15158.fb2
Раны ў душы пякуць, як агонь, муж не загіне, ён піша, што цяпер працуе лекарам і гэта жыць можна, але вось сын мой у горы, малы мой сын... «Мама, я піў гарэлку, я быў як нелюдз, — скажа ён мне пасля, — іначай яны мяне не выпусцілі б...» Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленне, а за граніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усё знекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й не быць у яго крывавых руках прыладдзем да яго спраў. Мяне яны ўжо не абмануць, а вось як мой муж? Гэта непакоіць мяне, і я ўжо хацела б забыцца аб ім, бо чую з яго лістоў, што мы розныя людзі. Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасці тут, на Поўначы... Якое, чалавек, шчасце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбная барацьба!
Прага, 30 ліпеня 1943 г.
Высокапаважаны сябра!
Позна адказваю, але не гневайцеся. Падарожжа, з якога я прывязла нават мужа назад у Прагу, і іншыя клопаты, не дазволілі мне Вам напісаць.
Долю архіва ўжо, хіба, знаеце. Яго сілай забраў др. Ермачэнка з прадстаўнікамі з Менску і па адпаведнай рэвізіі ён цяпер ляжыць у архіве пры Мініст[эрстве] ўнутр[аных] спраў.
Між іншым, з архіва звяртаюцца да Вас цераз мяне з просьбаю аб надасланні камплекту выданых цяпер у Вас газетаў, часопісаў, адозваў і г.д. і аб надсыланні рэгулярна ўсяго па-беларуску ці аб Беларусі, што толькі будзе выдавацца. Можна паслаць ім “наложным плацяжом” на адрас: Weisruttenisches Archiv beim Archiv des Ministeriums des inneru Prag IV Lorettogasse 6. Было б добра, каб Вы ім напісалі, што я да Вас звярнулася, і на якіх варунках будзеце з імі працаваць. Патрабуем туды чалавека, будзем прасіць, каб дазволілі прыехаць Бакачу.
Маю ўражанне, што Вашы пісьмы з архіва дзядзя недзе схаваў…
Наагул, Ермачэнка нападаў, галоўнае, на мяне, што архіў не цэлы і г.д. Але Вы, мілы змагару, мяне разумееце, справы Бацькаўшчыны ў мяне перадусім, і нічога ў мяне не магло згінуць…
Дзякую Вам шчыра за апошні мілы ліст і крыху “няскромныя” пажаданні, як на сянняшні ваенны час, а і наагул, я з Вамі згаджаюся, але муж – дзе там! Уражанні мае такія розныя, бурныя, сумныя і вясёлыя, ускружылі мне галаву, і цяпер маю вочы, поўныя Беларусі, а сэрца – поўнае болю.
Але пакуль бывайце. Шчыра вітаю Вас.
Ваша – Ларыса Геніюш.
Прага, 5 верасня 1945 г.
Ваша высокадастойнасць!
Дазволю сабе патурбаваць Вашу высокадастойнасць вельмі паважнай просьбай, да якой мяне падштурхоўвае адчайная сітуацыя, у якой апынулася я і мая сям’я, а таксама давер да Вашай шляхотнай велікадушнасці.
Я – знаная беларуская пісьменніца, выйшла замуж за доктара медыцыны, які закончыў у Празе медыцынскі факультэт і цяпер працуе заводскім лекарам на Чэшска-Мараўскіх машынабудаўнічых заводах. У Чэхіі я з 1937 году, калі са сваім сынам прыехала ў Прагу. Калі ў 1939 годзе мая радзіма Беларусь была анексаваная СССР, мы хацелі выехаць у родны край, але даведаліся, што нашу сям’ю там без сумнення альбо вынішчылі, альбо адправілі на выгнанне. З гэтай прычыны мы засталіся ў Празе, жывучы тут як людзі без грамадзянства і працуючы на карысць саюзнікаў і чэшскага народу, не падтрымліваючы кантактаў з нямецкімі акупантамі.
Калі ў Прагу прыйшло савецкае войска, мы сустрэлі яго гасцінна і прыхільна.
Апошнім часам вакол нас пачалася новая бяда. Супрацоўнікі савецкага ГПУ спрабавалі мяне ўгаварыць, каб я вярнулася ў Савецкі Саюз. Калі я адмовілася, бо ведала, якая доля мяне там чакае, агенты ГПУ хацелі мяне выманіць з кватэры. Пасля таго, як я зноў адмовілася, яны, як я ведаю, гатовыя мяне сілай выцягнуць з Прагі, ад майго мужа і сына, і вывезці ў Расею.
Мы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі, і я была паінфармаваная, што немагчыма выдаць ордэр на наш арышт. Але ўсё ж у падобных выпадках людзей часам прымусова вывозяць у Савецкі Саюз, там звінавачваюць і караюць.
Агенты ГПУ ўжо спрабавалі гвалтоўна ўварвацца ў маю кватэру. Я з сям’ёю была вымушаная хавацца ў знаёмых, каб пазбегнуць тых жахаў, якія зрыхтаваныя для мяне ў Расеі.
Чэхаславацкія ўлады не могуць нічога зрабіць дзеля нашай бяспекі насуперак савецкім агентам. Я ведаю, што савецкія агенты хочуць мяне зацягнуць у канцлагер у Страшніцах і адтуль як злачынцаў дэпартаваць у СССР, дзе нас чакае бяда, калі не смерць.
Гэтая сітуацыя таксама спрычынілася да таго, што я адважылася звярнуцца да Вашай высокадастойнасці. Я апелюю да гуманнасці і велікадушнасці грамадзяніна Злучаных Штатаў, прашу аб дапамозе, прашу, каб мяне і маю сям’ю ўзялі пад апеку ўлады і войскі Злучаных Штатаў у Чэхаславакіі.
Я ўпэўненая, што Вашая высокадастойнасць, Вашая высокая ўлада знойдзе належны спосаб дапамогі і выбавіць мяне і маю сям’ю з-пад пераследу людзей, якія не маюць права займацца нашай бяспекай, але якія да гэтага імкнуцца.
Прашу Вашую высокадастойнасць аб дапамозе, запэўніваю Вас у сваёй найглыбокай і ўдзячнай адданасці.
Ларыса Геніюш.
Прага – VII, Гежманова, 7.
Зэльва, 11 красавіка 1964 г.
Паважаны сябра!
Вельмі цешуся, што Ваша “Альпійская баляда” ўбачыць свет і на экране. Жадаю Вам смеласці, глыбокага роздуму, шырокага палёту ў кожнай найменшай дэталі фільму, ну і, безумоўна і галоўна – у цэласці. Спадзяюся, усё, пачынаючы ад прыгажосці краявіду і да жудасці лёсу, да трагізму непаўторных момантаў і балючага, жывога лірызму чалавечай душы, усё будзе падкрэслена, усё будзе добра. З адным толькі цяжка мне згадзіцца, я ўсё сабе думаю, што Івана прабіла куля. Як гэта жудасна, сябра Васіль, – канаць ад сабачых зубоў чалавеку… Не, не слухайце мяне, не мяняйце канцоўкі, я замнога “разлезлая і танкаструнная”…
Урэшце, мне прыгадваецца многае аб сабаках. У нас на Поўначы, калі знясіленыя дзесяцігоддзямі ізаляцыі і здзекаў сябры рабілі неразумны пабег (усё “неразумнае” – вялікае), іх хутка знаходзілі сабакі ў бясконцай тундры і шматавалі, як хацелі, а жывых прывозілі ў лагер, кідалі ля брамаў, і тыя каналі на вачах сяброў – для перасцярогі. Гэтыя сабакі сустрэлі мяне яшчэ ў Мінску і суправаджалі па ўсіх этапах, калі ішлі на развод – на цяжкія работы. Гэта ім мы мусілі бяліць асобныя клеткі, у якіх яны жылі, як паны – у параўнанні з намі. Сабакі…
І скажэце, немцы сваіх лапаюць і судзяць за здзекі, а тут яны распаўзліся між нармальнымі людзьмі і атручваюць наваколле… Іна Анатольеўна дзівіцца з майго пярэпалаху, з маіх нерваў, са страху бачыць зблізку нейкае начальства. Дык ёй і не паясніш, а я ведаю, Вы зразумееце, што значыць сабачыя зубы на шыі зняволенага і значыць – сільнага, сапраўднага чалавека. А няхай Вас, так добра Вы пра гэта ўсё напісалі…
Кончыла чытаць Брыля. Добрая мова ў яго, жывая, сакавітая і вельмі родная, добра намаляваныя тыпы беларусаў, неблагая маці, але сам Руневіч-Брыль не родны мне. А што можна хацець ад маладосці? Ёсць тут шчырасць, і гэта добра, але дзе ж мазгі ў гэты пякельны час? Дзе тая “неразумная” сіла, якая кідае дні, душу, чыны, слёзы, жыццё ў бескарысную прорву? Швейк такі, я казала адразу, што Швейк. Замнога ўсё ж там аб “маме і Толі” з пункту гледжання болей запечка, чым сэрца, бо для сэрца не патрэбна столькі слоў – умеркаваных, сантыментальных і прэсных.
Сябра, Вы злуецеся на мяне за шчырасць? Ну, з кім жа я пагавару? Вы ж – мой грамаадвод. Ну, скажэце, як думаеце Вы, падымеце хоць крыху забрала са сваіх вачэй… Ну, праўда, што Руневіч – гэта “посредственность”? Толькі нікому не кажэце аб гэтым, а то сябры будуць гневацца, а гэта не трэба…
Мужу “Птушкі і гнёзды” падабаюцца. Ён расчулена гаворыць пра іх, амаль да слёз… Я хіба гэты твор яшчэ раз прачытаю. Бачыце, што мяне заела. Выводзячы столькі тыпаў, ён амаль не зачэрпнуў нічога глыбока беларускага, а ў час Руневічавай маладосці яно яшчэ было. Яго героі ахвотна пяюць песні з Украіны, шырокага Сібіру, але вось ціхай песні народнай ён не пачуў… Гэта не для яго, ён вышэй, бачыце! Ён, гэты малады, надзейны, беларускі інтэлігент не ўспамянуў Багушэвіча, Багдановіча, Кастуся Каліноўскага. Яго душа фармавалася на нейкіх чужых вяршках, а глыбіні свае народнай не кранала, нават не прыкмеціла.
Пасля, мне здаецца, што нават не прызваіта сяння пісаць аб тых часах і выказваць свае думкі аб Сталіне. А гэта нават нейк неабходна, можа, у звязку з актуальнай праблемай культу, а можа, у абарону чалавечнасці і гуманізму. Руневіч вельмі эгацэнтрычны, гэта нарцыс, закаханы ў сябе настолькі, што ў повесці ідзе ён непадбіты і некрануты ўсім, што рабілася, быццам нейкі аб’ектыўны глядач. Ён трус, ён не ідзе ў кампанію хлапцоў, што п’юць і рэжуцца ў карты. А гэта трэба было б! Гэта непаганыя, а звычайныя слабыя людзі, якіх трэба апрацаваць крыху, бо адурэлі на чужыне з гора! Добра быць парадачным сярод добрых, а вось спрабуй сярод усякіх! Падымі хоць аднаго сябру з лужыны! Слова даходзіць да людзей, а калі трэба – дык заедзьь і ў сківіцу. Не – ні Богу свечка, ні чорту качарга. Гэта наш Швейк, і мэта яго – захавацца. Добра так, але для мяне крыху нецікава…
Сябра Васіль, а што Вы думаеце? Ваша аповесць мужу спадабалася, але – у меру, мне спадабалася амаль што вельмі, за малымі выняткамі, магчыма, ад Вас і незалежнымі.
На 8 сакавіка (дзень народзінаў мужа) мы гулялі. Сабралася многа людзей, і Світа быў у камандзіроўцы (прыязджаў з жонкаю), было надта весела. Проста елі-пілі і спявалі да 3 гадзін ночы! Спявалі добра і бясконца. Люблю гэтую нармальную, шчырую, сяброўскую, крыху п’яную весялосць! Гэта нейкая аддушына ў шэрым жыцці. Муж амаль не п’е, ніколі, атрымаўшы зарплату, не бяжыць з другімі ў “Дунай”, і таму раз у год робіцца яго шумнае свята. Гэта ўвайшло ў традыцыю. Ёсць тут крыху сваякоў, калег і знаёмых, якія любяць і ўмеюць пагуляць. Дамы робяцца тады прыгожымі, а мужчыны – рыцарамі, смех, жарты і песні прыгожыя, і поўны стол. І хоць пасля пустыя кішэні, аднак, весела.
Вы недзе ўзяліся за галаву. Кажаце – непаважна? А я, як віхар, люблю ўсё – паважнае і непаважнае, разумнае і безрассуднае, абы шляхотнае і вясёлае, абы добрае! Гэта жыццё, і п’яны мой род у мінулым адзываецца часам ува мне, хоць і не п’ю я.
Ах, “жонцы Агаце” пашкодзіла косці. У іх бяда, і вялікая. Пішу Вам гэта, каб Вы не зачэрсцвелі ў сваім спакоі і каб у цёплыя дні выехалі крыху ў малы, шэры свет. А то Вы прывыклі – Масква, Менск… Забралі б мяне і заехалі б аж да сяброўкі Агаты… Будзем на ўсе праявы жыцця ўзірацца вачыма Паўстоўскага і ўласнага беларускага сэрца! О, не будзьце да канца урбаністам…
А цяпер бывайце. Кланяйцеся ад мяне Надзеждзе Андрэеўне, нашай каханай Іне Анатольеўне, паважанаму А[ляксею] Нікіфаравічу [Карпюку] і дарагім сваім хлопцам.
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 чэрвеня 1966 г.
Шчыра паважаны Аляксей Міхайлавіч!
Спадзяваліся мы сустрэць Вас у Гудзевічах. Быў, акрамя нас з мужам, М. Прашковіч. Хацеў Вас бачыць. Баюся, што гасцінным гаспадарам усё ж было крыху непрыемна з мае прысутнасці на папялішчах і слядох майго дзеда – колішняга ўласніка гэтых Гудзевіч. Дай Божа, каб усё гэта прайшло ім гладка…
Быў у нас апошнім часам сябра Траяноўскі – рэдактар “Звязды”, Валодзя Караткевіч з мамаю – некалькі мілых дзён, сябра Прашковіч і іншыя.
Я ўсё яшчэ хварэю. Да Вас маю просьбу. Наша сваячка Галіна Іванаўна Сячэйка, з 1945 году нараджэння, сёлета 16 чэрвеня пакінула па сваёй волі Педінстытут у Брэсце. Працуе цяпер настаўніцай у вельмі глухой, калісьці вельмі партызанскай вёсцы Лупачы Мастоўскага р-на. Вучылася яна на ІІІ курсе фізмата. Вось гэтае дзяўчо цяпер адумалася і хоча, прагне вучыцца далей, толькі не ў Брэсце. Хоча вучыцца ў Гродне, далей на фізмаце. Ці не маглі б Вы асабіста дапамагчы ці хоць пасадзейнічаць ёй паступіць на стацыянар у Ваш інстытут? Калі б гэта было зусім немагчыма, дык прашу Вас уладзіць яе хоць завочна. Аднак вельмі пажадана, каб зачыслілі нармальнай студэнткай. Яе адрас: Мастоўскі р-н, школа ў сяле Лупачы, Сячэйка Г.І. Вельмі прашу Вас парадзіць нам. Чакаем Вашага адказу.
Усе навіны я напісала Дануце [Бічэль]. Кніга мая мае выйсці ў І-ай чвэрці 1967 г., прыгожа аформленая, з адпаведнай прадмовай – так піша наш Максім Танк.
Бывайце здаровыя! Са шчырым прывітаннем да ўсёй Вашай сямейкі – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 кастрычніка 1966 г.
Максім Танк, вельмі паважаны і ўсім нам дарагі!