15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Кармілі нас нейкім густым панцаком і хлебам, рана — чорнай кавай. Удзень я старалася спаць, затое ноччу пачыналіся трагедыі. Над намі бясконца дапрашвалі людзей, можна было зразумець нават фразы, а ўжо енкі бітых і квяцісты расейскі мат не сціхалі гучэць да раніцы. Савецкія следавацелі, як начныя драпежнікі, жыравалі ноччу. Днём было ціха, толькі рысавалася нечым дурная Вінклер і час ад часу званіў трамвай, які праходзіў міма гэтай шэрай вілы, і людзі, якія праязджалі міма, напэўна, нат не падазравалі аб нашых мучэннях. Месяцамі без мыцця й вады наагул, без паветра, у цеснаце й брудзе чакалі няшчасныя яшчэ горшага лёсу.

На працу мы хадзілі звычайна з Лізай, гэта была аўстрыйская сялянка, якой за нешта далі 15 гадоў кары. Яна плакала па сваіх дзецях і люта ненавідзела ворагаў і Элё Вінклер з імі. Праца была нялёгкай, пераважна нешта мыць пасля рамонту ці бялення, часам вымыць бялізну. У такіх выпадках звычайна мы мылі нешта сабе, а з кухні прыносілі ежу ў камеру й дзялілі яе пароўну ўсім. Я даведалася, што мой муж недзе ў першай камеры, і дагаварылася са зняволенай абслугай гэтай патайной вязніцы, што яны выклічуць часам мужа скрабсці бульбу, дадуць яму папяроску, накормяць. За гэта я ім мыла заскарузлыя кашулі зверх свае працы. Быў там у абслузе й зняволены малады лекар. Ён звярнуўся да нас з Лізаю, просячы, ці мы не памылі б кашулі зняволеным, якія вось год сядзяць тут у брудзе. Кашулі былі чорныя з тлустага бруду, але я глядзела на іх скроз слёзы, дарма шукаючы між іх кашулі мужа. Якое ж было маё здзіўленне, калі мая фрау Ліза адмовілася мне памагаць. Яна, бедная, настолькі ненавідзела ворагаў і іх народнасць, што памагчы зняволенаму расейцу не магла, і доўга мне прыйшлося выясняць ёй долю няшчасных. Памагала мне, але не зразумела розніцы між аднымі й другімі ніколі. Аднойчы, мыючы нейкі кабінет, я пачула па радыё, што ўцёк Зэнкль, лідэр партыі народных сацыялістаў, і стала мне весялей. Аднойчы зноў падышла да вакна і ўбачыла прыблізна дзесяцігадовых хлопчыкаў, якія гулялі ў футбол. Завірыўся перад вачыма вобраз сына, і мяне ледзь прывялі ў камеру. Муж мне казаў пасля, што бульбу скрабаць яго выклікалі, але ён хадзіў на кухню неахвотна.

Час ішоў, «канцэрты» начамі рабіліся штораз болей дзікімі, дні каротшымі й болей халоднымі. На допытах нічога ў мяне асаблівага не пыталі, і відно было, што ўся цырымонія суду нада мною адбудзецца ў Саюзе. Мне жудасна было глядзець, да чаго былі нядобрымі, тупымі сядзячыя са мною аўстрыячкі, у таварыстве іх было мне жудасна. Круг іх зацікаўленняў быў абмежаваны асабістымі, актуальнымі справамі іх пакарання, якое ў параўнанні з Захадам было неймаверным. Гэта былі кары па 25, па 15, па 10 гадоў. Меншых не сустракалася. Усіх няшчасных чакалі няволя й вываз у лагеры «мадэ ін СССР»[179], г.зн. недзе далёка ад вялікіх месцаў, у першабытнай тайзе ці тундры, дзе акрамя цяжкай працы й зверскага рэжыму забівае й сам клімат. У гэтых жанчын, якія нейкай цудам знойдзенай голкай вышывалі на сваіх насатках самыя агідныя словы расейскага лексікону, не было ні веры, ні надзеі на ратунак. Не было ў іх нават смелай фантазіі нейкага цуду над намі, яны бралі ўсё рэальна, і відно, што былі гатовыя йсці на ўсе подласці толькі дзеля захавання жыцця. Толькі адна Ліза не ведала меры свае нянавісці й сваяму болю па мужу, доме й дзецях.

Так аднойчы нас выклікалі і ў цесным «чорным воране» пераправілі недзе ў вялікую вязніцу, дзе ўжо было болей жанчын — пераважна немак. Жанчыны былі болей цікавыя, з восьтра зарысованай нянавісцю да ўсяго, што расейскае. Да мяне, не ведаю, з якіх меркаванняў, усе адносіліся вельмі добра. Іх нянавісць была маёй нянавісцю, іх тайны маімі тайнамі. Пасля трох дзён прабывання там нас сабралі, перашманалі, праверылі нашыя паперы й выпусцілі ў вялікую залю. Я ўбачыла майго мужа — быў худы да немагчымасці, з абрытай нагола галавою. Стараўся ўсміхацца, і гэта было яшчэ болей жудасна. Калі нас пастроілі на падворку, Грэта Адам, прыгожая й маладая, крыкнула на ўвесьь голас па-нямецку: «Фрау Ларыса, мы сюды яшчэ вернемся, вернемся абавязкова!» Я ёй пацвердзіла гэта. Перад ад’ездам з тае вязніцы, здаецца, гэта быў Шапрон, нас збольшага шманалі, гэта знача абысквалі нас і нашыя рэчы. І вось прыйшла чарга на мяне. Мае загінуўшыя й зноў аднойдзеныя чамаданы былі напханыя рознымі рэчамі, якія ласкава мне з нашай кватэры прынеслі пані Копэцкая й пан Кржываноска, якім мы аддалі ключы ад нашай кватэры. Было там даволі й рознай непатрэбнасці, але сярод усяго была харошая, новая, падараваная мне адной чэшкай Біблія. Была яна на тоненькай паперы, выданая недзе ў Амерыцы. Яна, як і Евангелле на беларускай мове, якое мне муж купіў на маю просьбу адразу пасля нашага вяселля, былі маімі настольнымі кніжкамі. Прынеслі мне тую Біблію яшчэ ў вязніцу ў Вімпэрку, і я, залезшы на шырачэзны падаконнік закратаванага вакенца замкавай вежы й паглядаючы на лес, чытала праз слёзы тую Біблію і ўсё думала, ці не выскачаць на сваіх «джыпах» з таго лесу мілыя амерыканцы й ці не разнясуць гэтую нечалавечую шарашку на чатыры вятры. Але не ў галаве было тым мілым амерыканцам нашае гора, і заставаліся нам толькі Біблія й пакутны, чалавечы шлях Хрыста.

Вось і вывалаклі гэтую кніжку, як якую ядавітую рэч, і не ведалі, што з ёю рабіць, якім цудам яна тут апынулася. Тады я пачала паціху ўпрошваць тых салдатаў, каб усё ж кніжку мне пакінулі. Яны буркнулі мне нешта азвярэла, але кніжку, як я пасля пераканалася, мне пакінулі, як і лісты ад сыночка.

Нас размяшчалі на грузавых машынах і ўсё стараліся, каб я й Джэні-грачанка селі ля сваіх мужоў. Муж прыгожай заплаканай Джэні, невысокі, але мажны сімпатычны грэк, стаяў, бедны, у чаравіках без шнуркоў, з парасолем, прытрымоўваючы адной рукой нагавіцы, бо й пояс яму забралі.

Павезлі нас за Вену, дзе адзінока стаяў цэлы цягнік на «жывы тавар» для «пераможцаў». Падганялі машыны да дзвярэй вагонаў, клалі памост і па ім заганялі зняволеных. Нейкія касавокія канваіры з віскам круцілі аўтаматамі, як пугамі, над лысымі галовамі вязняў, і здавалася мне, што гэта часы й норавы Батыя, нягледзьячы на цягнік, як іронію дасягненняў людскасці. Вагоны былі падзеленыя густа пераплеценым калючым дротам на тры часці. З левага боку жанчыны (было нас трынаццаць), з правага мужчыны — болей за сорак (сядзелі адзін на адным) і пасярэдзіне канваіры. У загарадзях былі пакінутыя толькі дзіркі, як для сабакі. Трэба было станавіцца на калені й так толькі, на жываце, туды паўзці. Паабдзіралі мы і адзенне, і голавы. Дзіркі гэтыя наглуха пазапляталі. «Туалет» для нас зрабілі незамыславаты. Выдзеўблі дзірку ў падлозе вагона, і гэта было ўсё. Для нас, еўрапеек, гэта была пакута, і мы, нягледзьячы на пратэсты канвояў, затуляліся, чым маглі, альбо чакалі ночы. Ваду піць падавалі нам праз дрот, ежу — таксама. Не было ні ложак, ні місак. Ля гэтага вагона назбіралі нашыя «апекуны» брудных іржавых банак, яшчэ, відно, ад такрошніх[180] кансерваў, з якіх і елі мы штодня той незамыславаты панцак, якім нас кармілі. Мужчыны апякалі сабе вусны, бо з тых бляшанак трэба было пад’есці некалькі асобам. Ваду давалі нам, якую хацелі, ад яе ледзь не рвала. Цягнік наш суправаджаў лекар і цэлая зграя розных чэкістых, паджарых, з хітрымі, свідруючымі вачыма, на якіх страх было паглядаць. Яны заходзілі і ў наш вагон і здзекваліся, як маглі, з бедных немачак, якіх вязлі «да мядзведзяў». Ад’язджаючы, схапіў мяне плач страшны, нялюдскі. Мне здавалася, што я ўжо ніколі не пабачу сына, як папруць мяне няведама куды й задушаць, думалася ўсё, а дзіця самое ў шырокім без літасным свеце. Якраз падышоў той «доктар» і пытаецца ў немак, чаго я так плачу, ад’язджаючы «на родину», а яны кажуць аб хлопчыку, а той: «Ничего, бандитом будет». Гэта было сказана не так сабе. «Доктар» быў, відавочна, у курсе спраў, бо, як я пасля даведалася, яны скіравалі ўсе намаганні, каб маральна й фізічна знішчыць няшчаснага хлопца.

З немак былі цікавымі жанчынамі аўстрыячкі фрау Рэнэ й фрау Фіні. Фрау Фіні, звычайная старажыха, вельмі адчувала гора Аўстрыі, на такіх «асвабадзіцеляў» глядзела з нянавісцю, верыла, што Бог дапаможа вярнуцца, і з абрыдлівасцю адварочвалася ад Элё Вінклер і нейкай Геры, якую ўсё пашчыпваў той «доктар», а ёй гэта падабалася.

У Мадзяршчыне доўга стаяў цягнік, і калі я падняла свой заплаканы твар, дык сустрэлася з поглядам такім спагадлівым, такім чалавечым нейкага мадзярскага чыгуначніка, што сэрца маё акрэпла.

Элё Вінклер голасна марыла аб тым, што ў Саветах прыгожыя футры, і яна вернецца дамоў у такім менавіта, ды яшчэ выйдзе замуж за шпіёна, якіх тут у цягніку поўна, кіне свайго старога шпіёна, які тут разам з ёю, бо ён скампраметаваўся і ў Амерыку яго не пусцяць. А фрау Фіні малілася святому Штэпану, праз край якога нас вязлі, і аж скрыгатала зубамі з гора.

Так нас прывезлі ў Львоў. Цягнік спыніўся, і нас пачалі выгружаць з вагонаў. Дзіву я дзівілася: колькі людзей! Каля гары выгружанай чырвонай плюшавай мэблі — «германскага трафея» — стаяў тоўсты савецкі генерал, увесььь у медалях, і тоўстае бруха аж вырысоўвалася боханам з-пад гімнасцёркі, а побач гналі худога страшнога генерала-немца, які, відно, нямала прабыў у падзямеллі той страшнай вілы й цяпер, пад сытым і наглым поглядам «пераможцы», плёўся, як цень, апіраючыся на рукі сваіх землякоў. Такі ўжо лёс пакананых... Нарэшце я ўбачыла майго мужа, па чале й па твару сплывалі яму ручайкі крыві. Ішоў, як Хрыстос, бледны й акрываўлены, побач шчэрылі зубы савецкія азвярэлыя аўчаркі, якімі нас адразу сустракала «отечество».

Завялі нас у вялізны хлеў, дзе сарціравалі нас і раздзялялі. Там упершыню я ўбачыла кучу зняволеных дзяцей, такіх жа бледных і страшных, як мы, і болей, болей няшчасных, бо дзеці.

Нарэшце нас пусцілі ў зону лагеру. Мы былі на Украіне, і гэта адчувалася. Украіна засяляла тады лагеры. Спачатку пераглядалі мужчын. Калі прыйшла чарга на нас, я ўбачыла на зямлі параскіданыя парваныя паперкі, такія знаёмыя. Я падняла іх, і аказалася, што гэта былі лісты Юрачкі, нашага сына, якія вось адабралі мужу й кінулі тут па кусочку. На гэты раз я сваю чэшскую Біблію схавала пад пальто, якое спецыяльна адзела, хоць было горача, схавала й сынавы лісты, так усё пакуль што абараніла. Скрыўлены чакіст, які шманаў нас, толькі вырачыў на мяне вочы, а мужу забраў і пяро, і гадзіннік, і другія драбніцы. Лекар-украінец, відно, са зняволеных, праверыў нам вочы й рукі, і нейкая неймаверна нафуфыраная, брыдкая, як ноч, медсястра-расейка пашукала нам у галаве бруду. А пасля мы апынуліся сярод гушчы людзей на панадворку, якім «родзіна» выдавала па місцы нейкай капусты, варанай на смярдзячых рыбіных касцёх. Міскі пераходзілі з рук у рукі, а мы з мужам глядзелі на сябе й думалі, што будзе далей. Нехта прадаваў папяросы па сто штук у пачцы за рэчы. Мае рэчы былі пры мне, і я давай мяняць спадніцы на папяросы. Набеглі людзі, усе просяць закурыць, так і аддалі мы ім тую сотню, а мужу я выменяла другую сотню. Да нас усё падыходзіў, хвалячы савецкі суп, нейкі мажны немец у амерыканскай куртцы на кажуху й ва ўсім, праўда, добра зашмальцаваным, але амерыканскім адзенні. Быў гэта муж Элё Вінклер. Аказалася, што гэтае супружжа, прафесiйныя шпіёны, прадалі саветам шмат аўстрыйцаў, у тым ліку і Янайкі з Джэняй. Грэкі вучыліся ў Вене і, відно, у цяжкія часы крыху зараблялі спекуляцыяй. Так з імі й зышліся тыя Вінклеры. Аднойчы яны запрасілі бедных грэкаў на вячэру, абяцаючы ім знамянітую нямецкую патраву — печаную гуску. Пасля вайны на такую роскаш не пабаяліся грэкі паехаць нат у савецкую зону Вены. Быў дождж, расказвала мне пасля Джэні, Янайка ўзяў вялікі парасон, каб нічога не сталася галубому плашчыку й такому ж капялюшыку Джэні. Вылезлі яны з трамвая, ля дому спаткаў іх сам Вінклер, весела й сардэчна з імі прывітаўся і, пакуль цалаваў з абедзьвюх старон пахучую ручку Джэні, пад’ехаў паціху савецкі «чорны воран», пахваталі абаіх, і замест смачнай «ганс» яны, напэўна, і камсы не змаглі есці той ноччу. Янайкі за нешта там далі 15 гадоў, а зусім ужо невіноўнай Джэні 7 гадоў — найніжэйшую кару толькі для невінаватых са сталінскага кодэкса тых часоў.

Ужо быў асенні месячны вечар, а мы ўсё сядзелі з мужам, трымаючыся за рукі. Ля нас нейкі ўкраінец, якому далі 25 гадоў за тое, што яго жонка-чэшка, перасяляючыся з Украіны, перавезла і яго ў мяшку з сечкай. Кожны меў сваё гора. Мы перажывалі найболей за тое, што чалавек, якому мы даверылі нашага сына, аддаў яго маім сёстрам, якія вярнуліся з высылкі й жылі ў Вроцлаве. Былі гэта ненадзейныя, слабавольныя дзяўчаты, і мы ведалі, што сыну не здабраваць.

У нас з мужам фактычна не было ніякай віны. Былі мы членамі Беларускага камітэту самапомачы, але мы, як людзі без грамадзянства, мусялі быць зарэгістраваныя недзе, і якая розніца — ці ў расейскім «фэртраўэнштэле»[181], ці ў Беларускім камітэце? Усе чужынцы, ад яўрэяў пачынаючы, былі ў немцаў пад асабліва строгім надзорам, а я, як паэтка, дык асабліва. На ўсход быў муж высланы не па ўласнай волі, а па чэшскай мабілізацыі, ды прытым яго выгналі з Беларусі, забараніўшы яму там нават практыку. Каб зберагчы мужавы нервы й сілы, я парадзіла яму зусім не прызнавацца да таго Камітэту. Няхай уся бяда ўжо будзе на мне, бо ж я была скарбнікам Камітэту. Так мы й пастанавілі. Мы былі яшчэ не асуджаныя, чакала нас следства.

Познім вечарам і да нас дайшла чарга здаваць свае рэчы і йсці ў жаночыя баракі. Мы развіталіся з мужам. Заплакалі. Пасля нас, жанчын, павялі ў баню. А быў там толькі душ. Ваду пушчаў нейкі яўрэй. Уся амаль адміністрацыя таго лагеру й тут была з яўрэяў. Трудна толькі было разабрацца, хто з іх вольны, а хто зняволены. Вось той яўрэй як пачаў лаяць немкаў ды з помсты за ўсе Асвенцімы як пачаў пускаць на нас то гарачую, то халодную ваду, што мы енчылі немымі галасамі, аж пакуль я не вылаяла яго як след і не прыгразіла, што канцы на яго знайду! Гэтак калі мы прыехалі ўжо на савецкую граніцу, дык уляцелі да нас з візгам нейкія савецкія салдаты: «Девушки, девушки!» Я ім тады сказала, што, думаю, мы прыехалі ў культурную дзяржаву й нас тут не скрыўдзяць. «Да, да, мы культурные»,— адказаў нейкі з іх, зачыняючы наш быдлячы вагон. Фрау Рэнэ мне за гэта дзякавала. Пасля бані я разлучылася са сваімі немкамі, і мяне павялі ў нейкі барак, пусцілі на карыдор, сказаўшы нумар дзвярэй. Карыдор той даўгі. Я паволі падышла да адных дзвярэй, заглянула ў тое «вока» й аж замерла! Працерла вочы й гляджу далей, а там як зачараваная казка! Сядзяць на клуначках цудоўныя ўкраінскія дзяўчаты, прыгожыя, маладзенькія, у вышываных блузачках, усе з косамі, і сумна нешта пяюць. Пакой вялікі, і многа іх, многа, і такая нейкая чысціня й святасць б’е ад іх, што вачэй не адарваць. Мне замерла сэрца — о Украіна, дарагая, родная, за што табе такая пакута ад ворагаў?

Дзверы я знайшла, адкрыў мне іх нейкі высокі мажны блатны, як я пасля даведалася, Валя. Зачыніў іх ключом зноў, і я апынулася ў невялікім пакоі, дзе з браку месца сядзелі ля клуначкаў жанчыны. Спалі. У куце стаяла агромністая параша. Толькі ля яе між дзвёх украінак мне выпала месца. У кутку, каля печы, сядзела на клуначку старая, незвычайна прыгожая жанчына. Яе чорныя з белым косы дакраналіся амаль да зямлі. Яна не спала. Украінкі сказалі мне, што гэта ігумення Васільянскага манастыра — Маці Марта. Пачалі адразу ў мяне выпытвацца — скуль я й хто, і калі я ім сказала, што я беларуска з Прагі Чэшскай, дык яны мяне нейк штурхнулі адразу й прыціснулі да самай смярдзячай парашы. «Вы дурная,— сказалі яны мне,— вас чаго сюды прынесла, да раю захацелі, дык вось вам рай, паглядзіце!» Я засмяялася й калі расказала сваім новым сяброўкам, як сюды трапіла, дык яны толькі ўздыхнулі, падсунуліся колькі маглі, каб мне было выгадней, расказалі яшчэ пра сваю найтрагічнейшую долю, і, здаецца, паснулі мы. Сон быў не сон, бо па галовах бегалі даўгія хвастатыя пацукі, якія перагрызалі й чаравікі пад галавою, а па сценах паўзлі тысячы сытых блашчыцаў, ад якіх не было ратунку. Раніцай быў пад’ём, хадзілі да парашы мыцца. Пасля прынеслі нейкай баланды паснедаць, далі па крысе хлеба немучнога нейкага, няспечанага, які прытым трэба было раздзяліць на цэлы дзень. Я пачала разглядацца па камеры, і вочы мае зноў спыніліся на велічавай, дастойнай постаці Маці Марты. Пасля снедання, а было яшчэ шэра, вывелі нас на «прагулку» па лагерным двары. Я ўбачыла вужы пастроеных па пяцёрках калонаў няшчасных людзей. Былі там нялетнія дзеці, былі калекі на кулях і дзядкі, як лунь белыя, і старэнькія бабусі, і моладзь — бледная, нервовая з болю, са следстваў, ненавідзячая акупантаў, з баявым, упартым агнём старых казакоў. Вокал пляцу стаялі баракі. Цяжка было падумаць, што ў іх змясцілася столькі людзей, а вывелі іх толькі частку!

Маці Марта прыклікала мяне да сябе, і я ёй шчыра ўсё пра сябе расказала. Яна, відавочна, адразу паверыла мне, і ў нас завязалася нейкая цеплыня й давер. Пасябравала я й з другімі ўкраінкамі. Тут я ажыла! Гэта не былі ўжо цынічныя сварлівыя аўстрыячкі, а ідэйныя, чыстыя, як сляза, баявыя дзяўчаты й жанчыны, са слядамі пабояў на целе. Мы клаліся на падлогу, накрываліся якім гуцульскім радном, каб нас меней чулі, і гаварылі гадзінамі. Мне забівала дух ад іх адвагі, мужнасці, мукаў. Усё гэта яны ўспрымалі натуральна, думаючы толькі пра Украіну. Старыя жанчыны, якім забралі ўсё й дзяцей за тое толькі, што яны накармілі сыноў-паўстанцаў, неслі свой крыж дастойна, ціха. Дзеці з жудасцю ўспаміналі пра «маскалёў», як тыя рабілі аблавы, вынішчалі сёлы, заганялі іх у лагеры. З намі сядзела дзяўчынка лет дванаццаці. Яна з брацікам, дзесяцігадовым хлапчуком, уцякла з высылкі на Украіну ад голаду. Іх злапалі й праз вязніцу, як і шмат іншых, варочалі назад недзе ў Комі ці Казахстан. Дзяўчынцы прыносілі перадачы й хлопчыка часам пушчалі ў нашую камеру, каб ён пад’еў, бо ў яго камеры галодныя блатныя дзеці адразу ўсё адабралі б. Мы ўжо прывыклі да хлопчыка, быў ён малы, паважны. Аднойчы ён мне сказаў, што моцна верыць у тое, што іх «жовто-блакітны» сцяг будзе над Кіевам! О, дай гэта Божа, харошы хлопча! Разумнае было дзіця, меў там яшчэ такога ж сябру. Раніцай давалі ім па пайцы хлеба. Адразу яго з’есці было нельга, бо яшчэ цэлы дзень наперадзе, а схаваць хлеб таксама нельга, блатныя жулічкі адбяруць. Дык хлапчаняты з раніцы прадавалі адну пайку, грошы добра перахоўвалі, а ўвечары куплялі сабе пайку зноў. Дзяліліся яны ўсім, і спадзяюся, што выжылі. На перасылцы гэтай адчуваўся бой, атмасфера несказанага, падобнага грэцкаму, шляхотнага геройства. Усё тут дыхала ўкраінскай адчайнай прагай волі й барацьбой. Жанчыны спявалі, маліліся супольна й ніколі не плакалі. Голкамі з рыбіных касцей ці нейкай цудам захаванай сапраўднай голкай яны з адзення выпаранымі ніцямі вышывалі на лапінках трагічную гісторыю гэтых часоў. Былі гэта цуды, на якія пайшло крыху й мае бялізны. Былі гэта мадонны, з малітваю пад нізам, сэрцы, прабітыя мячом, з якіх капала кроў на ўкраінскую зямлю, магілы пабітых мужоў і сыноў з надпісамі й вянкі цярновыя, і разарваныя на руках дзяўчыны-Украіны варожыя ланцугі. Некалі будзе музей змагання й болю гэтай Зямлі й чалавецтва паклоніцца бабусям пабожным і мужным і «каранаваным» дзяўчатам. Каранаванне... Гэта чакісты ставілі ля сценаў дзяўчат і абстрэльвалі ім кароны вакол галавы. Ад гэтага сівелі, дурэлі, а ў адной «каранаванай» Вольгі так і засталася дзірачка на чале.

З Маці Мартай мы шчыра пасябравалі. Нягледзьячы на свае 64 гады, была яна «наймалодшай у камеры», а можа, і ў цэлым лагеры. Заўсёды ў курсе палітычных і лагерных спраў, радзіла ўсім, памагала. Нават маладыя дзяўчаткі засуджаныя дзяліліся з ёю зместам запісачкаў ад сваіх каханых, між радкамі якіх былі заўсёды і іншыя справы. У той час якраз, а быў гэта 48-мы год, забілі нейкага святара, які выступаў супраць вуніі, і аб гэтым галоўна вяліся гутаркі. Маці Марта кожны дзень, акрамя святаў ці т.зв. савецкіх выхадных, атрымоўвала з горада ад сёстраў перадачы. Дорага гэта ёй абыходзілася, бо трэба было шчодра дзяліць іх з «адміністрацыяй», але ў Маці Марты знайшлося заўсёды нешта не толькі для мяне, але й для майго мужа, якому гэтая цудоўная асоба здолела пераслаць ежу і ў зусім другі барак. Яўрэі народ вёрткі, яны за грошы зробяць што хочаш, ды прытым, як я пазней пераканалася, яны палічылі майго мужа сваім. Быў ён худы, зарослы, чорны й сапраўды паходзіў крыху не на сваю расу. Мілая геніяльная Маці Марта здолела зрабіць нават так, што аднойчы нейкі старшыня прывёў мужа ў наш барак. Была нядзеля, і мы якраз супольна адпраўлялі імшу. Я выйшла, і мы доўга маглі пагаварыць з сабою. Муж расказваў, як грэк Янайка са сваімі аўстрыйскімі сябрамі й «адміністрацыяй» барака добра ўляпілі Вінклеру. Адлупілі яго на горкае яблыка, здзерлі з яго ўсе амерыканскія рэчы, якімі адразу «завалодала адміністрацыя», і так хоць часткова адпомсцілі за безліч крыўд. Як кожны прадажны чалавек, ён падвёў яшчэ й саветаў, і за тое, забыўшыся пра іх ранейшыя «заслугі», а можа, і дзеля іх, схапілі чакісты й гэтую пару і, як усіх, паперлі да «белых мядзведзьяў». Апавясціў мне таксама муж, як ён прадаў сваю кашулю ў пасачкі, бо «ў пасачкі кашуляў ён не любіць»... за пачачку нейкага тлушчу, якога не можа есці, а свае пражскія боты прагандляваў так: папрасілі яго, каб праз кармушку перадаў нейкаму купцу адзін бот памераць, бота таго яму не вярнулі, а ноччу пацягнулі з-пад галавы другі. Успамінаў недзе пасля тую раскошную папялінавую кашулю ў пасачкі, носячы савецкія дзяругі, як і амерыканскія кансервы, якіх так баяўся. Мы стараліся не ўспамінаць Юркі, бо гэта было цяжэй нашых сілаў у гэты час. Не ўспамінаць яго было нельга, можна было толькі не гутарыць аб ім.

З мужам я сустракалася часта. Баракі абходзіла нейкая лекарка, у якой акрамя белага халата й аспірыну нічога болей не было, але факт яе існавання ўжо напамінаў «гнілым буржуям» аб вышыні савецкай медыцыны. За галубое піжамка ў кветачкі, з якога баптыстка Роза перарабіла лекарцы модную блузку, эскулапка ласкава брала мяне з сабою насіць столачак з яе няхітрымі перавязкамі, і мы накіроўваліся заўсёды, дзе быў мой муж. Погляд, усціск рукі, пару слоў, пераданая запісачка — усё гэта былі вялікія эмоцыі, якія памагалі жыць. Я была яшчэ следственнай, і мне дазвалялі йсці з бакам з другой напарніцай па кіпяток. Ішлі мы заўсёды паціху, цягнулі той бачок паволі, каб даўжэй пабыць на паветры, пачуць нешта новае, чым можна было б пацешыць сваіх у камеры.

Акрамя Маці Марты пачала праяўляць вельмі вялікі інтарэс да мае асобы старшая нашай камеры — расейка. Была яна асуджаная на пару гадоў, нейкая артыстка ці нешта падобнае, але настолькі праціўная, сказаць проста нельга. Яна як старшая камеры загадала перанесці мне мае лахманы да яе й спаць з ёю побач. «Ах, якое ў вас усё загранічненькае, — не сціхала яна, — вось прадайце мне гэту сукенку шаўковую, я дам за яе кілаграм сапраўднага масла вашаму мужу». На масла для мужа можна было мяне купіць, і мая мілая пражская сукеначка перайшла ў рукі старшой. Доўга мы радзіліся з Маці Мартаю, як ратавацца ад ведзьмы, і Маці Марта вырашыла, што дзеля спакою трэба мне ўсё стрываць, бо чалавек гэта небяспечны для цэлай камеры й Маці Марта сама ёй плаціць даніну. А Валька, наш блатны начальнік, часта заглядаў у нашу камеру й весела пашчыпваў старшую.

Аднойчы неслі мы кіпяток, а Валька, з некім душэўна гутарачы, развесяліўся такім жудасным расейскім матам, што, слухаючы гэта, можна было згарэць з устыду. Але ўбачыўшы мяне, вельмі, вельмі засаромеўся. «Даруйце мне, — прасіў, — я ж вас не ўбачыў». Мяне крыху здзівіла яго блатная далікатнасць, але засталося добрае ўражанне. Выклікаў ён мяне раз у сені бараку й так ветліва папрасіў, ці не прадала б я са сваіх рэчаў яму сукеначку для яго каханай. Я згадзілася, і ён хутка дастаў дазвол весці мяне ў т.зв. капцёрку. Рэчы былі ў парадку, і я дастала адну са сваіх сукенак, найболей каляровую, да таго насавую хустачку й яшчэ адну сукеначку для баптысткі Розы, бо яна не мела чаго злажыць, і мы пайшлі. «Колькі я вам вінаваты?» — пытае Валька. А я й кажу яму: «Не ведаю вашых цэнаў, калі маеце грошы, дык дайце іх майму мужу, яны яму, напэўна, патрэбныя, а калі не маеце, дык бярэце так, а вось вам яшчэ хустачка ад мяне на памяць». Усю дарогу ён мне паясняў, што ён сын інжынера, але чэсна працаваць — гэта 600 рублёў, а красці — гэта раскошна некалькі месяцаў жыць, а пасля пару гадоў сядзець, што ж, аплачваецца. «Я вор»,— казаў ён, а я горача даказвала яму, што з яго яшчэ будзе чалавек. А з яго быў чалавек харошы, чэсны, лепшы, як усе яго суродзічы на волі. Ён за пару дзён прыйшоў да нас, выклікаў мяне й паважна папярэдзіў наконт старшой нашага бараку, кажучы, што яна спецыяльна пастаўленая, каб за мною сачыць... «Я нічога не казаў», — закончыў ён гутарку й пабег. Было ўжо позна, дзе што ведзьма змагла ўжо ў мяне выведаць. «Якія прыгожыя і акуратныя хлопчыкі былі немцы»,— гаворыць мне. А я, дурань, кажу: «Што вы, яны варвары, дзікуны, але вось Джоны ў барэціках, у сваіх адпрасаваных блузах, вясёлыя, як дзеці, добрыя, як сама Амерыка» — і пайшла, і пайшла прадаўжаць ім хвалу. Моцна мне гэта пасля адрыгнулася. Няўцям мне было, што культурная багатая Амерыка куды страшней была для іх, чымсьці разбітая ўжо Германія. Адрыгнулася мне гэта на следстве, дзе разглядалі мяне ўжо як касмапаліта, так мяне й ахрысцілі. Угаворвала і ўпрошвала мяне Маці Марта вытрымаць усе «кампліменты» старшой. Жаданне й рады Маці Марты былі для мяне святасцю, і я перамагала сябе, гутарыла з той падлай і выслухоўвала яе хлусню, толькі ўжо пра Джонаў маўчала.

Пасля трох тыдняў нашага прабывання ў Львове гатавалі далёкі этап. Валька папярэдзіў нас, што паедзем. Ля нас была камера маладых людзей, якія дабравольна перабеглі ў Саветы. Я аднойчы пачула, як адзін з яўрэяў даводзіў, што ўсе яны шпіёны. Ніяк не мясцілася яму ў галаве, што нехта нармальны можа ехаць сюды з іншых меркаванняў. Былі тут расейцы, украінцы й нават нейкі француз. Маці Марта палажыла мяне ля сваіх ног, і я заснула, а яна шыла мне мяшок, бо, ведаючы варункі на этапах, баялася за мае чамаданы. Дала яна з сабою торбачку сухароў, дзесяць рублёў, і я выменяла яшчэ ў нейкай дзяўчынкі кусочак сала за нешта з адзежы. Старшая камеры маўчала, і я толькі сцерагла рэчаў, каб яна зноў не паквапілася на нешта «загранічненькае». Маці Марце я пакінула цёплую даўгую кашульку на ноч і цёмную хустачку на памяць. Мы сардэчна развіталіся з ёю, і я добра запамятавала яе адрас у Львове. На падворку перад этапам падышоў яшчэ да нас надзірацель-яўрэй і даў мне некалькі пачак папяросаў ад Маці Марты, за што забраў у мяне апошнюю дзесятку, хоць, як відно, на папяросы Маці Марта яму грошы дала. Дала й за фатыгу.

Зноў сядзелі мы ў закратаваных, спецыяльных купэ. За мною сядзелі жанчыны, якіх адвозілі недзе на Поўнач, адкуль яны паўцякалі. Рэчаў у іх не было, толькі крыху прадуктаў, вялікая любоў да Украіны й надзея вярнуцца дамоў. Як жа ненавідзелі яны чужую зямлю, куды валаклі іх сілай, усё ім забраўшы, да жабрацкіх мяшкоў. У савецкіх цягнікоў было заўсёды некалькі вагонаў для зняволеных. Вагоны гэтыя былі падзеленыя на добра закратаваныя камеры, у якіх на нізе й на версе вязлі бітком набіта людзей. На пачатку вагону туалет, у які пушчалі людзей не паводле іх патрэбаў, але паводле капрызу канваіраў, для якіх мукі зняволеных былі дзікай разрыўкай. Так жа, паводле свайго капрызу, дзялілі яны воду людзям, і людзі часам аж душыліся са смагі, а з калёшаў ад валёнак карысталі як з туалету. На другім канцы вагону быў яшчэ карцар, туды хавалі незадаволеных, над якімі асабліва здзекаваліся. Там недзе былі й «апартаменты» для канваіраў.

Колькасць зняволеных, перавозка іх, пункты перасылак, бані і т.п. — гэта было добра зарганізаванае прадпрыемства, запланаванае ў вялікіх маштабах як нейкая часць дзяржаўнай дзейнасці й неабходнасці «мудрага» марксізму. Ад гэтага станавілася і жудасна, і смешна, нават крыху радасна з таго, як нізка скаціўся вораг усяго чалавечага ў сваіх метадах нішчэння людскасці. Такое не мае, не можа мець будучыні, бо вынішчаныя людзі не моўкнуць са смерцю, а голасна крычаць да сумлення ўсяго свету, дзе ўзровень чалавека на вышыні. Усё, што сталася ўжо нармальным для абслугі гэтага прадпрыемства й для ўсіх заправілаў гэтай дзяржавы, нармальнаму еўрапейцу сціскала горла вялікім болем людскім, бяскарна пралітай крывёю нявінных. Канваіры, нядаўнія «пераможцы» Еўропы, звярталіся да свайго, нядаўна мучанага немцамі народу з такой нечалавечай лаянкай, што скура шэрхла ад іх жудасных, рафінавана брудных слоў, у якіх мяшалі і Бога, і сваю маці, і ўсё, што для нармальнага чалавека застаецца заўсёды святым. Незразумелы садызм распасціраўся ад Сталіна да канваіраў, і ўзаемным мучэнням у гэтай краіне, здавалася, няма канца й меры. Калі ўжо мяне асуджаную вязлі далей на поўнач, я пабачыла цэлыя цягнікі з т.зв. «вагонзакаў» і тысячы лагероў ля жалезнай дарогі на Варкуту. Над абсечанымі паўночнымі вятрамі ўбогімі ялінамі ўздымаліся вышкі, вышкі й больш нічога як вышкі.

Ну а пакуль што вязлі нас у Менск. Пад вечар мы ўжо былі у Баранавічах, і нейкі начальнік, убачыўшы нас, крыкнуў: «Чамаданнае настраеніе». Гэта ён убачыў не мяшкі на вяровачцы, а сапраўды чамаданы й з гэтага дзіва мусяў крыкнуць.

У Баранавічах вязніца была вялікая, дзеравяная. Усё тут было з дрэва: і дзежка на ваду, і праславутая савецкая параша. Сховішча на рэчы там не было, так як усе савецкія парадкі яшчэ не былі заведзеныя, і мае рэчы пасля шмону далі мне ў камеру. Сядзела там ужо некалькі жанчын, пераважна маладых. Адна з іх рэкамендавалася партызанкай. Мова яе была настолькі пераплеценая нецэнзурнымі словамі, што здавалася, гэта асаблівая мова, «дыялект» партызанскі, і толькі брала дзіва, як гэта мог чуць падобнае стары беларускі лес... Жанчыны ўсё ў мяне выпытвалі, а позна ўвечары пачалі памалу нападаць на мяне, рысавацца сваёй партызаншчынай і паглядаць у бок маіх чамаданаў. Нарэшце, адзначыўшы ўсе свае «заслугі» перад савецкай уладай, яны сабраліся дзяліць між сабой мае рэчы, як ваенны трафей, але нейкі таварыш адчыніў акенца й моцна на іх прыкрыкнуў. Ён загадаў ім не чапаць мяне, і яны адсталі. Абманутыя, яны бурчалі, як кошкі, але я па дабраце душы свае дала ім нейкія драбніцы, і настрой іх адразу змяніўся. Перад сном яшчэ яны паспелі даць мне нязгоршы партызанскі канцэрт, які я з цікавасцю выслухала. Я толькі думала сабе, што там з маім мужам? Раненька, яшчэ не развіднела, нас адпраўлялі далей. Было нас пад 50 чалавек. Дзялілі нам па куску хлеба, па сырой рыбіне й па капельцы цукру. Цікава было тое, што нейкі афіцэр папытаўся, ці няма ў мяне хустачкі? Хустачка была, і ён усыпаў мне ў яе місачку цукру. Гэта быў каралеўскі жэст з яго боку! Я ўвесьь той цукер аддала мужу, але ўдзячнасць за яго доўга саладзіла маё сэрца. Пагналі нас строем, з сабакамі недзе аж пад горку, дзе загадалі прысесці на зямлі, каб нас не было відно. Канвой быў нейкі нязлосны, свойскі, і мы прыпалі да зямлі, як курапаты. Пасля прыйшоў цягнік, і зноў нас пагрузілі ў звярыныя клетачкі, мужа, на гэты раз, недалёка ад мяне, і павезлі нас у Менск. Мы ехалі Беларуссю. На станцыях спыняўся цягнік і шчодра папаўняліся нашыя клеткі. Заводзілі па-вясковаму бабы, а іх сыны з торбачкамі мужаліся й панура залазілі ў клеткі. «Мамачка, — казаў муж, — дык мы ўжо ў Беларусі, паглянь, няўжо не адчуваеш свайго паветра?» — «Адчуваю, — кажу, — аж надта, але чую, што яшчэ больш буду яго адчуваць, таму мне хацелася б быць цяпер як найдалей ад гэтага паветра, на другім канцы зямнога шару».

У Менск прыехалі мы рана. Ля цягніка зноў паявіліся канваіры з сабакамі, і тыя цюцькі вельмі варожа на нас паглядалі, паблісквалі толькі іх завосьтраныя клыкі. Нам зноў загадалі прысесці й нахіліць голавы, а пасля павялі ў іншы вагон, дзе мы праседзелі да позняга вечара. Гутарылі мы праз сценку з мужам, прашчаліся. Я хацела прыгатаваць яго, каб не лішне спалохаўся — калі будзе зацяжка й не стрываю здзекавання, дык пастараюся не жыць. Ён так збянтэжыўся, так спалохаўся, што ледзь не памёр адразу, і я абяцала яму, што выжыву. Яшчэ раз папрашчаліся мы з ім у «чорным воране». Вуліца была асвечаная, хадзілі людзі, і нас хутка ўвялі за браму менскай вязніцы, т.зв. «амерыканкі». Тэатральна ветліва прывітаў нас нейкі турэмны начальнік, які вельмі здзівіўся, што няма з намі сына, і шчыра аб гэтым пашкадаваў... Ад яго слоў холад пайшоў мне па целе й нядобрае прадчуванне сціснула сэрца... Нас раздзялілі з мужам. Мяне павялі ў нейкі павук. Я вельмі напалохалася, а пасля пхнулі ў камеру, якая мела форму гроба з прыкаваным сталом і такімі ж прыкаванымі й адложанымі нарамі з бакоў. Узор на гэтую турму запазычылі саветы ў Амерыцы, як мне пасля сказалі, і не адна сотня, і не адна тысяча беларусаў у безнадзеі й муках пазнавала тут сутнасць марксізму-ленінізму з яго першапачатковых жарол... Увесььь Менск разбілі без літасна, наступаючы, немцы, а вось гэтай клятай будыніны не кранула ні адна бомба на нашу бяду! Праседзеўшы там некалькі месяцаў, я абдумвала план, як з гэтага месца чалавечых мукаў зрабіць некалі музей ці капліцу, дзе людзі ўспаміналі б замучаных хоць на задушныя дні.

А тым часам я села на прыкаваны столачак і пачала думаць пра мужа. Аб сыну мы стараліся не гаварыць і не думаць, гэта балела нястрымана, амаль фізічна, і рвала нервы. Па дарозе з Баранавічаў у Менск перакідаў, на гэты раз ужо беларускі канвой, мужавы рэчы. Я толькі чула са свае клеткі, як муж прасіўся ў яго: «Бярэце што хочаце, толькі пакіньце мне мае кніжкі, яны ж медыцынскія, прашу вас, пакіньце, пакіньце...». Мне стала сорамна за мужа, што так ён уніжаецца дзеля кніжак. Я не ведаю, ці той канвой кніжкі пакінуў, але ведаю толькі, што забраў яму і свэтар, і нагавіцы найлепшыя, і наагул забраў, што хацеў...

Мяне палохалі бандыцтва й самаволя. Яшчэ ў тую ноч увялі мяне ў камеру на нізе вязніцы. Было там некалькі жанчын, і адна з іх, Жэня Шостак, ведала мяне з прэсы. Яна заапекавалася мною, памыла мяне, дала пад’есці. Я заўважыла, што пагана бачу. Акрамя Жэні былі ў камеры нейкая Нэла з Менску, Надзя Еўтухова з Полацку й старэнькая бібліятэкарша з Менску, якая вельмі бедавала па пакінутых удома адзінокіх кошках... У камеры было чыста, і да мяне былі ўсе ветлівыя.

Пачаліся дапросы. Следавацель мой, нехта Коган, яўрэй, быў хітры чакіст. Ён не крычаў на мяне, але ўсё гутарыў, агітаваў мяне, успамінаў партызанку, хваліў савецкую ўладу. Я слухала, але суровая рэчаістасць прамаўляла да мяне больш. Часамі ён расказваў мне аб гуманнасці савецкага следства, а побач разлягаліся нечуваныя маты-пераматы, пабоі, крыкі й жаночы плач. Ён тады замаўкаў. Аднойчы прыйшоў на дапрос нейкі шустры чалавек у цывільным, які вельмі выпытваўся ў мяне пра Астроўскага. Мяне ён пачаў папракаць у незалежніцкіх тэндэнцыях, дык я яму сказала, што па Савецкай канстытуцыі кожная з савецкіх рэспублік мае права нават аддзяліцца з Саюзу, дык што ў гэтым дзіўнага? Астроўскага я ведала мала, безумоўна, не ідэалізавала яго й сказала дзядзьку таму, што аб ім думала. Допыты-агітацыя працягваліся. Погляды мае на палітычныя справы, дастаткова ўмацаваныя дэмакрацыяй Захаду, аналізам гітлераўскай дыктатуры і іншых крывава-таталітарных рэжымаў, былі дастаткова пэўнымі, мой следавацель не мог даць са мною рады. Раз прыйшлі на допыт нейкія ваенныя, відно, высокай рангі, хоць я на гэтым мала разумеюся. Яны сказалі мне, што я не любіла нацысцкіх кіраўнікоў, як я адношуся да савецкіх? Я адказала, што «непрыемлімыя». — «Чаму?» — «Негуманныя!» — «Як негуманныя, мы простыні ў цюрмах даем!» — «Так, — кажу, — і 10, і 15, і 25 гадоў пакарання сваёй моладзьі, забіраеце ёй усю магчымасць людскога жыцця й шчасця». Яны болей нічога не пыталіся. Выйшлі. Раз уварваўся да таго следавацеля нейкі малады ваенны, які сказаў, што на Захадзе друкуюць мяне, памятаюць. Кажу: «Перапячатваюць, пэўна». Калі следавацель пісаў пратакол і не хацеў згаджацца з тым, што я гаварыла, я звычайна казала: «Пішэце, што хочаце, вашага права не лічу правам, а вас — юрыстам у даслоўным значэнні гэтага слова».

Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, дзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я здзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разведцы, але ў мяне паявілася ўражанне, што ён служыў і ў савецкай... Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозвішчам мужа, бо яго нечакана, як толькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небяспекі, апутаныя нацысцкай хітрасцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае... Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ёю выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай...

Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысці ў змаганні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера ўбогая, а рэлігія, вера хрысціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён не меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г. д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога не меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасце, ніякі не манах!»

Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказанне маіх братоў, дзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але метады вялікай і дробнай подласці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сістэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх берыяў[182]. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменимого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыццё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі... Прагрэс — гэта мудрасць. Нехта сказаў, што гэта не робяць вучоныя, бо вучоныя эксперыментуюць на сабаках. Саветы — на людзях.

Я ўжо амаль год у вязніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць следавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, дзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасля кідаюць мяне ў другую адзіночку, дзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэнне. Калі я ўвайшла туды, стварэнне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваннем[183] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Не ведаючы паганага ў жыцці, я не магу дадумацца, што гэта т.зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі следчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, следства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сведкаў. Яе выклікаюць да следчага, усміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сцежка ля сцяны. Ля дзвярэй каларыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А дзе ж гэта я буду спаць?» — «Следавацель казаў — пад ложкам»,— адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзверы і ўсоўвае нары, якія трэба класці адным канцом на тумбачку, другім на каларыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзьія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафесарам. Маці яе быццам прыбіральшчыца ў нейкім урадзе. Ёсць брат і ёсць Сенька — яе ўхажор, і ёсць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разлюбіў... Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль[184], а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасць у гэтай нары на злосць ім усім, усёй гэтай бесчалавечнай сістэме! Мяне выклікае следавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д.

«Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бестыя...» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа следавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей...

Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленні. Яна была асуджаная на тры гады за «разглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданне сачыць і даносіць усё на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасля Ліля некаму прызналася. Усё гэта мне сказалі дзяўчаты.

Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць не мог аб нейкім прыбліжэнні да мяне ці да майго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязніцы й здзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, дзе прысутнічаў пры нашым купанні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі... Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з майго зняволенага становішча. Гэта было жудасна... Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ[185] павіс над нашай сям’ёй, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязніцы сказаў мне збірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызверыўся, што не будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да смерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»...

Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, дзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы следавацель пачаў часцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезлі з лагероў, здаецца, спецыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага здзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад следавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае найгоршыя сляды, г.зн. жудасны слоўнік і адсутнасць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на смярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае... Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязніцы. Ніхто яго прозвішча не ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне не глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым не можа памагчы... Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.

Ноччу ў камерах гарэў заўсёды свет. Свяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі не хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыццё й прагнуць выжыць. Начамі часта разлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсё, некага білі, было нейк жудасна.

Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далёка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсці. Пасля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сцяны й так трэснуў маім лобам у сцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасля валок мяне далей, далей... Нарэшце завёў у кабінет Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінеце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косці, крыху мужнасці ў сэрцы й рэшта — злосць. Цанава запытаў мае персаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я не скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трёх принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранiчна, можа, перакласці. «Не, не трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэшскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэце па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не смяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я не ведаю, дзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны генацвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы её испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне следавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам следственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ не вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцця не вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю смерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я не ведала, што йсці на смерць за Радзіму не страшна, а лёгка, весела, амаль святочна. Усё было пры мне, г.зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? І Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі не страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на «Г»?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет майго другога следавацеля, дзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-следавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяння пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, следавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцця. На стале ляжала прэс-пап’е, дык я, не хочучы, падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэс-пап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасля асцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцці болей не было мовы.

Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага звяр’я, дзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць... Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыццё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчаслівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасць жыцця й яго цікавасць, у маім паняцці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцця й яго радасцяў за ўсялякую цану й за цану сумлення. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існавання яны не ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх... Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё здзіўленне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэшску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску... Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэшскай! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра...

Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візіту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуццяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Не раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта не толькі ратунак, але й кар’ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людскасці, адрачыся ад Хрыста й змяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэнне іх і адсутнасць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасцю канстатаваў Коган, што ёсць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зняволення чалавека. О, гуманізм XIX стагоддзя, як далёка мы адступілі назад!

Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці следавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скроз зубы, што ёсць два ўрады й два прэзідэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не звяртаўся, і ён выйшаў. Чужы следавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы следства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.

І вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў майго таты былі ў лютым, ён не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла. Я ведала, што судзіць мяне будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для суддзяў, вышэй крыху й на абадраных сценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й майго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесці, і пачаліся абвінавачванні. Я ўжо дакладна не памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе, а мужава тое, што ён быў у Слоніме (па камандзіроўцы). Нешта гаварылі, а муж, худы, страшны, без зуба наперадзе, на нікога не ўслухаўся, толькі паглядаў на мяне праз слёзы й шаптаў: «Мама, мамачка, вось я табе прынёс часнычок, ён так падобны на лілью, якія ты любіш. Думай, што гэта кветачка, лілья. Трэцяга ж была гадавіна нашага вяселля, я выпрасіў табе часнычок у баптыста...» Я яму дала свае падаркі, і мы амаль не звярталі ўвагі, што гавораць да нас апрычнікі. Гэта быў Вярхоўны суд БССР пры ваенным пракурору. Сядзела там і нейкая баба, а прадсядацелем яго быў нейкі Шаўчэнка. Гэтае аднафамільства гіцля й генія мяне бянтэжыла. Нарэшце далі мужу апошняе слова, і ён заплёўся ў словах, і пацяклі яму слёзы. Я штурхнула яго ў бок, але ён плакаў... Маё апошняе слова было злосным, я ўспомніла смерць бацькоў і ўсю іх суровасць і несправядлівасць, амаль лаялася з імі, бо й гаварыць не было там з кім. Суд выйшаў. Але не паспеў выйсці, як ужо вярнуўся назад. Знача, вырак быў ужо гатовы, і працэс суда быў суцэльнай камедыяй! Гэта ж амаль як у Гітлера, а то й мандрэй, падумала я сабе. А нам чыталі вырак па 25 гадоў ІТЛ кожнаму, без канфіскацыі маёмасці з той прычыны, што ў нас яе няма. Мне падкасіліся ногі, але злосць і нянавісць да садыстаў вярнулі мне сілы, і я выслухала ўсё да канца. Бедныя людзі, бяссільныя стварэнні, падумала я, убогая дзяржава мучаных і мучыцеляў, і другіх між імі няма! А той Шаўчэнка, між іншым, пачаў гаварыць: «Лариса, мы за воровские организации даем по десять лет, мы вас пересудим. Мы не имели бы места для вас, если бы вы были с нами, но вы с этими бандитами. Вы пишите, мы вас пересудим». Не, кацюга, я не буду з такімі, як ты!!!

Суд адышоў, пачынала змяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, раздзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са светам, з культурай, з усім... Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу... Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»... Нас вывелі на заснежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпенні й адзіноту. Смешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага... Нас прывялі пад нейкую вязніцу, дзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру...

Завязлі мяне зноў у тую «амерыканку». Начальнік вязніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў... Я засталася сама, і думкі пра здзек над намі, пра сына, пра загубленае жыццё адымалі розум. У галаве стукалі словы: дзе гора, дзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынеслі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезлі ў вязніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусцілі ў камеру жанчын. Як я пасля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя светлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.

Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасліва жыць, калі б толькі слухала голасу свайго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, дзе трэба...

У вязніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта не смешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам снілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум майму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне снілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскроз прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй... Раз мне прыснілася землетрасенне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю... Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць свет: праясніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэхаў... Мой чэшскі следавацель меў туберкулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прыснілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю туберкулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам збіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб не плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла... Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў майго сроку. Я не ўсе сны сяння памятаю, але яны былі амаль прарочыя.

У камеры жанчыны мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзьячы на паўстагоддзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, дзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасля павязлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас раздзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.