядзелі маліліся за памершых, як з’ядалі кадушку насоленай бараніны і выпівалі нямала гарэлкі. Аб тым, як баба Марфа ўспамінала паўстанцаў, якія, акрываўленыя і раненыя, палілі ў іхняй печы паперы, як прадзед мой, лясун Чамер, памагаў ім. Расказвалі пра дзівы і духаў, якія вельмі актыўна, паводле іх слоў, умешваліся ў жыццё гэтых сем’яў. Гутарылі пра Беларусь сваю з тугою, з вялікім каханнем і толькі мілаю роднаю моваю, зусім не так, як гутарылі з чужымі. Рваліся ўсе дамоў, рабілі планы, што будаваць, дзе сеяць, якое заводзіць быдла ды коні. I я горача кахала тую зямлю і чакала павароту дамоў разам з усімі.
На сваю радзіму мы вярнуліся ў 1919 г. Ехалі й зноў коньмі праз пустыя вёскі, дзе хаты былі без дзвярэй і без вокан, са стрэхаў расла крапіва, а вакол шумелі кустарнікі. Пуста было і ў нас на падворку. Стаялі абсмаленыя муры і захавалася толькі адна старая, маленькая хата. Было многа грыбоў і малавата хлеба. З бежанства вярталіся людзі, ніхто ім не памагаў. Супрагаю аралі зямлю, аднаўлялі хаты, пралі-ткалі і неяк жылі. Мяне аддалі вучыцца спачатку ў Гудзевічы, а пасля ў Ваўкавыск, у гімназію.
У Ваўкавыск я заўсягды ехала неахвотна. Цяжка мне было пакідаць зялёныя ці заснежаныя Жлобаўцы, сваю сям’ю, дзе ўжо нарадзіліся брацікі. Да болю мне было сумна без ветру ў палёх, без сялян і без дрэваў. Навука давалася мне лёгка, але зямля клікала мяне, моцна трымала ў зялёных руках маё сэрца, змушала думаць і параўноўваць.
Гімназія, як і ўсе школы тады, была польскай. Я была дачкой паноў, і да мяне адносіліся добра, але вось усіх харошых маіх землякоў лічылі толькі слугамі і мужыкамі.Мучылі мяне роздумы аб тым, што кожны родзіцца маленькі і голы, і як жа розна кожны абрастае тым шчасцем у жыцці. Якая ж няроўная, несправядлівая доля! Я глядзела на свой харошы народ, які дзялілі рэлігіямі, штучна творачы з нашых каталікоў палякаў, хаця адвечнай іх роднаю мовай была толькі беларуская мова. Гэта было зусім не ў духу Хрыста, і я пачала бачыць розніцу між Богам і клерам. Колькі ж можна дзяліць, разрозніваць і ўніжаць мой народ? – думала я тады.
Цяжка было беларусам вучыцца. Спачатку вучыліся чужой мовы, а пасля ўсяго іншага на чужой мове. Чужыя прыносілі нам малітву і навуку, толькі на “панскай” іхняй мове, уніжаючы нашу, Скарынаўскую. Каб здабыць беларусу сярэднюю асвету, часта трэба было выракацца народнасці і рэлігіі. Я не выраклася нічога, асабліва не выраклася майго народу і яго долі. Я кахала яго, як кахаюць родных бацькоў ці найбольшую дабрату, ці найвышэйшую праўду. Я была жывою часткай яго, багатая яго грунтоўнай культурай, ласкавая яго дабрынёй і сільная для змагання з яго горам.
Як зачараваны недругамі волат, ляжаў на вузкіх палосках Скарынаў народ і не меў магчымасці ісці шляхамі вялікага продка. Я верыла ў свой народ, і толькі мне хацелася некалі ўбачыць, якіх поспехаў дасягне ў школе пастух і як успрыме святло жывых ведаў служанка. У той беспрасветны час гэта толькі былі летуценні і гутаркі з месяцам.
Я далей не вучылася, у бацькоў было нас сямёра дзяцей, а навука каштавала вялікія грошы. Я была найстаршай з дзяцей, і часта бацька ўскладваў на мае дзявочыя плечы абавязкі гаспадара. Я вазіла прадаваць бульбу і збожжа, выпрошвала адклад ліцытацыі маёмасці за даўгі і неімаверна вялікія падаткі, старалася разлажыць на сплаткі вялікі банкаўскі доўг. Я горача кахала зямлю, садзіла на ёй лес і кветкі, жала і грабіла, прала лён і ўслухалася ў песні, казкі і прымаўкі нашых людзей. Паэзія Міцкевіча[5], філаматаў[6] і філарэтаў[7], яшчэ ў школе адкрыла мне вочы на вялікія скарбы, схаваныя ў нетрах народнай душы. Сяляне былі ў сваёй большасці бедныя, многа раз ужо яны падзялілі свае надзелы, і не ўсім з іх хапала хлеба да новага. Але яны былі сціплыя, зарадныя, працавітыя. Свята і цесна злучаныя з зямлёй, толькі яны маглі жыць і выжыць у такіх варунках і заставацца людзьмі. Душа мая была поўная гімнаў для іх, якія пасля, на чужыне, выліліся ў гарачыя вершы. У мяне не было пашпарту, але аднойчы, узяўшы ў рукі пашпарт нашага рабочага, у рубрыцы народнасць я прачытала, што ён — тутэйшы...
Мне стала агідна і крыўдна, і я адчула пякучае таўро няволі на целе беларусаў. Былі мы выкарыстоўваемыя і змучаныя на нашай зямлі. У крамах не было сталых цэнаў на тавары, як і не было іх на сельскія прадукты. Цэны на іх залежалі ад згавору і капрызу прагных купцоў. Яны вельмі нізка падалі ў час аплаты падаткаў, а вясною зноў, калі трэба было купіць хлеба, неімаверна падымаліся ўгору. Маленькія гробікі дзяцей бясконца вандравалі на могілкі, а саслаблыя жанчыны, ледзь паспеўшы нарадзіць дзіця, ішлі на работу. Сто ранаў у сэрца было для мяне бачыць усё гэта і ўсё гэта стрываць.
Памятаю аднойчы, як назначылі ліцытацыю за падаткі нашай жывёлы, свіней і збожжа. Было гэта неспадзявана. Сярод ночы я знайшла ў Лунне начальніка падаткавага ўраду і выянчыла ў яго стрыманне той ліцытацыі. Ён спрачаўся са мною, адцягваў час. Ліцытацыя была назначана на 12 г[адзін] дня, а тое стрыманне ён падпісаў мне ў 10.30. Перада мною было 12 вёрст дарогі, і я паспела. Я амаль загнала каня, але выратавала жывёлу і гаспадарку. Секвестратары ганяліся за свіньмі па ўсім панадворку, а бабы, стоячы, хахаталі над іх бездапаможнасцю, кажучы: “Вось цяпер дык у нас будуць парасяты...” Я ўсё прыпыніла. Адвязалі каровы ад вазоў, пазаганялі свінні, ізноў у тарпіну злажылі з вазоў цяжкія жытнія снапы. Секвестратары азвярэлі. Нічога ўжо не могучы зрабіць нам, яны ўварваліся ў сяло і там патрабавалі грошай за падаткі. Калі ім давалі квіты, яны рвалі іх на вачох у людзей. Я ўвайшла ў сяло, вазы начальства былі поўныя дываноў, палотнаў і скруткаў лёну. Да ручак вазоў былі прывязаны цялушкі і каровы, якія рваліся з вяровак, бо ніколі не хадзілі яшчэ на валаводзе. Секвестратары ўварваліся ў хату беднага Петручка, якога швагерка служыла ў жыдоў. Адкрылі швагерчын куфар і пачалі рабаваць. Жонка Петручкова сілай бараніла гэты тканы і прадзены дзявочы сястрын пасаг, яе кінулі на зямлю і таўклі ботамі. Пасаг з куфра раскупілі за бесцань ваўпянскія яўрэі, а Петручкова жонка ў муках нарадзіла неданошанае, нежывое дзіцятко... Як жа было мне цяжка.
Аднойчы я моцна пасварылася з татам, проста зазлавалася і ўцякла з хаты. Забраў мяне да сябе дзядзька ў Петравічы. Я была вельмі сумная і вельмі гордая, ужо змучаная жыццём. Там я сустрэла іншых сялян, гэта ўжо былі людзі бунтарныя і ідэйныя, яны змагаліся. Гэта яны пяялі мне: “Жыў на свеце Лявон” і апавядалі пра турмы. Там я пазнаёмілася з маім мужам.
Аднойчы ў час масавых арыштаў забралі і майго дзядзьку. Цётка ў плач, а я запрагла каня і следам за імі. Закавалі дзядзьку, пасадзілі на воз, а кругом расселіся паліцыянты. Да аглобляў з аднаго і другога боку прыкавалі хлопцаў, здаецца, з сяла Цыганаўкі. Вязу я гэту нечысць і выпытваю, куды іх павязуць. Даведалася, што ў Ваўкавыск. Цяжка каля Чортавай Печы ішоў конік пад горку, нават паліцыянты пазлазілі. Дрыжыць мой дзядзька і шэпча мне: “Калі зноў пасядаюць на воз, дык ты іх хапі за вінтоўкі, каб не стрэльнулі, а я махану ў лес, бо як будуць біць...” Я палічыла гэта лішне рызыкоўным. Дзядзьку і многа хлопцаў тады выпусцілі, але дзе-каторых я бачыла, як вялі па Ваўкавыску, а яны ледзь прыступалі на ногі. Пасля я даведалася, што іх гумамі білі ў пяты.
Адзін чалавек з той вёскі ўцёк тады ў СССР. Засталіся хворая жонка і двое дзяцей. Я проста пакінула багатую дзядзькаву хату і перабралася да іх. Вадзіла каня на балота, паліла ў печы, даіла карову, глядзела дзяцей ды па загадзе нейкага фельчара ўсё ставіла беднай жанчыне банкі на яе хворы бок. Але хутка мой тата прыслаў па мяне коні, і я зноў вярнулася ў Жлобаўцы.
Неўзабаве я выйшла замуж, як і хацела — за беларуса. Муж мой[8] вучыўся ў Празе Чэшскай, быў ён сынам бедных бацькоў. Каб вучыцца, ён працаваў фізічна, а пасля за гэтыя грошы вучыўся. Так ён і чарадаваў працу з вучобаю. Яму заставалася яшчэ здаць дзяржаўныя экзамены. Хутка па вяселлі, ранняй вясной паехаў ён у Прагу канчаць медыцыну, а я засталася ў Зэльве. Ён пакінуў мне многа кнігаў на роднай мове, і я прагна пачала знаёміцца з нашай літаратурай. Тады, апрача Купалы[9], Коласа[10] і Багдановіча[11], я сустрэлася з жывой і бунтоўнай паэзіяй Максіма Танка[12]. Мне здавалася, што гэты дарагі, вялікі мастак адкапаў недзе несказаны скарб і вось шчодрай жменяй вяртае яго зноў народу. Я прагна чакала яго новых вершаў і адчувала вялікую сугучнасць маіх думаў і спадзяванняў з ягонай паэзіяй.
Я ўжо сама пісала даўно, яшчэ са школьных гадоў, але вершы свае хавала далёка з нейкай дзіўнай асцярожнасці, каб іх не крануў хто нядобрым словам, не высмеяў. Гэтага я не магла б стрываць, бо ў іх была душа мая, раненая і гордая. Калі мне было цяжка, я перачытвала іх. Яны загінулі.
Быў май 1935 г. Вокал Зэльвы было неспакойна. Людзі вывешвалі па дарогах сцягі, патрабавалі роднай школы і волі. Пачаліся арышты. Днём гналі дарослых, на досвітку малых дзяцей, якія паганілі партрэты Пілсудскага[13] і дамагаліся роднай мовы. Аднойчы адзін са зняволеных, не вытрымаўшы катавання, зарэзаўся ў склепе зэльвенскай паліцыі. Лекар, які ўскрываў яго, гаварыў, што ад біцця цела адстала яму ад касцей. Мне рабілася жудасна. Народны боль рабіўся асабістым, нясцерпным. Было мне ўстыд за наша крывавае стагоддзе і адчайна з мае жаночай бездапаможнасці.
Хавалі забітага. Паліцыя разганяла людзей на рынку. Я ўвайшла ў склеп, дзе ён ляжаў. Быў гэта невялікага росту малады чалавек, у тканым цёмным каптане, з крыху васпаватым тварам. Ляжаў, быццам закаланелы з болю. Вокал яго сядзелі сціплыя сялянкі, выціраючы слёзы, і стаяла паліцыя. Мне падкасіліся ногі, я стала на калені і пасля кароткай малітвы пацалавала руку памёршага. Гледзячы смела ў вочы ворагам, я іх запыталася, дакуль гэта яны будуць здзекавацца над намі. Сказала ім, што ў мяне будзе сын, і я яго выхаваю і аддам для змагання за волю, як і сябе. Я выйшла.
За паўгадзіны пачаўся крык і плач у хаце з майго гэтага сказу. Мужаў бацька, які вельмі любіў мяне, пабег у паліцыю з просьбаю, бо прыказалі мне хадзіць мэльдавацца. Абараніў ён мяне, скідаючы ўсё на цяжарнасць. Усё начальства было як восы, мяне ганілі і ненавідзелі. Я маўчала. Было мне і ад сваіх, і ад чужых. Я яшчэ больш пагоршыла долю мужа, якому і так нялёгка было жыць і вучыцца. Аб сабе я не думала, мне не магло быць горай, як нам усім, а лепей — я не хацела!
Прыехаў муж, перапалохаўся атмасферы навокал нас. Я забылася пра жлобаўскае, усё ж крыху панскае жыццё, спакойна закасала рукавы і прынялася за гаспадарку. З мужам мы зноў знаходзілі супольную мову. Выходзячы замуж, я яго папярэдзіла, што жыць буду толькі для Беларусі. Ён абяцаў мне падтрымку. Збліжаліся выбары ў Сойм, беларусы тыя выбары байкатавалі. Верныя сабе, не пайшлі на тыя выбары і мы. Каля нас стала трывожна і ціха.
1967
Благаславенны родны дом, дзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяння яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, дзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не паспелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы...» З сяла Аляксандраўка, што ля Воўпы, ад старых прыяцеляў маіх бацькоў Зелянкевічаў відно як на далоні нашу сялібу й чутно, здаецца, як вецер калыша дрэвы.
Часам доўга ўглядаюся на сцежкі свае маладосці — ажываюць успаміны, і здаецца мне: спрацаваныя матчыны рукі туляць мяне ласкава да сэрца, алеяю, ці, як мы казалі, — прагонам, шырака крочыць тата, я яму толькі па бараду, і, угледзеўшы мяне, ён заўсёды ўсміхаецца пад сваімі крыху рыжымі вусамі, заўсёды падзеліцца думкамі накшталт: «Полацкае княства сяння зрабілі непапулярным са страху, каб не сепаравалася па праву ад імперыі, але ці ты думаеш, што твая Беларусь утрымаецца эканамічна, калі б была самастойнай?» Тата ведае, чым жыву, і часамі хоча мяне паквяліць, як малое дзіця. Крыху спрачаемся, мае ідэі для яго, з дзядоў ужо нявольнага, як экзотыка. Тата ведае, чым за гэта плаціцца, і паглядае на мяне з нейкай чуласцю сумнай.
Ксеня невялікая, але з вялікімі цёмна-сінімі вачыма, чорнавалосая й зграбная, жыве сваімі законамі й любіць часам закурыць папяроску. Мы ўсе вельмі супраць гэтага. Ніна, вельмі прыгожая бландынка з зялёнымі вачыма, вельмі любіць танец. Недзе бачыла балет і доўга, пасучы гусей, танцавала свае дзіўныя танцы на пальчыках, з яе не смяяліся. Расціслаў высокі, але яшчэ не метар дзевяцьдзесят пяць, да якіх дарос у сталым веку. Ён вучыцца ў сельскагаспадарчай школе ў Жыровіцах, вельмі прыгожы, чулы, ціхі, паслухмяны й працавіты, хоць яшчэ дзіця. Нейк, калі мы разам ехалі да Гудзевіч, сказаў мне свае планы на будучыню, яны былі даволі дзіўныя. «Калі вырасту, дык вазмем ад бацькоў часць зямлі, якая нам належыць з табою, і будзем разам гаспадарыць, ты будзеш садзіць кветкі, даглядаць хаты, а я пакажу ўсім, як трэба дабываць ураджаі, пасля вазмем да сябе бацькоў, і нам так будзе добра». Мілы, наймілейшы мой брат, Геркулес[14] з душою, як лютня. Здавалася яму, што пакінуць Жлобаўцы — гэта здрадзіць сваёй сям’і.
А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласці ўсяго нашага народу й вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі, і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на веснім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажушках сваіх зімою, і коні насілі нас у кулігу па дарогах, на якія ласкава свяціў месяц.
Пасля быў Аркадзі, вечна вясёлы, стройны й з твару падобны на маму. Яго мы нейк любілі меней ад Славачкі. Вельмі бурным, гордым, смелым такім юнаком быў наймалодшы з хлопцаў Аляксей. Браты былі дружныя, любілі коней і мелі свае хлапцоўскія забавы. Але яны былі яшчэ дзеці, вучыліся, і найбольшым «хлопцам» удома была я. Усе справы з падаткамі, урадамі[15], даўгамі, крэдытамі ўскладаў тата на мае плечы. Ён не любіў такіх спраў, і я іх не любіла, але памагала тату, як толькі магла. Наша наймалодшая Людміла, Люсенька — як мы яе называлі, была раскошным дзецям, прыгожым, ласкавым і вельмі разумным. Была яна любоўю ўсёй сям’і, і ў яе маленькім сэрцайку было столькі ласкі да ўсіх, што мы яе падзіўлялі. Яна вельмі любіла мяне, болей як маму, і мы амаль не разлучаліся.
Я была найстаршай удома з дзяцей і, здаецца, найболей каханай бацькамі, брацікамі, Люсяй і слугамі. Ксеня й Ніна мяне не любілі. Новы вялікі дом, і ўсе ўдома. Цяжка было знайсці адпаведную працу пры Польшчы, асабліва калі бацькі былі больш-менш забяспечаныя, на вышэйшую адукацыю не было матэрыяльных магчымасцяў, заставалася працаваць на зямлі й чакаць мужа. Падсведама і я думала аб мужу нейкім, але ён мусяў быць Беларус. Такіх не было, толькі сяляне, усё роўна муж мой будзе Беларус! А сватоў было шмат, даходзіла да трагедыяў, часам да смеху. Мы былі праваслаўныя, вось і сваты ад маладых святароў пачыналіся. «Што ж, купі часты грабеньчык, бараду ж будзеш часаць сваяму мужу»,— смяяліся сёстры і я разам з імі. Часам людзі мяне ледзь толькі бачылі, а ўжо прасілі мае рукі. Гэта было дзіўна, несамавіта. Мама іх усіх не любіла, а яе прыяцелька, пані Ядвіга Зелянкевічыха, гаварыла: «Няма кавалера для панны Ларысы, толькі Пілсудскі!» Гэта быў вялікі камплімент, у якім мілая пані Ядвіга абсалютна забывалася аб познім веку польскага маршала й думала толькі аб яго знатнасці. Для мяне нават ён не прыйшоў бы ва ўвагу, бо ж быў не беларус...
Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсё ад даўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху заможнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам савецкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усё рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы спявалі. Спявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі не постам. Увечары з усіх сёл чуўся спеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагны дзеяння, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асветаю — знача, тым болей сведамаю крыўд, якія церпіць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў без дзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваёй зямлі й толькі цярпеў і стагнаў ад нястачы, прыніжэння й няволі.
Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сведамасць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады»[16], альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфензівай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька[17], але ён не зацікавіў мяне асабліва. Змест народнай паэзіі, песні, абычаяў быў шмат глыбейшы, цікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць перлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсё гэтае багацце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сцяміць маім бацькам і суседзьям. Яны з жахам думалі: дзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы майго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяроддзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амерыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная несправядлівасць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэнне, з усімі правамі на жыццё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі, ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаванні якіх я сумнявалася нават... Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існавання. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змагання за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ён абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі слёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі... Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага... А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне не будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць»,— секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што яны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як збіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госці: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнёс за яго каўцыю 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў святару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі[18] яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў не з бедных і не з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсё яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісці перапрашаць святара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў справу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён свята...
Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зніжаюся да іх і яшчэ хвалю... Што ж, яны не ведалі, якія вартасці тояць у сабе, і, на жаль, пасля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… І так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з вазамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памёр чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, дзе той мёртвы ляжаў...»
Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных»[19] у Кракаў, але гэта я даведалася пазней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленне ў Воўпе з вясковай моладдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасля цэрквы. Ён прывёз харошыя касцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэкламаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасля знамянітага спектакля «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне не знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасце маім бацькам, якія вельмі паважалі медыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага... Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы...» Пасля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восьень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў майго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа майго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім не думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне следавацель назваў са злосці адзіночкай у змаганні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лёс мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясці нейкай сілай ускладзеную ношу адказнасці за лёс свайго народу...
І так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, спяваюць мне «Жыў на свеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта не праца, па-мояму.
Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прысылае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсці й шукаць нейкай праўды, ратунку для майго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маёй уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.
«Дзевчына-люд»,— гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзентуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою... Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек не наш... І так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, не вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гект. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскроз — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош... Мяне ён не любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а без гэтага ўсё для мяне чужое: калі не будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усё роўна на гэтай зямлі нашай не будзе шчасця, бо не будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.
Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфензіва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й майго дзядзьку Сцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь не плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, дзе яго павялі. Многа назбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражанне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, дзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаннем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’язджаем да т. зв. Чортавай Гары, і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пасядаюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку...» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну... Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». Чортава гара кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі злезці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везці мяне ў Ваўкавыск. На маё здзіўленне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны следавацель і, нагодай, муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Не беце вы хоць тых учорайшых нашых вязняў, асабліва майго дзядзьку».— «Або мы калі каго б’ем?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала... Адным словам, майго дзядзьку не білі. За пару дзён выпусцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады... Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала...
Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, дзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі... Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фельчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэннем хворай паводле радаў фельчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць... Мае сваякі былі з гэтага ўсяго няшчасныя, і неўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся слязмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. З СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ёю й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты...».
Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясціў аб сваім прыездзе. Я не вельмі ўсцешылася, не тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб не ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цёплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта не простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь... Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, не мог спакойна прайсці ля мяне й лапаў усё, не толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы... Такое джэнтэльменства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская, шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вяселле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, раздзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць слёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыццё салодкае... Я ўсё выпаўняю. У царкве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом алтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся... Перад вянчаннем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца... І так моцна трымаю свайго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу... Удома чакаюць нас госці, і далей усё — як на вяселлі: падаркі, госці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу...
Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й маё пяро. За сабою я пакідала ўлюбёны прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыццё, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў маслячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песні яе пайшлі следам за мною. І я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планеце, мае Жлобаўцы, дзе я ніколі не сумавала й не трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод альшыны якраз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе без таты, ён вельмі разумны, нейк усё бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень... Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небяспека, як прадчуццё таго, што пасля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсё відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, дзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацвердзілі пасля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы ехалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, свайго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент[20] медыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж — беларус сведамы, упарты, непахісны, такога не купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.
Я ніколі нічога не планавала, планы — гэта домікі з карт, а ў свеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Еўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыццё ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў майго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, дзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк не вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. І так ішлі мы ў жыццё з ярым кляймом беларускасці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.
Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць медыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль не знаю. Ведаю М. Танка й вельмі захапляюся яго творчасцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, не мог паступіць на польскі універсітэт. Гімназія не мела дзяржаўных правоў. У Літве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР[21] у дваццатых гадох, які пасля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпендыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвентаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.
У Вільні была Беларуская Школьная Рада[22], дзе працавалі Тарашкевіч[23] і Грыневіч[24], якія перспектыўным студэнтам давалі посвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязанне, што, атрымаўшы асвету, кожны беларус выдасць кніжку на роднай мове па спецыяльнасці й дасць за свой кошт вышэйшую асвету аднаму сваяму суайчынніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песні народныя, каб заспявалі. У Літву трэба было перайсці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў свайго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату»,— сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посвядкі не хапіла. Ніякія посвядкі тут значэння не мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды з’явіліся прадстаўнікі БНР В. Захарка[25] й Дзмітрыеў[26], якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам[27], які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас»[28] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі[29] даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Берлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, дзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. І так праз Берлін у жаданую чэшскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзве бульбіны, каб вяроўка не коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Еўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра,— прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпендыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да свайго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга... Вярталіся на ўсход, дзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе... Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы спяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што след іх жыцця й навукі не міне бясследна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Берліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесьь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці з’елі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі свет. Шмат пазней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.
А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсць такая маленькая крамка, дзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім не думаючы аб заўтрашнім дні, шчаслівы толькі тым, што сяння мы разам, яшчэ пакуль што разам... Гэта было так хораша, і радасці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяння, на старасці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі не думалі аб тым, што будзем есці заўтра. Бог нейк сцярог нас, нашае жыццё, і так мы жывем яшчэ сяння.
Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезлі мы з татам яго на станцыю, развіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсць паяўленне новага жыцця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У мае я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа... Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сцежкі... Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціннем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў Коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есці з перадачы, якую яму прынеслі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі падчас ускрыцця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, дзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстанні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяння: ці не хачу на яго паглядзець? Сяння, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсё здавалася праўдай... Я пайшла з ім.
У Зэльве, дзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзверы кругом. Там пад тымі дзвярыма стаялі людзі, іх разганяла паліцыя, баяліся дэманстрацыі. У склепе паліцыі, тае дэфензівы, на тапчане ляжаў забіты. Быў невялікага росту, васпаваты, у новым тканым гарнітуры. Вокал сядзелі жанчыны, збялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі не рэзалі сябе ад чужога здзеку!..» Мне здаецца, што гэта гаварыла не я, гэта, напэўна, ужо быў час хоць на словы, калі яшчэ не на чыны. Гэта ўсім, хто асмеліўся няволіць, мучыць наш пакутны народ! Так сказаць ім у вочы быў ужо найвышэйшы час! Там была паліцыя, і мой пачын, на цвярозы розум, быў амаль неверагодны. Мяне пачалі страшна байкатаваць, мяне проста ахрысцілі камуністкай, якой я не была зроду. Я проста не магла ніколі, а цяпер асабліва, зносіць здзеку над маім народам. Я ж чакала дзіця, і яно будзе неадродным сынам нашага народу, і трэба, каб доля іх, нашых беларускіх дзяцей, была чалавечай. Не толькі ў чужой, харошай літаратуры, але сапраўды ў нас мусяе быць воля, гуманізм і асвета на роднай мове й свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў! Найгорай я зрабіла бедным мужавым бацькам, яны й так дрыжэлі за лёс свайго адзінага сына, які адзінока, упарта йшоў супраць чужой цемры, упэўнены ў тым, што й мы нарэшце станем людзьмі, як пісаў наш Купала. Тату цягалі. Ён, кажуць, адкупіўся нейк і выгарадзіў мяне, ссылаючыся на маю цяжарнасць. Мяне крыху папракалі, але не надта, можна было гэта вытрымаць, магло быць горай. Бацькі Яначкі былі добрымі людзьмі.