15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Наталля Арсеннева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т.п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што не лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Еўропы, а там жанчыны, нават зняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна...» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсё гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людскасці тут не было й не будзе, тут хітрасць. Пасля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я паспела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасветава?» Яму сказалі, хто Прасветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны... О іронія, о жах... «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпламатах. Я яму нагаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Не ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражанне, што яны нарэшце сцямілі, што сяджу дарма. І яшчэ адно я зразумела, што калі пытаецца, нехрыст, ці я паспела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль не пусцяць... Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Еўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й паслядоўнасць, тут Сталін і мера пачуццяў да яго вырашалі людскія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амерыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдскасць Гітлерам, здзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня...» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесьь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься...» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.

Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачыліся. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Была гэта беларуска Жэня Пазняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людскай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным... «У чым справа?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсць родная мама, але гэтага не магу ёй сказаць, не перанесла б...» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й здзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай нізасці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. І вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, дзе ўсё забіваюць — ад волі чалавечай да самога чалавека, — трэба ратаваць жыццё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася. Але ў мяне ж свая беларуская сям’я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзіця, нельга тут раджаць, трэба гэта знішчыць і зацерці сляды... Што ж, практычна, вельмі «па-людску»... Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны... Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» — «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць...» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі... гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, без душных... Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсё роўна ніколі не скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем — Ларыса... А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыццё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленні... Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, не маці, зайздросная за сваё дзецятка, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў туберкулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.

Мяне як штрафніка вывозілі. Ніхто не ведаў куды, гадалі, што на Новую Зямлю. Я пайшла да Жэні. Яна распавіла дзецятка й з плачам упала тварам на яго, уся яна ўздрыгвала, аж стагнала. Я падняла яе, і мы развіталіся. Пару рублёў сваіх я палажыла ля дзецятка й ледзь жывая выйшла з той больніцы. Справа кончылася пагана. Жэня, памятаючы высказванні сяброў, не звярнулася да нікога з нашых. Была ў нейкай знаёмай. Многа хто хацеў ажаніцца з ёю, але жадалі, каб яна аддала ў дзетдом дзіця. Жэня не згаджалася й ненавідзела такіх людзей. Пасля яна захварэла, захварэла й дзецятка. І калі ўжо пагражала ім найгоршае, зайшоў туды Аляксей, грузін. Ён спачатку падышоў да дзіцяці, пачаў ратаваць яго, а пасля й Жэню. Ён ажаніўся з ёю, ці кахала яна яго, я не магла запытаць у яе. Я люта злавалася на нашых хлопцаў, не здольных на дабро й велікадушша.

Цераз пару гадоў, калі мяне зноў вярнулі на Інту й мы з пані Оляй, ужо расканваіраваныя, хадзілі чысціць сметнікі па Інце, дык аднойчы, раней кончыўшы сваю норму, зайшлі да Жэні. Была ў іх маленькая хатка, мара ўсіх зняволеных. Юра вырас, увесььь быў, як Жэня, чарнавокі й вельмі прыгожы. Аляксей папраўляў праводку, і малы цюкаў за ім малаточкам. «Гляньце, як мне мой сын памагае»,— сказаў, засмяяўшыся, Аляксей і да сваіх добрых, шырокіх грудзей прытуліў яго маленькі тварык. Я толькі намагалася, каб не заплакаць ля іх. Пасля паадносіла ім свае лагерныя драбніцы, бо нас, «иностранцев», збіралі ўжо на далёкі этап. Нас завязлі ў «Дуброўлаг» у Мардоўскую АССР, у Поцьму.

Што цяпер з Юраю гэтым, я не ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве свайго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць... Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё не раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.

А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцыдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто не скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх... Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя — хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падобных на каянне слоў... Лагер плакаў. Дзяўчаты збіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажылося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка — куды ж нас папруць? Нам гэтага не скажа ніхто, канвой наш — нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезлі ў інвалідны лагер у Абез. Ну што ж, гэта не самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла — гэта было яшчэ болей на канцы свету.

Забылася напісаць, як пасля смерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасля непакоячага маўчання аб’явілі аб тым, што здымаюць нам нумары й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што нумар для нас не цяжкі... Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяннем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш не хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элементу на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азiяцкія правакацыі. Неспакойны элемент замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б’юцца ў лагеры з літоўцамі! Б’юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазвярэлі за дзесяцігоддзі жывёльнага існавання. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасцяў не дапусцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.

Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сістэму зняволення й трымання ў няволі наскроз. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер не будзе дарагой мэблі, але на сценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае — згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з ёю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.

Мне лісты не прыходзілі ніскуль. Тата мужаў памёр, муж не ведаў, дзе я, а сына, як мы пазней даведаліся, пасадзілі за хуліганства, і білі яго, і здзекаваліся над ім, як самыя хацелі, праўда, польскімі рукамі на гэты раз. Усюды ёсць шумавенне й вырадкі, вось і Польшча хоць гэтымі людзьмі дагадзіла «асвабадзіцелям», як яны самыя вечна сябе называлі. Вестка аб лёсе сына дайшла між радкоў і ў Абезь. Беднаму, відно, пашкодзілі мае вершы, якія стукачы, розныя Шапавалы, выдалі нелюдзям на Інце. Было відно, што баяцца, каб сын не стаў, як маці. Трэба было прыбіць дзіця, каб не ачуняла, не паднялося... Бедны мой сын, але трэба было змагацца, каб усім дзецям на ўсёй зямлі можна было б пры бацьках гадавацца й расці, як растуць дзеці цывілізаванага свету, пазнаючы прынцыпы дабра, праўды, чэсці й міласэрдзя.

Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза[210], і мы доўга снілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі план.

У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. З Тамарай Вераксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага майго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як нумар балету са спевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маё слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна... Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве», — як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх было аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеек, заганялі ў БУР і вельмі праследавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есці. Яны не хацелі ў няволі йсці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягнуць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоццях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй...» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго[211] не змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 400}, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач збіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому не верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзлі насмерць. Яны ўсё посцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зняверыўшыся, не маглі й не хацелі больш слухаць усякай хлусні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць не так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Збяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. І дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку без розніцы нацыі, рэлігіі, пераконанняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства... «Вы ж мусіце быць з намі, — казалі, — вы ж такая, як мы». І калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсці да іх... Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым не думаць, нічога не хацець — ні вайны, ні асвабаджэння, ні помсты на ворагу — і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, І, нягледзьячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо... Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»... І наагул было розных сектаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, размясцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вяселлі. Мы думалі, што ў іх не ўсе ўдома, а гэта ж такая іх секта... А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.

Нідзе, як тут, не ясна было, што «вера без дел мертва есть», а без любові да людзей — тым болей. Я часам думала, як чуўся б і што ў гэтых варунках рабіў бы які сапраўдны амерыканскі місіянер? Якую ён тут застасаваў бы тактыку? Я толькі ведала, што не заўсёды трэба быць голубам, у гэтым выпадку — лепей лісою. На ражон было лезці не час, а, як той лекар казаў — перахітрыць ворага. Дзіўна, што яны найболей баяліся ўсё ж рэлігіі. За малітоўнымі кніжачкамі й абразкамі дык проста палявалі. Аднойчы я ляжала хворая, засталіся ў бараку й другія дзяўчаты і, карыстаючы з гэтага, маліліся. Увайшлі надзоркі, з якіх найболей дурная й найболей лютая была нейкая Дунька. Пачаўся шмон. Убачыўшы малітоўнік, Дунька накінулася на дзяўчо, як гіена. Дзяўчына пачала ўцякаць, скакаць па верхніх нарах, Дунька за ёю ў сваіх боцішчах. Малітоўнічак кінулі мне, і я яго ўраз прыхавала, а сама пачала стагнаць. Дунька не знайшла яго, з чаго ледзь не выла. Наагул надзірацелі былі нелюдзі. Калі аднаму з іх, нейкаму Кір’янаву, нарадзілася дзіця, дык людзі не пыталіся: хлопец ці дзяўчына, а канваір ці надзорка? Ніхто не мог уявіць сабе, што з гэтых кацюгаў можа быць нешта іншае. Кір’янаў пасля смерці Сталіна, кажуць, пайшоў вучыцца на афіцэра. Так, зусім на гэта адпаведны элемент, ад нечалавечага выразу твару пачынаючы.

Людзей у лагеры амаль не білі. Мяне дык біў толькі раз нейкі Іваноў за тое, што не хацела йсці мыць падлогу ў воінскі барак. Я так і не пайшла, але ўжо енчыла, што мела сілаў, аж адскочыў ад мяне й кінуў біць. Нас мучылі вышукана маральна. Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нервы, ганялі, усяк прыніжалі. Штодзённа мы павінныя былі казаць ім канец свайго сроку. У мяне гэтае «свята» прыпадала на 73-ці год! Вось мы мусялі такое памятаць. Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасці. Не, усяго не перасказаць... Ніхто з іх не меў літасці, і гэта палохала найболей, знача, не будзе на зямлі людзей — адныя ўзаемныя мучыцелі толькі... Мне, праўда, і сяння не лепей, мучаць яшчэ болей прадумана й садыстычна, як некалі... Вера толькі ў сілу, а рэшта ўсё не мае значэння паводле іх. А сілы гэтае ніхто яшчэ не парушыў, яе прызнаюць, і енкі няшчасных мільёнаў зняволеных моўкнуць у тундры, у пустынях і стэпах гэтай надзеленай прасторамі й дзікасцю краіны, якая мучыць і губіць даўно ўжо самую сябе, не знаючы меры.

Пасля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, дзе не дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасля землятрусу. Усякая нечысць здзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я не вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеце й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка...» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік — шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне — ляп назад у вочы... З вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны». Можна думаць, як я там чулася, ведаючы ўсё яе выслужванне немцам... Розум тут не дзейнічаў, усё залежала ад шчасця.

З Ольгай Мароз была ў нас адна доля й адна папулярнасць у добрых людзей. Была ў лагеры й англічанка Кэтты, жонка нейкага важнага таварыша. Мела двох сыноў на волі, мужа, які ад яе, здаецца, адрокся, і, як сапраўдная камуністка, непрахадзячую любоў, якую ад Сталіна перанесла цяпер на Леніна. Яна ўсё брала на розум, але я ёй аднойчы расказала ангельскі фільм «Дзве тысячы жанчын», які я ўбачыла ў Празе, і гэта кранула яе не на жарты. Кэтты была худая, тонкая, рыжанькая й не благая. Як і мы ўсе, чысціла ўборныя, а чысціць было што й кіркаваць... Уборная — гэта таксама нейкі падыход да камунізму, вялікі рад дзіраў, і там «калектыўная творчасць» з раніцы пачынаючы, і чарга, і погляд на гэтае ўсё, і роздум...

У Менску яшчэ нейкая Болбат, мянчанка, цвярдзіла, што ў лагерах пачнецца яе сапраўдны камунізм, у які яна вельмі верыла, і вось пачынаўся ад супольных нараў, дзе з-за цеснаты ўсе па камандзе паварочваліся на той ці іншы бок, з супольнай кармілкі, бані, працы, да тае жудаснай уборнай, успомніць якую страх... А недзе ў свеце ўсё ж жылі жанчыны, капрызілі, апраналіся ў розныя моднасці і, можа, наракалі... О, калі б яны бачылі гэтае хоць у сне, яны, напэўна, не ведалі б межаў асабістаму сваяму шчасцю. Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, дзе хлеба ўволю на стале і ціха, ціха, як у храме...

Хрысціяне сябе нейк узаемна пазнавалі. Нягледзячы на веравызнанне, кожны, хто верыў, хіліўся да такіх, як ён. Усюды на поўначы панаваў аўтамат, як і ў літаратуры, як і ў гульнях дзяцей да сянняшніх дзён. Так, аўтамат — гэта сіла: кожны тупы ёлуп можа трымаць сотні найлепшых безабаронных людзей і рабіць з імі, што сам хоча. Змушаць іх, напрыклад, пераносіць горы снегу з месца на месца да абсалютнага ўпадку сілаў ці проста страляць ля нас, а калі мелі неасцярожнасць адысці ўбок, дык і ў нас. Гэтыя аўтаматы так доўга заглядалі нам у вочы, што сяння яны здаюцца нам сімвалам камунізму, супраць якога ў нас заставаўся — крыж. Адзіны, беззаганны й бясстрашны, які не пакінуў нас у нашых суровых выпрабаваннях — нашая мужнасць і нашая сіла. І вось у гэты жудасны час мы думалі сабе — ніводнага кроку ў бок ад вучэння Хрыста й ніводнага слова іначай! Ёсць жа нейкая чалавечнасць на свеце, на якую мы спадзяемся, бо мы толькі да канца пазнавалі жудасны твар джынгісханаў, і нам з імі не па дарозе.

Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але не проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавенне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на смех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэння нават на жудасным следстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну без зубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнанні з табою, а ты — без зубы й гнілы пень пры іх». Цкаванне змоўкла, і толькі т.зв. нарадчыца са зняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са смеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсся ад хохату.

У лагеры была адна амерыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. З яе пасмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амерыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сепараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. З ёю было мне вельмі бяспечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязлі нас разам — як «інастранак». Была ў лагеры й нейкая каханка Берыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Берыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпламатычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бестыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыццё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіёнка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, не кажучы ўжо аб зняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад’езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэнні кватэр.

Пасля смерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі ездзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа метраў сам Косця Шышэя[212]. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам[213] я вельмі замярзала. Косця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф’ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф’еў, здаецца, з ёю развёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі метраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, слізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.

Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа[214], а што гэта, я й сяння добра не ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасці снегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць снег — гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 400} спацееш, а тут мы збіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо змерзлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён знік недзе, пасля зноў паказаўся й вось падыходзіць да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зледзьянелы снег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са снегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасць, знік, і добра, што ён не бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто з’еў тую мандарынку, мы іх прынеслі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы снегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посцілі, было нам светла нейк ад надыходзячага вялікага свята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на следстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на снег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынеслі мне, каб раздзяліла. Селядцы я раздзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанеслі ў зону й пасля спраўлялі разам Вялікдзень...

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш...

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў не так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыццём. Савецкія следавацелі з надзвычайнай радасцю капаюцца менавіта ў розных пачуццях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасць паздзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псіхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасць мелі тыя сцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сітуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла... Выхваляліся пасля, такое знушчанне называлі подзвігамі разведчыкаў...

Пасля смерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесці «веліч» гэтых ідэяў... О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, не іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто не ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, дзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынеслі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т.п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася нешта кулінарыць... Гэта быў торт са змеленых, высушаных паек хлеба, размешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяння я яго не ела б... Дзяўчаткі былі так узрушаныя, слёзкі ў вачох... Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам з’ямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. І тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір’янаў, падыме нары і як лясне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў — торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу не вылезу, але ён нейк са злосці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон... Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы — раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала... Сама стаю з масцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сцервы, але ў карыта не дадумаліся... Вечарам прыйшлі мае дзеці... Хоць плач, яны, бедныя, тры дні не елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта збіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчаслівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху спяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангелля ці іншай вечнай мудрасцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» — «Ларысы Геніюш», — адказваюць дзяўчаты нейк без боязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая»[215]. Першы раз чую гэтую песню, ледзь не плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь...

Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма дзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуццяў людскіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва свайго ўлюбёнага Маякоўскага[216], вялікія два аркушы. Прывітанняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны не ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў... О, мары светлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў... Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Не мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай, гад, гэтыя словы сыноў аба мне! Ён амаль усё аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць не ў БУР... Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача — на волю».— «Нет, все дороги ведут к коммунизму», — пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае...

Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым... А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’язджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны не плакалі, а мне плач раздзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме[217], мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расціслаў, метар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Берлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын... Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазней даведалася, і я... Толькі я не адна, са мною заўсёды людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасля лагеру й мой муж...

А пакуль я ўваходжу ў новы лагер, у інвалідскі Абезь. Яшчэ я не ведаю аб смерці мае любімай наймалодшай Людмілы, не ведаю яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што сядзіць у польскай вязніцы сын мой і яму цяжка... У Абезі выбеглі супраць нас калекі, розныя гарбуночкі, старушачкі. Тут ёсць карпусы хворых туберкулёзнікаў, ёсць болей за 40 хворых псіхічна, у іх агароджаны барак, і там нам уступу няма. Няма тут ні вала, ні каня, як на Інце. Бабкі самыя на сабе возяць і ваду, і вугаль, і прадукты, і ўсе нечыстоты. Найболей тут, як і ўсюды, украінак, яны ўжо сухенькія, пачарнелі, але як жа яны добрыя, ласкавыя да харошых людзей, як жа лютыя й злосныя да недругаў. Яны, здаецца мне, ведаюць усё на зямлі, гэта цярпенне адчыніла ім вочы на ўсе праявы жыцця іх цяпер.

Вось я ў Абезі, але думкамі ўсё яшчэ на Інце. Не магу забыцца, як падышла да мяне вельмі прыгожая расейская дзяўчына Аня Бандарэнка. На работу яна ўсё старалася так завязаць хустачку, каб чубік харошы было відно, бушлат свой падганяла па фігуры. Хацелася ёй падабацца, хоць сасонкам, хоць людзям, якія глядзяць на яе, а можа, сабе самой. Аднойчы прыйшла да мяне моўчкі, доўга стаяла, а пасля папыталася ціхенька: ці я выслухаю яе, ці памагу, ці змагу палюбіць яе, нягледзьячы на тое, што яна расейка? О, як жа смешна! Аня, мілая, харошае дзяўчо, ці ж ёсць, ці ж можа быць тут розніца між вамі ўсімі, такімі беднымі, такімі дарагімі... «Ты як дзіця мне, — кажу, — і будзеш заўсёды кусочкам сэрца майго». Я заплакала, такія пытанні былі не на месцы, у вачох доўга стаялі Стасяле Міляўскайце й Зося Будрыце — літоўскія студэнтачкі, якія лічылі мяне болей сваёй, як мае дзяўчаты. А Шатрыя... Падыдзе часам, калі хаджу адна, і скажа ўсё, аб чым я думаю, так мяне ведала, а другія... А полька Марыя, маладзенькая, высокая, светлая: «Пані Ларыса, ці праўда, што такія, як я, недзе цяпер «адоруюць»[218] перад вобразам Божым у касцёле. Яны, пэўна, як анёлы, і мне так хочацца быць з імі, не буду, пэўна, ужо, вырасту вельмі... А мне так халадно бывае, і тады я плачу, і слёзы змярзаюцца, ці вытрываю 25 лет?» Мілыя вочы ўпіраюцца ў неба, і такі жаль на прыгожым тварыку... А Марыя-беларусачка, савецкая патрыётка, але чысты такі, не лжывы чалавек. Ляціць да мяне з кожнаю светлаю весткай і сама ззяе... А Нуся Зарэцкая, малая ўкраіначка, якая ледзь не плача й пытаецца, ці сапраўды ў Амерыцы так забіваюць неграў, як нам паказвалі ў фільме паводле сцэнарыя нейкай эстонкі? Успакойваю, паясняю, дзіця верыць мне, і ёй лягчэй. Яна ўсё вучыць вершы на памяць, некалі хоча гаварыць іх людзям, і ёй 25 год пакарання: следавацелем у яе быў сын Каўпака[219], а ёй было, мусіць, 18 годзікаў, а можа, і меней... Але былі і іншыя, напрыклад, прыехала нейкая медсястра з Варкуты, уходжаная (на агульных працах не працавала), усё нейчая любоўніца... Прэцца ў нашае таварыства. Вось імяніны пані Тэрэсы. Яна манеўруе словамі, нарэшце чытае цудоўныя вершы — нешта аб белых «пціцах». Мы захопленыя, перасказваю іх Элцы, якая ведае болей як дзве тысячы вершаў, чым часта сагравае мяне на аб’ектах, і яна хахоча! Верш, здаецца, Цютчава[220]... Ну й дрэнь баба!

Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно — гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзьяць нас, строяць, правяраюць спярша брыгаду, пасля ўвесьь лагер. Жарты — працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкламатарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзенне й пашпарты і ўцякаць на волю...» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, баба, і йдзі, скуль прыйшла! Метады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія цябе паслалі, надта па-свояму вы ўсё абдумалі, спеце спакойна, мы выйдзем і так і перажывем яшчэ ўсіх стукачоў...»

На аб’екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, — кажа, — бачыце, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» — «Так, — кажу, — былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы...» Ён замоўк і адышоў... А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Ездзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасцей ездзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», — кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, — кажу, — калясо гісторыі круціцца, сяння мы, заўтра вы...» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». — «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше...» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар. Прозвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР. «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як снег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т.п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо без лаянак, моўчкі...

Мы на аб’екце чысцім снег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Не бойся, мама, ён не смее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі... «Мама, мы шчаслівыя, што мы маім сям’ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаімся, маці...» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цёплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць не буду, дый гутарыць, як захачу... «Ну, что?» — пытаецца. Маўчу. «Что делать?» — кажа. «Што ж, — кажу, — парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напiсалі жалабу, можа, вас пусцілі б дамоў?» — «Начальніца, а многа вы каго пусцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» — «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы...» Так яна мяне й адпусціла. Ніхто не мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ёй перавялі змест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.

А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак не ўлазіць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы не хворая». — «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей не ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасце мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў... А тую Кузняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсцілася пасля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.

Адзін раз чысцілі снег ля зоны, ля дратоў. Людзей расставілі. У мяне была гара снегу, і, калі ўсе разышліся і ў зону не было відна, падышоў канвой, сказаў, што ён з Магілёўшчыны й мяне ведае. Пасля схапіў лапату й пачаў хутка адкідаць снег. Спацеў. Пачуў, што падыходзіць другі канвой, і адышоў памалу...

Быў велькі этап. Усіх маладзенькіх кудысьці адвозілі, маіх дзяўчат. Былі гэта пераважна літоўкі, украінкі й між імі такая мілая Лена, Эліце, літовачка. Ёй было 19 лет. Забралі яе й мужа Ігнася, якога яна вельмі кахала й толькі пра яго й гутарыла. Мілае дзіця было збітае на следстве, і найгорай было лётаць, казала. «Як лётаць, дарагая Эліце?» — я пыталася. «А вось ставіць следавацель табурэтку на табурэтку й так аж да столі, а наверх саджае мяне, а пасля вырве апошнюю пры зямлі, і я лячу...» Пасля мы сустрэліся. «О, пані Ларыса, — казалі яны, — нас завязлі ў лес, дзе сосны пад неба, далі пілку, сякеру й норму, і хоць плач, але мы пасля налаўчыліся, толькі раней быў там лагер блатных мужчын, якія ніколі не выконвалі сваіх нормаў, і мы мусялі выканаць за іх недароблены план бясплатна. Нас замучылі, і мы ўжо зусім дайшлі, але нехта данёс гэта вышэйшаму начальству, і нас выратавалі. Што яны з намі чаўплі, што чаўплі...» — з вялікіх вачэй прыгожай Эліце толькі ліліся слёзы...

Часам былі добрыя прыдуркі. Адна такая Наташа мела нават свой куточак, куды мы прыходзілі грэцца, памыцца. У яе было заўсёды крыху хлеба. Там я сустрэлася й з Соняй Свідай, была яна нейкая сваячка жонкі Тарашкевіча, гулялі мы з ёю часта ў шахматы, але аднойчы яна папыталася ў мяне, ці СБМ і Самапомач[221] — гэта тое самае? Гэта мяне настарожыла, каму ж да гэтага была справа? І я ўжо баялася яе... Доўга былі мы й з Люсяй Васількоўскай, з якой сустрэліся ў Горкім. На жаль, маё падазрэнне, што яна стукачка, пацвердзілася. Але яна не была паганай. Раз ледзь не ўдарыла мяне, бо я даказвала, што й тут капіталізм, толькі капітал у адных руках і ніхто яго не кантралюе... Яна спалохалася за мяне й сілай змусіла замоўкнуць.

Вялікдзень, а мы за зонаю. Снег, марозік, кірка й лапата... Стала так сумна, і прыгадалася мінулае: Прага, муж, сын... І вось муж на працы, я чакаю яго, адхіляю фіранку ад акна, гляджу на лімузіны, і мне ўспамінаюцца далёкія хаты. Я п’ю за іх чарку віна й думаю, што некалі я ўсім сваім сёлам дакажу, як умею цярпець за іх і ўсё выцерпець. Адным словам — «адхіляючы цюль ад акна, з поўнай чарай, угору паднятай, я стаю ў задуме адна» — і вось кажу гэта сваім сёлам. Далей я верш забылася, а канчаецца ён нейк так:

Поўнач, сцюжа, вясняныя святы,снег і слёзы па твары, як соль,прада мною кірка і лапата,толькі сэрца ля хатаў і сёл.І як колісь Святое Распяцце,з Яснай Чашы, ля Царскіх Варот,п’ю свой боль, як вялікае шчасце,за пакутны каханы народ!

Вось змест больш-менш таго велікоднага верша. Жаль, я доўга памятала яго, але ўсё забываецца пад новым наплывам падзеяў і горкіх спраў. Забылася многа.

Абезь

Абезь — не працоўны, інвалідны лагер, але што мацнейшых паслалі адразу на сенажаць. Летам трава на поўначы расце дзень і ноч, яна нейкая вадзяная, высокая. На Інце й нас вадзілі касіць сена. Круціла я тую касу ў руках, а пасля як размахнулася, і пайшло... Мама мяне ўсяму навучыла. Яна казала, што добра ўсё ўмець, не ўсё рабіць. Як гэта мне ў жыцці прыдалося! Я не стагнала. Вось на такой сенажаці найгоршае — машкара й камары. Як налезе машкары ўсюды, то мы проста танцуем дзікі танец з болю. Пазавязваем рукавы, даўгія нагавіцы, а яны тнуць, аж спухнем, і ў вочы. У канвоя ёсць накамарнікі. Ды ад камароў можна хоць дымам адратавацца, ад машкары — нічым. Бывала, у нас паяўляюцца салодкія мары: вось прывязаць бы тут да дзерава на ноч таго вусатага, калі яшчэ жыў, і бачыць, як ён выкручваўся б, ці надзорак разам з Прасветавым і Кір’янавым... Ад такіх мараў нам лягчэла крыху. Вось Олю Мароз з Міляю і ўзялі на такую сенажаць, а мяне далі на кухню раздатчыцай. Дзве тысячы жанчын і столькі разоў махнуць толькі чарпаком тройчы ў дзень, а катлы валачыць, а мыць раздачу і т.п. За тое даюць нам есці крыху рыбы, тамату, хлеба, супу. Што ж, работа чыстая, і я папраўляюся. Пад белым халатам у мяне заўсёды прыгожая блузачка з пражскіх рэчаў, хораша завязаная касынка. У лагеры адныя калекі, жаль на іх паглядаць, альбо старушэнцыi, вельмі разумныя некаторыя. Усе тут яшчэ пад уражаннем ад начальніка ОЛПа, нейкага Петрусенкі. Ён тут быў цар і бог, адным словам, тыран над бабамі. Старушкі качагарылі, усё вазілі на сабе й жудасна баяліся. Петрусенка быў зверам, ён нападаў на жанчын, саджаў іх у БУР, на дварэ ім задзіраў спадніцы й шманаў. У кожным бараку сядзела адна такая бабка па чарзе дзень і ноч на «внимании». Гэта знача — уваходзіць яго вялічаства Петрусенка, і яна схопіцца й крычыць усім: «Внимание». Бяда тым, хто прылёг ці не саскочыў у час. БУР забяспечаны. Настолькі быў страшны, што адна жанчына ўпала з верхніх нараў і моцна прыбілася — проста прысніўся ёй, беднай, Петрусенка. Людзі былі тут як не людзі, запалоханыя, прыбітыя. Тварылася тут дзіўнае, але нават такое: выходзіць раненька адна масквічка з бараку, а быў Вялікдзень, і бачыць — па сцежцы за лагерам крочыць канвой і крэсціцца, крэсціцца... Гэта ўжо з дзіваў дзіва! Але адна смелая прыгажуня, сапраўды красуня на рэдкасць, абяцала бедным жанчынам выгнаць Петрусенку й выгнала. Гэта была Лена, дачка знамянітага белага генерала Сямёнава й японкі. Прыгожая, як зара, мудрая. Казалі, што па-расейску гаварыла як ніхто, нейкай асаблівай, прыгожай мовай. Я яе не бачыла. Яна цяпер сядзела ў загароджаным корпусе псіхічна хворых, і кажуць, што не сімулявала хваробы. Вось яна звярнулася да тырана, глянула, і ён згубіў голаву й спакой. Гэта ўсім сказала. А аднойчы ўзяла ноччу бушлат, кінула яго на драты, падманула сабак. Шпіёнка яна была адумысловая, і так канвоям не прыйшло ў голавы, што інвалідкі зробяць пабег, яны сабе драмалі на вышках ці марылі аб павышэнні, а красуля лезла праз драты й пералезла! Яна нікуды не ўцякала, бо дарога ў тундры адна й старожаць яе тысячы чацвераногіх і двуногіх сабак. Калі хлопцы рабілі пабег, іх палапалі. Пагрызеных сабакамі, кінулі іх ля лагернай брамы як перасцярогу другім. Да іх нельга было падыходзіць, і яны ў страшных мучэннях памерлі. Лена ведала гэта. Яна проста пайшла з раніцы ва ўпраўленне лагероў пасёлка Абезь. Сказала, хто яна, і заявіла, што вельмі засумавала па сваім мілым — Петрусенку... Ну, так яна, гэтае мужнае дзяўчо, выратавала няшчасных, замучаных, зацюканых інвалідаў. Лену далі ў псіхкорпус, і яна, пэўна, была першай ахвярай гэтай няслаўнай практыкі — хаваць разумных і нявінных за падвойныя краты. Аб ёй гаварылі легенды. У гэтым лагеры яшчэ было нешта несуразнае: вольны мужчына! Быў гэта немец доктар Штэер, хірург. Меў ён сваё царства-гасударства — хірургічны корпус, зусім ізаляваны ад рэшты лагеру, і апераваў каго трэба — каго не трэба. Аб ім адзываліся розна. Адныя хвалілі яго, а другія, якія сталі калекамі пасля яго аперацыяў, клялі яго. Адна лекарка мне казала, што ён — шарлатан, які не ведае нават анатоміі, і ён тут вельмі дзіўная асоба. Крыху хворых жанчын ён апераваў звычайна, без аперацыі, казалі, ён не мог жыць. Усім, каму трэба — каму не трэба, ён выкідаў матку і ўсіх рабіў няплоднымі. Ляжалі ў яго, гнілі па паўтара года, а звычайны апендыцыт трэба было адлежаць заўсёды з загнаеннем раны найменей тры месяцы. Тут іншая рэч: аўтаклаў абслугоўвала санітарка, літоўка нейкая Косця. Яна мела ключы ад аперацыйнай, і без яе волі Штэер не меў права сам увайсці ў аперацыйную. Па-мояму, аўтаклаў, я яго бачыла, быў сапсаваны. Хворым раны зашывалі дзесятым нумарам ніцей, якімі шыць. Хворых было там поўна заўсёды, яны гнілі. Штэер рабіў ім перавязкі, абсалютна не трымаючыся антысептыкі, разносіў гной. Нешта тут праўды было.

Яшчэ на Інце я прыхворвала, у мяне была пухліна маткі, якая павялічвалася. Нейкая па-навучнаму — фібраміёма. Яна дакучала мне, а пасля дзвігання цяжкіх катлоў боль быў цяжкі. Але я насіла катлы, шпарка махала апалонікам, разліваючы зупу, мерачы кашу. Загадчыца кухні-сталовай была расейка, нейкая талковая жанчына. Было вельмі чыста, абеды лепшыя, як на Інце. Інвалідкі ля кожнага бараку мелі гародчыкі з моркваю, бурачкамі, усё гэта йшло ў супольны кацёл. Свінні тут былі крыху й для нас. Часам былі мікраскапічныя порцыі, але былі. Хто меў пасылкі, варыў сабе на індывідуальнай кухні. Была такая кухня й на Інце, і мне раз спяклі там пляцкі. Мы рабілі нешта ў воінскай часці, і мяне паставілі вытрасаць мяшкі ад мукі. Там было пакрысе мукі, і я настрасала яе болей кілаграма. Тыя бонды смакавалі мне страшна, і я частавала імі дзяўчат. На Інце яшчэ я атрымала пасылку са Львова ад Маці Марты Лесняк. Акрамя смачных рэчаў была там мяккая падушачка, і я ажыла. Мне перастала балець галава.

У Абезі было таксама многа беларусак, але вельмi былі яны расцярушаныя. Спалоханыя сваім СБМ і строга за гэта пакараныя, яны хацелі жыць, хацелі дамоў. Мала хто разумеў з іх лёс свайго народу й тое, што трэба было ў розных варунках жыць і пра яго думаць. Палітыкі ў лагеры ў нас ніякай не было, гэта не час быў. Мы стараліся толькі выжыць, застаўшыся сабой, людзьмі, знача, якія думаюць. Мы ведалі, хто мы, і стараліся захаваць гонар, які адабралі, патапталі нашаму народу. Разумны й чэсны беларус знойдзе дарогу да яснейшага лёсу свайго й Айчыны, калі будзе трэба. Толькі ўжо быць гаспадарамі ў нашай хаце другім не дамо й зняволення не пацерпім.

Ніхто не ведаў, хто я — проста паэтка й вязень. Маё імя з волі нічога не мела супольнага з маім лагерным імем. Гэта паўставала асобна, гартавалася ў горы. Кожны ведаў толькі, што сын у мяне і ў няволі муж. Гэта і слабасць мая, і сіла. Застыць, аднак, у горы мне было і нельга, і непатрэбна. Патрэбна было думаць і жыць і памагаць думаць другім. Мае думкі — мае вершы. Памятаю, раз на куццю ў палякаў, дзе сапраўды было вельмі цёпла й міла, у мяне папрасілі вершаў. Яны пасыпаліся з самага сэрца. Па-беларуску, і так усюды, заўсёды.

«За что вам дали срок?» — пытае нейкі следавацель у лагеры. «Имею честь терпеть за Беларусь...» Гэта дзейнічала. Свае думалі, вярталіся да нас, чужыя нас шанавалі. Гэта не была палітыка лозунгаў, нянавісці інстынктаў, а хутчэй палітыка розуму, праўды й сэрца. Некалі сябры казалі мне, што я летуценнік, што без палітыкі нельга. Я згодная, але ў гэтым выпадку лепш было так. Разлічвалася на доўга, усе словы й чыны не раз яшчэ праверыць час. Сапраўдны беларус — чалавек, з дарогі не змыліць, і мэта яго адна: Беларусь.

Працаваць мне было штораз цяжэй, балела паясніца — ні сесці, ні ўстаць. Мяне паслалі да лекарак. Глядзелі мяне, давалі мазі, але боль не сціхаў. На Абез тым часам прыязджалі мужчыны з канцэртамі, была й свая культбрыгада. Мужчынаў мы частавалі ў нашай сталовай запяканымі макаронамі на іх гонар, капустай, чаем. Парадкі мяняліся відавочна. Яшчэ на Інце, расказвалі дзяўчаты, якія былі ў зоне, што прыйшлі нейкія начальнікі, шкадавалі зняволеных, падавалі нат рукі... Ну, гэта не быў Казлоў і яго хеўра... Недзе з нетраў гэтай вялікай зямлі прабівалася чалавечнасць, прачыналася сумленне ў людзей, але не ва ўсіх.

Мяне паслалі на прыём да Штэера. Ён вельмі здзівіўся, убачыўшы мяне, нейк узрушыўся. Знайшоў маю хваробу й адразу назначыў легчы ў яго стацыянар. Пані Луцкая, украінка, з якою мы пасябравалі, крыху спалохалася, я — не! І вось аперацыя. Ноччу з’явілася да мяне ўся мая сям’я ў сне. Тата, мой магутны тата схапіў мяне на рукі й недзе адносіў з чорнай, нейкай захмаранай Абезі й аж лекацеў са страху, прыціскаючы мяне да грудзей... «Не, не хачу аперацыі, — сказала я, — зусім не хачу». — «Не, вы паляжэце сабе ў больніцы, — сказаў Штэер, — пасля будзем бачыць, я вам дам тут працу, будзеце ў нас раздатчыцай для хворых і мне падасце ежу. Цяпер тут раздатчыцай страшны чалавек, полька — пані Ніка. Яна мяне ненавідзіць і я яе, а вы тут адпачнеце, ужо я вас скрыўдзіць не дам». Там працавала Кэтты, англічанка, якую з Інты вывезлі раней. Была яна ў Штэера санітаркай і вельмі добра глядзела хворых. На жаль, яна дружыла з пані Нікай. Ніка была з Вільні, нямілая дама, яе нянавісць перайшла й на мяне. Не ведаю, паколькі праўда, але Штэер казаў мне, што яна дабівалася яго сэрца... З майго боку тут Штэеру нічога не пагражала, а што я ніколі не прадам яго, ён добра ведаў. Знача, пакуль аперацыі не будзе. Ноччу зноў пры мне тата. У Абезі светла й ціха, ён абняў мяне, памахаў рукою й сам адзінока пайшоў у напрамку лесу... Знача, усё добра. А мне добра было там, хворыя такія свае, такія харошыя. У палаце нашай Слава Грэбянюк. У яе нешта з лёгкімі, некалі выразалі ёй два рабры, і цяпер горай, і яшчэ мілыя ўкраінкі ляжаць на выцяжцы — хворыя касцякі. Гутарым, смяемся. Са Штэерам працуе вольная злая сястра й надзвычай прыгожая й мілая ўкраінка Анечка. Злая Косця спіць не з намі. Штэер ад Нікі збавіўся, ад Косці ўсё не можа. Штэеру даю тое, што ўсім, але прыгожа кладу гэта на талерку. Ён ненавідзіць кашы й кажа, што калі вернецца ў Берлін, дык забароніць падаваць іх на стол, а ў тое, што ён вернецца, ён моцна верыць. Гаворым з ім шчыра аб усім. У сваім пакоі ён вельмі любіць кветкі, «грюнэ эккэ», як кажа, зялёны куточак. А кветак у Абезі многа, паклонніцаў удзячных у Штэера яшчэ болей, дык кветкі ў вазонах заўсёды ёсць. Ніка недзе ў брыгадзе, а што там робіцца ў зоне, я нават не ведаю, хоць прыходзяць да мяне дзяўчаты, але ў нас свае беларускія справы. Маці Марта прыслала мне ў пасылцы кетгуту, пеніцыліну й шчотачкі мыць хірургу рукі, бо мыў вельмі сцертымі, але аперацыю мы адкладаем. «Вы мне не давяраеце?» — пытае Штэер... «Не, я не давяраю Косці й гэтай вальняшцы, што з ёю шэпчацца й што вам асістуе на аперацыях. Я іх баюся й аперацыі баюся». Пра свой сон не кажу, гэта мая тайна, мая сіла. Даўно ўжо мне не было так зацішна ад начальства, так добра. На Штэера розна кажуць, што ён закаханы ў маладое ўкраінскае дзяўчо і т.п. Гэта мяне не датычыць, і я сапраўды не бачу злога за ім. Ён чэсны, адданы хворым, разумны. Мне добра, але цяжка Олі Мароз, вось бы ёй так адпачыць тут крыху са мною. Патрэбная якраз санітарка. Кажу яму ўсё як ёсць, што Оля штрафнік, як і я. Ён кажа, што і яму 25 сроку і ён штрафнік, паспрабуе яе ўзяць. Оля ў нас, і мы пасмейваемся. Штэер разумеецца на моцных людзях і рады, што ёй памог. Кэтты й пані Ніка пасінелі са злосці, вольная сястра — як звер! Вось чапляецца да мяне. Я разліваю хворым малако, цяжкахворым. Крыху застаецца, даю яго слабенькай бабцы пры ёй, і вось яна даносіць на мяне, што раздаю малако каму не трэба... Што я дакажу, што мы наагул можам даказаць? Мяне выклікаюць, каб апераваць. «Я вам не веру, — кажу вольнай сястры. — Калі так лжаце, дык можаце й забіць чалавека...» Мяне выпісваюць з больніцы ў брыгаду, забіраюць адразу і Олю, а так хацелася, каб яна адпачыла...

Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі снегам. Варылі нам яе мерзлую, смярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі размярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць — свінні не елі б, ну, мы яе елі... Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы... Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі...

Яшчэ ў адной штрафной зоне пазней паклікаў мяне канваір да вышкі й сказаў, што гэтая малая зона — нашая праверка, каго пусцяць, каго навечна засадзяць, што ён знае — хто я, і хоча, каб я была хітрай. Гэта быў малады літовец. Калі мяне адвозілі ў Абезь, тое самае казала мне Марыя-беларуска, яна была блізка ля начальства, радзіла хоць крыху пісаць, іначай загубяць... Але доўга мне не давялося там папрацаваць. Рана нейк прыслалі па мяне ў КВЧ (Культурно-воспитательная часть), я не пайшла, па мяне з’явіліся зноў, каб я там працавала. Я ні за што не хацела. Перад гэтым я са злосці пайшла да начальніка, хоць ведала, што ён быў паганы чалавек, і папыталася яго, чаго ад мяне тая вольная сястра хацела? Няўжо яны забралі мяне стуль за рэшту малака бабцы? Што яны сабе думаюць і чаго хочуць? Я была грубай. Ён сказаў мне толькі, што тут тое малако ні пры чым, другая справа... Ну, мне было ясна й толькі прыкра, што Кэтты стукала, што рабіла гэта пані Ніка — не дзіва... Было жаль Олі й Штэера. Вось і ўчапіліся да мяне, і я мусяла йсці туды рабіць нейкія цацкі на ёлку ў пасёлак, рыхтаваць касцюмы для канцэртаў. Працавалі там ужо пані Ядзя, старэнькая нейкая супрацоўніца Пілсудскага, мілыя латышкі, украінкі. Было цікава. А доктар пераказваў, каб нейк непрыкметна забегла. Было важна, ён вычытаў у газеце, што А[рганізацыя] А[б’яднаных] Н[ацый][222] нешта пастанавіла пазітыўнае для нас, зняволеных тут чужынцаў, і што нас, напэўна, пусцяць, ён спадзяваўся. Другі раз ён мяне клікаў, бо рыхтавалі этап, баяўся, каб мяне дзе не заперлі на канец свету. Радзіў ісці куды хоць санітаркай, бо з больніц не будуць браць. Я паслухала яго рады, але мяне не ўзялі санітаркай, лепш, сказалі, сястрой-гаспадыняй. Так я перайшла ў корпус. Этап ехаў у Караганду, адвозілі Олю Мароз і шмат, шмат дарагіх дзяўчат. Ад мяне не адчапіліся тыя з КВЧ, я ім мусяла пісаць частушкі і іншыя рэчы. Хацелі вершаў, але мне было не да іх. Корпус быў велькі, усе паехалі на этап, толькі засталіся хронікі ў нашым корпусе. Усяго абслугі — я й адна санітарка, а колькі людзей! Лекарка нейкая руская, баптыстка, між іншым. Вельмі нам добра з ёю працавалася, але работы было. Адной вады навазіць колькі. Але калі мелася быць нейкая камісія, дык мае хворыя ажывалі, яны спаўзалі з нараў і памагалі мне, хто што мог. І тут было па-сямейнаму й вельмі чыста. Розныя нацыі, розныя людзі й «класы», але адно гора, якое нас аб’яднала. У стацыянары многа хворых са следства, то ныркі адбітыя, то бакі, то косці, то голавы. Ёсць даволі сімулянтаў, якія маюць пасылкі й так кантуюцца, і мы іх абслугоўваем. У корпусе ўборная, але такія пісяюць у баначку, і сястра-хазяйка, бо санітарка адна, мусяе збіраць гэта, выносіць па іх, мыць, тады, калі ляжаць ледзь жывыя манашанькі, у іх васпаленне лёгкіх найчасцей, яны паміраюць. Тут іх каля 200 чалавек, у іх свой барак, і жывуць яны па-свояму, моляцца, посцяць. На раздачы я ім асобна давала ежу, яны неслі яе ў свой барак. Мяса, якога яны не бралі, мне загадалі даваць такім ці іншым брыгадам. Галя-малдаванка вельмі дзівілася, што я не з імі. Не, я не пайшла да іх, акрамя малітвы трэба ж было яшчэ нешта думаць. Таксама яны білі радыё, як на Інце, зрывалі неймаверныя лозунгі, як: «Доблестный труд — путь к освобождению», так жа старажылі іх, так жа яны мерзлі па ўборных зімою ў латаных-пералатаных сваіх лахманах з волі. Шэрыя верабейчыкі са стойкасцю волатаў. Вось цяпер яны ў мяне ляжалі. Прынясуць такі мяшэчак касцей, і яно ні за што не ляжа на казённае. Добра, што Маці Марта прыслала падушачку й навалачкі, дык нацягну навалачку сваю й так падману крыху, каб толькі нейк улажыць. Глядзіць гэта прасветленымі вачыма ў душу, бачыць мой боль, а можа, і маё махлярства, і маўчыць сцішана. Не вылечвалі такіх, яны, як свечачкі, гаслі ў мяне на руках. Прыходзілі манашанькі, маліліся над імі, мы выносілі лёганькі трупік у скрынцы, які адсылалі на ўскрыццё. Усё «па-навучнаму»... Яшчэ ляжала такая старэнькая ў Штэера са мной у адной палаце, быў у яе рак кішок. Кроў давала адна літоўка, у якой былі добрыя пасылкі, але старушка на гэта не згадзілася, бо не хацела сваю праваслаўную кроў мяшаць з літоўскай. Як мы яе ні ўгаворвалі, яна ўсё цвярдзіла, што хацела б толькі маю кроў. Штэер смяяўся, але не згадзіўся, бо надта было ў мяне мала гемаглабіну.

Тым часам да нас прывезлі немак з Варкуты. Мелі яны ўжо свае пасылкі, лісты з дому, адзенне. Іх пасялілі ў асобных бараках, было іх шмат. Леглі яны цяжарам на наш ОЛП. Як іх ні прасілі, яны не хацелі нам нічым памагчы, былі няветлівыя, такая «пануючая нацыя». Яны разумелі, што бабкам цяжка цягаць усё на іх, мыць, варыць, карміць і чысціць, але што ім да знясіленых старэнькіх украінак? Яны адчувалі сябе нечым вышэйшым за нас, і на гэта было прыкра глядзець. Сітуацыя была такая, што трэба было нам ратавацца ўзаемна. Дабраты ў гэтых фрау не было, як і ў нашага начальства. Толькі нейкае дзяўчо прыходзіла часам падзяжурыць ноччу ля нашых хворых. Казала, што на Варкуце выпальвала ў печах цэглу. Тым часам прыйшоў раз ліст ад мужа, і там была картка ад мае сястры, дзе яна пісала, што Юра ў той жа школе, што й Ларыса... Ясней яснага, я так і абмякла, але мой муж гэтага не прыкмеціў і думаў, што Юра сапраўды вучыцца... Я абмярцвела, але не плакала, а толькі думала: як жа, як ратаваць маё дзіця... Ад’язджалі немкі, прыйшоў развітацца Штэер, ён быў узрушаны, і відно было, што харошы ён чалавек. Я яго прасіла нейк даведацца, што з маім сынам, весткі, аднак, ад яго не было. Часта ў гутарцы ён успамінаў мінулае й казаў, што немцы мусяюць рэабілітавацца перад людскасцю за тое, што натварылі вайною, што цвёрда цяпер мусяюць стаць на дарогу гуманнасці.

А з КВЧ мне не давалі спакою, усё ім трэба было нешта напісаць. У Інце на нейкае пушкінскае свята прасілі мяне аб гэтым таксама, але ў насценнай газеце надрукавалі мой верш без прозвішча. Усё ж прыходзілі жанчыны й дзякавалі за яго, пяро маё пазнавалі. Тут друкавалі мяне й нават давалі тэмы, але яны ў мяне ніколі не атрымоўваліся.

І тут стварылася ў нас свая сямейка. Былі Оля Стаўбцова, добрая вельмі дзяўчына з Капыля, Люся Краснадубская, мілае дзяўчо, Лёдзя Кавальчук, якая закончвала срок, і трэба было аб ёй думаць, і інш. Ладзілі мы разам куццю нашу й зноў мой дзень нарадзінаў. У мяне было з Інты крыху грошай, хоць на цукеркі для іх. Лёдзю я завочна пазнаёміла з Кастусём Шышэем, ён і ажаніўся з ёю. А пакуль да гэтага дайшло, яна працавала электрыкам у Абезі, як вольная. Была маладзенькай, прыгожай, сядзела за арганізацыю «Чайка», пасадзілі малую ў 16 год. І так дзяжурачы ў Абезі як электрык, апаясвала сваю канурку дротам з высокім напружаннем, каб ніхто не смеў да яе прыблізіцца, бо аматараў танных пачуццяў хапала. Так дачакалася яна свайго Кастуся, якога яшчэ перавыхоўвала на свой лад, як казалі. Людскае дзяўчо! Наймілейшай была сустрэча й дружба там з Маці Іосіфай Вітэр, супрацоўніцай мітрапаліта Шаптыцкага[223], — таксама, як Маці Марта, — ігуменняй. Была гэта такая цікавая жанчына, такая шматгранная ў сваіх зацікаўленнях, што мне стала лягчэй жыць. Іх прывезлі з Нарыльску, гэта былі катаржанкі. Маці Іосіфа мела туберкулёз — у час следства яна сядзела тры месяцы па калені ў вадзе. Яна, напэўна, ужо сама аб сабе не пісала, а было што. Мой муж казаў, што такой прыгожай і разумнай жанчыны ў жыцці не бачыў, не сустракаў. Але я тут крыху памылілася, Маці Іосіфу я сустрэла не ў Абезі, а ў Мардоўскай АССР, годам пазней, тут былі іншыя сёстры-ўкраінкі — прачысты ідэйны народ.

Аднойчы прысніліся мне зноў усе свае. Мама выцягнула па мяне рукі, але да яе бегла чорнае жарабя з тварыкам мае наймалодшай сястронкі Люсі, і Люсеньку мама прытуліла й забрала з сабою... Я атрымала праз Маці Марту ліста з Польшчы ад сястры Ніны, дзе яна пісала аб смерці Люсі. 22 мая 1952 года яе знайшлі нежывую са слядамі крыві, атручаную газам. Ніхто не ведае, як гэта сталася, але кожны ведае, што гэта была збродня[224]. Я мучылася, як жывёла, на гэты раз голасна не плакала, выношвала план. Люся была прыгожай і здольнай, працавала. Нарадзілася яна, калі мы ўжо пападрасталі, мне было 15 год. Мы крыху злаваліся, што ў мамы малое дзецятка, нейк устыдаліся, тупыя, неразумныя стварэнні... А дзецятка расло, былі вельмі пышныя хрысціны, з’ехаўся ў Жлобаўцы ўвесьь наш род. Было гэта на Вялікдзень. Калі я прыехала на канікулы са школы, дык дзіцятка ляжала ціхенька, яно ніколі не плакала. Мама ўсё ў гаспадарчых справах, а дзіця глядзелі, як сабе хацелі, служанкі. Раз нейк завалілі яе падушкамі й ледзь не задушылася малое. Я вельмі палюбіла тады яе. Перад яе нараджэннем памёр мой маленькі брацік Юрачка, меў цудоўныя сінія вочы. Пеніцыліну тады не было, а ў яго было васпаленне лёгкіх, і я сама апранала яго, убірала ў кветкі. Не магла мама. Я яго й да доктара вазіла, сама дзіця яшчэ, бо я ўсё магла. І вось Люсенька, Пуца, як мы яе называлі, такая яна незвычайна добрая, ласкавая й цікавая для мяне, як сама наша зямля, як паэма. Мне несказана цяжка было ў школе без яе й без мамы, наагул без Жлобаўцаў. Там кожны кусцік размаўляў са мною. А дзіця расло, разумнела, ад мяне яно не адыходзіла. Паставілі новы дом і нам з ёю далі асобны пакойчык — найстарэйшай і наймалодшай. Мы не разлучаліся. Я ўсё шыла для яе, усё ёй маленькай аддавала. А калі ёй было шэсць гадоў, дык абняла яна мяне за шыю аднойчы й прашаптала: «Ларачка, а я буду цябе называць мамаю, толькі паціху, бо мамачцы балела б сэрца, каб гэта ведала». Але мама ведала гэта, канаючы ў Казахстане, яна сказала аб гэтым Люсеньцы й аддала яе мне пад апеку. Я бачыла Люсю на гары Снежцы, што між Польшчай і Чэхамі. Мы там сустрэліся як турысты, гаварыць не маглі. Мы яе хацелі забраць у Чэхаславаччыну, гэта было ў 1947 годзе, але другая сястра Ніна не дала мне яе, баялася, што палякі яе пасадзяць, а чэхі так хацелі мне памагчы. Яны дазволілі мне пасылку ў Польшчу, і я гэтых абарваных з высылкі, няшчасных хораша адзела. Мае знаёмыя ў Польшчы далі ім кватэру, працу, дапамогу, і вось нас арыштавалі, вывезлі ў лагеры на канец свету, дурных сёстраў маіх спаілі, купілі, здаецца, тыя, якія спойваюць і купляюць дурных. Яны забыліся аб маёй дапамозе, аб сваім цярпенні, аб смерці бацькоў і братоў, аб нашых мучэннях і думалі толькі й толькі аб сабе самых і аб тым, аб чым ім загадалі. Яны ведаюць, што было з Люсяю, заціраюць сляды. І вось маё дзіця ў вязніцы, мая сястронка ў зямлі — колькі ж можна й дзе мне падзецца з такім горам нечалавечым? Я й так ледзь перажыла смерць бацькоў і братоў, аб чым даведалася ў адзін дзень, а пасля разбілі, зняволілі нашую сям’ю, а цяпер яшчэ гэта... Божа мой, калі ж канец...